|
|
|
№
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі
Пераклады
Год Міласэрнасці
Паэзія
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam
Па родным краі
Прэзентацыя
|
Гістарычна склалася так, што мемуарная літаратура Беларусі ХVIII–ХІХ стагоддзяў стваралася пераважна іншамоўнаю, але паколькі яна сфарміравалася ў нашых рэаліях, у ёй адлюстраваліся побыт і норавы беларускага народа, зрэшты, яна мела істотны ўплыў на развіццё дакументальнай прозы больш позняга часу — ужо беларускамоўнай. Гісторыкі падкрэслівалі значэнне мемуарнай літаратуры як «носьбіта псіхалагічнага духу эпохі» (Георгій Літвін), як «помніка ідэйнага руху і грамадска-гістарычнай думкі эпохі іх стварэння, па-за якімі сама гэтая эпоха не можа быць правільна зразуметай», як крыніцы гістарычнай памяці, «індыкатара таго ці іншага этапу развіцця гістарычнай самасвядомасці асобы» (Андрэй Тартакоўскі) [цыт. па: 1, с. 6–9]. Адным з найцікавейшых твораў гэтай іншамоўнай мемуарнай літаратуры з’яўляюцца «Успаміны» Францішка Карпінскага (1741–1825) — паэта-сентыменталіста, пісьменніка, драматурга, які нарадзіўся ва ўкраінскай вёсцы Галаскоў недалёка ад Станіславава (цяпер — Івана-Франкаўск) і працаваў пры магнацкіх дварах Польшчы і Украіны, а ў сталым узросце арандаваў фальваркі на Пружаншчыне і Гродзеншчыне, дзе правёў больш за 30 гадоў свайго жыцця. У вёсцы Хараўшчына Ваўкавыскага павета, якую пісьменнік купіў у 1819 годзе, нарадзіліся яго «Успаміны». Даследчык Раман Собаль назваў іх найлепшым празаічным творам Ф. Карпінскага, першай аўтабіяграфіяй пісьменніка ў польскай літаратуры, «каштоўным дакументам тагачаснай культуры, асабліва культуры польскай правінцыі ў часы Асветніцтва, культуры і інтэлектуальнасці дробнай шляхты, а таксама літаратурнага жыцця» [5, с. 141–142]. Зыходзячы са зместу «Успамінаў», можна з упэўненасцю сказаць, што пад азначэннем «польская правінцыя» Р. Собаль меў на ўвазе менавіта землі Беларусі і Украіны, якія ў часы Ф. Карпінскага ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай.
У рукапісе гэты твор мае назву «Гісторыя майго веку і людзей, з якімі я жыў». Аднак біёграфы і даследчыкі творчасці Ф. Карпінскага (Р. Собаль, М. Клімовіч, А. Карніловіч) згодныя ў тым, што гісторыя краіны і эпохі не дамінуе ва «Успамінах»: «Галоўнаю воссю аповеду пісьменнік зрабіў гісторыю свайго жыцця — „знешнюю“, якую ўтваралі разнастайныя здарэнні, сітуацыі і ўчынкі, і „ўнутраную“, якая ахоплівала сферу яго пачуццяў, рэфлексіі, псіхічных станаў, фарміравання яго асобы і рысаў індывідуальнасці» [5, с. 140]. Таму, паводле аўтабіяграфізму, «Успаміны» называюць наватарскім творам, і лічыцца, што канцэпцыю мемуараў-аўтабіяграфіі, у якой пісьменнік паказвае фарміраванне ўласнай асобы, Ф. Карпінскі запазычыў у Ж. Ж. Русо, натхніўшыся яго аўтабіяграфічнаю кнігаю «Споведзь». Наватарства Ф. Карпінскага заключаецца ў тым, што ён заўважыў важную ролю дробных, нават інтымных выпадкаў у фарміраванні асобы [3, с. 407–408]. Аднак нельга адназначна сцвярджаць, што пісьменнік адсоўвае гісторыю сваёй Айчыны на другі план аповеду. Сапраўды, у цэнтры апавядальнай плыні «Успамінаў» — асоба, але гэтая асоба знаходзіцца ў канкрэтных гістарычных абставінах. Яе жыццё цалкам абумоўлена знешнімі падзеямі, якія герой аповеду глыбока прапускае праз сэрца. Больш за тое, галоўным прадметам аўтарскай рэфлексіі найчасцей становіцца менавіта лёс Айчыны, а галоўным пафасам аповеду — патрыятычны. Сам Ф. Карпінскі ў лісце да Францішка Дмахоўскага ад 30 мая 1805 г. пісаў: «Гэта будзе кніга, цікавая з-за многіх здарэнняў, але адначасова цікавая з пазіцыі гісторыі... Будзе шмат такіх апісанняў, якія я павінен пакінуць будучым пакаленням, зважаючы толькі на праўду» [тут і далей пераклад з польскай наш. — Г. Ш.; цыт. па: 4, s. 75]. Такая скіраванасць аповеду абумоўлена яшчэ і тым, што сам аўтар жыў у складаны час: нарадзіўся яшчэ ў перыяд існавання Рэчы Паспалітай; на гады яго маладосці прыпала Барская канфедэрацыя; на яго вачах адбываліся падзелы Рэчы Паспалітай і страта яе незалежнасці. Гэта дзяржаўная катастрофа не пакідала абыякавым нікога, хто стаў яе сведкам. І мы не знойдзем ніводнага тагачаснага літаратара, творчасць якога не ўвабрала б у сябе гэтую няпростую рэчаіснасць — калі не ў прамым яе адлюстраванні, то хаця б у алегарычным. Ф. Карпінскі не быў актыўным удзельнікам усіх грамадска-палітычных падзей, якія апісваў. З’яўляючыся дробным шляхціцам і не маючы непасрэднага асабістага ўплыву на дзяржаўныя рашэнні, ён часцей займаў месца назіральніка або стараўся апасродкавана ўздзейнічаць на людзей, ад якіх залежаў лёс Айчыны. Часам пісьменнік свядома ўхіляўся ад некаторых значных сацыяльна-палітычных акцый. Напрыклад, сваю пасіўнасць у час Барскай канфедэрацыі Ф. Карпінскі тлумачыў тым, што разумеў хлуслівасць лозунгаў, пад якімі яна ажыццяўлялася, крывадушнасць яе кіраўнікоў і разлад сярод саміх канфедэратаў, хоць на самым пачатку ўзрадаваўся, што «народ усвядоміў крыўды і прыніжэнне сваё» [2, s. 39]. У сваё апраўданне Ф. Карпінскі прызнаецца: «…Я збіраўся далучыцца да іх і ўжо цалкам падрыхтаваўся да гэтага, але, бачачы сярод іх вялікае свавольства, п’янства і рабункі, зусім выкінуў гэтую думку з галавы; касцёл, які яны дабравольна спалілі, — яны, якія за веру (так у сваіх універсалах абвяшчалі) біцца выйшлі, найбольш прасвятліў мне, што ім дакладна не было справы да веры» [2, s. 40].
Распавядаючы пра Чатырохгадовы сойм (1788–1792), Ф. Карпінскі падкрэслівае свой скрыты ўдзел у ім, бо «з-за сапсаванасці ўсяго ў Айчыне ўбогаму нельга было абмяркоўваць гэта і публічна пра гэта выказвацца» [2, s. 105]. Таму аўтар дзеліцца з чытачамі сваімі спосабамі ўздзеяння на магнатаў, а менавіта ананімнымі лістамі да паслоў сейма, у якіх прыводзіць аргументы на карысць спадчыннай манархіі. Аднак найбольшую ролю герой «Успамінаў» адыграў у іншай сферы грамадскага жыцця той эпохі — у сферы духоўнай культуры і выхавання. Напачатку гэта было выхаванне дзяцей пры магнацкіх дварах, пазней, на схіле веку Ф. Карпінскага, — выхаваўча-асветніцкая праца сярод сялянаў у арандаванай (а затым — набытай) ім вёсцы. Распавядаючы пра сваё гувернёрства і настаўніцтва, пісьменнік вельмі каларытна апісвае норавы і побыт тагачасных жыхароў Украіны, Польшчы і Беларусі; пры гэтым ён закранае жыццё розных слаёў насельніцтва і стварае яскравыя партрэты вядомых грамадска-палітычных і культурных дзеячаў. У сваіх развагах пра фарміраванне асобы, пра спосабы выхавання, вытокі дабра і зла ў чалавеку Ф. Карпінскі паўстае як прыхільнік ідэяў Асветніцтва і ў яго рэчышчы праяўляе сябе як выразны сентыменталіст. Ён неаднаразова падкрэслівае, што чалавек ад прыроды мае дрэнныя схільнасці, і калі яго з маленства не скіроўваць на шлях дабра і чалавекалюбства, то з часам нават дробныя дзіцячыя свавольствы могуць вырасці ў разбой і прывесці да згубы. Яшчэ ў маленстве ўражаны пакараннем разбойніка Баюрака, Ф. Карпінскі пачуў ад бацькі такія словы: «Дзіця маё, Баюрак напэўна пачаў з крадзяжу дробных рэчаў і, можа, гэтак, як ты, у дзяцінстве ножык у кагосьці ўкраў, а паколькі яго за гэта не ўшчувалі, ён заняўся большымі рэчамі; людзі ж звычайна ў сваіх дамах сцерагуцца злодзея, таму ён бачыў, што гэтым шляхам, жывучы сярод бедных, не так лёгка разбагацець, і пусціўся ў разбой, які хутчэй узбагаціць можа; дзіця маё! кожнае зло — нібы малая гадзюка, яд якой з часам выклікае смерць» [2, s. 15]. Бацькава навука для малога Францішка часам была суроваю і бескампраміснаю, але на працягу ўсяго твора пісьменнік згадвае пра яе з вялікаю ўдзячнасцю, цеплынёю і лічыць, што менавіта яна захавала яго ад шматлікіх памылак у жыцці, і пасля смерці бацькі пісьменнік ідэалізуе яго ў сваіх успамінах. Падчас згрызотаў сумлення за ўзяты хабар ён са шкадаваннем піша: «Я з горыччу ўспомніў яго апошнія словы перад смерцю: „Францішак няхай кіруецца праўдаю ў свеце“; якая ж гэта праўда, падумаў я, падманам загубіць нявіннага праціўніка…» [2, s. 32]. Пасля таго перажывання герой «Успамінаў» неаднаразова падкрэсліваў, што ў сваіх учынках стаў кіравацца толькі праўдаю, хоць яна прыводзіла яго да няміласці магнатаў, да стратаў і расчараванняў. Абавязковым складнікам добрага выхавання чалавека Ф. Карпінскі лічыў рэлігійнасць і найперш пашану да ўсяго, што звязана з вераю і служэннем Богу. Нездарма сам герой «Успамінаў» у дзяцінстве атрымаў ад бацькі аплявуху ў касцёле за балбатанне і смех. Праўда, часам шчырая вера даводзіла сентыментальнае дзіцячае ўяўленне да камічных і крайніх выпадкаў, напрыклад, да бяссонных начэй з-за страху ўбачыць душу памерлага сябра, з якім яшчэ пры яго жыцці яны дамовіліся, што першы, хто памрэ, пасля смерці павінен паказацца другому і распавесці, як яму на тым свеце жывецца. Гэтая прысяга была заключаная ў касцёле і запісаная на картцы, пакладзенай пад абрус алтара. Аднак, як гэта ўласціва стылю Ф. Карпінскага, кожная такая гісторыя заканчваецца даволі прадказальна, з характэрным дыдактычна-маральным павучаннем, як у выпадку з памерлым сябрам: толькі калі хлопец выспавядаўся і прыняў Камунію, ён змог спаць спакойна — «так паслужлівая і малым дзецям рэлігія спакойнымі і шчаслівымі іх чыніць» [2, s. 88–89].
Кс. Антоній Карніловіч, сучаснік і сябар пісьменніка, аўтар кнігі «O życiu Franciszka Karpińskiego», распавядаючы пра яго дзяцінства, падкрэсліваў: «Мацнейшаю за ўсё здавалася ў ім прывязанасць да рэлігіі…» [4, s. 7]. У старасці ж пісьменнік прызнаваўся кс. Карніловічу: калі б не рэлігія, даўно ўжо пазбавіў бы сябе жыцця з-за чорнай меланхоліі, якая незвычайна мучыла яго [4, s. 57]. «Адразу ж, як устане, узяўшы ў рукі гітару, ён спяваў песеньку, што сам жа і склаў: „Kiedy ranne wstają zorze“, — пісаў кс. Карніловіч. — Папраўдзе кажучы, ён не толькі іменем быў католік, але і на самай справе. Сам мне казаў, што чытаў творы Вальтэра і Русо, але нішто не пахіснула грунтоўнасці яго веры, бо тое, што павінна было б нанесці ёй найбольшы ўдар, паходзіла не інакш як з сапсаванасці сэрца і скажэння розуму грубымі перабольшаннямі. Прызнаваўся таксама, што не раз быў уцягнуты ў таемныя таварыствы, але тым, хто яго да гэтага намаўляў, заўсёды адказваў так: „Я ўжо не заўважаю нічога добрага ў тым, што імкнуцца хаваць у змроку і што маёй рэлігіяй асуджаецца“» [4, s. 61]. Пісьменнік з прыкрасцю заўважае (хоць і не гаворыць пра гэта прама), што чым больш чалавеку даступныя багацці і пасады, тым менш у ім цноты і чуласці. Адной з найважнейшых ліній яго аповеду з’яўляецца выяўленне каранёў зла, якое так шырока запанавала ў няшчаснай Айчыне. Наўмысна гэта зроблена ці не, аднак у сваіх разважаннях Ф. Карпінскі паслядоўна абапіраецца на дзве найважнейшыя запаведзі любові і сем галоўных грахоў. Упершыню, яшчэ дзіцем убачыўшы «вялікі свет» падчас пахавання Юзафа Патоцкага, герой «Успамінаў» быў уражаны тым, як моцна людзі абражаюць Бога: дзеля паказухі «выбраныя рыцары» з разгону заязджалі на конях у сярэдзіну касцёла да катафалка, каб такім чынам, ламаючы на хаду коп’і і шпагі, ушанаваць памерлага гетмана, дзеля якога «з дому Божага стайню зрабілі» [2, s. 13]. Аднак напоўніцу «вялікі свет» перад Францішкам адкрыўся тады, калі ён пачаў зарабляць сабе на хлеб службаю пры магнацкіх дварах. Пісьменнік перакананы, што вялікая віна за пашырэнне зла ляжыць на самім каралю, якога «кожны паводле свайго інтарэсу перацягваў на той бок, які хацеў», бо і сам кароль «любіў лісліўцаў і ўзбагачаў іх, у той час як чалавек справядлівы, ва ўбостве на яго вачах ходзячы, дарэмна падтрымкі спадзяваўся» [2, s. 81]. Але нашмат горшымі за караля, распуснае жыццё якога сапсавала Варшаву, выглядалі магнаты, бо з-за сваёй пыхі яны гатовыя былі патаптаць усе законы Божыя і чалавечыя. Зайздрасць да ўлады караля, забойствы, клятвапарушэнне, раскрадванне грамадскага дабра, гвалтоўнае забіранне маёмасці ў слабейшага, насілле і здрады, пагарда да шляхты і сялянаў — гэта далёка не поўны пералік усяго, з чым давялося сутыкнуцца аўтару «Успамінаў» у «вялікім свеце». У мемуарнай літаратуры ХVIII–XIX стст. увогуле вельмі шмат прыкладаў жорсткасці і злачынстваў магнатаў, і Ф. Карпінскі на працягу ўсяго твора неаднаразова паўтарае, што менавіта яны і прывялі Айчыну да заняпаду. І гэта не дзіва, калі беспакаранымі заставаліся нават такія ўчынкі: «Славіўся ў нас на Русі жорсткасцю сваёю Мікалай Патоцкі, староста канёўскі, які да 40 чалавек сваёю рукою пазабіваў. У Польшчы староста кнышынскі, Чапскі, такі быў жорсткі, што тых, каго не любіў або вінаватымі лічыў, усадзіў у бочку, набітую вялікімі цвікамі, і такія бочкі дзеля сваёй забавы перад сабою каціць загадаў… У Літве Радзівіл, харунжы літоўскі, які жыў у Белай, любіў слухаць, як у падзямеллях стагналі тыя, хто нібыта быў яго вінаватым, ён называў іх сваімі найлепшымі спевакамі» [2, s. 62]. Нягледзячы на такія жорсткасці, некаторыя з магнатаў лічылі сябе вельмі пабожнымі католікамі. Ф. Карпінскі неаднаразова завастрае ўвагу на двудушнасці ў веры некаторых «вялікіх» гэтага свету, і на гэтым фоне сляпая вера сялянаў у містычныя з’явы і паданні не здаецца ўжо такою заганнаю. Напрыклад, слаўны Патоцкі рэгулярна спавядаўся і нават распачаў мураваць касцёл для ксяндзоў місіянераў, раніцаю і вечарам хадзіў у святыню на малітву, «нядбайных» манахаў павучаў, а сам трымаў для распусты некалькі дзяўчат, раніцаю будзіў іх на Ружанец, а калі якая-небудзь з іх у часе малітвы смяялася, караў цыбуком па плячах, каб Бога не абражала [2, s. 75]. Пыха, распуста і крывадушнасць багатых слаёў насельніцтва, на думку Ф. Карпінскага, і схілілі ўладароў суседніх краінаў да падзелаў Рэчы Паспалітай. Заўважым, аўтар не шукае прычынаў дзяржаўнай катастрофы ў знешняй агрэсіі: «Марыя Тэрэза, аўстрыйская імператрыца, пэўны час не хацела пачынаць падзелу Польшчы, бачачы яўную несправядлівасць у прыўлашчванні сабе без ніякага права чужой рэчы толькі таму, што гэты чужы слабы. Але менавіта тады дзікі ўчынак тагачаснага кіеўскага ваяводы Патоцкага і яе да падзелаў схіліў…» [2, s. 61]. З такой жа павагаю пісьменнік гаворыць пра імператара Франца Іосіфа І, пра Кацярыну ІІ. Па прычыне «дрэнных хатніх прыкладаў» і сам Ф. Карпінскі лічыў сапраўднаю мукаю і марным высілкам сваю працу па выхаванні і адукацыі магнацкіх дзяцей, хоць як мог стараўся прывіваць сваім выхаванцам пачуццё справядлівасці. Значна большую ўдзячнасць герой «Успамінаў» бачыў ад бедных сялянаў, для якіх нават распрацоўваў своеасаблівае заканадаўства і ад якіх вучыўся гаспадарыць на зямлі. У творы прасочваецца гэтая антыномія «злачыннага багацця» і «цнатлівай беднасці», але найбольш выразна пісьменнік падкрэслівае яе напрыканцы «Успамінаў», калі яго герой, скаштаваўшы аднаго і другога, прыходзіць да сумных развагаў: «…Пажадаў я асесці ў лесе, дзе, парабіўшы каля дома свайго моцныя агароджы, схаваўся ад ваўкоў і мядзведзяў; якім жа чынам можна адгарадзіцца ад дрэннага чалавека, жывучы ў горадзе, каб той не напаў на мяне?» [2, s. 147]. Праца на ўласным кавалку зямлі, кавалак хлеба, зароблены сваімі рукамі, і чалавечыя, шчырыя адносіны да бліжняга — вось тыя вартасці, з якімі герой аповеду выйшаў у вандроўку па вялікім свеце і якія змог рэалізаваць толькі напрыканцы жыцця ледзь не ў глухім лесе… Але дзякуючы такому складанаму «падарожжу» гэтыя каштоўнасці набылі яшчэ большую значнасць у вачах самога «падарожніка». У падагульненне адзначым, што «Успаміны» Ф. Карпінскага сталі адметнаю з’яваю мемуарнай літаратуры пачатку ХІХ стагоддзя: захоўваючы асноўныя жанравыя прыкметы мемуарнага твора, пісьменнік-сентыменталіст напоўніў яго глыбокім асабістым зместам; у віры апісаных падзей ён шукаў галоўныя прычыны зла ў сваёй Айчыне і крыніцы цноты, дабрыні, спачування. У сённяшнім свеце, дзе імкліва працягваецца разбурэнне найважнейшых духоўных каштоўнасцяў, яго «Успаміны» прачытваюцца як сур’ёзная перасцярога перад чарговымі чалавечымі катастрофамі… І ўсё ж, як часта паказвала гісторыя, «малы» свет бывае нашмат мацнейшым за «вялікі», а шчырая вера, любоў і праўда знаходзяць прытулак і абарону ў людзях пакорлівых і працавітых. І колькі б людзі ні сцвярджалі, што гэтыя паняцці становяцца ўсё больш адноснымі, жыццё так ці інакш змушае знаходзіць адну-адзіную веру, любоў і праўду.
Гл. таксама:
|
|
|
|