Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Адзігітрыя

Мы не ведаем, як Табе моцна балела –
рукі, ногі, прабітае сэрца і цела,
калі прытуляла Сына, Знятага з Крыжа,
калыхала надзею, што Бог Ён, што выжыў…
Але як Ты змагла з Крыжа знятага вытрымаць
на каленях жаночых, о Адзігітрыя?!

А Лука габляваў кіпарыс на абраз,
пэндзлі, грунт грунтаваў,
і ён думаў пра нас…
Маляваў Твой цудоўны, з сямю болямі, твар
дзікунам са спрадвечнага холаду ў дар.
Так, з жывой у натхненні тры адбіткі спісаў.
Так на левай руцэ Сын Твой з мёртвых паўстаў,
і трымае дзяржаву-сусвет у руцэ –
далікатна ў трох пальчыках, кволых яшчэ.

Еўфрасіння слугу пасылае ў Эфес,
каб абраз найцудоўнейшы ў Полацк прывёз:
нам не трэба чужое багацце, прагрэс…
Мы яцвягі, мы гуды… мы ўзыходзім на стос!
Мы вяртаемся ў лес, мы хаваемся ў мох…
Ад дзікунства сляпога ратуе нас Бог.

Маці Божая Сына над намі ўзняла,
Ён грахоў Адкупіцель і наша скала,
нас трымае ў трох пальчыках левай рукой,
правай – благаслаўляе на любоў і спакой.

Абразы цудатворна не баяцца агню.
На крыжы ўкрыжаваныя не ўпершыню,
мы паўстанем з дрыгвы, з багавіння, з вышынь,
мы паслухаем, што скажа нам Божы Сын.

6 лістапада 2015 г.

Да Маці Божай з Каложы

Божанька, я Твае знакі з адчаю
ў цярнёвы вяночак злучаю,
каб з горкі да Нёмана перакуліцца
на хвост залатой рыбцы…
Перад Нёманам не пакаюся…
Рыбка ў вейкі хавае вочы,
ды я і так пра ўсё здагадаюся —
аб кім яна плача штоночы…

Рыбка, рыбка, ведаю я тваё гора,
І ты мяне можаш паслухаць…
Шукаеш дарогу з Нёмана ў мора,
а плывеш па цячэнні ці супраць?

Ты нават не ведаеш, што Каложа
не збіраецца ў Нёман куляцца,
і Каложская Маці Божая
з рыбкай не можа купацца…

Рыбку не вудзяць з крыжамі алені,
скубаюць траўку прыгожую…
Выйдзі з віру, стань на калені –
перад спрадвечнай Каложай.

7 траўня 2015 г.

Маці Божая ў драўлянай капліцы

У драўлянай капліцы,
у апусцелым засценку —
хто Табе латаў сукенку:
дзятлік або сініца?

На галоўцы з німба вяночак,
грэюць ножкі з ясеня знічкі,
збіраеш слёзы ў збаночак,
а ноччу спеліш чарнічкі…

Сузіраеш жыцця калаўрот,
ён тут круціцца наадварот,
і ў ранічкі, і ў надвячоркі —
заўсёды з горачкі, з горкі…

Рыцар збройны з тарчай і мечам
у гэты Край не вярнуўся з сечы…
Хрыстос у цярнёвай кароне —
пазірае з месяца ў поўні…

Зайчык па сцяжыне бяжыць,
яго падкідае сцяжына.
Ён баіцца сваіх і чужых,
тут хітруюць свае і чужыя…

Тут чародка птахаў крылатых
пераносіць на крылцах стыгматы
ад папяровых ружаў
да скамянелых душаў…

21 квеценя 2015 г.,
Радаўніца праваслаўная.

Ранняя малітва падзякі

Дзякуй Табе, добры Пане,
за досвіткавае бічаванне!
Кожная папяровая кніга –
аўтарская амбіцыя, пыха.

Ад словаў тупяцца брытвы
пад зязюліны рытмы.
Ад думак глыбеюць разоры –
а розум тупее — хворы.

З купіны ў купіну па балоце —
мяне, хто хацеў, падманвалі,
пакуль білася галавой у плоце
ў вясковай Тваёй Гетсіманіі.

Найвышэйшая асалода —
на Тваёй рэзурэкцыі
запаўняць душу святым кіслародам
з Уваскрослага Сэрца.

21 красавічка перанесла з чарнавічка.

На досвітку

Зноў прыйдзе краса-вясна,
абмые з аблокаў праталіны…
Прытулі мяне — непрытульную…
Гускі — дамоў, я ў вырай — адна.

Тата ў памяці коску менціць,
мама вуглі раздзьмухвае ў печы…
Хацелася ў хатцы сваёй памерці,
а наша хатка гарыць, як свечка.

Трэба дапіць цярпенне да донца,
па кроплі жыццё растраціць,
паляцелі жураўлікі, мае хлопцы,
беражы іх, Божая Маці...

Часам гукаю іх — марныя спробы,
паразбягаліся — хто куды…
Пахаваліся ў норкі, у свае хваробы…
Пайшлі з гарадской духаты…

Ад самоты збіраю душаў каралы,
слоўцы ў прысаку на той выспачцы
ад святой капліцы на Гаўі…
Спапялёныя мае Біскупцы.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY