Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Андрэй ШПУНТ

КСЁНДЗ СТАНІСЛАЎ БАНІФАЦЫЙ ЮНДЗІЛ SP

 
Герб «Лебедзь».   Герб ордэну
піяраў

«Засушыў я на паперы // Краскі, сьвежыя калісьці», — прыгадваюцца радкі вялікага паэта, калі ўяўляеш «блёклыя, высахшыя лісткі» гербарыяў і кніг кс. Юндзіла. «Краскамі, сьвежымі калісьці», быў батанічны сад, створаны руплівай працай ксяндза ў Вільні. Сёння сад толькі ва ўяўленні… Спадзяемся, што, ствараючы своеасаблівы «гербарый» на старонках «Нашай веры» з імёнаў выдатных суайчыннікаў, мы будзем адраджаць хаця б у памяці і ўяўленні квітнеючы сад слаўных імёнаў, «думак шчырых і чуцьця» дзеячаў гісторыі нашай Бацькаўшчыны…

Кс. Станіслаў
Баніфацый Юндзіл
(партрэт А. Аляшчынскага, 1850 г.)

У бурлівай драме жыцця Рэчы Паспалітай другой паловы XVIII ст. мала заставалася месцаў, дзе панаваў бы супакой і парадак, калі нават касцёлы станавіліся арэнамі соймікавых баталій. Хіба што гэтым супакоем і парадкам дыхала са старонак кнігі кс. Станіслава Юндзіла «Апісанне раслінаў у правінцыі ВКЛ…» (Вільня, 1791), створанай паводле сістэмы Карла Лінэя. Праз некаторы час у Вільні паўстаў, заснаваны кс. Юндзілам, батанічны сад, дзе ўжо не толькі «з правінцыі ВКЛ», але з усяго свету радавалі вока 7 000 гатункаў раслінаў. Гэты «храм Флоры» не парушыла нават вайна 1812 года...

Як проста, здавалася, ступіўшы за агароджу Віленскага батанічнага саду і ўдыхнуць яго водар. Але гісторыя не шкадуе нікога і нічога. Замест саду, увайшоўшы ў інтэрнэт, я ўбачыў нейкія тэнісныя корты і адміністрацыйны будынак са сцягам Еўразвязу. На жаль, пасля паўстання 1830–1831 гг. Віленскі ўніверсітэт, з якога выйшла шмат змагароў, зачынілі. Батанічны сад перайшоў да медыка-хірургічнай акадэміі, але ў 1841 г. зачынілі і яе. Расліны перадаваліся ў іншыя навучальныя ўстановы, распрадаваліся, а на месцы саду пабудавалі летнюю рэзідэнцыю генерал-губернатара. У 1871 г., калі гэту тэрыторыю ўзяў у арэнду купец Ісак Шуман, ад саду засталіся адны ўспаміны ды цяністыя алеі дрэваў, якія калісьці трымалі дбайныя рукі кс. Юндзіла. Сёння няма і іх…

Вось такое атрымалася невясёлае падарожжа ў Вільню. Батанічнага саду няма, і памяць пра яго стваральніка засталася на тым баку мяжы, што для нашых рэалій не столькі дзіўна, колькі крыўдна. Дык пакладзем жа і мы свой «вянок» на магілу нашага суайчынніка, які належаў да старажытнага буйнога і разгалінаванага беларускага роду Юндзілаў з гербам «Лебедзь».

З бакавой збяднелай галіны гэтага славутага роду паходзіў Бэнэдыкт Дунін-Юндзіл, у якога ад шлюбу з Розай з Даўгялаў 6 траўня 1761 г. у фальварку Ясянцы каля Ліды нарадзіўся сын Станіслаў.

Прага да навукі і ведаў у спалучэнні з выдатнымі здольнасцямі была нязначнаю без сродкаў, сувязяў і пратэкцыі. Толькі ў 13 гадоў Станіслаў сеў за парту ў піярскай школе — гэта быў пачатак, як пісаў ён ва ўспамінах, «важнейшай і вызначальнай эпохі жыцця». Так ён пачаў падрыхтоўку да ўступлення ў ордэн.

 

Неабходна сцісла распавесці пра піяраў, якія, па-першае, як і езуіты, шмат зрабілі для пашырэння асветы ў нашай Бацькаўшчыне, а па-другое, гэты невялікі экскурс у гісторыю ордэну дапаможа ўбачыць постаць нашага героя больш усебакова. Афіцыйная назва Ordo Clericorum Regularium Pauperum Matris Dei Scholarum Piarum (SchP, SP) — Ордэн Рэгулярных Клерыкаў убогіх Маці Божай набожных школ. Ён быў заснаваны ў 1617 г. іспанскім святаром Юзафам (Хасэ) Каласанцам і зацверджаны ў 1621 г. брэвэ «In supremo apostolatus» св. Айца Грыгорыя XV. Дэвіз ордэну «Ad maius pietatis incrementum» («Для большага павелічэння пабожнасці»). У агульных рысах духоўнасць піяраў была звязана з педагагічна-выхаваўчай дзейнасцю, супрацьстаяннем свецкім уплывам, культам святых (асабліва св. Францішка і св. Тэрэзы ад Езуса), практыкай асаблівай малітвы, аскезай, прагненнем святасці і нясеннем дапамогі іншым; марыйны характар пабожнасці выяўляецца ў разуменні ордэну як справы Марыі (Яе імя — у назве ордэну, а манаграма — у гербе), практыцы штодзённай ружанцовай малітвы, а таксама Каронкі Дванаццаці Зорак (малітвы, складзенай Юзафам Каласанцам). Сутнасць педагогікі піяраў увасобленая ў іх дэвізах: «Набажнасць і навука», «Евангелізаваць праз адукацыю». Піяры ўводзілі новыя перадавыя метады навучання і выхавання, новыя прадметы (напрыклад, лацінскую граматыку на нацыянальных мовах, матэматыку). Выхаванцамі піярскіх школаў былі між іншымі Пій IX, Франсіска Гоя, Антоніа Гаўдзі.

Піяры існавалі ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе з езуітамі, для якіх справы выхавання і навучання былі толькі часткай грандыёзнай працы Ad majorem Dei Gloriam. Менавіта каб пазбавіцца манаполіі езуітаў у справе адукацыі, кароль і вялікі князь Уладзіслаў IV Ваза ў 1641 г. папрасіў Каласанцу прыслаць братоў у Рэч Паспалітую, дзе яны разгарнулі актыўную працу. Літоўская правінцыя ордэну была створана ў 1736 г., але яшчэ раней, пры падтрымцы магнатаў і шляхты, кляштары і рэзідэнцыі піяраў з’явіліся ў Шчучыне, Воранаве, Геранёнах, а потым у Зэльве, Лужках, Расіенах, Віцебску, Дуброўне, Полацку, дзе хутка ўтвараліся і калегіўмы. Пасля часовага скасавання ў 1773 г. Таварыства Езуса і стварэння Адукацыйнай камісіі піяры адыгралі вялікую ролю ў рэфармаванні сістэмы асветы краіны — яны падрыхтавалі мноства праектаў рэформаў, пісалі падручнікі і праводзілі свае навуковыя даследаванні.

 

Падчас другога году навіцыяту, які Станіслаў Юндзіл адбываў спачатку ў Шчучыне, а потым у Любяшове (Палессе), у выніку «нервовай ліхаманкі», ледзьве не каштаваўшай яму жыцця, ксёндз атрымаў чорную катаракту (amaurosis) правага вока. Зрок захаваўся на левым воку, але яно ўвесь час пакутавала ад слёз і гною — наступстваў воспы, перанесенай у дзяцінстве.

6 жніўня 1779 г. Станіслаў Юндзіл даў манаскія абяцанні ў ордэне піяраў, атрымаўшы імя Баніфацыя ад св. Станіслава, а ў 1784 г. прыняў святарскае пасвячэнне.

Працаваў настаўнікам у Расіенах, Шчучыне і Вільні. Выкладаў логіку, метафізіку, фізіку, прыродазнаўства і батаніку. Самастойна вывучаў і слухаў лекцыі па філасофіі, тэалогіі, фізіцы, хіміі, заалогіі і батаніцы. У навучальных мэтах у Шчучыне заснаваў невялікі батанічны сад — хутчэй за ўсё, першы ў ВКЛ. Пачаў збіранне гербарыя. Зацікавіўся энтамалогіяй. Акрамя ўсіх абавязкаў, працаваў гувернерам у сям’і ўладальнікаў Шчучына Сцыпіа дэль Кампа (манаграма якіх аздабляе гарадскі герб), пасябраваў з галавою дома, падстоліем літоўскім, і ў яго ўладаннях разбіў парк.

Жан Эмануэль Жылібэр.

У сваіх навуковых інтарэсах кс. Юндзіл усё болей схіляўся да прыродазнаўчых навук, асабліва да батанікі, пад уплывам выдатнага французскага прыродазнаўцы, хірурга-анатома Жана Эмануэля Жылібэра, які, працуючы з 1775 г. у ВКЛ, залажыў у Гародні Каралеўскі батанічны сад (у 1778 г. — 1500 гатункаў экзатычных раслінаў) і арганізаваў медыцынскую акадэмію, а ў Вільні стварыў медыцынскі факультэт у Галоўнай школе ВКЛ, узначаліў кафедру прыродазнаўства і батанікі і залажыў батанічны сад.

Кс. Юндзіл стаў прадаўжальнікам справы Жылібэра, які пакінуў нашай Бацькаўшчыне сваю шматтомную працу «Флора Літвы». Батаніка і энтамалогія сталі асабліва ўлюбёнымі навукамі кс. Юндзіла. Гэта былі не проста навукі аб раслінах ці насякомых — гэта былі сведчанні бязмежнай любові і велічы Пана Бога, даўшага нам магчымасць атрымліваць асалоду ад прыгажосці, разнастайнасці і шматквецця яго стварэнняў.

У 1790 г. кс. Юндзіл з вялікім поспехам пачаў выкладаць прыродазнаўчыя навукі ў віленскай піярскай школе. Асаблівай папулярнасцю карысталіся яго лекцыі па батаніцы, якія наведвалі і студэнты Галоўнай школы ВКЛ.

Папаўняўючы калекцыю птушак і насякомых, «у вольныя ад школьных заняткаў кс. Юндзіл збіраў усялякія краёвыя расліны, сістэматызаваў іх ці тлумачыў вопісы Жылібэра і іншых батанікаў менавіта тых гатункаў, якіх не меў пад рукою». Кс. Марцін Пачобут-Адляніцкі, рэктар Галоўнай школы ВКЛ, праглядаючы «Флору Літвы» Жылібэра і бачачы ў ёй незразумелыя апісанні без указанняў на лекавыя ўласцівасці раслінаў, адрэагаваў непрыхільнай рэзкасцю: «Чаму ж нас той запрошаны чужаземец навучыў?». І вось у 1791 годзе ў Вільні свет убачыла «Апісанне раслін у правінцыі ВКЛ…». Трэба аддаць належнае сціпласці кс. Юндзіла. «Апісанне раслін…» было зроблена паводле сістэмы Карла Лінэя, прозвішча якога на вокладцы значылася вялікімі літарамі. І хаця кніга абапіралася пераважна на працы Жылібэра і кс. Крыштафа Клюка (у ВКЛ гаварылі, што «не можа той быць добрым гаспадаром, хто кніг Клюка не мае»), яна не давала поўнай карціны літоўскай флоры, але стала першай працай, якая залажыла асновы айчыннай наменклатуры батанікі і аказала вялікі ўплыў на развіццё даследаванняў у гэтай галіне.

Медаль «Merentibus».

Кс. Юндзіл стаў першым літоўскім піярам, узнагароджаным Станіславам Аўгустам, аматарам і апекуном навук і мастацтваў, залатым медалём «Merentibus» («Заслужаным»).

Працуючы над «Апісаннем раслін…», кс. Юндзіл падчас вакацыяў наведаў салёныя крыніцы ў Бірштанах і Стаклішках, а наступнай зімой зноў прыехаў у Стаклішкі, праводзячы даследаванні і ставячы вопыты, мэтай якіх было выявіць найбольш эфектыўны спосаб здабычы солі. Вынікам з’явілася яго наступная праца — «Пра салёныя крыніцы і стаклішскую соль» (Вільня, 1792) і другі медаль «Merentibus».

 

Хто як не кс. Юндзіл павінен быў узначаліць вось ужо пяць гадоў вакантную кафедру прыродазнаўства і батанікі Галоўнай школы ВКЛ? Але кіраўніцтва палічыла інакш. Пра гэта стала вядома ў Адукацыйнай камісіі ў Варшаве, але ведалі там і пра яго працы, таму 16 траўня 1792 г. ён быў прызначаны віцэ-прафесарам на кафедру і накіраваны за мяжу ў мэтах дасканалення ў прыродазнаўстве. Адбылося гэта падчас урачыстасцяў з нагоды Канстытуцыі 3 траўня і, відаць, не без уплыву літоўскіх паслоў на Сойм.

З 1792 да 1797 г. кс. Юндзіл праехаў праз Аўстрыю, Чэхію, Венгрыю, Германію. Дасканаліўся ў мінералогіі, батаніцы, хіміі, знаёміўся з мінералагічнымі зборамі, публічнымі і прыватнымі, наведваў батанічныя сады, руднікі, металургічныя заводы, завязваў шматлікія знаёмствы з еўрапейскімі вучонымі і прамыслоўцамі. Сярод гэтых захапляючых заняткаў да яго дайшла вестка аб кампаніі 1792 г. і другім падзеле Рэчы Паспалітай. Невыпадкова, і пад уплывам сябра кс. Гуга Калантая, на пачатку 1794 г., калі ён прыехаў у Вену, цікаўнасць да металургіі дапоўнілася вывучэннем людвісарства і асабліва тэхналогіі больш эфектыўнай адліўкі гарматаў (некалькі ствалоў разам), але выбух паўстання Касцюшкі не даў часу для практычнага ажыццяўлення. Жадаючы, наколькі магчыма, спрычыніцца да выратавання Айчыны, кс. Юндзіл даслаў у ахвяру адзін са сваіх залатых медалёў «Merentibus».

У сакавіку 1794 г. ён на кароткі тэрмін з’явіўся ў Варшаве з-за адсутнасці сродкаў. Цікава, што ў тых умовах Адукацыйная камісія знайшла сродкі, і ў Венгрыі кс. Юндзіл працягнуў знаёмства з горна-металургічнымі прадпрыемствамі і руднікамі. Асабліва плённым стаў яго побыт у Вене. Вывучаў анатомію звяроў, фізіялогію, паталогію, тэрапію, фармацэўтыку, працягваў дасканаліцца ў хіміі, заалогіі і любімай батаніцы. Акрамя гэтага, пакінуў па сабе памяць, стаўшы заснавальнікам батанічна-лекарскага аптэкарскага саду пры Ветэрынарнай школе, знаёмства з арганізацыяй якой планаваў выкарыстаць для стварэння падобнай школы ў Вільні. Восенню 1797 г. вярнуўся ў Вільню.

Вынікам замежных даследаванняў сталі фундаментальныя працы «Аб здабыванні руды ў розных краінах і яе гадавой эксплуатацыі» (Вільня, 1798), за якую кс. Юндзіл атрымаў ступень доктара філасофіі, і «Прыкладная батаніка…» (Вільня, 1799).

 

Вокладка кнігі кс. Станіслава Баніфацыя Юндзіла «Opisanie roslin w prowincyi W.X.L.»

У хуткім часе кс. Юндзіл стаў доктарам тэалогіі (1800), касцёльным цэнзарам рэлігійных кніг і, нарэшце, у 1802 г., прафесарам кафедры прыродазнаўства і батанікі. Мог стаць у адным шэрагу з прафесурай Галоўнай віленскай школы (з 1796 г.), сярод якой былі людзі выдатныя і ...не вельмі. Сам, пры ўсёй сваёй любові да прыродазнаўчых навук, не быў ні арыгінальны, ні самастойны, але ўсё гэта не мела асаблівага значэння з таго моманту, калі ў 1799 г. кс. Юндзіл стаў кіраўніком і заснавальнікам Віленскага батанічнага саду.

Пачаткі Віленскага батанічнага саду звязаны з імём Жылібэра, які сярод свентаянскіх муроў на невялікім пляцыку разбіў сад, названы жыхарамі простым словам — «батаніка». Пераемнік Жылібера Ежы Форстэр пачаў клапатаць аб перанясенні «батанікі» ў больш адпаведнае месца, і ў 1787 г. для саду быў выдзелены пляц на Саракішках, недалёка ад вусця ракі Віленкі і Віліі, але з-за розных складанасцяў закладаць сад выпала толькі ў 1799 г. кс. Юндзілу.

У папярэднія гады спробы закладання батанічнага саду перапляліся са шматлікімі памылкамі. Гэта была, як пісаў кс. Юндзіл, вялікая і цяжкая праца, якая патрабавала ведаў і запалу.

Не будзем стамляць чытача пералікам адміністрацыйна-гаспадарчых мерапрыемстваў новага кіраўніка батанічнага саду, лепш назавём сухія лічбы, якія бываюць красамоўней за ўсялякія словы. Напярэдадні кіраўніцтва кс. Юндзіла тое, што павінна было стаць сапраўдным батанічным садам, складалася з 492-х гатункаў раслінаў. З каталогаў і адпаведных справаздачаў бачым наступнае: 1802 г. — 1049 гатункаў (паводле ўспамінаў кс. Юндзіла — 1072); 1804 г. — 1605 (у кс. Юндзіла — 1526); 1807 г. — 1950 (1958); 1808 г. — 2080; 1809 г. — 2400; 1810 — 2872; 1811 г. — 3410, 1812 г. — 4366. У сваёй справаздачы кс. Юндзіл аддае належнае «непрыяцелю», які шанаваў «той прысвечаны Флоры храм». Сапраўды, Вялікая Армія, ваяры якой (пераважна саюзнікі) «вызначыліся» рабункамі і іншымі злачынствамі, увайшла ў сталіцу без адзінага стрэлу і толькі крыху закранула стварэнне кс. Юндзіла — частка саду пацярпела ад абозавага быдла. У 1824 г., калі кс. Юндзіл быў звольнены, колькасць раслінаў саду дасягнула максімальнай лічбы — 7000! Збор папаўняўся экзэмплярамі з усіх куткоў свету. Кс. Юндзіл падкрэсліваў, што ўсе гатункі цікавыя і сярод іх няма выпадковых. Ён адзначаў найбольш каштоўныя, боскай прыгажосці якіх адпавядалі лацінскія назвы, — Lobelia fulgens, Metrosideros Lophantha, Strelitzia reginae, Azalea pontica, Vanilla aromatica, Cyperus papyrus, Phormium tenax і г.д.

 

У 1803 г. Галоўная віленская школа зноў стала ўніверсітэтам. У сувязі з гэтым пашыралася сфера прыродазнаўчых навук, а значыць прыбавілася працы і кс. Юндзілу, якому Рада ўніверсітэта даручыла зрабіць ацэнку падручнікаў па батаніцы і заалогіі, але ён зрабіў значна больш, і ў выніку свет убачылі багата ілюстраваныя «Пачаткі батанікі» (Ч. 1. 1804. Ч. 2. 1805, Варшава; 2-е выд. Вільня, 1818; 3-е выд. Вільня, 1829) і «Сціслая заалогія» (Ч. 1 — 4. Вільня, 1807). Усе ведаюць са школьнай парты, што дапаможнікі часта адбіваюць усялякую ахвоту да вучобы. Дапаможнікі кс. Юндзіла былі настолькі добра напісаныя, з такой любоўю, што імі зачытваліся не толькі тыя, каму яны былі прызначаныя, але ўся Літва. Як пісаў польскі даследчык Людвіг Яноўскі, кніжкі кс. Юндзіла не толькі выхоўвалі, больш за тое, мелі культурны ўплыў. Гэты ўплыў дасягнуў Варшавы і Санкт-Пецярбурга.

Дапаможнікі былі пачаткам вялікай працы, якую кс. Юндзіл праводзіў не толькі як арганізатар асветы ў Літве, але і ў Расеі ў рэчышчы рэформаў адукацыі 1808—1821 гг. У 1806 г. Аляксандр І у прызнанне заслугаў вялікага працаўніка ўзнагародзіў яго дыяментавым персценем.

Акрамя працы па стварэнні батанічнага саду, кс. Юндзіл адначасова ўпарадкоўваў збор кабінета прыродазнаўства, які складаўся са спадчыны Жылібэра, з былых прыватных збораў і ахвяраванняў такіх дабрадзеяў, як інфлянцкі канонік кс. Ян Віхерт, гетман вялікі літоўскі, князь Міхал Агінскі, падстолі каронны, граф Міхал Валіцкі (наш зямляк з Меншчыны).

У першыя гады XIX ст. кс. Юндзіл прадпрымаў шматлікія і разнастайныя навуковыя экспедыцыі па Літве і Жмудзі. У ваколіцах Нясвіжа, Міра, Ляхавічаў і іншых месцах ён вывучаў паклады торфу, у Біржах і Кейданах шукаў соль, у Вішневе ў графа Храптовіча аглядаў вялікую печ для выплаўкі жалезнай руды, змагаўся з саранчой і прачытаў на гэтую тэму даследаванне на адным з пасяджэнняў Галоўнай віленскай школы.

Сярод вучняў кс. Юндзіла былі таленавітыя навукоўцы, у тым ліку наш выдатны Ігнат Дамейка.

Як папулярызатар навукі ў Літве кс. Юндзіл у 1805 г. стаў адным з заснавальнікаў і рэдактарам «Tygodnika Wilenskiego», на старонках якога змяшчаў шматлікія артыкулы з галіны батанікі, мінералогіі, заалогіі, геалогіі, ветэрынарыі, садаводства, хатняй гаспадаркі і г.д.

 

Кс. Юндзіл быў членам шматлікіх айчынных і замежных навуковых таварыстваў, але за рэгаліямі як бачнымі адзнакамі заслугаў не гнаўся і, акрамя медалёў ад Станіслава Аўгуста і персценя ад Аляксандра І, іншых не меў, а калі ў сакавіку 1820 г. мітрапаліт Богуш-Сестранцэвіч прыслаў яму медны крыж на стужцы ордэна св. Станіслава, якім расейскімі ўладамі ўзнагароджвалася святарства ў памяць вайны 1812 г., адмовіўся ад яго. Як пісаў адзін з прадстаўнікоў прафесуры Віленскага ўніверсітэта Юзаф Франк, далёкі ад сімпатый да нашага героя: «Лічыўся ён добрым патрыётам, паколькі не пераносіў расейцаў». «Шчыры літвін, ажно да мозга касцей», — дадаваў рэктар Ян Снядэцкі.

Захоплены навуковымі заняткамі, кс. Юндзіл разглядаў касцёльныя пасады і бенефіцыі толькі з пазіцыі іх неабходнасці, што не знайшло падтрымкі Віленскага біскупа Яна Непамуцэна Касакоўскага, які на адпаведнае хадайніцтва кс. Юндзіла адказаў, што кожны няхай знаходзіць сваю ўзнагароду там, дзе працуе, а касцёльныя бенефіцыі існуюць для самых заслужаных у дыяцэзіі святароў. Адмову атрымаў і ад Жмудскага біскупа Юзафа Гедройца. Найбольш працяглы час (1802–1812) кс. Юндзіл быў толькі быстрыцкім, а потым мерацкім плябанам, ад чаго ўрэшце адмовіўся з-за адміністрацыйна-гаспадарчых цяжкасцяў.

Як пісаў Адам Кіркор, кс. Юндзілу неаднаразова рабіліся выдатныя прапановы ў касцёльнай іерархіі, але ён не прыняў ніводнай. Адмовіўся нават ад пасады віленскага катэдральнага каноніка, «каб меў больш часу для працы», — дадае Юльян Барташэвіч.

Кс. Юндзіл крытычна ставіўся да езуітаў, дастаткова прыгадаць яго реакцыю на амаль удалую спробу генерала Габрыеля Грубэра вярнуць пад кантроль ордэну Віленскі ўніверсітэт. <…>

У часы БССР з яе ілжывай тэндэнцыйнай гістарыяграфіяй кс. Юндзіл апынуўся зручнай постаццю для таго, каб вырваныя з кантэксту словы ці ўчынкі давалі дзяржаўным атэістам зручныя для іх «факты», і таму ў кнізе «Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии» (Мн., 1978) імя кс. Юндзіла названае ў сувязі з «крытыкай рэлігіі і царквы ў XVIII ст.». Агідна.

Прывядзём урывак з успамінаў біскупа Адама Станіслава Красінскага (Кракаў, 1900) з яго характарыстыкай гэтага «крытыка рэлігіі і царквы»: «Бываў у яго часта, бо дзядэк быў мне рады і гаворваў, што, хто старога наведвае, той яму міласціну робіць. Біскуп Клангевіч высока яго паважаў і часта запрашаў на абеды <…>. На тых абедах і я часта бываў, і неаднойчы здаралася, што біскуп зацытуе якісьці верш з Віргілія, а Юндзіл яго закончыць. Летам звычайна Юндзіл выходзіў на пару гадзін са сваім пляменнікам у батанічны сад. Туды прыходзіў рэдактар «Кур’ера Літоўскага» Антоні Марціноўскі, і я ад іх размовы атрымліваў немалую карысць, як ад добрай лекцыі. Юндзіл, дарэчы, меў такую свежую памяць і так у яго галаве ўсё было сістэмна ўкладзена, нібыта ў выдатна напісанай кнізе.

<…> Калі дзень смерці наблізіўся, запыталі яго, ці не жадаў бы святара, каб прыняць св. Сакрамэнты. «А ці ж годны я, — адказаў, — каб Пан Бог да мяне прыходзіў?». <…>. І сапраўды апрануўся, і пайшоў з правадніком да свентаянскага касцёла, і прыняў св. Сакрамэнты. На яго пахаванні ў бэрнардынскім касцёле казаў прамову, якая падчас майго выгнання загінула…».

25 верасня 1824 г. кс. Юндзіл быў звольнены як заслужаны прафесар з прызначэннем свецкай пенсіі, паколькі, як пісаў Адам Кіркор у «Карцінках літоўскіх…» (Познань, 1874), ісхадайнічаў у Св. Айца вызваленне ад святарскіх абавязкаў. Адыход рыхтаваў рупліва і грунтоўна. Уся яго спадчына — батанічны сад, катэдра і г.д. — апынулася ў надзейных руках яго выхаванца і вучня, далёкага сваяка, прафесара Юзафа Юндзіла. Больш за тое, у піяраў ён прызначыў фундацыю ў 15 000 рублёў срэбрам для ўсіх, хто насіў прозвішча Юндзіл, што ў далейшым значна ўзмацніла віленскую інтэлігенцыю.

Як і раней, кс. Юндзіл цікавіўся разнастайнымі навуковымі пытаннямі, падарожнічаў па Еўропе з навуковымі мэтамі і для папраўкі здароўя, займаўся крытыкай і публіцыстыкай. Працаваў, наколькі дазваляў зрок, які паступова страчваў, як і здароўе. Урэшце ён цалкам аслеп, хаця яшчэ ў 1846 годзе друкаваўся ў «Віленскім кур’еры».

15 красавіка 1847 г. кс. Юндзіл памёр. Уся Вільня суправаджала труну з яго целам на Бэрнардынскія могілкі. Сёння яго імя носіць вуліца ў Вільні і прыгожы гатунак ружы — Rosa jundzilli Bess.

 

…Спадчына кс. Юндзіла напоўненая не толькі дрэвамі батанічнага саду. Каля 1800 г. ён педантычна пачаў рабіць свае запісы накшталт дзённіка ці ўспамінаў, што ахоплівалі 1781–1832 гады. З гэтага матэрыялу, па словах Людвіка Яноўскага «першараднай важнасці», можна даведацца пра піярскія школы, навучанне аўтара, яго прафесарскую працу, адносіны з калегамі, гісторыю Віленскага батанічнага саду, пра шматлікіх сучаснікаў, а таксама шмат цікавага пра Вільню, Край і Віленскі ўніверсітэт, яго прафесуру. Запісы абапіраюцца на нечуваную памяць аўтара, а таксама на цікавыя крыніцы — лісты, акты, часопісы і г.д. Рукапісы складаюцца з дзвюх асобных частак. Першая — асабістыя ўспаміны аўтара і справы, што датычылі Віленскага ўніверсітэта. Другая, фрагментарная, ахоплівае вышэйзгаданы час пад загалоўкам «Збор адрывачных вестак аб асобах і навучальных установах Віленскага ўніверсітэта ў цяперашнім (1829) стане і раней». Пасля смерці кс. Юндзіла рукапісы па спадчыне перайшлі да аднаго з яго сваякоў — Яна Юндзіла, ахвяраваўшага першую частку Адаму Міцкевічу, выдадзеную ў 1914 г. у Кракаве доктарам Антоніем Курпелем пад назвай «Успаміны жыцця кс. Ст. Юндзіла». Другую частку Ян Юндзіл перадаў Адаму Кіркору. Фрагментамі была выдадзена ў «Piśmie zbiorowym wileńskim» (Вільня, 1859), «Tygodniku Wielkopolskim» (1873), «Карцінках літоўскіх…» (1874) і ў кніжцы Людвіга Яноўскага «У прамянях Вільні і Крамянца» (Вільня, 1923). Іншыя сляды знікаюць разам са смерцю Кіркора ў 1886 годзе.

На магіле кс. Юндзіла выбіты надпіс: «Historji naturalnej w kraju rozkrzewiciel — ogrodu botanicznego w Wilnie twórca» («Прыродазнаўства ў Краі пашыральнік — батанічнага саду ў Вільні стваральнік»). …Падчас падарожжа па Віленшчыне, назіраючы сады каля сялянскіх хатаў, — усё, што засталося ад багатай спадчыны святой памяці кс. Паўла Ксавэрыя Бжастоўскага, Уладзіслаў Сыракомля заўважыў, што «не кожны з уладальнікаў і плябанаў і такое па сабе пакідае»...

 

Літаратура:

  1. Мілінкевіч А. Жылібэр Жан-Эмануэль//ЭГБ. Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 380.
  2. Шалькевіч В.Ф. Віленскі універсітэт//ЭГБ. Т. 2. — Мінск, 1994. — С. 287—288.
  3. Ботанический сад. — Электронны рэсурс. Рэжым доступу: http://www.vilnius.skynet.lt/. Час доступу: 03.12.2014.
  4. Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии/Е.С.Прокошина, Л.Л.Короткая, А.А.Чудникова и др.; науч. ред. Е.М.Бабосов, Г.М.Лившиц. — Мінск, 1978.
  5. Baliński M. Pamiętniki o Janie Sniadeckim, jeho życiu prywatnem i publicznem i dziełach jeho. T. I. — Wilno, 1865. — S. 619.
  6. Bartoszewicz J. Historja literatury polskiej. T. I. — Kraków, 1877.
  7. Bieliński J. Stan nauk lekarskich za czasów Akademii medyko-chirurgicznej wileńskiej, bibliograficznie przedstawiony. — Warszawa, 1888.
  8. Bogdziewicz H. Pijarzy//Encykłopedia katolicka. Katolicki uniwersytet lubielski Jana Pawła II. T. XV. — Lublin, 2011. — S. 572—576.
  9. Buba J. Jundziłł Stanisław//Encykłopedia katolicka. Katolicki uniwersytet lubielski Jana Pawła II. T. VIII. — Lublin, 2000. — S. 250.
  10. Frank J. Pamiętniki. T. I. — Wilno, 1913.
  11. Janowski L. Słownik bio-bibliograficzny dawnego Uniwersytetu wileńskiego. — Wilno, 1939.
  12. Janowski L. W promieniach Wilna i Krzemeńca. — Wilno, 1923.
  13. Kirkor A. Obrazki litewskie. Ze wspomnień tułacza Sobarri. — Poznań, 1874.
  14. Krasiński A.S. Wspomnienia. — Kraków, 1893.
  15. Pamiętniki życia ks. Stanisława Jundziłła//Archiwum do dziejów literatury i oświaty w Polsce. T. XIII. — Kraków, 1914.
  16. Sławiński W. Jundziłł Stanisław Bonifacy//PSB. T. XI — Wrocław —Warszawa — Kraków, 1964—1965. — S. 320—323.
  17. Stanisław Bonifacy Jundziłł. — Электронны рэсурс. Рэжым доступу: http://pl.wikipedia.org/wiki/ Stanisław_Bonifacy_Jundziłł. Час доступу: 28.08.2014.
  18. Tretiak J. Młodość Mickiewicza (1798—1824). T. I. — Petersburg, 1898.
  19. Zychliński T. Złota księga szlachty polskiej. Rocznik XIII. — Poznań, 1891. — S. 112—125.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY