Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Клайв Стэйплз ЛЬЮІС

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ

Працяг. Пачатак у № 2 (64)/2013.

Раздзел VI
Міласэрная любоў

Можна зразумець, як дасягнуць гэтага, на прасцейшым прыкладзе: паэт-кавалер, прыхільнік раялістаў, выпраўляючыся на вайну, звяртаецца да сваёй каханай:

«Я не кахаў бы цябе, дарагая, так моцна,
Не пакахаўшы гонар мацней»
1.

Ёсць жанчыны, для якіх гэтыя словы нічога не значаць. «Гонар» — яшчэ адна дурная мужчынская адгаворка, спроба апраўдацца, і таму яшчэ горшая здрада «закону любові». Лавліс2 жа можа ўпэўнена пра яго гаварыць, бо ягоная каханая таксама на баку раялістаў, і ёй не трэба тлумачыць, што такое абавязак гонару. Паэту не трэба «ненавідзець» і адварочвацца ад яе, таму што абое паслухмяныя аднаму закону. Яны загадзя дамовіліся і зразумелі адно аднаго. Лавліс не мусіў пераконваць каханую ў неабходнасці паверыць у гонар, калі ўжо неабходна было прыняць рашэнне. Гэтая папярэдняя дамоўленасць вельмі важная, калі нас кліча не гонар, а нешта непараўнальна большае. Калі настане крызіс, позна будзе гаварыць жонцы, мужу, маці або сябру, што вашая любоў заўжды па змоўчанні належала найперш Богу, і вы любілі іх, пакуль гэта дазваляла найвышэйшая Любоў. Неабходна папярэджваць загадзя, вядома ж, не прамым тэкстам, а раз’ясняючы свае прынцыпы ў тысячы размоваў, тысячы рашэнняў па іншых, дробных справах. Нязгоду па гэтым пытанні неабходна выявіць на самым пачатку, каб у такім выпадку наогул не дапусціць сяброўства або жаніцьбы. Найлепшая любоў — не сляпая. Олівер Элтан3, распавядаючы пра Карлайла і Мілла4, сказаў, што яны не маглі сысціся ў поглядах на справядлівасць, і гэтая нязгода, натуральна, стала для іх фатальнаю, «як для любога сапраўднага сяброўства». Калі каханы або каханая сур’ёзна лічаць, што «ўсё мусіць быць дзеля любові», і жывуць адпаведна гэтаму прынцыпу, не варта прымаць гэтую любоў, бо яна няправільна суадносіцца з Любоўю, якою ёсць Бог.

Цяпер мы з вамі падышлі да апошняга пралёту крутых сходаў, якія мусіць пераадолець гэтая кніга. Нам неабходна больш цесна, чым дагэтуль, звязаць чалавечыя пачуцці і ўчынкі, якія мы называем праявамі «любові», з самой Любоўю-Богам. Вядома, гэтыя ўдакладненні застаюцца толькі мадэллю, сімвалам, іх мала, каб асвятліць для нас доўгую перспектыву, і нават у ходзе таго, як мы да іх звяртаемся, ім патрэбная папраўка паводле іншых мадэляў. Самы мізэрны чалавек у стане Божай ласкі можа атрымаць досвед пазнання праз знаёмства, перажыванне, адчуванне, можа нібы «пакаштаваць» крыху Самой Любові, але нават найвышэйшы і наймудрэйшы святы не здольны напрамую ведаць Таго, Які Ёсць. Мы можам толькі выкарыстоўваць аналогіі. Гэтак жа мы не бачым самога святла, але дзякуючы яму наогул можам бачыць. Гаворачы пра Бога, мы выкарыстоўваем паняцці з іншых галінаў ведаў, якія адкрыла нам Боскае святло. Я пачынаю размову з такімі перасцярогамі, таму што далей мае тлумачэнні і спробы выказвацца як мага ясней (і не занадта доўга і нудна) могуць стварыць у чытачоў памылковае ўражанне, што я цалкам упэўнены ў тым, што кажу. Я быў бы вар’ятам, калі б гэта было так. Лепш успрымаць усё, напісанае ніжэй, як мае роздумы і летуценні, можна сказаць, як мой асабісты міф: калі штосьці з гэтага будзе вам карысна, карыстайцеся гэтым; калі нешта будзе здавацца недарэчным, проста забудзьцеся пра гэта.

Бог ёсць Любоў. І яшчэ: «У тым выявілася любоў, што не мы палюбілі Бога, а Ён сам палюбіў нас» (1 Ян 4, 10). Мы павінны пачынаць не з містыкі, не з любові стварэння да Стварыцеля, не з цудоўнага прадчування Нябеснага Валадарства, бачаннем якога Бог уганараваў некаторых людзей у зямным жыцці. Трэба пачынаць з сапраўднага пачатку — Любові як выяўлення Божай моцы, энергіі. Гэтая першая і галоўная Любоў — любоў-дар. Бог не мае голаду, які трэба насыціць, а мае толькі паўнату, якою Ён жадае падзяліцца. Дактрына, у якой сцвярджаецца, што ў Бога не было ніякіх патрэбаў ствараць нас, — не сухія схаластычныя выкладкі, яна мае неацэннае значэнне. Без яе нам не пазбегнуць памылковага мыслення пра Бога як пра «менеджара»: Істоту, чыя прырода, функцыя заключаецца ў «кіраванні» сусветам, як дырэктар кіруе школаю, а метрдатэль — гатэлем. Але ў Бога няма патрэбы быць Валадаром свету. У Ім самім, у Яго жыллі ў «краіне Святой Тройцы», Ён з’яўляецца Валадаром нашмат большай і велічнай дзяржавы. Заўсёды памятайма пра відзеж Юліяны Норвіцкай5, якая ўбачыла ў руцэ Божай нешта дробнае, нібы маленькі арэшак, і гэта быў увесь створаны свет. Бог, які ні ў чым не мае патрэбы, у сваёй любові паклікаў да існавання непатрэбныя стварэнні, каб любіць і ўдасканальваць іх. Ён ствараў сусвет, ужо прадчуваючы (ці, можа, лепш сказаць «адчуваючы», бо для Бога няма часу), як гудзе мушыны рой вакол крыжа; як зраненая спіна прыціскаецца да шурпатага дрэва; як цвікі прабіваюць нервовыя спляценні рук; як не хапае паветра, калі зняможанае цела дранцвее і правісае; як нясцерпны боль зноў і зноў пранізвае спіну і рукі, калі нарэшце ўдаецца ўздыхнуць. Даруйце мне такую біялагічную метафару, але Бог — як «арганізм-гаспадар», які дабравольна стварыў уласных паразітаў, даў нам жыццё, каб мы маглі сілкавацца Ім, выкарыстоўваць Яго для сябе. Вось гэта — любоў. Вось малюнак Самой Любові, вытоку ўсіх іншых. Бог, Стварыцель усяго прыроднага, уклаў у нашую істоту любоў-дар і любоў-патрэбу. Любоў-дар — натуральны вобраз Яго самога, блізкі Яму паводле падабенства, які не заўжды і не ў кожным чалавеку становіцца блізкасцю праз набліжэнне. Адданая маці, дабрадзейны начальнік, добры настаўнік могуць даваць і даваць, няспынна дэманструючы падабенства, але не набліжаючыся да Бога. Прыродная любоў-патрэба, наколькі я магу судзіць, не падобная да Любові-Бога. Яны суадносяцца як дзве процілеглыя рэчы: не так, як дабро, процілеглае злу, а як жэле на сподачку, процілеглае па абрысах форме, у якой яно застывала.

Аднак у дадатак да натуральных відаў любові Бог адорвае нас нашмат каштоўнейшым дарам або, паколькі наш розум схільны ўсё раскладаць па палічках, лепш сказаць — двума дарамі.

Ён перадае людзям частку ўласнай Любові-дару, адрознай ад натуральнай любові-дару, убудаванай у чалавечую натуру. Натуральная любоў-дар ніколі не жадае дабра ўлюбёнаму чалавеку дзеля яго самога. Кіруючыся ёю, мы схільныя навязваць тое дабро, якім самі можам адарыць, або тое, якога мы жадалі б для сябе, або тое, якое, паводле нашых уяўленняў, будзе карысным для іншага. А Боская Любоў-дар, Сама Любоў, якая дзейнічае ў чалавеку, — зусім не шукае ўласнай карысці і толькі жадае ўлюбёнай асобе самага лепшага. Да таго ж натуральная любоў-дар заўжды скіраваная на асобаў, якіх мы нейкім чынам лічым вартымі любові, да якіх нас прыцягвае прыязнасць або закаханасць, або агульны светапогляд, у крайнім выпадку — на тых, хто заслугоўвае гэтага або можа быць нам удзячны, або тых, чыя безабароннасць кранае і не дае прайсці міма. А Боская Любоў-дар у чалавеку дае яму магчымасць любіць тых, каго проста так палюбіць немагчыма: пракажоных, злачынцаў, ворагаў, крэтынаў, цямцяў-лямцяў, фанабэрыстых і здзеклівых. У рэшце рэшт Бог парадаксальна адорвае чалавека здольнасцю адчуваць Любоў-дар да Яго самога. Вядома, у пэўным сэнсе не існуе нічога, што мы можам ахвяраваць Богу і што ўжо не належала б Яму; а калі ўсё належыць Яму, тады што мы аддаем? Аднак, паколькі мы можам адвярнуцца ад Бога, аддаліцца ад Яго воляю і сэрцам, у гэтым сэнсе мы можам і ахвяраваць іх Яму. Усё тое, што належыць Яму па праве і не магло б ні хвіліны існаваць, калі б не належала Яму (як песня ў вуснах спевака), Ён, аднак жа, зрабіў нашым, так, каб мы маглі дабравольна вярнуць гэта Яму. «Нашая воля ёсць нашаю для таго, каб стаць Тваёю». Да таго ж, як вядома ўсім хрысціянам, ёсць яшчэ адзін спосаб аддаваць Богу любоў: кожны незнаёмец, якога мы накормім ці апранем, — гэта Хрыстус. І гэта, несумненна, праява Любові-дару да Бога, усведамляем мы гэта ці не. Сама Любоў можа дзейнічаць у тых, хто нічога не ведае пра Бога. «Авечкі» з прыпавесці6 не мелі ніякага паняцця пра Бога, укрытага ў вязні, якога яны наведалі, і пра Бога, укрытага ў іх саміх падчас гэтай сустрэчы. (Я лічу, што ўся гэтая прыпавесць — пра суд над язычнікамі, бо яна пачынаецца са словаў: «Перад Ім сабраныя будуць усе народы», гэта значыць «язычнікі», «goyim».)

Кожны згодзіцца, што гэтая Любоў-дар у нас — плён Божай ласкі і павінна называцца міласэрнаю любоўю. Але ў дадатак я мушу падзяліцца думкаю, з якой няпроста будзе згадзіцца. Мне здаецца, Бог дае нам яшчэ два дары: звышнатуральную Любоў-патрэбу ў адносінах да Яго і звышнатуральную Любоў-патрэбу ў адносінах да бліжняга. Любоў-патрэба да Бога — гэта не тое, што любоў ацэнкі да Яго, дар сузіраць, адараваць Яго. Пазней я яшчэ скажу некалькі словаў пра гэты высокі, найвышэйшы дар. Я маю на ўвазе любоў, якая і не прэтэндуе на бескарыслівасць, усведамляючы сваё бяздоннае ўбоства. Як рака, якая сама пракладае сабе ложа, як чароўнае віно, якое, праліваючыся, само стварае для сябе келіх, Бог перамяняе нашую патрэбу ў Ім у Любоў-патрэбу. Яшчэ больш дзівіць, што Ён надзяляе нас звышнатуральнаю здольнасцю ўспрымаць міласэрную любоў ад бліжніх. Патрэба — пачуццё, блізкае да сквапнасці, а мы і так вельмі сквапныя істоты, таму падобны дар здзіўляе. Але я не магу выкінуць з галавы думку, што менавіта так усё і адбываецца.

Спачатку паразважайма над дарам звышнатуральнай Любові-патрэбы да Бога, якую мы атрымліваем дзякуючы Ягонай ласцы. Зразумела, Божая ласка не стварае ў нас патрэбу. Яна ўжо ёсць у нас, гэта аксіёма, як кажуць матэматыкі, абумоўленая самім фактам таго, што мы — створаныя істоты, а першародны грэх павялічыў яе ў мноства разоў. Ласка дае нам магчымасць цалкам прызнаць, адчуць, усвядоміць і прыняць (з некаторымі агаворкамі нават радасна прыняць) гэтую патрэбу, таму што без удзелу Божай ласкі нашыя жаданні і нашыя патрэбы знаходзяцца ў канфлікце.

Усе выразы нявартасці і мізэрнасці, якія хрысціянскія вернікі часта ўжываюць, гаворачы пра сябе, успрымаюцца светам як ліслівае прыніжанае скуголенне падхалімаў перад тыранам або, у лепшым выпадку, як устойлівыя фігуры маўлення, за якімі нічога не стаіць, падобна як кодэкс ветлівасці ў Кітаі патрабуе ад чалавека самапрыніжэння, каб ён называў сябе: «гэты неабазнаны невук». Аднак у рэальнасці гэта абсалютна неабходная нам спроба змагацца з памылковым успрыманнем сябе і сваіх адносінаў з Богам, якое няспынна ўзнікае ў нас нават падчас малітвы, бо так падказвае нам прырода. Як толькі мы пачынаем верыць, што Бог любіць нас, дык адразу гатовыя думаць, што Ён нас любіць не таму, што сам з’яўляецца Любоўю, а таму, што мы нечым заслужылі гэтую любоў. Язычнікаў гэта не бянтэжыць, яны заўжды лічылі, што добрага чалавека «любяць багі» за яго цноты. Мы больш вучоныя і спрабуем хітрыць. Мы нават і не думаем, што маем цноты, за якія Бог мог бы палюбіць нас. Але ж пры гэтым якая веліч у нашым пакаянні і пакоры! Баньян так апісваў сваё першае ілюзорнае навяртанне: «Мне здавалася, што няма ў Англіі чалавека, які б здолеў дагадзіць Богу больш, чым я». Пазбаўленыя гэтай ілюзіі, мы жадаем, каб Бог захапіўся нашаю пакораю. Ну сапраўды, гэта ж Яму спадабаецца? А калі не, то дакладна спадабаецца нашае пакорнае прызнанне, што пакоры ў нас мала. Такім чынам, у самых глыбокіх глыбінях нашага «я», прыкрытая мноствам тонкіх хітрых заслонаў, тоіцца думка аб нашай уласнай, цалкам нашай прывабнасці. Лёгка бывае прызнаць, але амаль немагчыма захоўваць у сабе ўсведамленне таго, што мы — толькі люстэркі, чый бляск, калі мы блішчым, з’яўляецца толькі адбіткам сонечнага святла, якое нас асвятляе. У нас жа проста павінна быць хаця б крыху ўласнага святла! Не можа быць, каб мы былі проста стварэннямі!

Гэтую заблытаную абсурднасць патрэбы, якая існуе ў нас, у тым ліку і любові-патрэбы, што ніколі да канца не прызнае ўласную прыроду, Божая ласка перамяняе так, што мы можам у поўні радасна прыняць сваю патрэбу, усцешыцца ўласнай залежнасцю. Мы становімся «вясёлымі жабракамі». Добры чалавек шкадуе за свае грахі, якія павялічылі ў ім патрэбу, але зусім не шкадуе, што ў ім узнікла гэтая новая патрэба. Таксама яму не балюча за нявінную дзіцячую патрэбу, якая з’яўляецца неад’емнаю часткаю прыроды кожнага стварэння. Увесь час нам не дае быць шчаслівымі ілюзія, за якую ўсімі сіламі чапляецца чалавечая натура, якую беражэ як найдаражэйшы скарб: прэтэнзія на тое, што мы маем ў сабе нейкае ўласнае дабро або здольныя ўласнымі сіламі хаця б гадзіну затрымаць у сабе тое дабро, якім Бог напаўняе нас. Мы падобныя да купальшчыкаў, якія імкнуцца стаяць хаця б на адной назе, хочуць хаця б адным пальцам трымацца за дно, баючыся адарвацца ад яго і аддацца раскошы і моцы хваляў. Калі мы рашымся разлучыцца са сваёю апошняю заяваю на ўласную свабоду і ўладу, і годнасць, то ў выніку атрымаем сапраўдную свабоду, уладу і годнасць, якія папраўдзе стануць нашымі, таму што будуць дадзеныя Богам і таму што мы будзем усведамляць, што ў пэўным сэнсе яны «не нашыя». Святло нарэшце выйдзе з ценю.

Але Бог перамяняе і нашую любоў-патрэбу адно да аднаго, і гэта патрабуе сапраўднай перамены. У рэальным жыцці ўсім нам час ад часу патрэбна і амаль заўсёды патрабуецца ад нас, каб міласэрная любоў, якая з’яўляецца праяваю Самой Любові ў іншых людзях, дапамагала любіць тое, што любові не варта. Нам неабходны гэты від любові, але не яго мы шукаем і прагнем у адносінах да сябе. Мы хочам, каб нас любілі за розум, прыгажосць, адвагу, шчырасць, здольнасці. Лёгкі намёк на тое, што нехта любіць нас міласэрна, гэтаю найвышэйшаю формаю любові, выклікае жудасны шок. Добра вядома, што нядобразычліўцы робяць выгляд, што любяць нас «міласэрна», менавіта таму, што ведаюць, як гэта раніць. Сказаць чалавеку, які чакае ад нас аднаўлення прыязных, сяброўскіх або любоўных адносінаў: «Я табе па-хрысціянску прабачаю» — гэта толькі спосаб працягнуць сварку. Несумненна, тыя, хто гаворыць так, ілгуць. Гэтыя словы, прамоўленыя няшчыра, каб параніць, не маглі б раніць, калі б прамаўляліся праўдзіва.

Прыняць і прымірыцца з тым, што нас любяць любоўю, якая не залежыць ад нашай прывабнасці, вельмі цяжка. Прывяду крайні прыклад. Уявіце, што ў хуткім часе пасля вяселля вас разбіў паралюш ад невылечнай хваробы, якая павольна забівае вас на працягу доўгіх гадоў, пакінуўшы ў поўнай бездапаможнасці і нікчэмнасці, і вы ляжыце, выклікаючы адну агіду і прыкрасць. Вы цалкам залежыце ад жончынага клопату, не могучы зарабляць на жыццё, і замест матэрыяльнай падтрымкі пазбаўляеце яе сродкаў на існаванне; ваш інтэлект слабне, вас трасуць прыпадкі некантраляванага шалу, вы не ў сілах пазбавіцца ад пастаяннай патрэбы ў нечым. І ўявіце, што клопат і шкадаванне вашай жонкі бязмежныя і невычэрпныя. Муж, які здолее ласкава іх прымаць, здолее прымаць усё, калі не ў стане нічога даць узамен; муж, які зможа нават устрымацца ад дакучлівага самаганьбавання, за якім насамрэч хаваецца толькі жаданне, каб яго прылашчылі і пераканалі, што ўсё ў парадку, робіць тое, чаго любоў-патрэба ў сваім натуральным стане не можа дасягнуць. (Несумненна, што і жонка ў гэтай сітуацыі робіць тое, што немагчыма для натуральнай любові-дару, але мы цяпер гаворым не пра гэта.) У падобным выпадку прымаць міласэрнасць цяжэй і, магчыма, больш благаслаўлёна, чым даваць. Але прынцып, які мы бачым у гэтым крайнім прыкладзе, з’яўляецца ўніверсальным. Мы ўсе атрымліваем міласэрную любоў. У кожным з нас ёсць нешта, што нельга любіць само па сабе. Ніхто не вінаваты, што не можа палюбіць не вартае любові. Толькі вартае можна палюбіць натуральным чынам. Што датычыць іншага, можна з гэткім жа поспехам прасіць людзей палюбіць заплеснявелы хлеб або гук механічнай дрэлі. Нам можна прабачыць, нас можна пашкадаваць і міласэрна любіць, насуперак не вартым любові рэчам, якія ў нас ёсць, толькі дзякуючы міласэрнай любові і ніяк інакш. Усе, хто мае добрых бацькоў, жонак, мужоў або дзяцей, могуць быць упэўненыя, што час ад часу, а магчыма і заўжды, у тым, што датычыць нейкай адной непрыемнай рысы або звычкі, яны атрымліваюць міласэрную любоў не таму, што вартыя любові, а таму, што ў тых, хто любіць іх, дзейнічае Сама Любоў.

Такім чынам Бог, якога прымае чалавечае сэрца, перамяняе не толькі любоў-дар, але і любоў-патрэбу, не толькі любоў-патрэбу да Яго, але і нашую ўзаемную любоў-патрэбу да іншых людзей. Вядома, можа здарыцца і інакш. Бог можа пажадаць ад нас выканання страшнай місіі, пажадаць, каб мы цалкам адмовіліся ад патрабаванняў натуральнай любові. Высокае і страшнае пакліканне, падобнае да Абрагамавага, можа змусіць чалавека павярнуцца спінаю да ўласнага народа і бацькоўскага дома. Магчыма, давядзецца ахвяраваць закаханасцю, якую мы адчуваем да асобы, якую нам нельга кахаць. Праз гэта цяжка прайсці, але саму неабходнасць можна лёгка зразумець. Цяжка бывае ўбачыць, што перамена патрэбная і тады, калі натуральная любоў сама па сабе добрая і дазволеная.

У гэтай перамене Боская любоў не замяняе натуральную, нам не трэба пазбаўляцца ад срэбра, каб вызваліць месца для золата. Натуральныя віды любові пакліканыя прыпадобніцца да міласэрнай любові Божай, але ў той жа час заставацца самімі сабою.

Некаторыя могуць убачыць у гэтым рэха або адгалосак ці вынік самога Уцелаўлення. Гэта не дзівіць, бо Аўтар у абодвух з’яваў адзіны. Хрыстус — дасканалы Бог і дасканалы Чалавек, і натуральныя віды любові пакліканыя стаць дасканалаю міласэрнаю любоўю і давесці да дасканаласці ўласную натуру. Бог становіцца чалавекам, «не ператвараючы Боскае ў цялеснае, а ўбіраючы чалавечае ў Боскасць». Гэтак і тут: міласэрная любоў не праяўляецца ў адной толькі натуральнай любові, а ўзнімае і ўбірае ў сябе натуральную любоў, становячыся настроеным інструментам, падуладным Самой Любові.

Як гэта можа адбывацца, ведае большасць хрысціянаў. Кожны ўчынак, зроблены з натуральнай любові (апроч граху) у адпаведны час становіцца справаю радаснай, адкрытай і ўдзячнай любові-патрэбы або бескарыслівай і ненавязлівай любові-дару, а абедзве яны з’яўляюцца праяваю міласэрнай любові. Нішто не можа быць занадта банальным і дробным ці занадта жывёльным для падобнай перамены. Гульня, жарт, вечар, каб разам выпіць па кілішку, звычайная гутарка, шпацыр, пацалунак або інтымны акт могуць стаць спосабам, якім мы прабачаем або прымаем прабачэнне, «не шукаючы свайго». Такім чынам у саміх нашых інстынктах, жаданнях і забавах Бог-Любоў рыхтуе «цела» для сябе самога.

Але я сказаў: «у адпаведны час». Гадзіны хутка прамінаюць. Поўная і бяспечная перамена натуральнай любові ў праяву міласэрнай любові — такі складаны і карпатлівы працэс, што чалавек з ягонаю грэшнаю прыродаю не здольны, напэўна, нават наблізіцца да гэтага ідэалу. Аднак Божы закон няўмольна сцвярджае, што так павінна адбывацца.

Пераклад з англійскай мовы
Юліі Шэдзько.

Паводле: «The four loves»,
C. S. Lewis, 1958.

Працяг будзе.


  1. З верша Р. Лавліса «Лукасце, ідучы на вайну» (1649).
  2. Рышард Лавліс (Richard Lovelace, 1617–1657) — англійскі паэт-кавалер, раяліст, прыхільнік караля Карла І, які выступаў на ягоным баку.
  3. Олівер Элтан (Oliver Elton, 1861–1945) — англійскі літаратурны крытык, біёграф і перакладчык, прафесар Ліверпульскага ўніверсітэта.
  4. Томас Карлайл (Thomas Carlyle, 1795–1881) — англійскі гісторык; Джон Мілл (John Mill, 1806–1873) — англійскі філосаф.
  5. Юліяна Норвіцкая (Julian of Norwich, 1343–1420) — англійская містычка, пісьменніца, якая апісала свае відзежы ў кнізе «Аб’яўленні Боскай любові» (Revelations of Divine Love).
  6. Мц 25, 31-36.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY