Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Тамара ГАБРУСЬ

ДРАЎЛЯНЫЯ БАЗЫЛІКІ БЕЛАРУСІ

Пакроўская царква. 1774 г.
Ганчары. Лідскі р-н.

Заканчэнне. Пачатак у № 2 (84)/2018.

Рэпрэзентатыўны архітэктурны тып каталіцкай базылікі ў часы позняга барока атрымаў пашырэнне ў грэка-каталіцкім храмабудаўніцтве Беларусі, што надало драўляным базылікам яшчэ больш самабытных этнаграфічных рысаў. Уніяцкая царква «Старая каля Ляхаў» (б. Лідскі павет, цяпер Пружанскі р-н) вядомая па фотаздымку канца ХІХ ст. Гэтая драўляная класічная базыліка з прамавугольным планам была пабудаваная ў канцы XVIІІ ст. Над яе галоўным фасадам мясцілася сігнатурка. Уваход быў аформлены васьміграннаю крухтай-экзанартэксам «сармацкага» тыпу, зробленым аднолькавым па вышыні з сакрыстыямі і накрытым шатровым дахам. Вокны мелі паўцыркульныя арачныя завяршэні.

Уніяцкая Пакроўская царква ў в. Ганчары (Лідскі р-н) была пабудавана ў 1774 г., але ў ХІХ ст., пасля забароны ўніяцтва, была перададзеная праваслаўным і ў 1878 г. нанава асвячоная пасля рамонту. Паводле архітэктонікі, гэта строгая класічная трохнававая базыліка з прамавугольным алтарным зрубам, які працягвае цэнтральную наву. Абапал алтарнага зруба ўкампанаваны квадратныя ў плане сакрыстыі. Мастацкі акцэнт зроблены на ўваходнай частцы будынка, у вырашэнні якой арыгінальна злучаны вузкі ўнутраны нартэкс з музычнымі хорамі і вонкавы экзанартэкс у выглядзе трох’яруснай чацверыковай вежы з гранёным купалком і крыжам. Захавалася традыцыйная вертыкальная шалёўка сценаў. Унутры тры пары калонаў вылучаюць цэнтральную наву, перакрытую корабавым скляпеннем з двухсхільным дахам. Асобна па восі ўвахода пастаўлена двух’ярусная чацверыковая званіца, накрытая шатром-«каўпаком».

Уніяцкая Міхайлаўская царква ў в. Сцяпанкі (Жабінкаўскі р-н) была пабудаваная ў 1780 г. у стылі позняга беларускага барока. Архітэктоніка гэтай святыні дакладна паўтарае мураваную лацінскую трохнававую базыліку з двухвежавым галоўным фасадам. Прамавугольная ў плане пабудова падзелена ў падоўжным напрамку на тры навы і мае класічнае базылікальнае папярочнае сячэнне з верхнім асвятленнем цэнтральнай навы невялікімі вокнамі. Алтарная частка вылучана прамавугольным выступам цэнтральнай навы, а вузкі нартэкс-бабінец — дзвюма калонамі, на якія абапіраюцца музычныя хоры. Вертыкальную экспрэсію вежаў падкрэслівае чляненне іх прычолкамі на два ярусы, якія змяншаюцца ўгору па вышыні, што характэрна для мясцовай мураванай архітэктуры віленскага барока. Тарэц даха на галоўным фасадзе закрывае заглыблены франтон з шырокім прычолкам. Усю выцягнутую падоўжную кампазіцыю, падобную да марскога лайнера, вянчаюць тры фігурныя барочныя «банькі» з крыжамі, сімвалізуючы Святую Тройцу. Характэрна, што базылікальная структура сцяпанкаўскай Міхайлаўскай царквы заснаваная ўсяго на чатырох калонах, крыху зрушаных да ўваходнай часткі кафалікона. Пры гэтым дзве заходнія калоны прасторава вылучаюць бабінец і хоры, а дзве другія дзеляць малітоўную залу роўна пасярэдзіне. Мастацкая цэласнасць кампазіцыі храма была парушаная пасля яго перадачы праваслаўным і рэканструкцыі ў 1858 годзе: да галоўнага фасада прыбудавалі вялізны экзанартэкс-прытвор з псеўдабазылікальным сячэннем, які ў пачатку ХХ ст. быў завершаны двух’яруснай васьмерыковай вежай з высокім шатром і цыбулістай галоўкай.

Грэка-каталіцкая царква св. Ануфрыя ў вёсцы Агароднікі (Камянецкі р-н), пабудаваная ў 1782 г. у стылі барока, мае структуру трохнававай базылікі без верхняга асвятлення. Аднасхільныя дахі бакавых наваў падведзены пад карніз цэнтральнай навы. Будынак мае вертыкальную шалёўку з нашчыльнікамі і сцяжкамі-«лісіцамі», вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутраная прастора падзеленая апорнымі слупамі, над уваходам размешчаны музычныя хоры. У 2-й палове ХІХ ст. да галоўнага фасада быў прыбудаваны невысокі прытвор з двух’яруснай чацверыковай вежай, накрытай высокім шатром.

Царква св. Параскевы Пятніцы. 1796 г. Опаль. Іванаўскі р-н.

Уніяцкая царква св. Параскевы Пятніцы ў вёсцы Опаль (Іванаўскі р-н), пабудаваная ў 1796 г., у 1841 г. была перададзеная праваслаўным. Архітэктоніка храма дакладна імітуе формы мураванай трохнававай базылікі з класічным базылікальным папярочным сячэннем. Прамавугольная цэнтральная нава накрыта двухсхільным дахам з трохвугольнымі франтонамі на тарцах і невялікай вежачкай з фігурным купалком над алтаром. Бакавыя навы з аднасхільнымі дахамі завершаныя з боку алтара вялікімі сакрыстыямі са скошанымі сценамі, што ўзбагачае пластыку будынка. З боку галоўнага фасада бакавыя навы раней завяршаліся дзвюма сіметрычнымі чацверыковымі вежамі, а цэнтральная — заглыбленым уваходным васьмікалонным парталам. Пазней вежы былі знятыя, а партал ператвораны ў нартэкс. Інтэр’ер падзелены 4-ма слупамі на тры навы, яшчэ два слупы падтрымліваюць музычныя хоры над уваходам. З хорамі аб’яднаны галерэі-эмпоры, якія праходзяць па версе бакавых наваў. Відавочна, што архітэктоніка і мастацкі вобраз разгледжаных грэка-каталіцкіх базылікаў зусім не адрозніваецца ад узору касцёлаў.

Троіцкая царква
(былы касцёл езуітаў).
1723, 1826, 1873 гг.
Блонь. Пухавіцкі р-н.

У 1723 г. у в. Блонь (Пухавіцкі р-н) на сродкі Язэпа Бака быў пабудаваны касцёл місіі езуітаў, які пацярпеў ад пажару ў 1820 г. і быў істотна перабудаваны да 1826 г. у стылі класіцызму. Пасля скасавання ордэну ў межах Расійскай імперыі касцёл быў перададзены праваслаўным і асвечаны як Троіцкая царква ў 1873 годзе. Гэта трохнававая крыжова-купальная базыліка лацінскага тыпу, увенчаная на сяродкрыжжы вялікім васьмігранным светлавым барабанам, накрытым самкнутым купалам. Галоўны фасад вырашаны ў выглядзе класіцыстычнага порціка з чатырма папарна згрупаванымі мураванымі калонамі і завершаны масіўным атыкам, васьмерыковай вежай з купалам і высокім спічаком, што надае збудаванню рысы ампіру. Сцены ашаляваныя гарызантальна і дэкараваныя прафіляваным карнізам з «сухарыкамі», а таксама накладнымі ордэрнымі пілястрамі, якія на тарцах трансепта імітуюць порцікі. У інтэр’еры 10 мураваных калонаў вылучаюць бакавыя навы і нартэкс, над якім былі размешчаны музычныя хоры. Аснова светлавога барабана аздобленая разьбянаю агароджаю. Алтарны праём аформлены фігурнай аркаю. У архітэктуры помніка спалучаныя рознастылёвыя і рознаканфесійныя рысы, што адлюстроўвае складаную гісторыю яго існавання.

Актывізацыя новага будаўніцтва драўляных касцёлаў тыпу базылікі адбылася ў часы 2-й Рэчы Паспалітай, што выявілася ў адметных тэндэнцыях стварэння мастацкага вобраза помнікаў, дзе часам дамінавалі архітэктурныя традыцыі розных рэгіёнаў Польшчы. Замест бязвежавых ці двухвежавых базылікаў часоў барока сталі пераважаць аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі з адной магутнай вежаю над бабінцам. У асіметрычным размяшчэнні частак традыцыйнай сакральнай структуры храмаў назіраюцца праявы мадэрну. Адным з ініцыятараў пашырэння ў міжваенны перыяд у сакральным дойлідстве Заходняй Беларусі так званага закапанскага стылю, які імітаваў архітэктурныя формы драўляных храмаў прыкарпацкага рэгіёна, стаў віленскі архітэктар Ю.Клос, паводле праекту якога ў 1923–1925 гг. быў пабудаваны касцёл Маці Божай Анёльскай у Мяжанах (Браслаўскі р-н), знішчаны пажарам у 1985 годзе. Характэрныя прыкметы закапанскага стылю (ад горада Закапанэ на поўдні Польшчы, дзе ў XVII ст. сыходзіліся межы Рэчы Паспалітай, Аўстра-Венгерскай і Асманскай імперый) — клінчатыя гонтавыя дахі з пластычным прагібам схілаў, больш высокія за традыцыйныя беларускія, шырокія гонтавыя прычолкі ў некалькі ярусаў, наяўнасць вежы-вестверка на галоўным фасадзе і абхадных галерэй-апасаней, што візуальна імітавалі бакавыя навы. Касцёл у Мяжанах быў не базылікаю, а двухзрубавым клецевым храмам, абкружаным галерэяй з шырокім гонтавым прычолкам.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа, 1924 г. Баранавічы.

У ацалелым да нашага часу драўляным касцёле Узвышэння Святога Крыжа ў Баранавічах, пабудаваным у 1924–1925 гг. (арх. Л. Жаландкоўскі), спалучаныя рысы неаготыкі і мадэрну з элементамі польскага манументальнага дойлідства. Яго аснову складае класічная трохнававая базыліка з верхнім асвятленнем. Цэнтральную наву па тарцах завяршаюць больш нізкая пяцігранная апсіда прэзбітэрыя і невялікі прамавугольны аб’ём нартэкса, які ўвенчвае васьмігранная вежа. Дынамічнае завяршэнне вежы складаецца з гранёнага купала, скразнога металічнага ліхтарыка і высокага шатра-спічака. З поўдня да прэзбітэрыя прылягае вялікая асіметрычная сакрыстыя гранёнай формы. Інтэр’ер падзелены шасцю парамі калонаў на тры навы, перакрытыя плоскімі столямі.

Касцёл святых Пятра і Паўла, 1927–1929 гг. Дрысвяты. Браслаўскі р-н.

Станаўленне архітэктурнай плыні нацыянальнага рамантызму звязана з імем архітэктара Лявона Вітана-Дубейкаўскага, які тэарэтычна і практычна імкнуўся зразумець і захаваць дух айчыннай гісторыі і культуры. Яго першы праект 1916 г. касцёла ў Янатрудзе (б. Полацкі павет) не быў рэалізаваны, аднак свае асноўныя ідэі архітэктар увасобіў у 1927—1929 гг. пры будаўніцтве велічнага касцёла святых Пятра і Паўла ў Дрысвятах (Браслаўскі р-н). Святыня была пастаўленая на старажытным замчышчы над возерам Дрысвяты, на мураваным з расколатых валуноў подыуме, адкуль, як лічыў архітэктар, «відаць прапорцыі паасобных частак, якія ствараюць маналітную, манументальную форму, нагадваючы нам беларускі стыль». Будынак мае строгую рацыянальную структуру традыцыйнай трохнававай базылікі з пяцігранным прэзбітэрыем, сіметрычнымі бакавымі сакрыстыямі і вузкім унутраным нартэксам. Аднак вонкавы мастацкі вобраз збудавання з ускладнёнай пластыкаю формаў мае чужародныя нам рысы закапанскага стылю: пяціярусная вежа-вестверк, надзвычай шырокі прычолак з прагібам, падперты на галоўным фасадзе чатырма калонамі, высокі дах з заломам, больш нізкі за асноўны вільчык даха над прэзбітэрыем, і інш.

Касцёл Маці Божай Ласкавай у Крэва (Смаргонскі р-н) быў пабудаваны ў 1934–1936 гг. да 650-годдзя Крэўскай уніі (арх. П.Стаброўскі, Ф.Норбскі). Гэта самая вялікая па памерах драўляная трохнававая базыліка таго часу — яна мела ў даўжыню каля 30 м і ў шырыню (у межах трансепта) звыш 15-ці. Архітэктура збудавання была вытрыманая ў формах неабарока, што выяўлена ў двухвежавым вырашэнні галоўнага фасада з заглыбленым фігурным франтонам. У 1961 г. касцёл быў зачынены (зняты чацверыковыя вежы, надбудаваны бакавыя навы), і цяпер у яго будынку дзейнічае ўрачэбная амбулаторыя.

У канцы 1930-х гг. былі рэалізаваныя праекты іншых драўляных базылікаў: касцёл у в. Хаценьчыцы Вілейскага павета (1937, арх. Я.Бароўскі, Л.Фаркевіч) з асіметрычна пастаўленай вежаю тыпу кампаніле, касцёл св. Станіслава ў в. Далёкія на Браслаўшчыне (1934) і касцёл Маці Божай Вастрабрамскай у Дайлідках на Астравеччыне (1938) — два апошнія маюць магутныя чацверыковыя вежы над бабінцамі, увенчаныя купаламі-«банькамі». Іх архітэктура ў цэлым адлюстроўвае эклектычныя пошукі нацыянальнага стылю ў спалучэнні з павевамі мадэрну і ідэалагічным дамінаваннем традыцый польскай культуры. Архітэктоніка драўлянай базылікі ўспрымалася дойлідамі таго часу як базавы архетып каталіцкага храмабудаўніцтва ў Беларусі, але яна аранжыравалася запазычанымі і стылізаванымі мастацкімі формамі польскага дойлідства.

Драўляныя базылікі і колькасна, і якасна ствараюць значную і адметную групу беларускіх хрысціянскіх святыняў, аднак гэты самабытны тып сакральнага дойлідства Беларусі раней ніколі не вылучаўся ў айчынным мастацтвазнаўстве як асобны і самастойны, хоць, як сведчыць мастацтвазнаўчы аналіз, менавіта ён сфарміраваў эстэтычныя крытэрыі агульнай базылікальнай канцэпцыі, уласцівай традыцыйным беларускім драўляным храмам перыяду барока.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY