Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Ірына ЖАРНАСЕК

«СЁННЯ ІМЯ МАЁ ЦІХА ПРАМОВІЎ...»

Пакліканне. Той, хто зведаў у сваім жыцці пакліканне і меў адвагу адказаць на яго згодаю, прайшоў праз гэтую, часта балючую, праблему: рэалізацыі паклікання на службе Божай і вернасці чацвёртай запаведзі Дэкалогу. А калі ў бацькоў трое дзяцей, і ўсе яны пачулі ў душы голас Божы?.. Такая сям’я ўзгадавалася ў Браславе — сям’я Буткевічаў.

Нялёгкае абранне

Мала хто з беларускіх католікаў не ведае сёння прозвішча біскупа Алега Буткевіча, ардынарыя Віцебскай дыяцэзіі, які ўжо больш за чатыры гады нясе сваё служэнне. Святарскае пасвячэнне ён прыняў у юбілейным 2000 годзе, 13 мая, у дзень успаміну Маці Божай Фацімскай. Разам з ім гэты дзень урачыста святкавалі і яго бацькі — Часлаў Францавіч і Іяланта Аляксандраўна Буткевічы, а таксама сёстры — Ганна і Ала: родныя сёстры не толькі па крыві, але і ў Хрысце, бо кожная ў свой час таксама атрымала ад Пана Бога пакліканне да манаскага служэння.

Ганна малодшая за свайго брата на год, але пачала служыць Богу раней за яго. Брат заканчваў інстытут у Мінску, а яна за той час хуценька скончыла прафтэхвучэльню, атрымала прафесію кандытара і аднойчы нечакана сказала бацькам, што не будзе яна працаваць тым кандытарам, а пойдзе ў ордэн сясцёр эўхарыстак. Пачуўшы гэта, маці ад страху заплакала. Як? Чаму менавіта яе дачка? І што гэта такое, той ордэн эўхарыстак?..

Быў канец васьмідзясятых гадоў. Сёстры з гэтага ордэну служылі на Браслаўшчыне ад пачатку яго заснавання, з 1924 года. Ды толькі з прыходам савецкай улады яны служылі патаемна, а таму і для большасці тутэйшых парафіянаў іх служэнне было таямніцаю. Яны мужна заставаліся вернымі Богу, а суседзі, сябры ды знаёмыя нават не здагадваліся пра гэта, бо яны не насілі габітаў, знешне нічым не вылучаліся сярод іншых вернікаў. І вось худзенькая, нясмелае дзяўчо з сям’і Буткевічаў ішло ў тое невядомае! Што праўда, ішла не адна, а разам з вернаю сяброўкаю, Тоняю Багдановіч, але ж што іх чакала на тым невядомым шляху? Дык і плакала маці, і баялася, і трымцела ў трывозе матчына сэрца. Разам з ёю ўстрывожыўся і бацька.

Яны абое былі вернікамі. У часе гэтак званай перабудовы здарыўся з Чаславам Францавічам такі красамоўны выпадак. Выклікала камуніста Часлава Буткевіча начальства ды пачало сурова ўшчуваць: «Тваіх дзяцей нашы бачаць у касцёле! Чаму ты, камуніст, дазваляеш такое?» А Часлаў Францавіч і сам не цураўся касцёла: шлюб браў з Іялантаю, дзяцей хрысцілі, да споведзі хадзілі. Адно што патаемна рабілі гэта. Ды вось прыйшоў час сказаць пра свае адносіны з Богам уголас. Дык і сказаў: «Калі мае дзеці ідуць у касцёл, я спакойны. Я ведаю, што з імі там нічога кепскага не здарыцца. А таму і забараняць ім хадзіць у касцёл не буду!» Сказаў і паклаў на стол партбілет. Гэта быў учынак, які патрабаваў ад спадара Часлава мужнасці.

Адна справа — практыкаваць веру, як і ўсе вернікі, і іншая, калі тваё дзіця ідзе служыць Богу выключным чынам. Дык і плакалі бацькі, і перажывалі, але дачцэ Ганне сказалі так: «Гэта тваё жыццё. Сама мусіш і вырашаць свой лёс».

І дачка вырашыла. Праўда, не сама, а проста зрабіла так, як таго пажадаў Пан Бог — у гэтым яна ні кроплі не сумняваецца. Ці пашкадавала пазней? На пытанне пра гэта адказала шчыра:

— Ведаеце, манаскае жыццё няпростае. За 25 гадоў у законе ўсяго было: падступаліся і сумненні, і трывогі, і расчараванні ў нечым. Але з Богам можна пераадолець усё. Я заўсёды ведала — мама за мяне моліцца, тата таксама падтрымлівае малітвай, а гэта — вялікая сіла.

Так, духоўная падтрымка бацькоў патрэбная нам заўсёды, дзе б мы ні жылі, чым бы ні займаліся. Але асабліва яна патрэбная тым дзецям, якія ўзялі на сябе ношу выключнага служэння Богу ў святарскім альбо манаскім служэнні.

Следам за сястрою на шлях святарства неўзабаве пайшоў і брат Алег.

— Няпроста было сказаць бацькам пра сваё рашэнне ісці ў духоўную семінарыю? — пытаюся ў біскупа Алега Буткевіча.

— Вядома, было трохі перажыванняў, — адказаў з усмешкаю. — Ды я ўдзячны бацькам за тое, што яны зразумелі мяне, хоць і далося ім гэта нялёгка…

Як гэта сумясціць?

Жыццёвы досвед у справе рэалізацыі паклікання ў біскупа Алега Буткевіча немалы. І таму задаю яму лагічнае пытанне пра тое, як жа сумясціць верніку на практыцы гэтыя два паняцці: пакліканне і чацвёртую запаведзь? І атрымліваю вось такі адказ:

— У прынцыпе гэтыя паняцці не павінны адно другому супярэчыць. Калі чалавек мае ў душы зерне паклікання, то ён яшчэ больш уражліва будзе імкнуцца захаваць, выканаць Божыя запаведзі. Больш за тое, з цягам часу ён пачынае глыбей разумець, што ў яго пакліканні ёсць вялікая доля заслугі бацькоў, якія яго выгадавалі і выхавалі, бо пакліканне абапіраецца на чалавечыя якасці, прывітыя з маленства. Я, напрыклад, бязмежна ўдзячны сваім бацькам менавіта за гэта. Не, яны не былі ідэальнымі выхавацелямі: як і кожны чалавек мелі і свае памылкі, і хібы, але тое, як яны давалі і даюць сабе з гэтым рады, не магло не ўплываць на нас, дзяцей. А калі браць духоўны аспект, то нам, дзецям, было з каго браць прыклад у сям’і. Савецкі час, як вядома, не спрыяў хрысціянству. Але тыя, хто хацеў прывіць хрысціянскія каштоўнасці сваім дзецям, змагаліся за гэта. Перад намі быў прыклад малітвы і практыкавання веры нашымі бацькамі. Шчыра кажучы, я і сёння вучуся ў іх адносінам з Богам. Для мяне як для святара, а цяпер ужо і біскупа, яны — мая духоўная падтрымка. Не сумняваюся, што і для Ганны з Алаю — гэтаксама, хоць зразумела, што тата з мамаю і надалей застаюцца звычайнымі людзьмі са сваімі праблемамі, недахопамі, пытаннямі і нават непаразуменнямі. Словам, усё як і ва ўсіх людзей (смяецца).

Ну а што тычыцца выканання асабіста мною чацвёртай запаведзі, то магу дадаць, што я стараюся быць для іх добрым сынам.

— І атрымліваецца? — перапытваю біскупа і чую адказ:

— Мушу прызнацца — не заўсёды. Асабліва, калі ўлічыць тэмп майго сучаснага жыцця. Бывае, што патэлефанаваць маме забуду, а яна хвалюецца. З маладосці меў такую хібу: знікнуць кудысьці па сваіх справах, не папярэдзіўшы тату з мамаю. Ну а калі дадаць, што не ўсім, што перажываеш, можаш цяпер падзяліцца са сваімі роднымі… Але Пан Бог міласэрны, Ён і нас вучыць быць міласэрнымі, і гэта, вядома, дапамагае будаваць адносіны. Будаваць, прабачаць, любіць…

Сёстры

Найбольш складана было пайсці ў кляштар, мабыць, малодшай сястры — Але. Маці, Іяланта Аляксандраўна, нават паспрабавала тады ўшчуваць старэйшую дачку Ганну: «Ці не ты звяла і Алу?»

— А была доля праўды ў гэтым? — пытаю я праз 20 гадоў пасля тых падзеяў сястру эўхарыстку Ганну Буткевіч, якая служыць Богу цяпер у Полацку.

— Не, — адказвае пераканана, — я тут ні пры чым. Калі Бог кліча, то што ж ужо тут іншы чалавек? А я дык наадварот не жадала манаскай долі сваёй малодшай сястры. Любіла яе, шкадавала, а манаскі хлеб, як я яго ўжо зведала, несалодкі. Ну але што ж: з Богам змагацца — дарэмная рэч. Я, памятаю, думала, што калі Ала пайшла ў закон, то хоць бы нам не быць разам, каб не балела маё сэрца за яе. Але не атрымалася, нават давялося выхоўваць сваю малодшую сястру, калі яна была ў навіцыяце, а я тады была кіраўніцаю навіцыяту. Прыняла і гэта.

Калі Бог кагосьці пакліча…

Дык як жа нам, звычайным вернікам, навучыцца прымаць Божае пакліканне? Няпростае пытанне. Для кожнага чалавека яно вырашаецца па-свойму. Гатовых «рэцэптаў» тут быць не можа. І ўсё ж прашу на завяршэнне нашай гутаркі біскупа Алега Буткевіча даць колькі пастырскіх парадаў тым сем’ям, у чый дом Бог пастукаўся з запрашэннем ісці за Ім.

— Вельмі важна прыняць гэта ў веры, — сказаў біскуп Алег Буткевіч. — Бо без веры, без удзячнасці Богу і пакоры перад Ім можна нарабіць шмат памылак. Бог у сваім Провідзе, калі стварае чалавека, напэўна, і вызначае для яго будучы шлях.

Цяжкасці, праблемы могуць сустрэць чалавека ўсюды, чым бы ён ні займаўся. Але калі чалавек мае давер да Бога, ён будзе шчаслівы на тым месцы, на якое запрасіў яго Бог. Тады ж і будзе шчодры плён яго жыцця.

Вера і малітва — вось што патрэбна для кожнай сям’і. Важны таксама ўзаемны давер. Бацькі вельмі часта перакананыя, што яны найлепш ведаюць, дзе, з кім, на якой працы іх дзеці будуць шчаслівыя. Але гэта не так. Ніводзін чалавек не можа прайсці за кагосьці ягоны жыццёвы шлях, а таму і прымаць адказныя рашэнні павінны кожны сам за сябе. Параіцца — так, але рашэнні трэба прымаць самастойна, каб не атрымалася, што бацькі, абараняючы сваё дзіця ад цяжкасцяў, пачалі змагацца з Богам. Важна памятаць: дзеці — не ўласнасць бацькоў, яны належаць Богу. Касцёл жа ў сваёй прадбачнасці дае чалавеку час для распазнання паклікання. Можа так здарыцца, што чалавек памыліўся і ў выніку вярнуўся з семінарыі альбо з кляштара. І што ж? Трагедыі ў гэтым няма. Бог прапануе нам шмат шляхоў. Нам жа важна навучыцца чуйна распазнаваць іх, з удзячнасцю прымаць запрашэнне Божае, а калі штосьці не атрымаецца і пойдзе не так, Бог не перастане любіць сваё дзіця, па якой бы дарозе яно ні пайшло. Абы толькі гэты шлях меў Божы кірунак.

Ірына Жарнасек.

На здымках: біскуп Алег Буткевіч
у часе свайго біскупскага пасвячэння
разам з бацькамі і сёстрамі.
Фота Міколы Новікава.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY