|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
Мы прыехалі ў Зэльву ў адзін і той жа час — я з сябрам Валянцінам Кудрыкам з Гродна, а Міхась Скобла — з Мінска. Міхась прывёз чарговую кнігу ўспамінаў пра Ларысу Геніюш — «Духу магутныя чары» (Мінск, «Лімарыус», 2015), і жанчын — жонку Ларысу, спявачак Вальжыну Цярэшчанку і Таццяну Грыневіч; а паміж імі махала рукой і аж выскоквала праз шкло белагаловая жанчына, якую я ведала і не ведала: бачыла гэту белую кучаравую галоўку ў тыднёвіку «Новы час» — там вершы мае і яе былі змешчаны на адной старонцы, а яшчэ раней чытала яе падборку ў квартальніку «Наша вера». Але асабіста мы не былі знаёмыя. Мне было добра ад таго, што ў тыднёвіку «Новы час» змясцілі побач вершы Іны Снарскай і мае. Яна напісала пра Украіну — «Памяці нябеснай сотні», «Жаўруковая воля — памяці загінулых». Я выбрала асобныя радкі з той падборкі і змясціла зверху як эпіграф да гэтых разважанняў... Такім парадкам мы з Інай Снарскай сустрэліся на 105-х угодках Ларысы Геніюш 8 жніўня 2015 года каля той хаціны, дзе Ларыса Антонаўна пражыла значную частку свайго жыцця. Прывіталіся і пайшлі ў царкву: мы ж прыехалі памаліцца за ўвесь род Геніюшаў — Міклашэвічаў. У царкве мы моўчкі падзякавалі Богу за яе светлы талент, за ўсіх, хто яе любіў і каго яна любіла, а любіла яна ўсю Беларусь, то і нас таксама… І так мы з Інай Снарскай былі з’яднаныя любоўю на святой зямлі Ларысы Геніюш, а паміж нашых сэрцаў змясціліся Беларусь і Украіна — ад Полацка да Палтавы, бо жыве Іна Снарская ва Украіне, яна вярталася дадому ў Палтаву, а дарога ляжала праз Зэльву. Увесь святочны дзень мы правялі разам: у царкоўцы і на яе дзядзінцы, дзе стаіць прыгожы помнік Паэтцы, якая малілася ў гэтай царкоўцы… Каля помніка мы чыталі вершы і проста ўспаміналі Ларысу Антонаўну, дзяліліся ўспамінамі з людзьмі, якія ведалі паэтку лепей, чым мы: ад 1956 года сустракалі яе кожны дзень, слухалі нас яе сяброўкі і сваячкі — Ірына Тукальская, Ірына Васілеўка, Зося Каліноўская… Спявачкі Вальжына Цярэшчанка і Таццяна Грыневіч паспявалі песні на словы Ларысы Геніюш. І сказаў сваё слова-благаслаўленне святар царкоўкі, каля якой адбываліся ўрачыстасці, айцец Георгій. А пасля, хто хацеў, атрымаў аўтографы на кнізе ўспамінаў пра паэтку, і ўсе паехалі на могілкі. Каля надмагільнага помніка па Ларысе і Янку Геніюшах таксама чыталі вершы, спявалі песні і, хто як умеў, той так маліўся, каб іх душы пачулі… Адвячоркам мы апынуліся ў лесе за возерам, дзе прадаўжалася наша светлае сумоўе. Праўда, амаль не было слухачоў — барды, пісьменнікі, журналісты слухалі саміх сябе. Мы з Інай увесь гэты час былі побач, у перапынках размаўлялі, пераважна пра Украіну, пра людзей, якія мужна пераносяць выпрабаванні дзеля светлай будучыні незалежнай моцнай дзяржавы, якой Бог даў размясціцца на такім шчодрым абшары зямлі. На развітанне абмяняліся кніжачкамі. Іна падпісала мне кнігу вершаў «Ад сэрца да сэрца — дарога…» (Палтава, «Дивосвіт», 2013). Вершы на беларускай мове, уступнае слова доктара філалагічных навук, прафесара Мікалая Сцепаненкі — на ўкраінскай мове. У сваіх вершах Іна Снарская напісала і пра тое, як дзяўчаты сустракаюць сваё каханне, едуць за хлопцамі на край свету, каб пасля ўсё жыццё сумаваць па родных мясцінах і вяртацца да іх, адчуваць сябе ў дарозе…
Паэзія Іны Снарскай светлая, чыстая. Чытаць яе вершы прыемна. Здзіўляюць такія, здавалася б, простыя сваёй пабудовай радкі, як гэты, — «і зямлю адштурхнуць каленьмі» замест «укленчыць». «Пакуль я чую голас твой — звані». Такі просты па змесце сказ, а такая глыбокая думка. «Прыступачкамі хваін…» Ну хто яшчэ так скажа? Або няправільнае: «Дарога квітуе нядоўга…» Калі так задумацца, то Іна напісала сваю кнігу па Езусавай праграме: «Я — дарога, жыццё і праўда…». Божае выслоўе не гучыць адкрытым тэкстам у паэзіі, але ўся, знешне наіўная і прымітыўная, лінія таямнічай дарогі як долі, як жыцця, як прызначэння, як наканавання ў жаночай сціплай, не крыклівай філасофіі пракладаецца па Езусавай формуле, толькі дадаецца каханне, таямнічы невідочны прысутны — ён не надзяляецца канкрэтнымі рысамі, ён проста ёсць, як і ўсе астатнія атрыбуты шчасця.
Метафараў, такіх, як у Рыгора Барадуліна, Андрэя Хадановіча, Марысі Мартысевіч ці ў Віталя Рыжкова, у Іны Снарскай не знойдзеце. Мастацкія знаходкі, метафары, іншасказанні, параўнанні, эпітэты ёсць — схаваныя, акуратненька загорну-тыя ў скарлупінкі думкі:
Перагартала я першы раздзел «Дарогі», які пераходзіць у раздзел «Дрэвы», а дзе дрэвы, там і «Карані», а з каранямі — ахвяры рэпрэсій, расстрэлаў —невядома, дзе пахаваны дзед Іны Снарскай і яго брат, нявінна засуджаныя і замучаныя . …Чытаю вершы Іны Снарскай і разумею, чаму мы, сустрэўшыся ў Зэльве, увесь час былі побач, — так, як яна ў вершы «Жыццё», магла б падумаць і я:
Неяк у вершах Іны пераблытваецца, пераплятаецца сунічнае адчуванне духу самой паэткі з душой зямлі, раслінаў на ёй, — у руках толькі лён, — снягоў, квітнення, перастварэння, сцвярджэння таго, як дасканала ўсё створана Тварцом, як мы залежым узаемна адно ад другога — жанчына ад мужчыны, чалавек ад пчалы, пчала ад кветкі, закаханыя людзі і залатыя чмялі — ад вады, агню, зямлі і неба, усё і ўсе залежым ад Божага Провіду, ад Божай волі. Перапляценне на ўзроўні культур сумежных Краінаў — Іна будуе сваё дрэва паэзіі каля дарогі ўкраінскіх народных песняў і, магчыма, сучасных знаходак украінскіх паэтаў, а беларускае пры ёй застаецца. Магчыма, Іна Снарская не заўважыла, пра што яна напісала ў кніжцы вершаў. Каб быць шчаслівай і ехаць за каханым на чужыну, трэба добра падумаць, ці можна запоўніць толькі каханнем дрэва роду і народу, на якім радня – сёстры, браты, суседзі, цёткі, дрэвы, дарогі, карані і ўся Радзіма. Калі іх няма, шукаем замены ў прыродзе. Я ў Гродне гэта перажыла, тут, у Беларусі, бо вясковая, а Іна зведала гэта ў Палтаве. Думайце, дзяўчаты, перад тым як выходзіць замуж, ці запоўніць адзін найлепшы мужчына ўсю гэтую родавую глыбіню… Кніжка Іны Снарскай зноў і зноў пераконвае мяне ў тым, што мала хто з паэтаў можа абыходзіцца без рэдактара і карэктара, але калі ты выдаешся ў Палтаве «на мове вершаў сонечна-зямных», то, мусіць, трэба вяртацца не толькі да родных магілаў, але і да сяброў па літаратурным аб’яднанні «Крыніца», якое Іна наведвала ў Полацку ў гады свайго студэнцтва ў 1986–1987. Калі сябры засталіся сябрамі, а вершы кажуць адваротнае — іх там няма… Калі Іна прыязджае ў Мінск, яна спыняецца ў плябаніі касцёла святых Сымона і Алены. «Дарога толькі тады мае сэнс, калі асвечана любоўю і таямніцаю пакаленняў. У маіх грудзях б’ецца сэрца маёй маці, бацькі, дзеда і бабулі, хто пайшоў за мяжу вечнасці. Адтуль, з нябёсаў, родныя дапамагаюць, а я за іх жыву, малюся і «прарастаю галінамі». Яны мае карані. Аднойчы карэннем стану і я, а мой сын і яго дзеці прарастуць скрозь мяне галінамі. Так прадоўжыцца жыццё. Вечнае і чалавечнае». Так паэтка Іна Снарская сама сказала пра сваю долю і сваю кнігу. Мудрыя, праўдзівыя словы… Данута Бічэль
|
|
|
|