|
|
№
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю
Вялікія містыкі
Пераклады
Постаці
Спадчына
Асобы
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія
Мастацтва
Паэзія
Проза
Мастацтва
Музыказнаўства
Архітэктура
|
Лагоднасць — адна з найбольш чароўных духоўных цнотаў чалавека, адно з васьмі благаслаўленняў. Яе цяжка дасягнуць, і пры гэтым яна часта церпіць нападкі. Не таму, што яна штосьці хавае. Не, не хавае, але абуджае. Адбірае ўпэўненасць у занадта ўпэўненых, а перад мыслярамі ставіць яшчэ больш пытанняў. Абуджае. Гэта добрае слова. Пасляваенныя назарэтанкі ў сваім сямейным жыццяпісе даюць апісанне мучаніцтва сясцёр з Наваградка. Адам Стыка намаляваў у 1948 г. у Філадэльфіі абраз, рэпрадукцыі якога абляцелі ўвесь свет. Творчае бачанне мастака задавольвала ўяўленне многіх пакаленняў. Світанак, яма, жоўты пясок, крыж паміж ка́тамі і ахвярамі. Бесчалавечнасць карнікаў і звышчалавечая сіла ў постацях асуджаных. Нядрэнную копію абраза наваградскіх мучаніцаў Стыкі я ўпершыню ўбачыла, калі была ў навіцыяце ў назарэтанак у Астшэшаве, дзе знаходзілася як кандыдатка да ўступлення ў супольнасць. Не памятаю, каб абраз зрабіў на мяне нейкае духоўнае ўражанне: я адчула толькі злосць на «злога немца», літаратурны стэрэатып якога аўтаматычна аднавіўся ў галаве выпускніцы. Толькі з цягам часу прыходзіла разуменне таго, што не пра немца тут гаворка, і з часам нараджалася пытанне: а пра што тут увогуле? Іншая версія наваградскай гісторыі, беатыфікацыйная, пэндзля Ежы Кумаля (Кракаў, 1998) адпавядае рэаліям гэтага працэсу. На крылах вэлюму, на хмарах, над фараю — мучаніцы ў славе! Стэла, пуцяводная зорка супольнасці, з даверам і моцаю вядзе сваіх сясцёр, ды ўжо не на пакуты, але ў ззянне Уваскрасення. «Адкуль у іх былі сілы, каб ахвяраваць сабою ўзамен на ўратаванне жыцця зняволеных жыхароў Наваградка?» — пытаўся Святы Айцец у час іх беатыфікацыі. Адкуль яны чэрпалі адвагу, каб у супакоі прыняць гэты люты і несправядлівы смяротны прысуд? Пытанне намесніка Хрыста на плошчы св. Пятра прагучала з пакораю і было глыбока чалавечным. Адкуль гэтая сіла, каб згадзіцца на маўчанне? Як можна перамагчы страх перад цішынёю забыцця і не засумнявацца ў вечнай памяці Бога, калі ўсё падштурхоўвае засумнявацца, ці існуе Ён наогул?
У Наваградку 1 жніўня 1943 года загінула амаль уся супольнасць назарэтанак, далёкая ад найбліжэйшых дамоў кангрэгацыі на ўсходзе, такіх як дамы ў Гродне, Вільні, Львове. Згодна з парадаю сястры Стэлы, настаяцельніцы, да адзінаццаці выкліканых у камісарыят сясцёр не далучылася дванаццатая сястра — Малгажата. Яна працавала ў шпіталі, у свецкім адзенні, таму яе абыходзіла «ўвага» гестапаўцаў. Хіба ўжо тады, у прароцкім прадчуванні сястры Стэлы, яна стала тою, якую выбраў Бог, каб у свой час яна была Яго голасам у імя тых, хто спіць у супакоі? Пытанні Папы і нашыя пытанні, справакаваныя смерцю мучаніцаў з Наваградка, часам невымоўныя і больш адносяцца да жыцця, чым да смерці. Кожная смерць, як бы парадаксальна гэта ні гучала, — гэта плод жыцця. Ласка мучаніцкай смерці — гэта дар, які немагчыма заслужыць. Яна даецца задарма, аднак ёй патрэбны асяродак, дзе яе прымуць і рэалізуюць. Мудрасць, якая з’яўляецца плодам чалавечай сталасці, і вера, якая парадкуе чалавечыя адносіны, і ёсць тым асяродкам. У дачыненні да наваградскіх назарэтанак былі выкананы ўсе ўмовы беатыфікацыйнага працэсу, каб яны атрымалі званне мучаніцаў. Яны жылі вераю і для ўсіх былі носьбітамі хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія знішчаліся паводле гітлераўскіх планаў. Яны не ўдзельнічалі ні ў якой палітычнай ці падпольнай працы. Яны не дзялілі людзей на сваіх і на ворагаў. Затое дзяліліся ўсім, што мелі: хлебам і малітваю, штодзённа рэалізуючы запаведзь любові. Калі маланка арыштаў ударыла ў наваградскія сем’і і наступным павінен быў пацярпець апошні святар, яны звярнуліся да здаровага сэнсу. «Мой Божа, калі патрэбная ахвяра жыцця, няхай лепш расстраляюць нас, чым тых, у каго ёсць сем’і»... І далей: «Ксёндз патрэбны больш, чым мы», — робіць мудрую выснову сястра Стэла ад свайго імя і імя супольнасці. Кранальныя разважанні Стэлы перад Богам — гэта нават не малітва. Гэта разважанні любові, супольнае рашэнне ў сітуацыі, калі трэба было дзейнічаць. «Трэба выбраць найменшыя страты», — рашаецца сказаць сястра, якая жыла на ўзор Найсвяцейшай Сям’і, як яе называлі, «мама» наваградскай моладзі. Кангрэгацыя захоўвае ў сваіх архівах інфармацыю і ўспаміны пра кожную з мучаніцаў. Старэйшай было 55, а малодшай — 27 гадоў. Чатыры з іх яшчэ не прынялі вечных манаскіх абяцанняў. У трох сясцёр была педагагічная і настаўніцкая падрыхтоўка. Каля некалькіх прозвішчаў пазначана: «Не атрымала ніякай прафесіі». Сёстры з Наваградка не былі нейкімі незвычайнымі. Яны ўтваралі звычайную супольнасць, падобную да многіх іншых. Сустрэўшы цвёрдае непрыманне з боку шматрэлігійнага насельніцтва Наваградка, яны прайшлі выпрабаванне: сёстры адчынілі інтэрнат для моладзі, пасля — агульнаадукацыйную школу, і пачалі працаваць у «Міцкевічавай» фары.
Сёстры жылі з працы сваіх рук, даглядалі вялікі сад, мелі гаспадарку. Будучыя мучаніцы ведалі кошт штодзённым добрым учынкам, нягледзячы на цяжкасці. Яны жылі пад адным дахам, елі агульны хлеб, адрозніваліся толькі характарамі і абавязкамі. Былі сярод іх мацнейшыя фізічна, але былі і хворыя. Падобныя да нас, але іншыя. Тое, што іх адрознівае і чаго яны дасягнулі ў вялікай ступені, — гэта еднасць у найважнейшых справах. Адзінадушнасць у апошнім выбары і разуменні сапраўдных каштоўнасцяў утрымала іх разам да канца... да сораму столькіх «святых», якія растрачваюць свой і чужы час на змаганне за другасныя рэчы. Беатыфікацыя адзінаццаці сясцёр — падзея, якая выклікае рэзананс на некалькіх узроўнях: нацыянальным, касцёльным, асабістым. Давяраючы да канца Вечнай Любові, гэтыя веруючыя жанчыны сцішыліся перад Богам да мяжы свайго знішчэння. Яны аддаліся найперш Яго міласэрнай волі, а пасля з годнасцю пайшлі пад агонь куляў. Яны прабачылі ка́там яшчэ перад тым як ахвяравалі сабою. Такім глыбокім было іх разуменне чалавека, які часта не ведае, што робіць, такою неабсяжнаю была іх свабода. Яны паміралі на каленях, са складзенымі рукамі. 5 сакавіка 2000 года ў Сталіцы сталіцаў, у Рыме, была абвешчана слава беларускага Касцёла. Акроплены мучаніцкаю смерцю, ён абуджаўся ў чарговы раз. Спяваў. 5 сакавіка 2000 года радасна святкавалі і ўсе назарэтанкі. Вобраз іх сучасных супольнасцяў адбіўся і ў благаслаўлёнай супольнасці з Наваградка — найлепшай спадчыне ўсёй кангрэгацыі, як сказаў Папа. 5 сакавіка 2000 года шмат людзей пачула, што святасць — гэта натуральнае імкненне душы кожнага чалавека і яе самай глыбіннай сутнасці. Адкуль яны бралі сілы? І адкуль мы павінны браць сілы для выхавання саміх сябе? Сілы, або здольнасць, або ласку дае Бог. Больш за тое, Ён сам з’яўляецца сілаю, і Ён робіць так, што мы можам бясконца аддаваць саміх сябе. Шляхам служэння ў штодзённасці ажно да апошняга акорду — ахвяравання свайго жыцця. Сястра Бажэна Анна Фляк CSFN. Пераклад з польскай мовы Вольгі Качалкі.
Бажэна Анна Фляк CSFN — сястра назарэтанка, вядомая польская паэтка. Нарадзілася ў 1950 годзе ў Сачыне, недалёка ад Каліша (Польшча). Пасля заканчэння ліцэя ў Калішы ўступіла ў Кангрэгацыю сясцёр Святой Сям’і з Назарэта. У Люблінскім каталіцкім універсітэце вывучала паланістыку і тэалогію. Пасля заканчэння ўніверсітэта выкладала польскую літаратуру і мову ў прыватным ліцэі назарэтанак у Варшаве. У ЗША атрымала адукацыю ў сферы душпастырскага служэння. У 1992–1998 гг. была настаяцельніцаю Варшаўскай правінцыі сясцёр назарэтанак, да якой у той час адносіліся таксама назарэтанскія супольнасці Беларусі. На працягу 9 гадоў была асістэнткаю генеральнай настаяцельніцы назарэтанскай кангрэгацыі ў Рыме. Сябра Саюзу польскіх пісьменнікаў у замежжы, аўтарка васьмі кніг прозы і паэзіі.
|
|
|