|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
Вельмі марозным, ясным, сонечным днём, у суботу 23 студзеня, выехала з Мінска ад Чырвонага касцёла ў мястэчка Вішнева Валожынскага раёна малітоўная пілігрымка, каб пакланіцца і ўшанаваць памяць вялікага, моцнага духам святара — айца Уладзіслава Чарняўскага (1916–2001), які амаль паўвека быў пробашчам вішнеўскай святыні і якому споўнілася 100 гадоў ад нараджэння. Можна без перабольшвання называць гэтага беларускага святара легендарным, а яго духоўную пастырскую працу ў ліхія для Касцёла савецкія часы — цудам праяўлення Божай ласкі да Беларусі і яе люду. Жорсткая драпежная імперыя старанна рабіла з нашай вялікай Краіны адсталую ўскраіну, а ксёндз Чарняўскі сваім служэннем Богу для Беларусі рабіў так, каб ускраіна ўзнімалася з каленяў і зноў рабілася велічнай і годнай Краінай, хаця б найперш у душах і сэрцах, давераных Богу, але менавіта з гэтага заўжды пачынаецца адраджэнне. Ксяндза Уладзіслава Чарняўскага можна назваць беларускім святаром «другога паклікання», пераемнікам і спадчыннікам ахвярнай душпастырскай і асветніцкай справы на Беларусі пасля ксяндзоў Адама Станкевіча, Кастуся Стэповіча (паэта Казіміра Сваяка), Аляксандра Астрамовіча (паэта Андрэя Зязюлі), Фабіяна-Абрантовіча, Андрэя Цікоты, Язэпа Германовіча (паэта Вінцука Адважнага) ды іншых выдатных беларускіх святароў старэйшага пакалення, большасць з якіх стала ахвярамі сталінскага тэрору, загінула ў лагерах або апынулася ў эміграцыі. Ад сваіх папярэднікаў у друйскім кляштары, айцоў марыянаў, юнак з Гродзеншчыны, адчуўшы пакліканне, атрымаў душпастырскі светач — той цудоўны Божы ліхтар, які не ставяць пад пасудзіну, і смела, годна пакрочыў з ім у цемру бязбожнасці, калі пад пільным партыйным наглядам поўным ходам у вялізнай краіне ад Балтыкі да Камчаткі ішла камуністычная будоўля «светлай будучыні», што «злівала» народы і нацыі «ў адзіны савецкі народ». Рукапаложаны ў 1944 г., ксёндз Чарняўскі распачаў душпастырскую працу ў Вішневе ў 1954 г., пасля таго, як стаў на святарскі шлях у Крэве, дзе адбылася яго прыміцыйная Імша, і працягваў служэнне Богу ў літоўскіх парафіях. Тут, у Вішневе, было яму наканавана споўніць сваё апостальства — несці спрагненым людзям Хрыста, наталяць іх з вечнай крыніцы жывой вады, якая сімвалічна і цудатворна струменіла проста каля самага касцёла, не даючы Краю ператварыцца ў духоўную пустыню. А гэта была праца ў духоўнай пустыні — пустыні атэізму і бязмоўя, бо першае адраджэнне — нацыянальнае, духоўнае, культурнае — было знішчана сталінскімі рэпрэсіямі даваеннага і пасляваеннага часу. Аднак былі вернікі — людзі, якія не маглі жыць без святара; жыў і лунаў над Бацькаўшчынай дух той працы, што ўжо здзейснілі беларускія патрыёты, які натхняў і вёў у далейшы шлях. На гэтым шляху ахвярнага душпастырства ксёндз Уладзіслаў Чарняўскі заставаўся практычна адзіным дзейным беларускім святаром. Напэўна ж, гэта быў яшчэ адзін цуд, пасланы Богам на нашу зямлю, каб ратаваць яе ад знішчэння ў 1950–1980-я гады, калі адчыненыя святыні былі рэдкасцю, а там, дзе яны заставаліся, беларуская мова не гучала падчас набажэнстваў.
Менавіта ў Вішневе аджыла і адрадзілася беларускасць, злучаная з верай. Гэта была рунь на даўнім трывалым карэнні, закладзеным далёкімі продкамі, карэнні, якое зацята высякалі кожныя новыя прыхадні, а яно, затоенае ў зямлі да часу, давала новы плён. Сапраўды, як пісаў Максім Багдановіч: «Хоць зернейкі засохшымі былі, // Усё ж такі жыццёвая іх сіла // Збудзілася і буйна ўскаласіла // Парой вясенняй збожжа на раллі!». Ксёндз Чарняўскі ведаў і любіў беларускую літаратуру, яна для яго таксама была крыніцай натхнення, бо разумеў і адчуваў, што лепшае ў ёй — гэта Богам натхнёнае пісанне: і не толькі таму, што ад Еўфрасінні Полацкай і Кірылы Тураўскага вядзецца традыцыя нашага прыгожага пісьменства, але і таму, што і Міцкевіч, і Багушэвіч, і Купала, і Багдановіч, і іншыя нашы творцы былі пасланцамі Бога ў Беларусь, каб праз дадзенае ім мастацкае слова, праз уладаранне тым словам як Божым дарам, смела і годна абвяшчаць праўду аб гістарычным лёсе і будучыні свайго народа, сведчыць пра тыя крыніцы і сілы, што ўмацоўвалі шлях яго існавання ў змаганнях, трываннях, цярпеннях. Гэта былі прарокі-вестуны, пасланыя абуджаць беларусаў. Айцец Уладзіслаў Чарняўскі быў, да таго ж, як вядома, бібліяфілам, які рупліва збіраў беларускую бібліятэку: слоўнікі, энцыклапедыі, творы класікаў, перыёдыкі, кнігі сучасных яму пісьменнікаў, многія з якіх былі ў тыя часы гасцямі-пілігрымамі ў вішнеўскага ксяндза. Партрэт Янкі Купалы на сцяне таксама яскрава сведчыў аб тым коле духоўна і творча блізкіх святару асобаў нацыянальнай культуры, якія натхнялі яго ў служэнні Беларусі. …Светла і з прысмакам болю думалася пра ўсё гэта па дарозе ў Вішнева, калі мы, сучасныя пілігрымы, ехалі на тую духоўную сустрэчу. Памяць айца Уладзіслава была ўшанавана ў вішнеўскім касцёле ўрачыстай Імшой, якую ўзначальваў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, адкрыццём Музея гісторыі вішнеўскага касцёла і ксяндза Чарняўскага, а таксама святочнай імпрэзай у мясцовым Доме культуры. Таго, хто першы раз наведае Вішнева, уразіць, напэўна ж, сам касцёл — велічная даўняя святыня нашай Айчыны з цікавай гісторыяй, святыня, што ўратавалася ў часы ліхалеццяў і служыла вернікам у сваім прамым прызначэнні. І гэта таксама можна лічыць цудам! Цудам нябачнай апекі Маці Божай Вішнеўскай над давераным Ёй краем! Уражвае прыгожае барока, цудоўна захаванае ў знешнім выглядзе і ўнутраным убранстве святыні, шматфігурныя скульптурныя выявы анёлаў з залатымі крыламі на калонах пад купалам, глыбокі і сімвалічны рэлігійны роспіс намоленых сценаў, алтар з іконаю Маці Божай Вішнеўскай, апякункі Вішнева і Беларусі. Мураваная брама знаходзіцца крыху збоку — каля алтарнай часткі святыні. Каля брамы —некалькі пахаванняў, тут жа і надмагільны помнік на магіле кс. Уладзіслава Чарняўскага, каля якога запаленыя знічы, ляжаць жывыя кветкі. Кожны падыходзіў пакланіцца, памаўчаць у сцішанасці душы, памаліцца «Анёл Панскі»… Тым нязвыкла марозным студзеньскім днём у самой святыні мароз таксама моцна адчуваўся, студзіў рукі і ногі, але не мог астудзіць гарачыя сэрцы вернікаў, якія ўзносілі разам са святарамі прачулыя малітвы за душу свайго вялікага пастыра, за Беларусь і яе люд, за спакой у свеце. У сваім урачыстым казанні мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, як заўсёды ўзрушана, распавёў пра жыццёвы і духоўны шлях айца Уладзіслава як прыклад святарскага служэння і сведчання веры ў тыя неспрыяльныя для Касцёла гады і дзесяцігоддзі, пра нязломнасць яго духу, святло душы і невымернасць любові да Бога і бліжняга. Асабліваю ласкаю Божаю для Беларусі было тое, што ў Рыме айцец Уладзіслаў атрымаў благаслаўленне папы Паўла VІ на пераклад кніг Святога Пісання — Старога і Новага Запаветаў, — а таксама літургічных тэкстаў на беларускую мову. Гэта стала справаю жыцця і паклікання святара, здзейсненым духоўным подзвігам. Пасля святой Імшы працэсія на чале з мітрапалітам рушыла да помніка на магіле ксяндза Чарняўскага, каб там таксама ўшанаваць яго памяць і памаліцца аб вечным супакоі для яго душы.
Вельмі ўзрушальнай падзеяй стала таксама ўрачыстае адкрыццё і асвячэнне музея, прысвечанага гісторыі вішнеўскага касцёла, жыццю і дзейнасці айца Уладзіслава Чарняўскага. Два ўтульныя пакоі ў мясцовым Доме культуры, аддадзеныя гэтаму незвычайнаму музею, распавядаюць пра гісторыю касцёла ў даўнія і блізкія часы, а асноўная частка экспазіцыі ў дакументах і мемарыяльных рэчах прысвечаная ксяндзу Уладзіславу — яго біяграфіі, духоўнаму і творчаму шляху. За кожным дакументам — няпростыя этапы жыцця, за кожнай кнігай, сшыткам з рукапісамі — плён духоўнай творчай працы, напружання розуму, душы і сэрца, а ўсё — дзеля Беларусі, дзеля роднага краю і яго людзей, каб адкрываліся на Божую праўду, духоўна ўзрасталі і станавіліся сапраўднымі беларусамі. З той рукапіснай спадчыны ксяндза Уладзіслава асабліва ўразілі дзясяткі акуратна, роўненька і любасна расстаўленых і раскладзеных у сціплай шафачцы агульных сшыткаў з біблійнымі перакладамі ды іншымі запісамі, што сведчаць пра глыбокую эрудыцыю святара і яго рознабаковыя веды; а стосы шматлікіх лістоў сведчаць пра бясконцасць яго служэння людзям у іх жыццёвых праблемах і духоўных пошуках. Паказала нам гэтыя сшыткі, дазволіўшы дакрануцца да святых святарскіх старонак, і распавяла з вялікай любоўю пра вішнеўскага святара, пра музей і яго экспанаты захавальніца музея, яго кіраўнічка спадарыня Тэрэса Бітэль, сям’я якой добра ведала святара. Ён пісаў таксама і вершы, адзін з якіх, прысвечаны маме, можна пабачыць на аркушы паперы пад яго партрэтам. Да адкрыцця музея была падрыхтавана прыгожая кніга водгукаў, першы запіс у якой зрабіў ксёндз-арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Яго Эксцэленцыя адзначыў, што айцец Уладзіслаў Чарняўскі ўвайшоў у гісторыю Каталіцкага Касцёла і яго адраджэння ў нашай краіне пасля доўгіх дзесяцігоддзяў пераследу як ахвярны святар і папулярызатар беларускай культуры, а яго асаблівая заслуга — «гэта пераклад на беларускую мову Святога Пісання, Катэхізіса і літургічных кніг, дзякуючы чаму ён стаў піянерам шырокага яе выкарыстання ў жыцці і дзейнасці Касцёла. Гэтым самым ён не толькі ўнёс вялікі ўклад у яго адраджэнне ў нашай краіне, але таксама ўзбагаціў беларускую культуру. Сваім ахвярным служэннем Касцёлу і Бацькаўшчыне ён пакінуў глыбокі след на нашай зямлі, па якім ідуць яго нашчадкі і які вядзе да Бога і ўмацоўвае любоў да Айчыны». Па адкрыцці музея ў вялікай зале вішнеўскага Дома культуры пачалася ўрачыстая імпрэза, якая ўразіла прыгожай прэзентацыяй, што поўна і глыбока адлюстроўвала лёс святара. Шматлікія выступоўцы, якія ведалі святара асабіста (сярод іх ксёндз-пробашч Чырвонага касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску Уладзіслаў Завальнюк, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў у Беларусі айцец архімандрыт Сяргей Гаек, вядомы гісторык і краязнаўца з Маладзечна Міхась Казлоўскі, вядомы мастак з Ракава Фелікс Янушкевіч, вішнеўская парафіянка, аўтарка рэлігійных вершаў Марыя Трапашка ды іншыя) шчодра дзяліліся з прысутнымі ўспамінамі пра святара, распавядалі розныя эпізоды з яго жыцця, падкрэслівалі яго сціпласць і веліч. Ён сапраўды стаў духоўным светачам для ўсёй Беларусі. Зямляк святара, вядомы беларускі паэт Віктар Шніп, які паходзіць з Валожыншчыны, прачытаў пранікнёны верш «Балада Уладзіслава Чарняўскага», напісаны ў 2002 годзе, па смерці яго героя: «І пайшоў ён ад нас, нібы слова жывое, // І прайшоў ён праз нас, як святло з абразоў, // Каб мілей нам зрабілася наша, святое, // Каб мы ўспомнілі шлях да забытых крыжоў»… Надвячоркам ад’язджалі мы з Вішнева, напоўненыя «святлом з абразоў», запаленыя, як лучынкі, ад светача, што не стаіць пад пасудзінай, а дзеліцца сваімі промнямі, далучаныя да Любові, што множыць і раздае сябе ў Хлебе. Гучаць і ўзнаўляюцца ў памяці пасля той пілігрымкі радкі прыгожай песні-гімна да Маці Божай Вішнеўскай, пачутай у вішнеўскім касцёле: «Матанька Божа, вішнёвы цвеце, // Ты суцяшаеш гаротных нас… // Вішнёвы цвеце, мы – Твае дзеці, // За нас маліся, о Марыя!…». Вішнеўская святыня, Маці Божая Вішнеўская, святарская постаць айца Уладзіслава Чарняўскага будуць, без сумнення, клікаць да сябе новых пілігрымаў, каб бясконца аднаўляць дух і веру, каб акунаць нас у Божую Любоў.
|
|
|
|