Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Георг Освальд КОТТ

ВАЙСКОВЫ ЛАГЕР ЦІЛІ Ў ЗАЛЬЦГІТЭРЫ

27 жніўня 1626 года

Вайсковы лагер Цілі ў Зальцгітэры. Мастак Макс Котт.

Вынік бітвы каля Лютэра-на-Барэнберге прадвырашаны: Цілі, ваявода Каталіцкай лігі, перамагае разам са сваёй арміяй пратэстанцкае войска дацкага караля Крысціяна IV.

Барвоваю зрабілася вада ў рацэ Нэйле. На полі бітвы ляжаць горы мёртвых — уздоўж і ўпоперак, адзін на адным. Іх целы непазнавальныя, знявечаныя, пасечаныя. Некаторыя з трупаў ляжаць застыўшыя, проста выцягнуўшыся, усё яшчэ сціскаючы шаблю, нібы гатовыя нанесці ўдар.

Хахаўзэн гарыць. Клубы дыму засцілаюць неба. Узрываюцца бочкі з порахам. Параненыя стогнуць, і грукат гарматаў змешваецца з трыумфаваннем членаў Лігі. Пераможцы рабуюць нябожчыкаў. Яны бязлітасна дабіваюць тых, хто яшчэ падае прыкметы жыцця. Лейб-гвардыя дацкага караля разбітая. Манарх раптам апынуўся без абароны. Яго пераследуюць харвацкія коннікі. Ён насілу разварочвае свайго каня, уцякае на ўсход у лясы каля Вальмодэна, хаваецца на гары Пагенберг. Потым, пасля язды зігзагам і галавакружнай гонкі, яму ўдаецца ўцячы ад пераследнікаў.

У даліне ракі Інэрстэ каля Рынгельгейма ён апынаецца на свабоднай зямлі, трапляе на купку коннікаў з ягонай разбітай кавалерыі. Адзін з драгунаў дакладае каралю: пратэстанцкае войска знішчана, генерал Фукс фон Бімбах забіты, ландграф Філіп Гесэнскі прапаў без вестак. Цэлыя палкі ў паніцы ўцякаюць, пакідаюць гарматы і боепрыпасы. Толькі некалькі смельчакоў яшчэ адчайна ваююць у забарыкадаваным магістраце горада Лютэр супраць перавышаючых сілаў членаў Лігі.

Былая царква-крэпасць святых Марыі і Якуба ў Зальцгітэры-Бадзе.

Кароль усклікае: «Ратуйся, хто можа, у Вольфенбютэльскай крэпасці!» Крысціян прышпорвае каня і галопам скача прэч у суправаджэнні купкі коннікаў.

Харваты Цілі рэзка спыняюць пераследаванне. Яны разварочваюць коней, каб яшчэ паспець у Лютэр на рабаванне. Гэтая змена абставінаў выратоўвае ўцекачоў ад знішчэння.

Цяжка рухаецца пры адступленні пратэстанцкі абоз. Забалочаныя лугі па берагах Інэрстэ робяцца перашкодаю. У бродзе пад Хоэнродэ абозныя павозкі загразаюць. Даверху нагружаныя жывёлаю, жанчынамі і дзецьмі, яны гразнуць у пойме ракі, гатовыя пайсці на дно. Слугі ў паніцы скідаюць баласт, не шкадуючы нават дзяцей. Адна павозка з гарматнымі ядрамі перакульваецца, і ўвесь груз коціцца ў ваду.

Разрозненыя часткі арміі паступова прабіваюць сабе дарогу да ракі Інэрстэ: адзіночныя ландскнехты, маленькія групкі з пяці ці шасці чалавек і цэлыя гурты пікінёраў пехатою. Трапляюцца таксама і добра ўзброеныя коннікі, і загартаваныя ў баях ваякі з агнястрэльнай зброяй. Некаторыя з іх трымаюць за аброць коней без седакоў. З грукатам пад’язджаюць нават тры павозкі з гарматамі. Гэта марціры, гарматы з кароткімі стваламі, якія навясным агнём могуць страляць запальнымі снарадамі праз муры.

  
Руіны Фёпштэцкай царквы
ў Зальцгітэры-Бадзе.
Зальцгітэр-Бад, дом Цілі.

Гэтыя вайсковыя часткі хоць і ўзброеныя, але без камандавання. Няма афіцэраў. Толькі капітану Максу Губэру ўдалося дабрацца да ракі. Ён разумее, што здарылася, і бярэ камандаванне на сябе. Не вагаючыся, ён выстралам выбівае з сядла драгуна, які ўзбунтаваўся, і выклікае да сябе павагу. Ён абачліва парадкуе разбэрсаныя вайсковыя часткі. Спачатку ён збірае вакол сябе некалькіх смельчакоў і прызначае іх малодшымі камандзірамі. Потым ён фарміруе калону з павозак, размяшчае з абодвух бакоў узброеных коннікаў. Ён таксама арганізоўвае конны галаўны атрад і атрад тылавога прыкрыцця.

Алебарднік Аўгуст Кёпельман добра ведае мясцовасць. Яго пасылаюць наперад у якасці разведчыка. Неўзабаве ён дакладае: у Зальцгітэры, што знаходзіцца недалёка, вароты зачыненыя. На валах стаяць узброеныя вартавыя. Акрамя таго, запруджаная рака Варнэ таксама становіцца перашкодаю. З дахавых вокнаў царквы-крэпасці святых Марыі і Якуба тырчаць гарматныя ствалы, кожную хвіліну гатовыя адкрыць агонь і адбіць напад.

Такім чынам, Зальцгітэр трэба абысці. Каб уцячы ў Вольфенбютэль, застаецца толькі ваенная дарога праз Кніштэдт. Тым часам зрабілася цёмна, але зоркі даюць досыць святла, каб убачыць шлях. Павозкі, коннікі і пяхота вырушваюць у дарогу. Яны без перашкодаў даходзяць да Фоспаса. Там, на гары Манэрберг, стаіць вятрак. Ягоныя крылы вымалёўваюцца на фоне зорнага неба. Гэтая карціна абуджае ў маркітанткі Сібілы бязмежную прагнасць. Яна падбухторвае наёмных салдатаў пашукаць у ветраку мукі і збожжа. Шэсць коннікаў імчацца на гару, спустошваюць вятрак, падпальваюць яго і забіваюць млынара. Полымя шугае. Ягонае святло відаць да самай Фёпштэцкай царквы.

Нарэшце наступнаю раніцаю капітан Губэр са сваёю калонаю дабіраецца да выратавальнага Вольфенбютэля. Цілі застаецца ноччу разам са сваім войскам. Ён са сваёй гвардыяй скача па полі бітвы і загадвае збіраць выкінутыя сцягі і штандары пратэстантаў. Сцягі з’яўляюцца жаданымі трафеямі, а для членаў Каталіцкай лігі — знакамі трыумфу.

Шыльда з назваю вуліцы ў Зальцгітэры-Бадзе.

Каталіцкае войска таксама панесла страты: яшчэ не пералічаны забітыя і параненыя. Не хапае хлеба, мяса і корму для коней. Вопратку таксама трэба змяніць. Вамсы1 забруджаныя, скрываўленыя і парваныя. Шмат зброі страціла прыдатнасць, некаторыя намёты прадзіраўленыя. Навакольныя вёскі гараць, не даюць салдатам прытулку, да таго ж у некаторых калодзежах плаваюць трупы. Пітная вада атручаная. У жнівеньскай спякоце трупы на полі бітвы пачынаюць гніць. На зямлі ляжаць сотні коней з уздутымі трыбухамі, і зграі варонаў выдзёўбваюць кішкі. Разносіцца рэзкі смурод, які ўсё мацнее.

Цілі ведае, што яму трэба пакінуць гэтую мясцовасць, каб знайсці далей на ўсходзе бяспечны вайсковы лагер. Ягоным жаўнерам неабходны адпачынак. Армію трэба нанава арганізаваць і ўзброіць.

Таму ваявода пасылае перадавы атрад у Зальцгітэр. З ультыматумам здаць горад без супраціўлення. Бургамістр і рада падпарадкоўваюцца. Яны загадваюць адчыніць вароты.

Армія ўступае ў горад, акружае яго. Жаўнерам Цілі патрэбныя ежа і корм для коней. Жыхары Зальцгітэра і сяляне з блізкіх вёсак ад Гаверла да Лібэнбурга змушаныя несці даніну. Падчас катавання яны выдаюць свае тайнікі: у склепе ў скале, у горнай пячоры на поўдзень ад вала, дзе яны хаваюць гарэлку, піва і сідр. З грукатам коцяць пераможцы бочкі ў іх лагер. У вымаіне, адлеглай даліне каля гары Гамберг, сяляне з Кніштэдта схавалі сваіх кароваў. Жывёлу знаходзяць і пад лямант забіваюць.

Большая частка жаўнераў размясцілася па-за гарадскімі валамі. Іх намёты і павозкі запруджваюць тэрыторыю паміж Кніштэдтам і Пецярсхагенам. Сярод мітусні маркітанткі прапаноўваюць свае тавары: ігральныя карты і шнапс, ігральныя косці і кубкі, капелюшы з пёрамі, туфлі з доўгімі вузкімі насамі і плюдзерхозэ2. Асаблівым попытам карыстаюцца чарадзейныя сродкі: яны быццам бы робяць жаўнераў куленепрабівальнымі <…>

Далей на ўсход каля ракі Варнэ ляжаць на голай зямлі параненыя. Сонца пячэ іх аголеныя целы. У раку сцякае кроў. Фельчары адпілоўваюць рукі і ногі.

На лобным месцы каля ямы Фінкенкуле да двух дубоў прыхілілі драбіны. На галінах вісяць дзясяткі павешаных.

Унутры гарадскіх валаў знаходзіцца склад зброі, бітком набіты коп’ямі, пікамі, алебардамі, парахавымі бочкамі і мушкетамі. Побач з карцеччу штабялямі складзеныя гарматныя ядры. Нагрудныя шчыты і ярка начышчаныя шлемы ззяюць на сонцы.

Адразу за складам знаходзіцца пакручасты завулак — там брадзяжныя распусніцы б’юцца за лепшыя месцы.

Рэзідэнцыя ваяводы Цілі знаходзіцца насупраць саляварні ў багатым фахверкавым доме. З вялікага пярэдняга пакою адкрываецца від на сталовую. На сценах вісяць габелены, а перад адкрытым камінам стаяць абабітыя аксамітам крэслы. Багата ўпрыгожаная разьбянымі фігурамі лесвіца вядзе з першага паверха наверх у спальны пакой. Там пад балдахінам стаіць двухспальны ложак з рознакаляровымі падушкамі. Адсюль відаць стойла, у якім багата аўса, саломы і свежай вады. Там слугі чысцяць коней Цілі.

Цілі выклікае афіцэраў на рапарт. Побач з кузняй па вытворчасці патэльняў ён загадвае разбіць намёт для правядзення сходаў. Мужчыны стаяць перад сталом з картаю мясцовасці насупраць ваяводы. Першым дакладвае граф Ангальта, фельдмаршал членаў Лігі. Затым Цілі дае слова графу дэ Фуру. Той з’яўляецца палкоўнікам войскаў Валенштэйна. Камандзіры кавалерыйскіх і пяхотных палкоў, бароны Рэйнбахскі і Кронэнбергскі, таксама апісваюць бітву і яе вынікі: пятнаццаць тысяч забітых ляжаць на ратным полі, дзве тысячы пратэстантаў узятыя ў палон, захопленыя дваццаць адна гармата і безліч мушкетаў і іншых вайсковых прыладаў.

Цілі стаіць, выпрастаўшыся ва ўвесь рост, жэстам падзывае пісара, дыктуе лісты імператару Фердынанду II і Папу Рымскаму. Ваявода паведамляе пра перамогу членаў Каталіцкай лігі. Конныя кур’еры бяруць скручаныя ў трубачку і запячатаныя паперы і галопам скачуць прэч.

Памятная дошка на былых гарадскіх валах у Зальцгітэры-Бадзе.

* * *

На працягу стагоддзяў назва і межы горада Зальцгітэр змяняліся шмат разоў. Вайсковы лагер Цілі знаходзіўся на тэрыторыі сучаснага Зальцгітэр-Бада. Тут Цілі за выкуп аддаў цела ландграфа Філіпа Гесэнскага. Дзякуючы гэтаму стала магчымаю перавозка нябожчыка з Зальцгітэра ў Касель, у склеп пад касцёлам святога Марціна. Філіп быў сімвалічнаю фігураю пратэстанцтва: праўнукам евангельскага ландграфа Гесэнскага, Філіпа Велікадушнага, які ў 1531 годзе заснаваў Шмалькальдзенскі саюз супраць католікаў.

Пасля паражэння каля Лютэра-на-Барэнберге пратэстанцкія войскі дацкага караля Крысціяна IV схаваліся ў Вольфенбютэльскай крэпасці. Папэнгейм, генерал Цілі, спачатку безвынікова намагаўся ўзяць горад у аблогу. Толькі пасля таго, як Папенгейм загадаў запрудзіць раку Окер і вада заліла горад, імператарскія войскі Каталіцкай лігі ў 1627 годзе захапілі Вольфебютэльскую крэпасць. Пасля гэтага яны шмат гадоў займалі горад.

Пераклад з нямецкай мовы Алены Сямёнавай-Герцаг.

Фота Георга Освальда Котта.


  1. Вамс — нямецкая мужчынская распашная куртка ў XV-XVIII стагоддзях, якая шчыльна прылягае да цела і мае ватную падбіўку. — Заўв. перакл.
  2. Плюдзерхозэ — у XVI ст. у Германіі штаны тыпу шаравараў, якія спускаюцца мудрагелістымі складкамі амаль да шчыкалаткі. Вынаходнікам гэтай вопраткі ландскнехтаў называюць курфюрста Морыца Саксонскага. — Заўв. перакл.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY