Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Біскуп Аляксандр ЯШЭЎСКІ

ЧАМУ СУЖЭНСТВА І СЯМ’Я МАЮЦЬ ВАЖНАЕ ЗНАЧЭННЕ ДЛЯ КАСЦЁЛА


З даклада на ІІІ Агульнабеларускім кангрэсе каталіцкіх сямейных рухаў у Баранавічах

Біскуп Аляксандр Яшэўскі і ксёндз Андрэй Рылка падчас ІІІ Агульнабеларускага кангрэса каталіцкіх сямейных рухаў у Баранавічах. Фота а. Пятра Фраштэнгі OCD.

Можна без сумнення сказаць, што яшчэ з перыяду Пантыфікату папы Льва XIII і яго наступнікаў зацікаўленасць Касцёла праблемамі сужэнстваў і сем’яў пачала ўзрастаць вельмі інтэнсіўна. Вось толькі некалькі знамянальных фактаў.

Па-першае, пасля папы Льва XIII амаль усе Пантыфікі публікуюць энцыклікі, прысвечаныя праблеме сужэнства і сям’і. Другі Ватыканскі Сабор (XXI Сусветны Сабор Каталіцкага Касцёла, які быў арганізаваны па ініцыятыве папы Яна XXIII у 1962 г. і працягваўся да 1965 г.) таксама шмат разоў звяртаўся да гэтай тэмы. Падчас Пантыфікату святога Яна Паўла II надавалася асаблівая ўвага праблеме сужэнства і сям’і ў розных яе аспектах. Святы Айцец Францішак склікаў два Сіноды Біскупаў па гэтым пытанні, апублікаваўшы ў якасці заключэння апостальскую адгартацыю «Amoris Laetitia», якая да гэтага часу з’яўляецца самым аб’ёмным дакументам, прысвечаным праблеме сужэнства і сям’і ў вучэнні Пантыфікаў.

Наступны факт, варты ўвагі: з часоў Другой сусветнай вайны ў мінулым стагоддзі:

— у Касцёле ўзнікаюць адмысловыя сямейныя рухі;

— у тэалагічных даследаваннях усё больш глыбока разглядаюцца праблемы сужэнства і сям’і;

— расце колькасць беатыфікацый і кананізацый сужэнцаў і нават сужэнскіх параў. Нядаўна (18 кастрычніка 2015 г.) былі кананізаваныя бацькі святой Тэрэзы ад Дзіцяткі Езуса.

Такім чынам, слушна і нават неабходна ставіць пытанне: чаму так шмат увагі Касцёл прысвячае сужэнству і сям’і?

У сувязі з рашэннем ААН абвясціць 1994 год Годам сям’і святы Ян Павел II напісаў Пасланне да сем’яў «Gratissimam sane», апублікаванае 2 лютага 1994 года. На пачатку гэтага важнага дакумента Папа вельмі арыгінальна абгрунтоўвае зацікаўленасць Касцёла сям’ёй.

Паводле святога Яна Паўла ІІ, Касцёл павінен ісці разам з чалавекам па яго шляхах, а гэта азначае, што «Касцёл падзяляе радасці і надзеі, смутак і трывогу штодзённага шляху людзей» («Gratissimam sane», 1). У гэтых словах падкрэсліваецца важнасць духоўнага суправаджэння, распазнавання жыццёвага становішча чалавека, на што звяртае вялікую ўвагу цяперашні папа Францішак.

Касцёл павінен спадарожнічаць чалавеку ў яго канкрэтных жыццёвых рэаліях у адпаведнасці з патрабаваннямі Стварыцеля. Менавіта Бог даверыў чалавека Касцёлу як яго місію.

Адной са шматлікіх дарог, па якіх чалавек ідзе ў сваіх клапатлівых пошуках сэнсу жыцця, з’яўляецца сужэнства і сям’я. Разам са штодзённай працай гэта найбольш важная сфера чалавечага існавання.

Такім чынам, асноўнаю прычынаю, па якой Касцёл так шмат увагі ўдзяляе праблеме сужэнства і сям’і, з’яўляецца зацікаўленасць Касцёла жыццём чалавека і чалавечнасцю кожнага з нас. У гэтым святле нам будзе лягчэй зразумець, чаму зацікаўленасць чалавекам вымагае клопату пра сужэнства і сям’ю.

Ідучы далей у раскрыцці тэмы даклада, хачу ўзгадаць добра вядомы нам усім урывак з Евангелля паводле святога Мацвея (19, 3–9), дзе апісваецца дыялог паміж Езусам і фарысеямі аб непарыўнасці сужэнства.

Пытанне фарысеяў да Езуса не датычылася законнасці разводу. Усе ўдзельнікі размовы былі абсалютна ўпэўнены ў гэтым. Іх перакананне грунтавалася на тэксце Святога Пісання і на дазволе, які яны атрымалі ад Майсея. Фарысеі пыталіся аб прычынах, якія маглі б апраўдаць прымяненне гэтага закону. Сярод правазнаўцаў вялася дыскусія: ці сапраўды ёсць толькі адна прычына для выкарыстання гэтага дазволу, а менавіта чужалоства жанчыны, ці гэтыя прычыны могуць быць рознымі? Езуса просяць выказаць сваю пазіцыю адносна гэтай правазнаўчай спрэчкі, бо на самай справе тэкст гэтага закону быў няясным і недакладным.

Цяпер я прашу вас звярнуць асаблівую ўвагу на адказ Езуса. Ён у першую чаргу прапануе слухачам кірунак, у якім трэба шукаць рашэнне і адказ. Езус гаворыць: «Хіба вы не чыталі, што Стварыцель спачатку стварыў іх мужчынам і жанчынай» (Мц 19, 4).

Што гэта значыць? Сужэнства трэба разглядаць не з пазіцыі таго, што з яго ўчынілі людзі, а ў святле таго, якім задумаў і стварыў інстытут сужэнства і сям’і сам Бог. Ключавае слова «спачатку» не акрэслівае ні часу, ні моманту, ні храналагічнага дзеяння, ні зараджэння чалавечай гісторыі. Калі скульптар вырашае вылепіць статую з мармуру, ён ужо на самым пачатку мае пэўную ідэю, кіруецца натхненнем, якое хоча рэалізаваць, а затым ідэя, натхненне ўвасабляюцца ў мармуровай скульптуры. Таксама і Бог мае сваё ўяўленне пра сужэнства. У стваральным акце Бога яно было закладзена ў структуру чалавечай асобы. Асоба мужчыны і асоба жанчыны, такія, якімі яны з’яўляюцца, — іх дух, псіхіка і целы — былі створаны Богам для сужэнскага жыцця.

Такім чынам, ідэю пра тое, што Стварыцель мае на ўвазе пад сужэнствам, варта разглядаць не як закон, да якога чалавек павінен прыстасоўвацца, ці як ідэал, да якога неабходна імкнуцца, а як адзіную і адвечную праўду пра чалавечую асобу. Менавіта на гэта скіроўвае нашу ўвагу Езус. Слова Хрыста «спачатку» азначае не рэаліі з мінулага, а пастаянную, стваральную Божую прысутнасць у асобах мужчыны і жанчыны. Гэта падобна да крыніцы, з якой выцякае паток ракі. Як вядома, крыніца знаходзіцца на пачатку патоку, але ў той жа час яна з’яўляецца яго жыватворным струменем, яго сілаю.

Фарысеі добра разумеюць, што мае на ўвазе Езус, і калі яны распачынаюць дыскусію ў гэтым кірунку, іх словы пазбаўляюцца сэнсу. «Чаму ж, — пытаюцца яны, — Майсей загадаў даць разводны ліст і адпусціць яе?» (Мц 19, 7). Перафразуючы словы фарысеяў, можна сказаць так: «Добра, калі Ты кажаш праўду, то Бог сам сабе супярэчыць. З аднаго боку, як Ты кажаш, першапачатковай ідэяй Бога з’яўляецца непарыўнасць сужэнства. З іншага боку, Майсей, які таксама дзейнічаў у імя Бога, дазваляе даваць развод. Чаму ж так адбываецца?»

У гэты момант Езус уводзіць у дыскусію аргумент, які датычыць новай і трагічнай рэчаіснасці, — «упартасць сэрцаў». Што гэта значыць? Упартая воля чалавечай асобы, яе ўласнае «я» імкнецца адмовіцца ад таго, што было «спачатку», у першапачатковым плане Бога. Сёння стан чалавечай асобы ўжо не выглядае так, як было «спачатку». Гэта тое самае, што накідаць камянёў альбо зямлі ў чыстую крыніцу. Вада будзе цячы далей, але паток знікне. Гэтак жа адбываецца з мужчынам і жанчынаю, якія ўступілі ў сужэнства, пакліканыя Богам, але з-за беднасці сваёй волі, з-за ўпартасці сваіх сэрцаў былі няздольныя назаўжды заключыць сужэнства перад Богам.

Магчыма, вы заўважылі, што да гэтага часу я гаварыў пра сужэнства, а не пра сям’ю. Чаму Касцёл з той жа руплівасцю цікавіцца і праблемамі сям’і? Таму што ён моцна клапоціцца пра генеалогію або, інакш кажучы, пра радавод чалавека. Дазвольце мне растлумачыць гэтае сцвярджэнне.

Зачацце чалавека з’яўляецца вялікай падзеяй. Гэта вынік творчага акту Бога і плён сужэнскай любові. Бог жадаў існавання чалавека з самага пачатку і выяўляе гэтае прагненне ў кожным зачацці. Ніхто з нас не прыходзіць у свет выпадкова або па неабходнасці. Нашая прысутнасць у гэтым свеце з’яўляецца вынікам творчага акту Бога. Таму кожны з нас можа смела сказаць: я тут, таму што Бог гэтага жадаў. Не таму, што Бог хоча выкарыстаць нас у сваіх карыслівых мэтах: Бог прагне існавання кожнага чалавека дзеля яго самога.

Паходжанне чалавека ўпісана ў біялогію пакаленняў. Калі мы будзем усведамляць тое, аб чым я толькі што казаў, нам будзе няцяжка зразумець, які спосаб і якія ўмовы чалавечага зачацця найбольш годна адпавядаюць творчаму дзеянню Бога. Калі сужэнцы ўсведамляюць, што яны зачалі новую чалавечую асобу, яны павінны таксама разумець, што менавіта Бог хацеў існавання гэтага чалавека і хацеў яго для сябе, а не для бацькоў. Гэта важная і глыбокая прычына, па якой толькі сужэнскі акт, дзе муж і жонка становяцца адным целам, з’яўляецца годнаю ўмоваю для зачацця новага чалавека. Творчы акт любові Бога адпавядае рэпрадуктыўнаму акту любові мужа і жонкі. Прадукаванне чалавечай асобы ў лабараторыі — гэта праява непавагі да яе годнасці, бо дзіця трэба зачынаць, а не прадукаваць.

Гэта яшчэ адна важная прычына, па якой Касцёл моцна зацікаўлены праблемамі сям’і, бо сям’я — гэта месца, дзе чалавеку гарантавана годная генеалогія або, інакш кажучы, годны радавод для паўнаты і росквіту яго чалавечнасці.

Аналізуючы сучасны стан сужэнства і сям’і, асабліва на Захадзе, заўважым, што заходнія ідэі, погляды і прапановы ўсё больш і больш знаходзяць падтрымку ў нашай беларускай рэчаіснасці, і гэта не проста погляды, а сапраўдная пагроза для сучаснай сям’і, бо яна нясе ў сабе:

— адмаўленне ад дзетанараджэння, што выяўляецца праз аборты, кантрацэпцыю і кантрацэптыўную ментальнасць, эгаістычнае жаданне жыць «для сябе»;

— з адмаўленнем ад дзетанараджэння цесна звязаны і глабальны дэмаграфічны крызіс — свет старэе і вымірае;

— пашыраецца гендэрная ідэалогія;

— павялічваецца колькасць аднаполых саюзаў, якія нельга назваць сужэнствамі;

— папулярызуюцца сучасныя дапаможныя рэпрадуктыўныя тэхналогіі (штучнае апладненне, сурагатнае мацярынства і іншыя);

— расце тэндэнцыя да таго, каб ужо на стадыі развіцця эмбрыёна гэнетычна мадэляваць яго паводле сваіх пажаданняў (колер вачэй, пол і г.д.);

— пашыраецца агрэсіўны фемінізм, які таксама стаіць каля вытокаў грандыёзнага крызісу сучаснай сям’і;

— прапагандуецца эўтаназія не толькі для старых, хворых, інвалідаў, але нават і для дзяцей.

На жаль, сучасныя погляды на сужэнства і сям’ю, якія ўзнікаюць у тым ліку ў касцёльным асяроддзі і супярэчаць хрысціянскай праўдзе пра сужэнства і сям’ю, аб’яўленай у Бібліі, становяцца рэальнай пагрозай.

Касцёл мяркуе, што магчымым выратаваннем сужэнства і сям’і ў сучасных абставінах павінна стаць евангельскае слова «спачатку»: неабходна нанова адкрываць першасны план Стварыцеля адносна сужэнства і сям’і.

Касцёл праяўляе сваю зацікаўленасць у збаўленні чалавека праз тры спосабы дзеянняў: навучанне, асвячэнне, кіраванне. Гэты шлях Касцёлу паказаў сам Езус, які і заснаваў Касцёл.

Сужэнства і сям’я важныя не толькі для Касцёла, але і для сучаснага чалавека ўвогуле. Вікарый катэдральнай парафіі ў Магілёве кс. Юзаф Сярпейка, ведаючы, што я рыхтую даклад на кангрэс, пры дапамозе сацыяльнай сеткі «Інстаграм» 7–8 мая правёў апытанне сярод 470-ці чалавек, якія пажадалі прыняць у ім удзел:

— 250 падлеткаў ва ўзросце 14–18 гадоў склалі 48,9% апытаных;

— 170 маладых людзей ва ўзросце 19–35 гадоў склалі 36,2% ад агульнай колькасці ўдзельнікаў;

— 70 дарослых людзей ва ўзросце 36–60 гадоў склалі 14,9 % апытаных.

Удзельнікам было прапанавана 7 закрытых пытанняў, на якія трэба было адназначна адказаць «так» або «не»; і 2 адкрытыя пытанні, на якія трэба было даць асабісты абгрунтаваны адказ.

Апроч розніцы ва ўзросце, апытаныя з’яўляюцца вернікамі розных хрысціянскіх канфесій альбо называюць сябе атэістамі ці агностыкамі.

Першае пытанне гучала наступным чынам: «Ці даражыш ты сваёй сям’ёю?» 98% апытаных адказалі «так», з іх падлеткі — 100%, моладзь —94%, дарослыя — 100%. Такім чынам, адказ «не» на гэтае пытанне далі 2% апытаных, усе яны — маладыя людзі.

На другое пытанне: «Ці з’яўляецца для цябе сям’я каштоўнасцю?» 99% апытаных далі станоўчы адказ. 1% анкетаваных — маладыя людзі — далі адмоўны адказ.

Трэцім было пытанне: «Ці лічыш ты важнымі ўзаемаразуменне, узаемапрабачэнне і ўзаемную любоў паміж усімі членамі сям’і?» Адказы на гэтае пытанне былі толькі станоўчымі: усе 100% далі адказ «так».

Чацвёртае пытанне гучала наступным чынам: «Ці лічыш ты, што для цябе важныя абое бацькоў: і тата, і мама?» 85% адказалі «так», але 15%, большасць з якіх падлеткі і моладзь, адказалі «не».

На пятае пытанне: «Ці лічыш ты, што добрыя адносіны ў сям’і вучаць цябе будаваць добрыя адносіны ў грамадстве?», станоўча адказалі 91% апытаных, адмоўна адказалі ў асноўным падлеткі і моладзь — 9% удзельнікаў апытання.

На шостае пытанне: «Ці згодны ты, што сям’я ставіць патрабаванні, але і дае апору?», 89% апытаных згадзіліся, адказ «не» далі 11% — усе яны адносіліся да групы падлеткаў.

На сёмае пытанне: «Ці лічыш ты, што сям’я з’яўляецца важнай часткаю ў будаванні грамадства?», 96% адказалі згодаю. 4% — падлеткі — адказалі адмоўна.

Восьмае пытанне было адкрытае і гучала наступным чынам: «Калі сям’я для цябе важная, то чаму?» Усе, хто адказаў на гэтае пытанне, сур’ёзна абгрунтавалі сваё меркаванне: сям’я з’яўляецца гарантам многіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў; надзейнай апорай і падтрымкай; месцам, дзе можна адчуваць сябе ў бяспецы, дзе чалавек адчувае сябе патрэбным і важным; сям’я — гэта асяродак, дзе ёсць крыніца любові.

Дзявятае пытанне таксама было адкрытае: «Як вы разумееце вартасць сакрамэнту сужэнства — замацавання сваіх адносінаў праз прысягу перад Богам у святыні?» Адказы на гэтае пытанне былі разнастайныя. Апытаныя падлеткі ў асноўным прызнаваліся, што нічога не ведаюць пра сакрамэнт сужэнства і таму не хацелі б даваць неабгрунтаваных адказаў. Большасць маладых людзей выказалася пазітыўна, аднак пры гэтым адзначала, што, магчыма, іх адказы звязаны з прыхільнасцю да традыцыі або з сучасным прэстыжам заключаць сужэнства ў святыні, таму яны хацелі б да канца жыцця трымацца словаў прысягі. Дарослыя ў большасці сваёй выказваліся станоўча, мяркуючы, што толькі Божая дапамога трымае іх сужэнствы ў еднасці і непарыўнасці, а глыбокі давер да Бога дапамагае знаходзіць узаемаразуменне і сілы захоўваць сужэнскую прысягу да канца.

Падагульняючы вынікі апытання, варта адзначыць, што ўсе яго ўдзельнікі:

— перакананыя, што толькі сям’я з’яўляецца гарантам многіх духоўных і матэрыяльных каштоўнасцяў;

— даражаць сям’ёю і бачаць неабходнасць поўнага развіцця чалавечай асобы ў сям’і, дзе прысутнічаюць абое бацькоў;

— лічаць, што ўзаемаразуменне, узаемапрабачэнне і ўзаемная любоў паміж усімі членамі сям’і маюць вялікае значэнне;

— прызнаюць, што добрыя адносіны ў сям’і будуюць і добрыя адносіны ў грамадстве;

— згодныя, што Касцёл у сучасным свеце мае вялікае поле дзеяння ў вучэнні пра сакрамэнтальнае сужэнства і сям’ю.

Адказваючы, «Чаму сужэнства і сям’я маюць важнае значэнне для Касцёла», хацеў бы напрыканцы вылучыць некаторыя найважнейшыя аргументы ў якасці падагульнення.

Касцёл цікавіцца сёння сужэнствам і сям’ёю па наступных прычынах.

Па-першае, ён вельмі зацікаўлены самім чалавекам як асобаю.

Па-другое, зацікаўленасць чалавекам прадугледжвае таксама зацікаўленасць Касцёла сужэнствам і сям’ёю, бо менавіта ў іх рэалізуецца спрадвечная праўда пра чалавека, яго асаблівае пакліканне да самааддання. І, як вучыць Другі Ватыканскі Сабор, чалавечая асоба знаходзіць сябе ў шчырым самаахвяраванні.

Па-трэцяе, Езус заснаваў свой Касцёл дзеля таго, каб чалавек не страціў сябе, не загубіў сябе, а нястомна адкрываў тое, што было «спачатку» запланавана Богам адносна яго. Гэта шлях да выратавання сучаснага сужэнства і сям’і.

Па-чацвёртае, сям’я з’яўляецца тым месцам, дзе гарантавана годная генеалогія, годны радавод чалавека для поўнага росквіту яго чалавечнасці.

Сям’я — гэта будучыня Касцёла і хрысціянскай цывілізацыі. Без моцных шматдзетных сем’яў, адкрытых на перадачу жыцця, мы асуджаныя быць маргіналамі, у нас не будзе ні святых місіянераў, ні манахаў, ні святароў, ні біскупаў, а без гэтага немагчыма рэальнае будаванне Божага Валадарства ўжо тут, на зямлі.

Жадаю ўсім нам, членам Містычнага цела Хрыста, поспехаў у служэнні на карысць сужэнства і сям’і ў нашым беларускім грамадстве, а вам, дарагія сужэнцы і сем’і, зычу яснага разумення таго, што толькі ў касцёльнай супольнасці вы можаце ўзрастаць ў сужэнскім і сямейным жыцці так, як гэта запланаваў і жадае гэтага Усёмагутны Бог. Няхай Марыя, Каралева сем’яў, усім нам у гэтым дапаможа.

Выкарыстаная літаратура:

  1. https://opoka.org.pl/biblioteka/W/WP/jan_pawel_ii/listy/gratissimam.html.
  2. http://www.radiomaryja.pl/multimedia/kongres-ewangelia-malzenstwa-i-rodziny-wyklad-ks-kard-gerharda-mullera/.
  3. http://www.caffarra.it/conferenza120217.php.
  4. https://www.dialog1994.by/tag/ugrozyi-dlya-sovremennoy-semi/.
  5. http://opusdei.org/it/article/100-consigli-di-papa-francesco-per-le-famiglie/.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY