Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Ірына БАГДАНОВІЧ

«ГЭТА ВЕЛЬМІ ВАЖНЫ ДЛЯ МЯНЕ АРТЫКУЛ...»

Фалькларысты і літаратуразнаўцы Арсень Ліс, Іван Цішчанка, Алесь Яскевіч, Алесь Адамовіч, Мікола Прашковіч. Мінск, 1971 г.

Артыкул Арсеня Сяргеевіча Ліса «Аб менталітэце беларуса: на матэрыяле парэмій» быў перададзены мне аўтарам яшчэ ў 2015 г. у сувязі з праведзеным тады VI Міжнародным кангрэсам беларусістаў для публікацый у зборніку матэрыялаў кангрэса. Мною тады быў арганізаваны тэматычны блок, прысвечаны мемуарнай літаратуры, а паколькі ў друку ўжо з’яўляліся вельмі цікавыя фрагменты ўспамінаў Арсеня Сяргеевіча, мне вельмі хацелася, каб і ён — наш найаўтарытэтнейшы і найвыбітнейшы даследчык, добры дарадчык і старэйшы сябра ледзьве не ўсіх творчых асобаў з майго пакалення, працамі якога мы зачытваліся і на якіх узрасталі як навукоўцы, — далучыўся да гэтага блоку, узмацніў яго навуковы і дыскусійны патэнцыял. Арсень Сяргеевіч, як заўсёды, падтрымаў маю ідэю, падзякаваў за запрашэнне і папрасіў залучыць яго ў дыскутанты. Стан здароўя ўжо на той час не дазволіў яму прыняць непасрэдны ўдзел у працы кангрэса, але ў тэлефонных размовах ён цікавіўся тым, як праходзіў кангрэс, як быў успрыняты тэматычны блок, прысвечаны мемуарыстыцы, што было найцікавейшага і новага. Ён паабяцаў даць для матэрыялаў кангрэса артыкул, над якім толькі што закончыў працу і лічыў вельмі важным для разумення спецыфікі менталітэту беларусаў. Неўзабаве я і атрымала ад яго артыкул «Аб менталітэце беларуса: на матэрыяле парэмій», аднак выданне матэрыялаў кангрэса адкладвалася…

Канец траўня гэтага года прынёс горкую вестку — Арсень Сяргеевіч адышоў у вечнасць. Толькі за тыдзень да гэтага ён званіў мне і, як заўсёды, у сардэчнай размове пытаўся пра справы, пра навіны навуковага і літаратурнага жыцця, цікавіўся творчымі планамі. Я, як заўсёды, была ўдзячная Арсеню Сяргеевічу за гэтую шчырую цікавасць, за падтрымку, за слушныя парады і настаўленні. Хацелася дзяліцца з ім сваімі думкамі і раіцца, слухаць ягоны ціхі, поўны чуласці і спагады голас — голас Настаўніка, Дарадцы і Сябра. Пасля размоваў з ім, здавалася, вырасталі крылы, адкрываліся далягляды, з’яўляўся гарт для новых навуковых пошукаў. У той апошняй размове Арсень Сяргеевіч павіншаваў мяне з выхадам кнігі вершаў Габрыэлі Пузыні ў маім перакладзе, якая акурат перад гэтым пабачыла свет у выдавецтве «Про Хрысто». Я паабяцала перадаць яму кнігу, як толькі вазьму ў выдавецтве асобнікі, і мы яшчэ пагаварылі пра верагоднасць таго, што, па маёй версіі, Габрыэля Пузыня магла быць аўтаркаю беларускай паэмы «Мачаха». Арсень Сяргеевіч распытваў пра мае аргументы, лічыў іх слушнымі і раіў працягваць пошук.

У канцы размовы ён запытаўся пра лёс свайго артыкула, які даўно аддаў для друку, і пасля паўзы з сумам дадаў: «Я хацеў бы пабачыць яго надрукаваным яшчэ пры жыцці… Гэта вельмі важны для мяне артыкул…» Мне давялося бездапаможна апраўдвацца за нашу паважаную Міжнародную асацыяцыю беларусістаў і тлумачыць, што не па маёй віне (хоць, можа, часткова і па маёй таксама) выданне матэрыялаў кангрэса затрымліваецца, і я паабяцала, што з восені неадкладна займуся гэтым пытаннем разам з калегамі, каб выдаць урэшце той зборнік матэрыялаў. Арсень Сяргеевіч на гэта ціха сказаў: «Буду вельмі ўдзячны…»

Вельмі маркотна мне, што не паспела я выканаць свайго абяцання, як не паспела перадаць і кнігу вершаў Габрыэлі Пузыні… Спадзяюся, што не меў Арсень Сяргеевіч на мяне за тое крыўды, што здольны быў на разуменне і прабачэнне, бо меў вялікае сэрца, поўнае любові да нас, маладзейшых калегаў, імпэтных у сваіх памкненнях і абяцаннях, спраўдзіць якія, на жаль, не заўсёды паспяваем. Шчыра перапрашаю за тое дарагога Арсеня Сяргеевіча, лагодны і добразычлівы позірк якога адчуваю адтуль, з нябёснай вышыні. Упэўнена, што Арсень Сяргеевіч не стаў бы пярэчыць магчымасці апублікаваць свой артыкул у часопісе «Наша вера», зацікаўленым і ўдзячным чытачом якога з’яўляўся і існаванне якога лічыў вельмі важным у інтэлектуальнай прасторы сучаснай Беларусі, тым больш, што гэта не замінае публікацыі артыкула і ў тым зборніку, для якога ён прызначаўся, бо сапраўды гэта вельмі важны для ўсіх нас артыкул…

Ірына Багдановіч

Гл. таксама:
:: АБ МЕНТАЛІТЭЦЕ БЕЛАРУСА: НА МАТЭРЫЯЛЕ ПАРЭМІЙ ::


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY