Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Святлана ГРЭСВІ

КАМЕНТАР ПЕРАКЛАДЧЫКА

«Замяшанне — вось першае адчуванне кожнага, хто пачынае чытаць творы святога Яна ад Крыжа без падрыхтоўкi», — гэта словы айца кармэлiта Люсьена Мары ад св. Юзафа, укладальнiка збору твораў святога на французскай мове. На гэтае выказванне спасылаецца і другi знаўца творчасцi святога — а. Люсiньё Руано дэ ля Iглесiя OCD ва ўступе да крытычнага выдання поўнага збору твораў св. Яна ад Крыжа на iспанскай мове1 , дзе ён адзначае, што гэтыя словы датычаць не толькi перакладаў, але i самога арыгiналу, i, на яго думку, гэта звязана, у першую чаргу, з моўнымi асаблiвасцямi тэксту. Св. Ян ад Крыжа быў адным з першых, хто насуперак патрабаванням інквiзіцыi прапанаваў сваё тэалагiчна-мiстычнае вучэнне не на мове тагачасных эрудытаў — лацiне, а на мове «вульгарнай», мове народа, якая ў тыя часы амаль не выкарыстоўвалася для трактавання такiх высокiх матэрый. Напрыклад, «Духоўныя практываннi святога Iгнацыя Лаёлы» (1491–1556) былi выдадзены ў 1541 г. на лацiнскай мове. Святая Тэрэза ад Езуса пачала апiсваць свае мiстычныя i духоўныя перажываннi на iспанскай мове, але яе творы пераказвалi яе прыватны досвед i таму вельмi добра клалiся на гутарковую мову. Аднак св. Ян ад Крыжа, абапiраючыся на Святое Пiсанне i на тэалагiчна-фiласофскую канцэнпцыю душы чалавека, прапануе вучэнне, трактат цi, як ён сам часта гаворыць, «Дактрыну» — кiраўнiцтва на шляху да найвышэйшай мiстычнай ступенi кантэмпляцыi Бога. I пры гэтым ён выкарыстоўвае не абстрактныя цi рытарычныя паняццi, а вельмi канкрэтную i простую лексiку, можна нават сказаць будзённую цi, як гавораць некаторыя даследчыкi, «субстанцыйную», «першасную». Менавiта гэта i выклiкае пачуццё замяшання пры першым чытаннi. Чакаеш нечага надзвычай духоўна-ўзнёслага, а спатыкаешся з прарэзлiвай i канкрэтнай рэчаiснасцю. Простасць i зразумеласць мовы, напэўна, абумоўлены дыдактычным характарам твора, бо i сам аўтар у пралогу да «Узыходу на гару Кармэль» гаворыць, што ягоныя «парады i папярэджаннi» напiсаныя ў адказ на просьбу братоў i сясцёр з Ордэну Кармэлiтаў Босых як свайго роду дапаможнiк для духоўнiкаў.

Паводле ўспамiнаў сучаснiкаў, св. Ян ад Крыжа пачаў укладаць «Узыход...» недзе каля 1579 г. у горадзе Баэсе, дзе ён выконваў абавязкi рэктара ўнiверсiтэцкага каледжа. «Узыход» быў задуманы як каментар да вершаў — духоўнай песнi «Цёмная ноч», якая была плёнам мiстычнага досведу святога падчас ягонага заключэння ў вязнiцы Таледа. Але ва «Узыходзе...» iспанскi мiстык каментуе не ўвесь верш, а толькi першыя дзве страфы. «Узыход на гару Кармэль» павiнен быў складацца з чатырох кнiг, але твор так i застаўся незакончаным, абарваным на сярэдзiне трэцяй кнiгi. Апошняя рэдакцыя тэксту датуецца 1585–1586 гадамі. Сярод даследчыкаў творчасцi святога Яна ад Крыжа дагэтуль вядуцца дыскусii, цi з’яўляецца наступны яго твор «Цёмная ноч» асобным творам, цi працягам «Узыходу...», ці яго чацвёртай кнiгай, паколькi не захавалася нiводнага аўтографа аўтара, а абедзве кнiгi пераказвалiся праз стагоддзi толькi ў шматлiкiх спiсах-копiях, зробленых законнiкамi. Паводле некаторых сведчанняў, большая частка «Узыходу...» была напiсаная пад дыктоўку, а не ўласнаручна. Гэтым тлумачацца i празмернасць у выкарыстаннi злучнiкаў, герундыяў, складаных сказаў, паўтарэнняў, якiя абцяжарваюць чытанне.

Паводле свайго зместу «Узыход на гару Кармэль» i «Цёмная ноч» — унiкальныя творы. Нездарма вучэнне св. Яна ад Крыжа надзвычай папулярнае не толькi ў Каталiцкім Касцёле, але i па-за iм — у пратэстанцкiх колах, ва ўсходнiх культурах i рэлiгiях. Ягоныя мiстычныя вобразы — пастаянная тэма ў мастацве. Яго часта цытуюць не толькi рэлiгiйныя дзеячы, але i свецкiя. Цiкава, што нават у атэiстычных колах разважаюць над «смерцю Бога», спасылаючыся на «цёмную ноч» мiстычнага досведу св. Яна ад Крыжа.

Унiкальнасць св. Яна ад Крыжа ў тым, што ён змог пераказаць досвед душы, якi выходзiць па-за межы цялеснай аскезы i пакаяння, характэрных для ўсiх мiстыкаў, i дасягае вяршынi дасканалай кантэмпляцыi Бога, калі знікаюць усе духоўныя асалоды, а застаецца жахлiвая аголенасць i спустошанасць духу — «цёмная ноч», калi ў чалавечай душы пачынае дзейнiчаць сам Бог. Св. Ян ад Крыжа хiба што адзiны аўтар у гiсторыi, якi здолеў узвесцi абсалютна суб’ектыўнае i iндывiдуальнае, вельмi iнтымнае мiстычнае перажыванне на ўзровень унiверсальнага вучэння. Як высокаадукаваны чалавек св. Ян выкарыстаў усе свае бiблійныя, тэалагiчныя i фiласофскiя веды, каб, грунтуючыся на ўласным досведзе, апiсаць ступенi ўдасканалення душы на шляху да мiстычнага злучэння з Богам. Пры гэтым у сваiх творах ён нiколi не гаворыць пра сябе. Ягонае «я» цалкам адсутнiчае. Мэта ягонага вучэння — паказаць шлях да злучэння з Богам, якiм можа прайсцi кожны, хто прагне Божай любовi, бо сам Бог любiць кожнага i жадае злучэння з кожным у дасканалай любовi. Гэты шлях пралягае праз самога чалавека, праз ягоную душу, якая павiнна прайсцi праз ступенi самаачышчэння, каб дасягнуць вяршынi дасканаласцi i спаткацца з Найвышэйшым.

Ступенi ўдасканалення, цi ступенi ачышчэння, св. Ян называе «цёмнай ноччу» прысутнасцi Бога, бо дзеля Яго i з Яго дапамогаю чалавек спачатку дзейсна, а пасля пасiўна ачышчаецца, каб стаць годным злучэння з Iм. Чатыры ступенi ачышчэння адпавядаюць антрапалагiчнай структуры чалавечай асобы, — маецца на ўвазе антрапалагiчна-фiласофская канцэпцыя чалавечай душы святога Тамаша Аквiнскага, творы якога, асаблiва «Суму тэалогii», св. Ян ад Крыжа вывучаў у Саламанскiм унiверсiтэце. Прайсцi праз суцэльнае ачышчэнне павiнны чатыры часткi чалавечай душы, цi чатыры душэўныя здольнасцi: пачуццi, розум, памяць i воля. Вобразам гэтага ачышчэння з’яўляецца пілігрымка душы, яе ўзыход на вяршыню гары Кармэль, адкуль прарок Iлля быў узнесены на неба.

Kаб распачаць шлях да Бога, неабходна ачысцiць i ўпарадкаваць пачуццёвае вымярэнне. Менавiта гэтаму вымярэнню прысвечана першая кнiга «Узыходу на гару Кармэль», якая так i называецца — «Цёмная ноч пачуццяў». Ачышчэнне ўласна пачуццёвага — гэта першы крок у кірунку да Бога. У першай кнiзе св. Ян ад Крыжа засяроджваецца на неабходнасцi выхавання пачуццёвасцi, дае «парады», як гэта зрабiць, i тлумачыць, чаму гэтае ачышчэнне называецца «ноччу». Трэба адзначыць, што нават калi гаворка iдзе пра аскезу духоўнага жыцця, абсалютная навiна заключаецца ў адыходзе ад цялесных утаймаванняў, характэрных для эпохi, калi жыў iспанскi мiстык. Паводле св. Яна ад Крыжа, трэба адмовiцца ад усяго, што замiнае паяднанню з Богам на ўзроўнi свядомага выбару, прыняць свайго роду маральную пастанову. Утаймаванне павiнна быць не столькi цялесным, колькi валявым адмаўленнем не толькi ад рэчаў гэтага свету, але ад самога жадання гэтых рэчаў: «не жадаць нiчога, каб мець усё». I калi пачуццi ачысцяцца ад усiх жаданняў i задавальненняў, яны ўвойдуць у «цёмную ноч», дзе нiчога няма, у тым сэнсе, што Бог як найвышэйшая духоўная сутнасць не можа ўспрымацца пачуццямi, бо яны задавальняюцца толькi матэрыяльным. Чым блiжэй да Бога, тым больш адчуваецца пустка, бо найвышэйшы Дух недасяжны для матэрыяльнай пачуццёвасцi.

У другой i трэцяй кнiзе «Узыходу...» — «Дзейснай ночы духу», гаворыцца пра ачышчэнне найвышэйшых духоўных чалавечых здольнасцяў: розуму, памяцi i волi. Розум, памяць i воля павiнны дзейсна ачысцiцца ад усяго, што аддаляе iх ад Бога. Гэтае ачышчэнне вядзе да ўзрастання ў душы трох тэалагальных цнотаў: веры, надзеi i любовi. Розум, прайшоўшы праз «ноч» веры, павiнен ачысцiцца ад цiкавасцi да таго, што не ёсць Богам. Ачышчэнне памяцi ўзмацняе надзею. Воля павiнна ачысцiцца ад прагнення ўсяго, што не адпавядае Божай любовi. Чалавек павiнен зрабiць усё, каб засяродзiць усе свае прагненнi i разуменне ў Богу, i тады ён увойдзе ў «цёмную ноч» духу. Гэта адбудзецца, калi ён, пазбавiўшыся ўсяго i, перш за ўсё, адмовiўшыся ад духоўных i душэўных асалодаў, застанецца сам-насам з пустэчаю — ноччу Адсутнасцi Бога, якая на самай справе з’яўляецца Ягонай Прысутнасцю, бо нельга адчуць i зразумець Бога, Яго можна толькi прагнуць у поўнай «ночы» Ягонай неспасцiгальнасцi. I толькi тады дасягаецца вяршыня гары Кармэль — вяршыня кантэмпляцыi i мiстычнага паяднання з Богам, калi сам Бог авалодвае душою, дзейнiчае ў ёй i ўдасканальвае яе. Гэты стан пасiўнага ачышчэння св. Ян ад Крыжа апiсвае ў наступнай сваёй кнiзе — «Цёмная ноч». Душа патанае ў жыццi Найсвяцейшай Тройцы i, як гаворыць святы, пачынае любiць Бога тою самаю любоўю, якою яе любiць Бог у Святым Духу.

Звяртаючыся да словаў айца Люсьена Мары ад св. Юзафа, працытаваных на пачатку, трэба адзначыць, што творы св. Яна ад Крыжа не належаць да той духоўнай лiтаратуры, якая прыносiць iнтэлектуальную асалоду цi ўзносiць да благаслаўлёных вышыняў духу. Ягоныя творы хутчэй выклiкаюць душэўнае замяшанне, бо з самага пачатку вымагаюць выбару i ўчынку «тут i цяпер». Сам iспанскi мiстык папярэджвае: «… рэчы, пра якiя гаворыцца ў гэтым творы, не спадабаюцца тым, хто хацеў бы iсцi да Бога, адчуваючы толькi смак i асалоду. Нашае ж вучэнне, напiсанае тут, — змястоўнае i складанае, для тых, хто прагне прайсцi праз аголенасць духу».

Святлана Грэсвi

Гл. таксама:
Святлана ГРЭСВІ :: КАРОТКІ ЖЫЦЦЯРЫС СВ. ЯНА АД КРЫЖА ::
Святы Ян ад Крыжа :: УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ ::


Заўвагі перакладчыка:
  1. SAN JUAN DE LA CRUZ, Obras completas. Edición crítica. Ed. Biblioteca de los Аutores Сristianos. — Madrid, 2009, 5ta edición — гэтае выданне было выкарыстана для перакладу на беларускую мову.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY