Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Аляксандр ЯРАШЭВІЧ

СВЯТЫ ЮЗАФ У БЕЛАРУСКІМ САКРАЛЬНЫМ ЖЫВАПІСЕ

Галерэя - дадатак да артыкула

Аб жыцці св. Юзафа евангелісты апавядаюць вельмі лаканічна — толькі праз нараджэнне і дзяцінства Хрыста. Ён паходзіў з роду цара Давіда, аднак жыў у сціпласці ў Назарэце, зарабляючы плотніцкай працай. У «Кнізе аб нараджэнні Марыі» сказана, што святаром Ерузалемскага храма Юзаф быў выбраны для таго, каб берагчы беззаганнасць Марыі па дасягненні Ёю 12-ці гадоў і выхадзе з храма. Евангеліст Мацвей апавядае пра заручыны Марыі з Юзафам, яго сумненнях і з’яўленні ў сне Анёла. Падчас пакланення вешчуноў евангеліст згадвае толькі Дзіця і Марыю. Затым Анёл зноў з’яўляецца ў сне Юзафу, папярэджвае яго аб злым намеры караля Ірада і наказвае бегчы ў Егіпет. Пра смерць караля Ірада Анёл зноў паведамляе Юзафу ў сне, і ён з Марыяй і Дзіцем ідзе ў Назарэт, як і было прадказана прарокамі (Мц 2, 13–15, 18–25).

Евангелле ад Лукі нібы дапаўняе звесткі Мацвея. Юзаф з Марыяй ідуць з Назарэта на перапіс у Бэтлеем, горад Давіда, бо Юзаф паходзіў з яго роду. Як вядома, ім не знайшлося месца ў заездзе, і Марыя нараджае Дзіця ў полі, дзе былі пастухі са статкам, а потым кладзе Яго ў яслі. Анёл паведамляе пастухам пра вялікую радасць, над яслямі з’яўляецца нябеснае воінства, пастухі прыходзяць, каб пакланіцца маленькаму Хрысту. Юзаф з Марыяй прыносяць Дзіця ў Ерузалемскі храм, дзе іх сустракаюць Сімяон і Ганна прарочыца, а потым вяртаюцца ў Бэтлеем (Лк 2, 4–39). Напэўна, св. Юзаф памёр неўзабаве пасля наведання Ерузалема з 12-гадовым Езусам, бо пасля гэтага ён больш не згадваецца ў кананічных Евангеллях. Дарэчы, пад яго імем напісана апакрыфічная «Гісторыя Юзафа цесляра».

Праваслаўных храмаў у памяць св. Юзафа зусім мала, з іх самы вядомы ў Беларусі — сабор у Магілёве, закладзены ў 1780 г. з удзелам Кацярыны ІІ і аўстрыйскага імператара Юзафа ІІ, шэдэўр знакамітага рускага архітэктара М.А. Львова, па-варварску знішчаны ў 1938 г. савецкімі ўладамі.

Захад аднёсся да асобы св. Юзафа больш уважліва. Багаслоўскае асэнсаванне вобраза св. Юзафа Абранніка мы знаходзім у працах заходніх айцоў Касцёла IV–V стст. — св. Амброзія Медыяланскага, св. Гераніма Стрыдонскага, св. Аўгустына.

З XIII ст. шанаванне св. Юзафа пашыралі «жабрачыя» законы. У 1399 г. пастанову аб гэтым прыняў Генеральны капітул францішканаў. Вобраз св. Юзафа ўсё часцей знаходзіць месца ў духоўнай літаратуры, асабліва ў працах містыкаў (св. Брыгіта Шведская).

Шанаванне св. Юзафа як прыёмнага бацькі Хрыста і апекуна Касцёла дасягнула найбольшага ўздыму ў XV ст. Важны ўклад у гэта зрабіў св. Бэрнард Сіенскі, які параўноўваў св. Юзафа Абранніка са старазапаветным патрыярхам Юзафам. Папа Сікст ІV адобрыў ушанаванне памяці св. Юзафа ў Імшале і Брэвіярыі (1472–1474 гг.). У 1540 годзе ў Рыме быў заснаваны першы храм у імя св. Юзафа Абранніка (Сан Джузэпэ дэі Фаленьямі).

У XVI–XVII стагоддзях жыціі св. Юзафа выдаюцца на лацінскай, іспанскай і іншых мовах. Апякун Дзіцяці Езуса асабліва шанаваўся айцамі кармэлітамі. Св. Тэрэза назвала ў яго гонар першы кляштар кармэлітаў босых, заснаваны ёю ў 1562 г. у Авіле (Іспанія), а затым шэраг касцёлаў. У 1590 г. св. Юзаф быў абвешчаны апекуном кармэлітаў босых у Іспаніі, а пасля і ў іншых краінах імперыі Габсбургаў: у Багеміі (1665 г.), Аўстрыі (1675 г.), іспанскіх Нідэрландах (1689 г.), а таксама ў Мексіцы (1678 г.).

Пасля Трыдэнцкага Сабору, па ўказанні папы Пія V, успамін пра св. Юзафа быў уведзены ў літургічныя кнігі. У 1621 г. папа Грыгорый XV наказаў абавязкова адзначаць успамін св. Юзафа. Былі ўведзены новыя святы, звязаныя з шанаваннем яго імя. У 1726 г. імя св. Юзафа было ўнесена ў літанію святых Рымскага Імшала.

8 снежня 1870 г. папа Пій ІХ абвясціў св. Юзафа апекуном Каталіцкага Касцёла. У 1955 г., каб супрацьпаставіць атэістычнай прапагандзе годнасць хрысціянскай працы, папа Пій ХІІ прызначыў на 1 мая ўспамін св. Юзафа як апекуна працаўнікоў. Ян Павел ІІ ставіў у прыклад св. Юзафа як праведнага чалавека, працаўніка і найлепшага бацьку.

Св. Юзаф вызначаўся праведнымі паводзінамі, таму і стаў абраннікам Марыі. Заручыны Марыі з Юзафам — асобная тэма ў містычнай літаратуры Захаду. У еўрапейскім мастацтве найбольш вядомыя фрэска Джота, карціны Перуджына і Рафаэля (1504 г.), на якіх паказаны абмен пярсцёнкамі пры ўдзеле першасвятара. Апокрыфы гавораць, што Юзаф на час заручынаў быў немаладым удаўцом, але ў мастацтве яго паказваюць не такім ужо і старым чалавекам. У беларускім мастацтве сюжэт заручынаў сустракаўся ў касцёлах кармэлітаў, якія сталі найбольш актыўнымі праваднікамі культу св. Юзафа і ў сваіх святынях прысвячалі яму асобныя алтары.

У касцёле гродзенскага кляштара брыгітак на парапеце хораў да 1950 г. стаяў адзіны ў Беларусі цыкл ХVII ст. з васьмі сюжэтаў аб нараджэнні і дзяцінстве Хрыста. Яго прыпісваюць мастаку Якубу з Тыкоціна, які ў 1642–1649 гг. фарбаваў і паліраваў у храме разьбяныя алтары. Аднак пытанне аб аўтарстве гэтых сюжэтных карцін застаецца дыскусійным, бо для іх напісання была патрэбна іншая адукацыя. Гродзенскія табліцы нагадваюць рэалістычны жывапіс галандскай школы ХVII ст., толькі лаканічнай кампазіцыі («Жывапіс барока Беларусі». Мн., 2003. С.48–55). У сюжэце «Нараджэнне Хрыста», якое адбываецца пад адкрытым небам, над Дзіцяткам Езусам у яслях схілілася ўкленчаная Марыя, насупраць стаіць басаногі Юзаф з посахам; справа – калона на высокім пастаменце. Адзін з містыкаў позняга Сярэднявечча ўбачыў у мроі Марыю, якая, прыхіліўшыся да калоны, прывяла на свет Дзіця, спавіла Яго, паклала ў яслі і ўкленчыла перад ім (так пісала Брыгіта Шведская).

У «Пакланенні пастухоў» Марыя расхінае над Дзіцем пакрывала, на якое жэстам разведзеных рук паказвае Юзаф, нібы здзіўлены цудам Нараджэння. Своеасаблівасць гродзенскай выявы ў тым, што пастухоў тут толькі двое (звычайна іх трое), затое на пярэднім плане ўкленчыла багата адзетая пані, якая працягвае Марыі белае вялікае яйка (перад ёю стаіць плецены кораб і вялікі прыгожы гляк). Яйка страўса — сімвал беззаганнага зачацця Панны Марыі, а нябачнае віно ў гляку нагадвае пра Апошнюю Вячэру і Эўхарыстыю.

Блізкую кампазіцыю мае «Пакланенне каралёў», але гэты абраз цалкам запоўнены біблейскімі асобамі. Марыя і Юзаф разам трымаюць на руках Боскае Дзіця перад укленчанымі ўсходнімі мудрацамі, прынёсшымі Яму дары. За імі стаяць два воіны і невядомы хлопчык (хіба што, будучы Ян Хрысціцель?). Далей уверсе карціны яўна падкрэслены выразны твар невядомага мужа з пышнай чорнай барадой і вусамі, у футравым галаўным уборы з высокім брылем. Гэтая загадкавая асоба (магчыма, данатар), толькі ледзь бачная, прысутнічае і на вядомым алтарным абразе такога ж сюжэта пачатку ХІХ ст. з Дрысвятаў).

Своеасабліва паказана «Абразанне», якое выконвалася на восьмы дзень пасля нараджэння. Падзея паказана амаль у тым жа інтэр’еры, што і Нараджэнне, толькі аздобленым занавесам-фонам. Дзіця ляжыць на каленях ці то духоўнай асобы ў чырвоным каптуры, ці то доктара. Над Ім схіліўся чалавек у багатай шаце; тут жа стаяць Марыя з Юзафам, за імі — асобы ў дарагіх галаўных уборах.

Прадстаўленне першага дзіцяці Пану Богу ў Ерузалемскім храме сумяшчалася з абрадам ачышчэння Маці з прынясеннем у ахвяру двух маладых галубкоў. На абразе з Гродна іх прымае святар у каўпаку з таблічкай з рук укленчанай Марыі, за якой стаіць Юзаф. У цэнтры кампазіцыі праведны старац Сімяон ускладае Дзіця на прастол, за якім стаіць першасвятар, благаслаўляючы Езуса. Злева стаяць прарочыца Ганна, узняўшая левую руку, і партрэтны мужчына, невядомы евангелісту Луку.

Звернемся да алтарных абразоў св. Юзафа. На абразе, вывезеным у Мінск у музей старажытнабеларускай культуры з Пакроўскай царквы ў вёсцы Дзеткавічы (Драгічынскі р-н) св. Юзаф паказаны стоячы за ледзь прыкметным сталом. На стале (ці хутчэй над ім) лунае, нібы воблачка, чырвоная падушка, на якой сядзіць Езус у белым хітончыку, трымаючы ў левай руцэ вялікі яблык, побач — на падносе — такія ж тры яблычкі. Злева і крыху на заднім плане, займаючы большую частку кампазіцыі, змешчаны св. Юзаф, які трымае ў руках разам з Езусам доўгае сцябло лілеі з трыма белымі бутонамі. Так прастадушна і выразна невядомы мастак сімвалізаваў беззаганнае зачацце. На фоне справа — расхінуты занавес, выява якога запазычаная з магнацкіх партрэтаў, — ён адкрывае пейзаж, адлюстраванне якога перанятае з італьянскіх рэнесансавых карцін і партрэтаў.

Адкуль у звычайнай вясковай царкве на Палессі ўзяўся такі абраз заходнееўрапейскага малявання? На наш погляд, найбольш верагодная яго крыніца – геаграфічна блізкі касцёл св. Юзафа і св. Казіміра кляштара картузаў у Бярозе, адзіны ў Вялікім Княстве Літоўскім, фундаваны Казімірам Львом Сапегам, пабудаваны ў 1648–1661 гадах. Заказчыкам абраза для Бярозы, хутчэй за ўсё, мог стаць дапаможны біскуп Віленскі (з 1737 г.) Юзаф Станіслаў Сапега (1708–1754). Энергічны і адукаваны іерарх, бібліяфіл і гісторык, ён збіраў сапегаўскія архіваліі, апякаў пляменніка Аляксандра Міхала, уласніка Ружанаў і Дзярэчына. Юзаф Сапега памёр у Вільні і быў пахаваны ў катэдры (Zofia Zielińska-Dom Sapiezyński. Opr. Eustachy Sapieha. Warszawa PWN. 1995. S. 449–454). Магчыма, у Вільні ў 1730–1740-я гг. і быў намаляваны умелым мастаком дзеткавіцкі (а хутчэй, картуз-бярозаўскі) абраз св. Юзафа Абранніка.

Пасля антырасійскага паўстання 1831 г. бярозаўскі кляштар быў скасаваны царскімі ўладамі. Яго касцёл, найвыдатнейшы помнік барока, у 1864 г. зачынілі і разабралі на цэглу для пабудовы казармаў (!). Вядома, што частка рэчаў з гэтага касцёла была перададзеная касцёлу ў Сігневічах (каля Бярозы, пасля 1945 г.), які быў зачынены і разрабаваны савецкімі ўладамі. Штосьці з абразоў маглі ўратаваць мясцовыя жыхары і перадаць у бліжэйшы храм — царкву ў суседніх Дзеткавічах.

Алтарны абраз св. Юзафа (палатно, алей, 150х83 см) быў перададзены ў Музей старажытнабеларускай культуры з касцёла Беззаганнай Панны Марыі de Gratis у Задарожжы (Глыбоччына). Але паходзіць ён, напэўна, з кармэліцкага касцёла ў Глыбокім, зачыненага царскімі ўладамі ў 1865 годзе. Іканаграфія абраза адлюстроўвае ўплыў папулярнай карціны італьянскага мастака Гвіда Рэні. На жаль, мастак дасканалага абраза ХVIII ст. не пазначыў свайго імя хоць бы на адвароце палатна...

Звярнуцца да іканаграфіі св. Юзафа Абранніка мяне падштурхнула ўнікальная падзея ў нашым рэлігійна-культурным жыцці — нядаўняе з’яўленне абраза св. Юзафа з вішнеўскага касцёла (Смаргонскі раён) работы Яна Дамеля. Гэты абраз згадвалі гісторыкі мастацтва яшчэ ў ХІХ ст.; перад Другой сусветнай вайной у «Працах Віленскага таварыства сяброў навукі» (1938–1939 гг., т. ІІІ). была змешчана тэзісная публікацыя дакладу віленскага прафесара Станіслава Лорэнтца. Ён паведамляў, што ў вішнеўскім касцёле св. Тадэвуша (1811–1820 гг.) знаходзіцца абраз св. Юзафа з Дзіцем, намаляваны Янам Дамелем па заказе Брыгіты Сулістроўскай. Там жа калісьці быў абраз св. апостала Тадэвуша, таксама работы Яна Дамеля, знішчаны падчас Першай сусветнай вайны. Вішнеў належаў Казіміру Сулістроўскаму, які ў 1816–1816 гг. быў мінскім грамадзянскім губернатарам. Яго брат, Юзаф Сулістроўскі, камергер двара імператара Аляксандра І, уласнік Камаяў, памёр у 1815 годзе. Магчыма, данінай яго памяці стала заснаванне касцёла ў Вішневе ў гонар св. Юзафа Абранніка.

Аднак экспедыцыя АН Беларусі, у складзе якой у 1985 г. я пабываў у Вішневе, не выявіла там дамелеўскага «Св. Юзафа», — давялося з жалем канстатаваць, што ён знік падчас Другой сусветнай вайны. І раптам, праз чвэрць стагоддзя, прыходзіць ліст ад спадара Анатоля Шчучко з фатаграфіямі, у якім ён паведамляе пра рэстаўрацыю абраза св. Юзафа са смаргонскага Вішнева ў Гомелі. Праз некаторы час у Гомельскім абласным музеі адбылася прэзентацыя адрэстаўраванага абраза з Вішнева — сапраўдная падзея для беларускай культуры (і не меншая для Касцёла). Згадаем, самыя «мінскія» мастакі 1-й паловы ХІХ ст. — гэта Валенцій Ваньковіч і Ян Дамель (так напісаў яшчэ ў 1920-я гг. Ежы Сальскі, калі іх творы былі выстаўлены ў Варшаве). Аднак карціны гэтых творцаў цяпер знаходзяцца ў Варшаве і Вільні і, дзякуй Богу, захаваліся, а большасць з таго, што было ў музеях і сядзібах Мінска і Віцебска знікла, не пакінуўшы следу.

На абразе работы Яна Дамеля св. Юзаф з Езусам на руках «выходзіць» на пярэдні план, як апякун, урачыста паказваючы Божае Дзіця. Ледзь прыкметна ў глыбіні сядзіць Панна Марыя і апусціўся на калені перад магутнай калонай Анёл, пэўна, той самы, які з’яўляўся св. Юзафу, дапамагаючы зберагчы маленькага Езуса. На мой погляд, гэта самая дасканалая з карцін Яна Дамеля: уражваюць простая і дакладная кампазіцыя, выразны малюнак і прыгожы багаты каларыт. Магчыма, мастак паўтарыў свой вішнеўскі абраз.

Нядаўна, праглядаючы манументальны том па літоўскай сакральнай архітэктуры і мастацтве, падараваны мне таленавітай віленскай даследчыцай Даляй Клаўмене (у публікацыі — Далі Рамонене) пра касцёл у в. Гінталішкіс Плунгенскага дэканата, са здзіўленнем убачыў у галоўным алтары проста ідэнтычны абраз святога Юзафа (184х110 см), гэткі ж, што і ў Вішневе (памерам каля 3х2 м), аднак алтар датуецца 1845 годам. (Plunges Drkanat. Sakralne architectura ir daile. Vilnius dailes akademijos leidyklas. Petro ofsetas. S. 70, 87). Далейшых звестак пра гэты абраз будзем чакаць ад літоўскіх даследчыкаў, але такое ўражанне, што ён належыць менавіта пэндзлю Яна Дамеля , а калі і капіраваны невядомым мастаком, то вельмі дакладна. Абраз падобнай кампазіцыі знаходзіцца ў лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа, аднак там зменены яго фармат і адразу відаць іншы жывапіс...


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY