Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
1(75)/2016
Падзея
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Год Міласэрнасці

ЗНАКІ МІЛАСЭРНАСЦІ
Паэзія

МАДОННЫ
Літаратуразнаўства
Асобы
Мастацтва
Літаратуразнаўства

УСПАМІНЫ. УРЫВАК
Спадчына
Мемуары
Памяці святара
In memoriam

МАРЫЮШ КАРПОВІЧ
Па родным краі
Прэзентацыя

Міхась СКОБЛА

ДРАМАТУРГІЧНЫ ЭПАС АЛЕСЯ ПЕТРАШКЕВІЧА

Алесь Петрашкевіч. Здрапежаная зямля: гістарычныя п’есы ў 2 кнігах. —
Мінск, Канфіда. – 2015. Кн. 1 – 538 стар; кн. 2 – 522 стар.

Аднойчы выпала мне ў складзе нешматлікай дэлегацыі ад Беларусі ўдзельнічаць у Днях славянскага пісьменства ў расійскім Белгарадзе. Праграма была насычаная і цікавая — наведванне Музея-сядзібы актора Міхаіла Шчэпкіна ў вёсцы Аляксееўка, Музея-дыярамы «Танкавая бітва пад Прохараўкай», знаёмства і сумесныя выступы з вядомымі расійскімі пісьменнікамі. Запомнілася, як падчас шматтысячнага тэатралізаванага дзейства на белгарадскай плошчы артыст Міхаіл Ульянаў прачытаў знакаміты верш Аляксандра Твардоўскага «Я забіты пад Ржэвам».

Ішоў 1995 год, і нас, беларусаў, на той Белгарадчыне абходжвалі, як нявесту на выданні: «славянска-брацкая» рыторыка кацілася ад аднаго мерапрыемства да другога, тосты за «адзіную Русь» падгарчылі і адставілі ў бок не адну напоўненую чарку, да нас у гатэль прыходзіў нават сам вярхоўны казацкі атаман і агітаваў узначаліць «казацкі рух» у Беларусі…

 

Алесь Петрашкевіч.

А калі свята аціхла і схлынуў спадарожны яму ідэалагічны тлум, мне падумалася, што ці не самым змястоўным успамінам з паездкі ў Белгарад сталіся ўсё ж не танкі-муляжы і не атаманы з чырвонымі сталінскімі лампасамі на нагавіцах, а працяглая (больш за суткі) гутарка з пісьменнікам Алесем Петрашкевічам. Мне пашчасціла двойчы апынуцца з ім у адным купэ, а на зваротнай дарозе нам увогуле ніхто не замінаў — пасажыраў больш не было. І — цякла няспешная размова пра ўсё на свеце: пра стварэнне «Беларускай Энцыклапедыі», пра Пятра Машэрава і працу ў ЦК КПБ, пра выданне хронікаў «Памяць», якія тады акурат пачалі выходзіць — па дыхтоўным томе на кожны раён…

Паступова ручаёк маіх пытанняў перасыхаў, і тады спакойна і ўраўнаважана плыў маналог майго спадарожніка. Алесь Лявонавіч расказваў — нібы чытаў у асобах п’есу, гаворачы за герояў, нават голас змяняў, а рэплікі падкідваліся як бы збоку. Апавядальнік свабодна перамяшчаўся са стагоддзя ў стагоддзе, лёгка цытаваў па памяці, абмалёўваў, напрыклад, Кастуся Каліноўскага ці таго ж Машэрава, так яскрава, што, здавалася, яны з намі ў адным купэ сядзяць.

Няблізкая дарога ў Белгарад праз дзве мяжы (цягнік ішоў праз украінскі Харкаў) здалася мне тады дзвюма кароткімі паездкамі ў метро. Помніцца, пасля чарговай гісторыі я не вытрымаў: «Алесь Лявонавіч, Вам трэба пісаць п’есы ці аповесці — у вас назапашана столькі матэрыялу!». — «І праўда, чаму ж мне ізноў не сесці на свайго драматургічнага каня і не паказаць, чаго варты стары Талаш», — парафразай з Якуба Коласа адказаў мой спадарожнік.

У тым жа купэ ён падзяліўся са мною сваёй грандыёзнай задумай — напісаць цыкл гістарычных п’есаў, сюжэты якіх мусілі грунтавацца на рэальных падзеях беларускай мінуўшчыны. «Цыкл — гэта колькі? Пяць-шэсць-сем?» — запытаўся я, прыгадаўшы, што ўлюбёны мною Уладзімір Караткевіч пакінуў прыблізна столькі ж драматычных твораў, большую лічбу назваць мне не дазволіў і паважны век Алеся Лявонавіча.

«Не пяць-шэсць, а дваццаць шэсць! Гэта калі залішне не размахвацца», — збянтэжыў мяне мой шаноўны суразмоўца і тут жа пачаў пералічваць знакавыя падзеі, вакол якіх павінны былі б закруціцца драматургічныя сюжэты: Грунвальдская бітва, канцлераванне ў Вялікім Княстве Літоўскім Льва Сапегі, заігрыванне Радзівілаў з Масковіяй і царом Аляксеем Міхайлавічам, паўстанне пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі і яго зняволенне ў Петрапаўлаўскай крэпасці, расійска-французская вайна 1812 года і ўдзел у ёй беларусаў, паўстанне Кастуся Каліноўскага і яго перадэшафотныя дні і ночы, Слуцкае паўстанне, стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, узнікненне БССР і датычнае да яго бальшавіцкае закуліссе, жыццё Янкі Купалы ў самыя драматычныя для яго 30-я гады…

Мне ажно дых заняло. «І пра ўсё гэта Вы плануеце (я ледзь не ляпнуў „паспееце“) напісаць па п’есе?». — «Галоўнае — гэта веліч задумы. І каб здароўя хапіла», — пачуў я тады ад Алеся Лявонавіча.

А яшчэ праз некалькі гадоў, калі мы абодва змушаныя былі пакінуць працу ў Міністэрстве культуры і друку (якое то аб’ядноўвалася, то дзялілася, а кіраўнікі змяняліся двойчы на год), на свет пачалі з’яўляцца гістарычныя п’есы Алеся Петрашкевіча — найперш у тэбээмаўскай газеце «Наша слова», што намаганнямі грамадскіх рупліўцаў і цяпер выходзіць у Лідзе.

П’есы друкаваліся адна за другой, але айчынныя тэатры (дзяржаўныя і самадзейныя) іх не заўважалі. Дзяржаўныя па даўняй традыцыі выжывалі на праверанай часам класіцы, а самадзейныя ахвотней ставілі замежных драматургаў, спадзеючыся на дапамогу амбасадаў.

Факт, які застанецца ў гісторыі беларускага тэатра, — з дзевятнаццаці гістарычных п’есаў Петрашкевіча на сцэну не трапіла (!) ніводная. Выняткам — драма пра Францішка Скарыну «Напісанае застаецца», якая ў тэатрах ішла і мела поспех, але адбывалася тое яшчэ за савецкім часам. Тая гісторыя, якую драматург спрабаваў вынесці на святло рампы ўжо ў гады незалежнасці, чамусьці палохала рэжысёраў.

Алесь Лявонавіч, вядома ж, перажываў, але выгляду не паказваў. Калі мастацкі фільм пра слуцкіх паўстанцаў, зняты па творах Васіля Быкава, быў негалосна забаронены і лёг на доўгія гады на паліцу, то хто ж возьмецца ставіць п’есу на тую ж тэму? Драматург разумеў — ніхто. Але мужна сядаў за стол і пісаў новую п’есу — на яшчэ больш крамольную тэму, дзе фігуравалі кнорыны, ландэры і мяснікяны — душыцелі Беларусі і ўсяго беларускага, каго потым савецкая ўлада гвалтам упіхнула ў пантэон беларускіх жа герояў. Прайдзіцеся па сталічных вуліцах — яны ў тых героях лічацца да гэтай пары...

У кароткай нататцы немагчыма прааналізаваць усе дзевятнаццаць п’есаў (столькі іх і ўвайшло ў нядаўна выдадзены двухтомнік «Здрапежаная зямля»). Не будзеш жа гаварыць пра вартасці адной, ні словам не згадаўшы пра другія. А каб чытачы займелі хоць прыблізнае ўяўленне, пра што і пра каго тыя п’есы, падам тут толькі імёны герояў і антыгерояў, чые партрэты (больш падрабязна ці эпізадычна) накрэсліў Алесь Петрашкевіч у сваіх прызначаных для будучыні творах: Рагвалод, Рагнеда, Уладзімір Святаслававіч, Усяслаў Чарадзей, князь Брачыслаў, Еўфрасіння Полацкая, Кірыла Тураўскі, Міндоўг, Войшалк, Трайнята, Таўцівіл, Даўмонт, Кейстут, Вітаўт Вялікі, Ягайла, Скіргайла, Свідрыгайла, Жыгімонт І Стары, Міхайла Глінскі, Канстанцін Астрожскі, цар Іван ІІІ, Францішак Скарына, Мікола Гусоўскі, Максім Грэк, Мікалай Капернік, Томас Мюнцар, Марцін Лютар, Пятро Мсціславец, Бона Сфорца, герцаг Альбрэхт, Якуб Бабіч, Мікалай Радзівіл Руды, Ян Хадкевіч, Астафей Валовіч, Жыгімонт ІІ Аўгуст, Ян Глябовіч, Жыгімонт ІІІ Ваза, Крыштаф Радзівіл, Леў Сапега, Марына Мнішак, Барыс Гадуноў, Васіль Шуйскі, Януш Радзівіл, Багуслаў Радзівіл, Мікалай Патоцкі, цар Аляксей Міхайлавіч, патрыярх Нікан, Багдан Хмяльніцкі, Кацярына ІІ, Тадэвуш Касцюшка, Юльян Нямцэвіч, Якуб Ясінскі, Тамаш Ваўжэцкі, Аляксандр І, Аляксандр Бенкендорф, Адам Чартарыйскі, Барклай дэ Толі, Міхал Клеафас Агінскі, Напалеон Банапарт, Кастусь Каліноўскі, Марыся Ямант, Міхаіл Мураўёў, Уладзімір Пракулевіч, Павел Жаўрыд, Васіль Русак, Антон Сокал-Кутылоўскі, Уладзіслаў Галубок, Уладзімір Тэраўскі, Вільгельм Кнорын, Іосіф Апанскі, Антон Луцкевіч, Язэп Лёсік, Раман Скірмунт, Алесь Гарун, Аркадзь Смоліч, Канстанцін Езавітаў, Макар Краўцоў, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Язэп Варонка, Палута Бадунова, Тамаш Грыб, Фабіян Шантыр, Зоська Верас, Аляксандр Мяснікоў, Якаў Свярдлоў, Іосіф Сталін, Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла, Янка Купала, Лукаш Бэндэ…

І гэта толькі галоўныя героі! А колькі дзейных асобаў выконваюць у п’есах ролі другаснага плану, складаюць рэальную ці створаную фантазіяй драматурга світу каралёў, вялікіх князёў ды іншых уладатрымаўцаў! І кожнаму ў вусны ўкладзены гістарычна і сітуацыйна матываваны тэкст.

Па абсягу выкананай працы плён Петрашкевіча-драматурга няма з чым і параўнаць. Гэта насамрэч драматургічны эпас, які ўвабраў у сябе ўсе вузлавыя падзеі беларускай гісторыі.

Помніцца, як у 2003 годзе ў Літаратурным музеі Янкі Купалы на прэзентацыі кнігі Алеся Петрашкевіча «Воля на крыжы» слова ўзяў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч, які не стрымліваў сваіх эмоцый: «Якую працу ўзяў на сябе Алесь Лявонавіч! Дзевятнаццаць п’есаў, і ўсе — рэчы сур’ёзныя, усе звязаныя, знітаваныя храналагічна, і кожная наступная нібы выцякае з папярэдняй, што дае нам уяўленне гістарычнага працэсу, які развіваецца па спіралі, і ўсё да горшага. Аўтар нібы папярэджвае: беларусы, схамяніцеся!».

Калі згадваць п’есы, ад якіх Беларусь схамянулася, то найперш трэба назваць «Тутэйшыя» Янкі Купалы ў пастаноўцы Мікалая Пінігіна. Больш за дзесяць гадоў яна ішла з аншлагам у Купалаўскім тэатры, людзі ішлі на яе тройчы і пяцёрачы, каб паглядзець на вакольны свет купалаўскімі вачыма і — схамянуцца.

Сёння ўсім нам схамянуцца шмат што (і хто) перашкаджае. Чужая масавая культура (насамрэч — бескультур’е) запаланіла тэлеэкраны, інтэрнэт-прастору, дабралася і да тэатральнай сцэны. Але і яна (калі ўжо без яе немагчыма абысціся) мусіць узрастаць на сваім камлі, а не на чужародных галінах-прышчэпах. Дрэва айчыннай гісторыі — кроністае і карэністае, што і паказаў сваёй драматургіяй Алесь Петрашкевіч.

Калісьці паэт і стваральнік Беларускай энцыклапедыі Пятрусь Броўка сказаў яму, свайму маладому паплечніку: «Я буду, як ледакол, лёд ламаць, а вы — крыгі ззаду разводзіць, каб плынь не замярзала».

Алесь Петрашкевіч перад караблямі беларускіх тэатраў развёў крыгі гісторыі — можна смела рухацца ў гэтым напрамку. І я нават не бядую, што наклад двухтомніка мізэрны — усяго 60 асобнікаў. Ён малаваты, але дастатковы — яго з запасам хопіць на ўсе тэатры, якія сёння дзейнічаюць у Беларусі.

Міхась СКОБЛА


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY