Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел IV
Сяброўства

У адным аспекце нашаму грамадству не пашанцавала. Свет, дзе мужчыны і жанчыны ніколі не перасякаюцца ў агульнай працы або навучанні, можа, напэўна, існаваць даволі ўтульна. У такім свеце мужчыны сябруюць адзін з адным і вельмі гэтаму цешацца. Спадзяюся, і жанчыны таксама цешацца свайму жаночаму сяброўству. Ізноў жа, свет, дзе ў мужчын і жанчын шмат агульнага для ўзнікнення сяброўскіх адносінаў, таксама можа існаваць цудоўна. Мы, аднак, спрабуем сесці на два крэслы адразу — і падаем. Гэтая неабходная для сяброўства мужчыны і жанчыны агульная глеба ёсць у некаторых асяродках, але не паўсюль. Яе відавочна бракуе ў дарагіх гарадскіх прадмесцях. У асяродку плутакратыі, дзе мужчыны ўсё жыццё гоняцца за грашыма, жанчыны часта займаюць свой вольны час інтэлектуальным развіццём, прысвячаюць яго музыцы або літаратуры. І тады побач з імі мужчыны выглядаюць як варвары побач з цывілізаванымі людзьмі. А па суседстве сітуацыя супрацьлеглая. Зразумела, што і мужчыны, і жанчыны «хадзілі ў школу». Але мужчыны пасля гэтага атрымалі нашмат больш сур’ёзную адукацыю, зрабілі кар’еру дактароў, юрыстаў, духоўных асобаў, архітэктараў, інжынераў, літаратараў. У параўнанні з імі жанчыны — як дзеці побач з дарослымі. Ні там, ні там сапраўднае мужчынска-жаночае сяброўства немагчымае. Але гэтае становішча, пры ўсёй яго мізэрнасці, можна вынесці, калі прызнаць і прыняць як дадзенасць. Асаблівая ж праблема нашага часу ў тым, што мужчыны і жанчыны ў падобным становішчы наслухаліся чутак і мімалётам убачылі шчаслівейшыя асяродкі, дзе такога міжполавага разыходжання няма, і цяпер апантаныя ідэяй раўнапраўя (магчымае для некаторых павінна быць, і сапраўды ёсць, магчымым для ўсіх) і адмаўляюцца прыняць уласныя жыццёвыя абставіны. Тады ўзнікаюць жонкі-«вучылкі», «культурныя» дамы, якія без канца цягнуць мужоў «да свайго ўзроўню». Яны валакуць іх на канцэрты і на касцюміраваныя танцавальныя імпрэзы, запрашаюць «культурных» людзей. Часта гэта не прыносіць ніякай шкоды. Мужчыны сярэдняга ўзросту маюць вялікія здольнасці да пасіўнага супраціўлення і (ведалі б гэта жанчыны!) спакойнай паблажлівасці: «гэта ўсё жаночыя прыхамаці і дзівацтвы». Больш невыноснае становішча ўзнікае тады, калі мужчыны, а не жанчыны маюць вышэйшы культурны ўзровень, і ўсе жанчыны, і большасць мужчын таксама, проста адмаўляюцца прызнаць гэты факт.

Тады распачынаецца манерны, пачцівы, нудны і варты жалю спектакль. Жанчын «прызнаюць», як кажуць юрысты, паўнапраўнымі членамі мужчынскай кампаніі. Той факт, сам па сабе зусім не істотны, што жанчыны паляць і выпіваюць як мужчыны, здаецца прастадушным людзям доказам раўнапраўя. Чыста мужчынскім кампаніям не дазваляюць збірацца. Там, куды запрошаныя мужчыны, павінны з’явіцца і жанчыны. Мужчыны ўмеюць жыць ідэямі. Яны ведаюць, што такое дыскусія, доказы і прыклады. Жанчына, якая ледзьве скончыла школу і хутка пасля вяселля ўвогуле страціла рэшткі «культуры»; жанчына, якая чытае выключна дамскія часопісы і ўмее толькі распавядаць, а не дыскутаваць, ніколі не ўвойдзе ў кола мужчын-інтэлектуалаў. Яна можа прысутнічаць пры сустрэчы, знаходзіцца ў тым жа пакоі. І што з таго? Калі мужчыны не злітуюцца, яна так і будзе сядзець, сумаваць і маўчаць пры размове, зусім для яе незразумелай. Калі мужчыны добра выхаваныя, яны будуць імкнуцца далучыць такую жанчыну да дыскусіі. Ёй будуць усё тлумачыць, будуць спрабаваць прыўнесці хоць нейкае падабенства сэнсу ў яе недарэчныя і нязграбныя развагі. Але хутка ўсе іх намаганні пацерпяць паразу, і дзеля захавання правілаў выхаванасці тое, што магло стаць добрай дыскусіяй, пачынаюць наўмысна разбаўляць плёткамі, анекдотамі і жартамі, пакуль гутарка цалкам не разваліцца. Так прысутнасць жанчыны можа знішчыць тое, у чым яе запрасілі паўдзельнічаць. Неадукаваная жанчына ніколі не здолее ўвайсці ў інтэлектуальнае кола, бо кола разбураецца, як толькі яна ў яго ўваходзіць, падобна да таго як далягляд перастае быць даляглядам, калі вы туды трапляеце. Навучыўшыся піць, паліць і, магчыма, гаварыць непрыстойныя жарты, жанчына гэтым самым не стала ні на крок бліжэй да мужчыны, чым яе бабуля. З той розніцай, што бабуля была шчаслівейшая і мела больш рэалістычныя погляды на жыццё. Яна ў сябе дома вяла сапраўдныя жаночыя размовы з сяброўкамі і, напэўна, рабіла гэта з вялікім шармам, дэманструючы разважлівасць і нават дасціпнасць. Унучка магла б заняцца тым самым. Яна, магчыма, не менш разумная за мужчын, якім сапсавала вечар, або нават разумнейшая. Справа ў тым, што ёй нецікавыя тэмы іх размоваў і яна не абазнаная ў мужчынскіх спосабах дыскутавання. Мы ўсе выглядаем тупіцамі, калі робім выгляд, што зацікаўленыя рэчамі, да якіх насамрэч ставімся абыякава.

Такія жанчыны, а іх многія тысячы, вельмі спрычыняюцца да сучаснай дыскрэдытацыі сяброўства. І часта атрымліваюць поўную перамогу. Яны кладуць канец мужчынскаму таварыству і такім чынам мужчынскаму сяброўству ва ўсім асяродку. У тым адзіным свеце, які ім блізкі, бясконцая пустая балбатня, «каб павесяліцца», замяняе абмен ідэямі. Сустракаючыся ў прысутнасці жанчын, мужчыны самі пачынаюць размаўляць як жанчыны.

Часам гэта перамога над сяброўствам адбываецца несвядома. Аднак існуе ваяўнічы тып жанчын, якія да гэтага імкнуцца. Я чуў, як адна з іх казала: «Ніколі не дазваляйце двум мужчынам прысесці разам, інакш яны пачнуць размаўляць на нейкую тэму, і стане нудна». Нельга было больш дакладна выказаць тое, што яна мела на ўвазе. Размаўляйце колькі заўгодна, чым больш, тым лепш, бясконцы паток чалавечай балбатні, але, калі ласка, толькі не на нейкую тэму. Размова не павінна ні на чым затрымлівацца.

Гэтая бесклапотная дама, гэтая энергічная, выхаваная, «абаяльная» і невыносна дакучлівая кабета шукала кожны вечар адных толькі забаваў, імкнучыся, каб у сустрэчы «не было застояў». Але вайна, свядома скіраваная супраць сяброўства, можа весціся і на глыбейшым узроўні. Ёсць жанчыны, якія ненавідзяць сяброўства, баяцца яго і зайздросцяць яму, лічачы ворагам кахання і яшчэ злейшым ворагам прыязнасці. Яны валодаюць тысяччу спосабаў ліквідаваць сяброў мужа. Жанчына будзе сварыцца з сябрамі мужа або, што яшчэ эфектыўней, з іх жонкамі. Яна будзе насміхацца, учыняць перашкоды, ілгаць. Такая жанчына не разумее, што мужчына, якога яна здолее ізаляваць ад іншых мужчын, не варты таго, каб за яго трымацца, бо яна сама яго выпусташыла, пазбавіла мужчынскасці. І чым далей, тым больш яна будзе яго саромецца. Да таго ж, яна забылася, што большая частка жыцця мужа працякае не на яе вачах. Узнікнуць новыя сябры, таемныя. Калі разам з гэтым не пачнуць узнікаць яшчэ іншыя таямніцы, такой жанчыне сапраўды незаслужана пашанцуе.

Безумоўна, такія жанчыны дурніцы. Разумныя жанчыны — тыя, што несумненна маглі б падрыхтавацца і ўвайсці ў свет разважанняў і дыскусій, але, калі яшчэ не падрыхтаваныя, не спрабуюць туды ўвайсці або знішчыць гэты свет. Разумным жанчынам і так ёсць чым заняцца. На імпрэзах яны збіраюцца разам з іншымі жанчынамі, каб пагаварыць пра свае жаночыя справы. Мужчыны ім для гэтай мэты не патрэбныя, як і яны не патрэбныя для гэтай мэты мужчынам. Жаданне без канца надакучаць прадстаўнікам іншага полу — сведчанне вялікай нявыхаванасці і непавагі адно да аднаго. Жывіце самі і дайце жыць іншым. Жанчыны часта пасмейваюцца з нас. Так і павінна быць. Там, дзе жанчыны і мужчыны не маюць агульнага занятку і могуць быць звязаныя толькі каханнем або прыязнасцю і ніколі — сяброўствам, цалкам натуральна ўзнікае жывое адчуванне недарэчнасці іншага полу. Гэта заўсёды карысна. Нельга сапраўды ацаніць прадстаўнікоў іншага полу, гэтак жа як дзяцей або жывёлаў, не заўважаючы, што час ад часу яны вартыя смеху. Гэта тычыцца і мужчын, і жанчын. Быць чалавекам — трагікамічная рэч, але падзел на мужчын і жанчын дазваляе нам убачыць адно ў адным тое смешнае і вартае жалю, што ў сабе самім не заўважыш.

Я папярэджваў, што гэты раздзел у асноўным будзе складацца з апраўданняў. Спадзяюся, што на папярэдніх старонках мне ўдалося растлумачыць сваю пазіцыю: чаму для мяне прынамсі не дзіва, што нашыя продкі лічылі, што сяброўства амаль абагаўляе чалавека. Гэтая любоў вольная ад уплыву інстынктаў, ад любых абавязкаў, апроч тых, якія сябры добраахвотна бяруць на сябе. Яна амаль пазбаўленая рэўнасці, цалкам свабодная ад патрэбы быць патрэбным іншым людзям, яна ў найвышэйшай ступені духоўная. Напэўна, такой любоўю любяць адзін аднаго анёлы. Можа, сяброўства і ёсць тая самая найвышэйшая Любоў, якую мы шукалі?

Але не спяшаймася рабіць высновы, не акрэсліўшы спачатку дакладнага значэння слова «духоўны». У Новым Запавеце яно часта ўжываецца ў значэнні «тое, што мае адносіны да Духа Святога», і ў гэтым сэнсе духоўны — станоўчая характарыстыка. Але калі слова «духоўны» ўжываецца толькі як антонім словаў «цялесны, інстынктыўны, жывёльны», справа зусім іншая. Існуе духоўнае зло, гэтак як і духоўнае дабро. Анёлы могуць прабываць і ў святасці, і ва ўпадку. Найгоршыя грахі чалавека — у духоўнай сферы. Не варта думаць, што паколькі сяброўства — рэч духоўная, яно само па сабе святое або беспамылковае. Важна памятаць пра тры істотныя рэчы.

Першае, пра што я ўжо казаў, — гэта недавер кіраўнікоў да падначаленых, якіх звязвае моцнае сяброўства. Гэта можа адбывацца беспадстаўна, а можа мець пэўныя прычыны.

Другое — гэта стаўленне большасці людзей да любога кола блізкіх сяброў. Сяброў у лепшым выпадку пагардліва клічуць «групоўкай», калі не «бандай», «зграяй», «хеўрай» або «камітэтам самалюбавання». Тыя, хто ў сваім жыцці ведае толькі прыязнасць, кампаньёнства і каханне, лічаць сяброў «вузкалобымі ганарліўцамі, якія ўдаюць сябе лепшымі за іншых». Зразумела, што так у іх прамаўляе зайздрасць, але зайздрасць заўсёды карыстаецца праўдзівымі або найбліжэйшымі да праўды довадамі, якія толькі ёсць, — гэтак можна раніць наймацней. І таму гэтыя довады вартыя ўвагі.

І ўрэшце, трэба ўлічваць, што вельмі рэдка Святое Пісанне параўноўвае любоў паміж Богам і чалавекам з сяброўствам. Зрэдку гэтае слова ўжываецца, але нашмат часцей, калі шукаецца параўнанне з найвышэйшай любоўю, Біблія ігнаруе, здавалася б, амаль анёльскае «сяброўства» і звяртаецца да глыбінных вобразаў больш натуральнай і інстынктыўнай любові. Яна падае вобраз Бога як нашага Айца, поўнага прыязнасці да чалавека, Хрыста параўноўвае з жаніхом, закаханым у сваю нявесту, — Касцёл.

Паразважаем спачатку, чаму кіраўнікі не давяраюць сяброўству. Думаю, што гэта небеспадстаўна і высвятляе для нас нешта істотнае. Як я адзначаў, сяброўства нараджаецца са словаў аднаго чалавека да іншага: «Што?! І ты таксама? Я думаў, што я адзін такі...» Але супольныя густы або погляды на жыццё не абавязкова бываюць станоўчыя. Сябры могуць разам развіваць мастацтва і філасофію, удасканальваць ідэйную і маральную дактрыну, але могуць стварыць і новыя прылады для катавання, прапагандаваць канібалізм або чалавечыя ахвяры. Большасць з нас, вядома ж, мела ў юнацтве такі супярэчлівы досвед. Як жа цудоўна было ўпершыню сустрэць таго, каму таксама падабаецца твой улюбёны паэт! Усе цьмяныя і незразумелыя пачуцці цяпер набывалі ясныя абрысы. Можна было адкрыта прызнаць тое, чаго ты, здаралася, саромеўся. Але не менш прыемна было сустрэцца ў першы раз з тым, хто падзяляе з табою нейкую патаемную загану. Яна таксама станавілася больш вызначанай і выразнай, яе ты таксама пераставаў саромецца. Нават цяпер у любым узросце мы ведаем, як вабіць небяспека раздзяліць з некім агульную нянавісць і крыўду (ну як жа не пасябраваць з адзіным у каледжы чалавекам, які таксама бачыць усе хібы намесніка дырэктара).

Адзін сярод чужых людзей, я нясмела выказваю некаторыя свае погляды і суджэнні, часткова саромеючыся ў іх прызнавацца і часткова сумняваючыся ў справядлівасці сваіх меркаванняў. Але вось я сярод сяброў, і праз паўгадзіны, нават хвілін праз дзесяць, гэтыя погляды і суджэнні ўжо становяцца неаспрэчнымі. Меркаванне майго маленькага сяброўскага кола, пакуль я знаходжуся ў ім, важнейшае за меркаванне тысячы чужынцаў. Сяброўства ўмацоўвае чалавека, і я адчуваю гэтую моц, нават калі сябры мае далёка. Усім нам хочацца, каб пра нас судзілі «роўныя нам», людзі, якія нам «па сэрцы». Толькі яны сапраўды ведаюць, што мы думаем, і толькі яны судзяць па тых стандартах, якія мы цалкам прызнаем. Іх пахвальбы мы сапраўды прагнем, іх асуджэння сапраўды баімся. Маленькія супольнасці першых хрысціянаў выжылі, таму што толькі любоў «братоў» мела для іх значэнне, яны заставаліся глухія да язычніцкага грамадства, у якім існавалі. Але гэткім жа чынам выжываюць і банды злачынцаў, эксцэнтрыкі і вычварэнцы, глухія да суджэння іншых людзей, якія «нічога не разумеюць», бо яны «кансерватары», «мяшчане», «уплывовыя», бо яны самаўпэўненыя ганарліўцы, ханжы і шэльмы.

Таму відавочна, што людзі ва ўладзе не ўхваляюць сяброўства. Кожнае сапраўднае сяброўства — гэта своеасаблівы раскол і нават бунт. Гэта можа быць бунт сур’ёзных мысляроў супраць агульнапрынятай бязглудзіцы або бунт вар’ятаў супраць звычайнай разважлівасці; паўстанне сапраўдных мастакоў супраць брыдоты або шарлатанаў супраць тонкага густу; супраціўленне добрых людзей сапсаванасці грамадства або супраціўленне злых — яго каштоўнасцям. Так ці інакш, вярхі гэтага не прымуць. Кожнае кола сяброў мае сваё «асабістае суджэнне», якое ўмацоўвае іх супраць агульнаграмадскага суджэння. Таму кожнае сяброўства — патэнцыйны асяродак супраціву. Людзьмі, якія маюць сапраўдных сяброў, цяжэй кіраваць і цяжэй уплываць на іх. Добраму кіраўніку цяжэй іх выпраўляць, дрэннаму — цяжэй сапсаваць. Калі аднойчы ўлады сілаю, прапагандаю «душэўнага адзінства» або павольным пазбаўленнем нас любой адасобленасці і незапланаванага вольнага часу здолеюць стварыць свет, дзе ёсць кампаньёны і няма сяброў, гэта адхіліць пэўную небяспеку, але адначасова чалавецтва страціць сваю найлепшую абарону супраць поўнага зняволення.

Азначаная небяспека цалкам рэальная. Нашыя продкі лічылі сяброўства школаю цнотаў, але яно з’яўляецца таксама (гэтага яны не ўлічвалі) і школаю заганаў. Сяброўства мае двайную прыроду. Яно чыніць добрых людзей лепшымі, а дрэнных — горшымі. Будзе стратаю часу і надалей гаварыць пра гэта. Мы не маем за мэту разважаць пра шкоду дрэннага сяброўства, а хочам толькі паказаць гэтую небяспеку для добрага. Сяброўства, як і кожная натуральная любоў, мае прыроджаную схільнасць да сваёй хваробы.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The Four Loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY