|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
У складаным для Касцёла XVI ст. у Вялікім Княстве Літоўскім хіба толькі праз Божы Провід сталася так, што сярод кальвіністаў Радзівілаў з’явіўся той, хто перажыў навяртанне да каталіцкай веры. Больш за тое, як гарчычнае зерне, што дало вялікі плод, гэты чалавек здзейсніў пры жыцці вельмі шмат і для дзяржавы, і для сваёй сям’і, і асабліва для церпячых бліжніх. Напэўна, прыклад людзей найбольш заахвочвае іншых да вялікіх здзяйсненняў. Святыя даюць нам прыклад малітвы, любові, простасці. Але мы рэдка бярэм сабе ў прыклад духоўнасці і веры чалавека заможнага. Мікалай Крыштаф Радзівіл, якога называлі Сіроткам, і быў тым шчырым католікам, які не цураўся актыўнай палітыкі, мецэнацтва і грамадзянскай актыўнасці. Жыццё яго было яркім, а смерць ён сустрэў пакорна, загадзя падрыхтаваўшыся да яе. Сын Мікалая Радзівіла Чорнага і Альжбеты Шыдлавецкай, Мікалай Крыштаф нарадзіўся ў 1549 годзе. Яго бацька, самы знакаміты кальвініст Вялікага Княства, але таксама і адзін з найбольш вядомых тагачасных патрыётаў, «некаранаваны кароль», з’яўляецца адным з сімвалаў усяго XVI стагоддзя. Натуральна, што Мікалай Крыштаф выхоўваўся ў лепшых традыцыях свайго роду. За мяжой ён атрымаў добрую еўрапейскую адукацыю. Якраз падчас вучобы і адбылося навяртанне Мікалая Крыштафа ў каталіцтва, а пазней гэтаму прыкладу паследавалі ўсе ягоныя браты. Хутчэй за ўсё, да навяртання Радзівіла меў дачыненне вядомы езуіт Пётр Скарга. Відаць, пераход у каталіцтва не быў ні блюзнерствам, ні стратэгіяй маладога чалавека, бо нават пасля смерці бацькі ён яшчэ некаторы час не афішаваў сваёй прыналежнасці да канфесіі. З самай маладосці князю даводзілася браць удзел у войнах супраць ворагаў Айчыны. Падчас вайны ВКЛ з Маскоўскай дзяржавай у 1568 г. ён удзельнічаў у аблозе ракі Улы, а пазней разам з каралём Стэфанам Баторыем ваяваў супраць Івана Жахлівага і нават быў паранены ў галаву. На час маладосці Мікалая Крыштафа прыпадаюць і падпісанне Люблінскай уніі 1569 года, і выбары манарха, і заключэнне Берасцейскай уніі 1596 года. Якім моцным прыхільнікам Рэфармацыі быў Мікалай Радзівіл Чорны, такім гарачым дзеячам Контррэфармацыі стаў яго сын. Ён зрабіў каласальны ўклад у пашырэнне каталіцтва на нашых землях. Дзякуючы Мікалаю Крыштафу Радзівілу Нясвіж атрымаў ад караля магдэбургскае права і герб. Тут пачалі будавацца шпіталі і дарогі, касцёлы і кляштары. Радзівіл фінансава дапамагаў бедным, за свой кошт утрымліваў каталіцкія храмы і капліцы ў Ерусаліме і нават праваслаўныя святыні. Сваёй прыгажосцю Нясвіж абавязаны менавіта гэтаму з Радзівілаў. Князь запрасіў італьянскага архітэктара Яна Марыя Бернардоні для пабудовы аднаго з першых на Беларусі храмаў у стылі барока — касцёла Божага Цела. Пры ім быў заснаваны езуіцкі калегіум, а ў сутарэннях святыні з’явілася крыпта для фамільных пахаванняў. Сёння там захоўваецца каля 70-ці трунаў Радзівілаў — гэта трэцяе па велічыні родавае пахаванне ў Еўропе. У 1583 г. было пачата будаўніцтва нясвіжскага замка, для якога Радзівіл сабраў галерэю партрэтаў, бібліятэку, збраёўню. У Вільні князь заснаваў першую каталіцкую друкарню, па яго ініцыятыве ў канцы XVI ст. распачалася праца над стварэннем мапы Вялікага Княства Літоўскага. Самым яскравым у жыцці Мікалая Крыштафа Радзівіла стала яго пілігрымка на Святую Зямлю. Пра яе мы можам даведацца з творча пераапрацаванага дзённіка падарожжа князя па Блізкім Усходзе «Hierosolymitana peregrinatio Iillustrissimi Domini Nicolai Christophori Radziwili, ducis in Olyka, epistolis comprehensa» («Перэгрынацыя Мікалая Крыштафа Радзівіла», 1583–1584). Радзівіл Сіротка паабяцаў Богу здзейсніць гэтую пілігрымку, калі яму дазволіць здароўе. Падарожжа сапраўды перамяніла і духоўна ўмацавала Мікалая Крыштафа Радзівіла. Князь усё больш пераконваўся ў марнасці свецкага жыцця, ён паступова пачаў сыходзіць з палітычнай арэны і больш займацца дабрачыннасцю. Апошнія 15 гадоў жыцця Радзівіл Сіротка амаль не выязджаў з Нясвіжа, ён шмат маліўся, часта разважаў пра смерць і вечнае жыццё. Мікалай Крыштаф не страшыўся непазбежнага заканчэння зямнога існавання і грунтоўна рыхтаваўся да адыходу ў іншы свет. Смерць і пахаванне князя Мікалая Крыштафа Радзівіла роўна 400 гадоў назад засталіся ўвекавечанымі ў гісторыі дзякуючы двум літаратурным помнікам стылю барока. Першы — гэта «Казанне на пахаванні М. К. Радзівіла» ксяндза Марціна Відзевіча, якое было прамоўлена падчас пахавання ў 1616 годзе. Другі помнік — «Даніна памяці М. К. Радзівілу» ксяндза Яна Аланда, агучаная на ўгодках смерці князя ў 1617 годзе. Ужо пасля прамаўлення гэтыя казанні з’явіліся ў друку выданнямі і дайшлі да нашых дзён. Наогул, з канца XVI ст. такіх помнікаў стала друкавацца ўсё больш. Апроч таго, што гэтыя творы маюць высокую мастацкую вартасць, яны змяшчаюць у сабе шмат біяграфічных дадзеных. Вядома, што ў такіх творах гаварылася як мага больш станоўчага — ствараўся амаль ідэальны вобраз памерлага чалавека, але ў гэтых казаннях не было няпраўды, бо яны прамаўляліся перад роднымі і сябрамі памерлага. Усе друкаваныя пахавальныя казанні маюць падобную форму і структурную традыцыю. Казанне Марціна Відзевіча на пахаванні Радзівіла Сіроткі было надрукавана ў Вільні, у друкарні Лявона Мамоніча. Гэтая інфармацыя змешчана на тытульнай старонцы выдання, разам з загалоўкам, пералічэннем тытулаў Радзівіла Сіроткі, месцам і датаю прамаўлення (нясвіжскі езуіцкі касцёл, 9 красавіка 1616 г.) і іменем аўтара казання (езуіт Марцін Відзевіч). Пра святара амаль нічога невядома, акрамя таго, што ён быў аўтарам яшчэ аднаго пахавальнага казання і, хутчэй за ўсё, да канца жыцця служыў у Нясвіжы. Існуе яшчэ адно выданне гэтага казання ў друкарні Францішка Цэзарыя ў Кракаве, у якім на адваротным баку тытульнай старонкі змешчаны герб Радзівілаў, а пад ім — эпіграма на Мікалая Крыштафа Радзівіла, якая з’яўляецца па сутнасці пасланнем сынам князя. Далей у выданні змяшчаецца прысвячэнне казання сынам Мікалая Крыштафа Радзівіла — зварот кс. Марціна Відзевіча. Падпісаны ён 12 мая 1616 года, а значыць казанне было надрукавана пазней за гэтую дату. У прысвячэнні сыны Радзівіла Сіроткі заахвочваюцца да наследавання бацькавых дабрачыннасцяў, пра якія аўтар распавядзе ў самім казанні. Некалькі старонак займае уступ да казання, дзе аўтар расказвае, пра што будзе прамаўляць у першай і другой частцы, якія так і названыя: «Частка першая» і «Частка другая». У кожнай з частак раскрываецца веліч асобы князя з розных бакоў: свецкага і духоўнага. У першым раздзеле распавядаецца пра багацце, гонар, славу ўсяго роду Радзівілаў. Аснову аповеду ў першай частцы складае сімволіка арліных крылаў, іх шырокага размаху. Менавіта арол з’яўляецца сімвалам роду Радзівілаў, зместам герба «Трубы». Два арліныя крылы – гэта багацце і тытулы, а іх размах — гэта славутыя прадстаўнікі роду. Ксёндз Марцін Відзевіч ўзгадвае, як бацька Мікалая Крыштафа перарваў лінію каталіцкай веры ў родзе і стаў кальвіністам, Але ён гаворыць з павагаю і пашанаю да гэтага славутага чалавека, не асуджаючы яго за змену канфесіі. У другой частцы казання раскрываецца сімволіка прыгожага пер’я і багатай аздобы арла. Кс. Марцін Відзевіч звяртае ўвагу на духоўны вобраз Мікалая Крыштафа Радзівіла. Аўтар падкрэслівае, што жыццё князя адпавядала чатыром асноўным чалавечым дабрачыннасцям у такім парадку: любоў да Бога, любоў да Айчыны, мудрасць і шчодрасць. Тое, што ў казанні цытуецца ўрывак з тастамэнта князя ад 1612 года, дзе даецца наказ пахаваць яго сціпла і без усялякіх свецкіх абрадаў, сведчыць, што воля Мікалая Крыштафа Радзівіла была выканана яго нашчадкамі. У канцы твора кс. Марцін Відзевіч заклікае, каб разам з ім аплаквалі смерць князя і кароль, і Айчына, і сыны князя, і падданыя, і жабракі з сіротамі і ўдовамі, і людзі духоўнага сану. У пахавальным казанні кс. Марціна Відзевіча Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка паўстае як добры хрысціянін, чалавек глыбокай веры і вялікай пакоры. Мы бачым жаданне аўтара ідэалізаваць вобраз памерлага, але князь сапраўды адпавядаў такому апісанню. Магчыма, у гэтым і ёсць асноўная асаблівасць пахавальных казанняў — набліжэнне да агіяграфічнага канона, калі ўвекавечваецца памяць аб памерлым як асобе, вартай наследавання. Вольга Качалка
Гл. таксама:
|
|
|
|