Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура


Галерэя - дадатак да артыкула
Вячаслаў МАЗАЛЕЎСКІ

РОСПІСЫ ФАРНАГА КАСЦЁЛА БОЖАГА ЦЕЛА Ў НЯСВІЖЫ

У ХVІІІ ст. беларуская культура развівалася ў складаных умовах. Гэта было звязана з асаблівасцямі грамадска-палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага жыцця Рэчы Паспалітай, у склад якой уваходзілі беларускія землі. Айчынная культура ў гэты час развівалася няроўна і неаднолькава, асабліва ў мастацкіх стылях. Да сярэдзіны ХVІІІ ст. тут вызначальную ролю адыгрывала барока, але з 1740—1750-х гг. у мастацкую практыку пачаў актыўна ўваходзіць напрамак ракако, а ў канцы стагоддзя з’явіўся класіцызм. Уся другая палова ХVІІІ ст. пазначана суіснаваннем у беларускім мастацтве названых стыляў і кірункаў.

У гэты перыяд важную ролю ў развіцці культуры пачалі адыгрываць буйныя магнацкія маёнткі-рэзідэнцыі. Сярод такіх цэнтраў вылучаецца, у першую чаргу, Нясвіж, дзе быў заснаваны тэатр, збіралася бібліятэка, архіў, была створана карцінная галерэя, сабраны калекцыі археалагічнага і этнаграфічнага характару, будаваліся і аздабляліся фрэскамі велічныя храмы.

Роля манументальных роспісаў у інтэр’ерах храмаў была надзвычай вялікаю. Лепшыя прыклады такіх твораў паказваюць іх здольнасць аб’ядноўваць у адзіны мастацкі вобраз усе рашэнні інтэр’ера, даносіць да чалавека найважнейшыя ідэі хрысціянскага вучэння. Роспісы ХVІІІ ст. ужо не будаваліся па кананічных схемах, як гэта было ў ранейшыя часы, у іх больш свабодна трактаваліся евангельскія сюжэты, уключаліся гістарычныя сцэны, змяшчаліся нават партрэты вядомых асобаў. Найбольш значныя жывапісныя цыклы вызначаліся зададзенай праграмнасцю, дзе галоўная ідэя ўспрымалася ў супастаўленні ўсіх частак роспісаў.

Выдатным помнікам манументальнага жывапісу ў сталіцы некаранаваных каралёў Вялікага Княства Літоўскага — Радзівілаў, з’яўляюцца роспісы нясвіжскага фарнага (да 1772 г. езуіцкага) касцёла Божага Цела, выкананыя ў 1751—1753 гг. Ксавэрыем Дамінікам Гескім з памочнікамі.

Па пластычным і вобразным вырашэнні, трактоўцы асобных сцэн, насычанасці выяваў сімваламі, алегарычнымі ўвасабленнямі фрэскі нясвіжскага касцёла адлюстроўваюць позні этап стылю барока. Але ў іх дастаткова адчувальныя настроі класіцызму, якія можна заўважыць у большай яснасці, стрыманасці кампазіцый, некаторым лаканізме формаў, узнёсласці характарыстык. Гэтыя рысы маглі з’явіцца і ў выніку панаўлення пачатку ХХ ст., аднак ацаніць ступень умяшання майстроў, якія працавалі тады ў касцёле, вельмі цяжка.

Сістэма роспісаў храма даволі складаная. Яна ўключае больш за 40 кампазіцый: шматлікія выявы асобных фігураў, архітэктурных формаў, а таксама імітацый у тэхніцы грызайля скульптурнага дэкору. Яе пабудова пачынаецца з алтара, дзе змешчаны вялікі алтарны абраз «Тайная Вячэра», выкананы Ксавэрыем Дамінікам Гескім. Тут задаецца галоўная тэма манументальнага ансамбля — ахвяраванне, Эўхарыстычная таямніца, якая знайшла далейшае развіццё ў роспісах. У прасторы ад конхі да перакрыжавання трансепта змешчаны сцэны сімвалічнага ахвяравання, барацьбы нябесных сілаў са злом, якія завяршаюцца алегарычнай выяваю трыумфу Каталіцкага Касцёла. У першай паказаны анёлы, якія трымаюць ягня над ахвярнікам, у другой — барацьба анёлаў на чале з арханёлам Міхалам з дэманамі, якія падаюць у пекла. Кампазіцыя вылучаецца асаблівай дынамікай і складанымі ракурсамі фігур.

Бліскучым адлюстраваннем асаблівасцяў барочнай мастацкай мовы з’яўляецца сцэна, дзе паказаны трыумф Касцёла, вобраз якога ўвасоблены ў выглядзе маладой жанчыны з папскай тыярай на галаве. Да яе набліжаюцца фігуры, якія сімвалізуюць іншыя веравызнанні — юдаізм і іслам. У роспіс уключаны дэталі, закліканыя дадаткова тлумачыць і дапаўняць змест сюжэта: грубая вопратка персафінікаваных асобаў, келіх у руцэ жанчыны, з якога б’е маланка, талерка з хлябамі, сімвалічнае ўвасабленне веры ў выглядзе выявы якара. Сэнс кампазіцыі складаецца са зместу, што ўкладваецца ў выявы асобных прадметаў, таму выяўленае раскрываецца ў апасродкавым выглядзе. Цэльнае ўяўленне ад роспісаў фарміруецца быццам з кавалачкаў мазаікі, у кожным з якіх заключаны свой змест.

Скляпенні трансепта з паўночнага боку распісаны сцэнамі, прысвечанымі Хрысту, з паўднёвага — Марыі. Паводле сімволікі архітэктуры каталіцкай базылікі, рукавы трансепта звычайна трактаваліся як раскінутыя рукі ўкрыжаванага Хрыста, таму кампазіцыям надаваўся асабліва важны сэнс. У трансепце знаходзяцца сцэны «Гэта маці», «Нараджэнне Хрыстова», «Пакланенне кантынентаў», «Саламон і царыца Саўская» (паўднёвы бок) і «Гэта чалавек», «Бічаванне Хрыста», «Абрагам вядзе Ісаака на ахвяру», «Ахвяраванне Абрагама» (паўночны бок).

На скляпеннях галоўнай навы, за падкупальнай прасторай, і на скляпеннях бакавых наваў змешчаны вялікі цыкл кампазіцый: «Сустрэча Абрагама і Мельхізэдэка», «Сон прарока Іллі», «Цуд у Эмаўсе», «Давід — псальмапевец», «Святая Цэцылія», «Прарок Ілля ў пустыні» і «Вяртанне блуднага сына». Апошняя кампазіцыя з’яўляецца шырокавядомым біблейскім сюжэтам, які набыў у касцёле новы сэнсавы кантэкст, бо ён паказаны ў атачэнні іншых выяваў, якія перагукаюцца з Эўхарыстычнай тэмай. На высокіх прыступках дома сядзіць старац з сівымі валасамі, які толькі што падняў з каленяў свайго сына, што вярнуўся да бацькі. Асаблівай выразнасцю вылучаюцца рукі старога: адной ён падтрымлівае сына, другой, адведзенай убок, імкнецца яго абняць. У гэтых руках, у персанажах біблейскай прыпавесці знаходзяць сцвярджэнне важныя ідэі не толькі аб усёдаравальнасці і бацькоўскай любові, але і аб пошуках чалавекам правільнага шляху ў жыцці. Кампазіцыя нараджае думку аб няпростых шляхах асобы да сапраўднай хрысціянскай веры.

У падкупальнай прасторы знаходзяцца дваццаць выяваў святых, айцоў Касцёла і Царквы — Аўгустына, Васіля Вялікага, Яна Златавуснага, Афанасія Александрыйскага, Грыгорыя Назіянзскага, святых Казіміра, Мікалая, Ганны, Тэафіла, Яўфіміі, Станіслава і інш. Кожная з іх — выкананая ў тэхніцы грызайль скульптура, змешчаная ў напісанай нішы. Жывапіс вельмі дакладны і прафесійны — ён не толькі перадае пластыку, але і ўлічвае характар натуральнага асвятлення. Ніжэй, на паверхнях ветразяў, у акружэнні архітэктурных формаў прадстаюць чатыры Евангелісты з кананічнымі для кожнага атрыбутамі.

Роспісы Нясвіжскага касцёла Божага Цела займаюць пачэснае месца ў гісторыі беларускай культуры. У іх увасобіліся галоўныя рысы манументальнага мастацтва ХVІІІ ст., асноўныя прынцыпы барока — яго сімвалічнасць, імкненне да алегорый, і іншасказальнасці. Аўтары фрэсак выкарысталі ілюзіяністычныя эфекты не толькі для таго, каб паказаць фігуры ў складаных ракурсах, але і для перадачы важнага сэнсу евангельскіх сцэнаў. Разам з тым роспісы дэманструюць увагу мастакоў да бытавых дэталяў — у іх шмат трапна перададзеных момантаў рэальнага жыцця, але гэта не перашкаджае аўтарам насычаць сцэны алегорыямі, сімваламі, іншаказаннямі, што характэрна для стылістыкі перыяду позняга барока.

Вячаслаў Мазалеўскі — старшы навуковы супрацоўнік
Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж».


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY