|
|
№
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю
Вялікія містыкі
Пераклады
Постаці
Спадчына
Асобы
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія
Мастацтва
Паэзія
Проза
Мастацтва
Музыказнаўства
Архітэктура
|
Слова «менталітэт», вытворнае «ментальнасць», паходзіць ад лацінскага «mens» — розум, вобраз мыслення, душэўны склад чалавека, групы соцыуму, этнічнай супольнасці. Філасофскае азначэнне менталітэту мае на ўвазе «глыбінны ўзровень калектыўнай i індывідуальнай свядомасці, які ўключае і бессвядомае»1. Ментальнасць, паводле У. П. Візгіна, фарміруецца ў залежнасці ад традыцый культуры, сацыяльных структур i ўсяго асяроддзя жыццядзейнасці чалавека i сама ў свой чарод ix фарміруе, выступаючы як спараджальны пачатак»2. Навуковае асэнсаванне менталітэту прадугледжвае пазнанне чалавека ў яго духоўнай, сацыяльнай, грамадскай сутнасці. Менталітэт этнасу, такім чынам, гэта — сістэма суджэнняў народа пра свет, анталагічныя праблемы быцця чалавека як прадстаўніка этнічнай супольнасці. Структура менталітэту ўлучае цэлы шэраг паняційных сэнсаў-складнікаў. Ix можна класіфікаваць паводле філасофскіх, маральна-этычных катэгорый. З улікам жа таго, што гэтыя шырокія катэгарыяльныя паняцці дыферэнцуюцца на семантычна вузейшыя сэнсавыя адзінкі, ix мэтазгодна разглядаць паводле апошніх. У структуры этнічнага менталітэту існуе пэўная іерархія яго паняційных складнікаў, каштоўнасных ментальных катэгорый; практычна яна мае агульную схему ў розных этнічных менталітэтах, паколькі градацыя ментальных адзінак грунтуецца паводле каштоўнасных ix параметраў. Натуральна, на першы план вылучаюцца найбольш экзістэнцыйна важныя паняцці-катэгорыі. «Найбольш усеагульнай ідэяй вуснапаэтычнай творчасці беларускага народа, — піша філосаф, вядомы беларусазнаўца У. М. Конан, — яе пафасам з’яўляецца пошук праўды, якая ў народным уяўленні была ідэалам, сэнсам жыцця i адначасова ўвасаблялася ў пачуццёвы вобраз»3. Тэзіс аб прыярытэце паняцця праўды, праўдзівасці ў іерархічнай структуры менталітэту беларуса традыцыйнага грамадства паслядоўна пацвярджаецца зводам парэмій. Прыказкай «на праўдзе свет стаіць» у форме маральнага імператыву выказана дамінантная пазіцыя светаразумення традыцыйнага беларуса, адначасова — ментальная ўстаноўка этнасу4. У беларускай прыказкава-прымаўкавай спадчыне асэнсоўваецца метафарычная прырода паняцця «праўда». У народнай свядомасці катэгорыя «праўда» — суб’ект існага, сапраўднага ў жыцці. Яна існуе аб’ектыўна: «Не чалавек родзіць праўду, праўда сама нараджаецца» (Янк., 155). Прыказкай «праўда на агні не гарыць i ў вадзе не тоне» метафарычна трапна сцвярджаецца моц праўды як катэгорыі быцця, яе адвечнасць, незнішчальнасць5. Фундаментальнасць, неадольнасць праўды-справядлівасці ў субстанцыйнай яе іпастасі — сталая тэма народнай афарыстыкі. «Праўду не закапаеш (не схаваеш)» (Янк., 156), «праўда наверх выйдзе» (F., 246), «праўда няпраўду перацягне» (Paп., 238). Этнічная ментальнасць беларуса дэманструе катэгарычнае непрыманне няпраўды: «Лепш праўда спаліць, чым ліха пахваліць» (Янк., 110), «Лепей горкая праўда, як салодкая мана» (Paп., 235). Праўда, праўдзівасць чалавека — крытэрый яго існасці, сумленнасці, грамадскай вартасці. Адсутнасць праўды, шчырасці ў характары, паводзінах чалавека — маркер негатыўнай ацэнкі яго народам. Народная свядомасць знаходзіць трапнае яскрава-вобразнае пазнанне-азначэнне непраўдзівасці чалавека: «Як з каменя вады, так з яго праўды» (F., 246). Павучальна выказваецца катэгарычная засцярога-парада: «Згубіўшы праўду i сам прападзеш»6. Наогул беларускія парэміі абсалютна адназначна арыентуюць на праўду як адзіна годны, апраўданы шлях чалавека ў яго зямным бытаванні: «З праўдаю найдалей зайдзеш», «Праўдаю ўсей свет пройдзеш i назад вернешся» (F., 246, 247), «Праўда з дна марскога вынесе» (Paп., 238). Праўдзе як увасабленню праўдзівасці, сапраўднасці няма альтэрнатывы. Яна наўпрост апазіцыйная падману, ад якога народная свядомасць засцерагае чалавека катэгарычным імператывам: «Падманам свет пройдзеш, але назад не вернешся» (Грынбл., 2, 313). Разам з тым сацыяльны і, пэўна, не ў меншай ступені гістарычны досвед народа насуперак максіме «на праўдзе свет стаіць» падказваў выснову-ісціну іншага зместу: «Чыя сіла, таго i праўда» (F., 277). У прынцыпе бальшыня ўстановак беларускага этнічнага менталітэту суадносная з маральна- этычным кодэксам народа, сістэмным у сваёй аснове. У пераважнай бальшыні яны маюць агульначалавечы быційны сэнс, гуманістычную скіраванасць, адметныя адно сваім беларускамоўным паэтычна-вобразным афармленнем. Так, уведзеная ў навуковы ўжытак І. І. Насовічам беларуская максіма «што сабе не міла, таго i другому не зыч» у часовым вымярэнні ўзыходзіць, пэўна, да эпохі Старога Запавету, або Нагорнай пропаведзі Хрыста7. Яе ж сэнсавая глыбіня, дыдактычная прагматыка раскрываюцца праз метафорыку ў прыказцы «Не капай на чалавека яму — сам упадзеш»8, або ў яе варыянце: «Не капай яму другому, бо сам увалішся» (Paп., 202). Дарэчы, прыведзеная тут прыказка вылучаецца ранняй, 1517 год, яе фіксацыяй у пісьмовай крыніцы. Францыск Скарына ў прадмове да перакладзенай ім кнігі Святога Пісання «Эсфір» інтэрпрэтаваў дадзеную ісціну ў дачыненні да біблейскага персанажа Амана:
Беларускі першадрукар, славуты асветнік-гуманіст, філосаф, дбаючы пра «посполитое доброе», грамадскае дабро, рупіўся «людям посполитым... к пожитку и ко размножению добрых обычаев» даць плён мудрасці святых кніг. У сваіх прадмовах i пасляслоўях да Бібліі, перакладзенай на старабеларускую мову, ён удзяліў вялікую ўвагу маралі, праву, распаўсюджанню гістарычных ведаў. У сваёй асветніцкай дзейнасці абапіраўся на айцоў хрысціянскай Царквы, антычных філосафаў ды на традыцыйную духоўную культуру ўласнага этнасу. Пры гэтым у жыцці, служэнні грамадству, тытанічнай працы асветніка яскрава выявіўся менталітэт беларуса-ліцвіна эпохі высокага еўрапейскага Адраджэння. Прыказкі «Жыццё пражыць — не поле перайсці», «Паміраць збірайся, а жыта сей» — дзве філасофскія мініяцюры экзістэнцыяльнага сэнсу. Як i многія іншыя парэміі, яны маюць некалькі паасобнікаў. Прыказка «Жытку пражыць — не поле перайсці» мае абсалютна тоесны сэнс у палескім дыялектным варыянце, зафіксаваным А.Сержпутоўскім10. У публікацыі Е. Раманава ў гэтай жа прыказцы заходняя лексема «жыццё» заменена на лексему «век» у разуменні «чалавечы век»: «Век пражыць — не поле перайціць, не пальцам пераківаць»11. I ў запісе Я. Рапановіча: «Век пражыць — не поле перайсці» (Paп., 162). Звяртае на сябе ўвагу той факт, што ў абедзвюх частках прыказкавай структуры, пададзеных А. Сержпутоўскім i Я. Рапановічам, — аднолькавая колькасць націскных складоў. Гэта прыдало прыказкавай мініяцюры рытмічна-паэтычную гармонію, у канчатковым выглядзе — роздумную інтанацыю гучання, што цалкам адпавядае зместу філасофскага па сутнасці фальклорнага твора. Што да іншых варыянтаў прааналізаванай парэміі, такіх як «Жыццё пражыць — не песеньку спець» (Янк., 187), «Жыццё пражыць — не лапці сплесці» (Paп., 164), «Жытку пражыць — не люльку выкурыць» (Сержп., 70), то яны маюць розныя семантычныя адценні, але, мабыць, не дасягаюць той сэнсавай ёмістасці i дасканалай мастацкай выразнай формы, як парэмія «Жыццё пражыць — не поле перайсці». I гэта адбылося не таму, што паняцце «поле» семантычна шырэй, а таму, што ў фальклоры яно мае не толькі прамы, але i пераносны сэнс, зыходны з міфапаэтычнай генетычнай асновы традыцыйнай свядомасці. Парэмія «Паміраць збірайся, а жыта сей» — жыццесцвярджальная паводле ідэі, анталагічная зместам, моцная заключаным у сабе сацыяльным аптымізмам. Філасофскі сілагізм, выснаваны ў выяве-абразку з дапамогай вобразнага кампанента «жыта», што для беларускага земляроба ўвасабляе хлеб, a ў традыцыйнай культуры мае семантыку сімвала жыцця. Наказ чалавеку пры самай скрутнай перспектыве не пераставаць рабіць асноўнае, выконваць свой абавязак паўтарае парэмія, аналаг прыведзенай — «На вайну ідзі, а поле ары» (Сержп., 235). Характэрна, што парэмія «Не капай перад іншым ямы...» мела прамыя аналагі ў культуры ледзь не ўсяго еўрапейскага рэгіёна, прынамсі, зафіксавана ў зборніках парэміёлагаў Саламона Рыпінскага, Амоса Каменскага, але прыказка «Паміраць збірайся, а жыта сей» пры яе агульначалавечай культурнай сэнсавай значнасці мае больш вузкі, лакальны арэал бытавання. Ва ўсіх жанрах традыцыйнай культуры беларускага этнасу вылучаюцца, сцвярджаюцца, акцэнтуюцца перадусім такія рысы чалавечага характару, як разумнасць, маральнасць, працавітасць. У парэміях вобразнай выявы чалавека разумнага (homo sapiens), дасканалага (homo minis) увасоблены характар, светапогляд, менталітэт беларуса з выразнай паўнатой i пластычнасцю, а з-за афарыстычнай формы — яшчэ i нагляднай бачнасцю, пазнавальнасцю. Калі ўявіць ментальнасць традыцыйнага беларуса цэласнай структурай, выяўленай у пэўных контурах, то асноведдзю яе бачацца перадусім дзве максімы: «На праўдзе свет стаіць» (F., 246), «Спагадай свет трымаецца» (Грынбл., 1, 371). Яны маюць, як i шмат іншых канстантаў, глыбока гуманістычную сэнсавую скіраванасць i наўпрост выражаюць агульную пазітыўную прыроду этнічнага менталітэту, які, натуральна, не вызначаецца аднаскладовай характарыстыкай. Накрэсліць ментальны профіль прадстаўніка традыцыйнага беларускага грамадства, беручы шырэй, беларускі менталітэт — гэта значыць падагульніць асноўныя характарыстыкі, ментальныя апорныя этнасу, з ахопам істотных рысаў яго светапогляду, філасофіі быцця. Практычна менталітэт кожнага этнасу вывучаецца на часавым узроўні фарміравання народнасці, пры гэтым усведамляецца, што ментальныя яго складнікі маюць глыбокія карані ў гісторыі. Менталітэт традыцыйнага беларуса апрыёры мае нямала агульнага з менталітэтам прадстаўнікоў іншых народаў, перадусім суседзяў. Задача даследчыка палягае на тым, каб выявіць яго сутнасць i этнічную спецыфіку. Большасць ментальных установак, што вызначаюць менталітэт беларуса, грунтуецца на сацыяльным і гістарычным вопыте. На падставе шматвяковай сацыяльнай практыкі этнасу ў парэміях непасрэдна фарміруецца філасофская сентэнцыя шляхам вобразнага абагульнення, метафарызацыі думкі. «Што пасееш, то i пажнеш» (H., 189), — чуў традыцыйны беларус ад дзеда-прадзеда. Паняцце «сяўба» мае вельмі шырокае семантычнае поле, ёмісты вобразны сэнс для філасофскага абагульнення. Канстанта «пільнуй(ся) таго, з чаго хлеб ясі» пры ўсёй яе агульначалавечай функцыянальна-сэнсавай скіраванасці, а не толькі з лексічнай адметнасці, мае выразную этнічную афарбоўку. Ад гэтага ёмістага дыдактычнага прынцыпу ў этнічным космасе разбудоўваецца канцэптуальны погляд на быццё чалавека: «Ад дабра дабра не шукай» (Сержп., 312). Праз засцярогу перад гардыняй, самаўпэўненасцю ідзе арыентацыя на сярэдзіннасць. Часам народным мудраслоўем яна выказваецца прама, непасрэдна: «Наперад не вытыкайся, пазаду не заставайся, сярэдзіны трымайся — будзеш цалейшы» (Ляц., 23). Без сумневу, этнічная ментальная ўстаноўка чуецца ў перасцярозе «Не ўздымайся ў жыцці высока, каб не ўпасці глыбока» (Сержп., 159). Нарэшце, на завяршэнне адной з канцэптуальных парадаў адносна быцця чалавека, сказана абачліва, рацыянальна, амаль прагнастычна: «Ад торбы i турмы не заракайся» (Янк., 246). Адметна, што гэта канстанта ў беларускім парэміялагічным фондзе мае расшыранае семантычнае поле: «Хваробы не бойся, астрогу сцеражыся, а торбы не цурайся» (Янк., 258). Наогул жа можна, да таго ёсць усе падставы, сцвярджаць, што корпус парэмій кожнага этнасу паасобку ўключае больш за палову мудраслоўяў, уласцівых творчасці іншых народаў. Выказаныя ў ix ісціны, эквівалентныя па сутнасці, адрозніваюцца адно метафарычна-вобразным мысленнем, мовай розных этнасаў. Гэты факт, аднак, не выключае, што агульнавядомыя максімы не ёсць вынікам духоўна-інтэлектуальнага жыцця канкрэтнага народа, элементамі яго ментальнасці. Так, напрыклад, бясспрэчна агульначалавечы філасофска-быційны сэнс заключаюць у сабе прыказкі: «Што пасееш, то i пажнеш» (Янк., 105); «Хто пытае, той не блудзіць» (Paп., 183); «Згода будуе, нязгода руйнуе» (Янк., 62); «Як гукнеш, так i адгукнецца» (H., 194); «Слухай людзей i свой розум мей» (Грынбл., 2, 448). Ментальны профіль беларуса — прадстаўніка традыцыйнага грамадства — адметна пазначаюць сентэнцыі ў форме парэмій: «Лепш быць пакрыўджаным, ніж каго скрыўдзіць» (P., 158); «Свет вялікі, усе памесцімся» (Paп., 169); «Шануй людзей, то i цябе шанавацьмуць» (P., 64); «Хто чужога не шануе, той свайго мець не будзе» (Акс, 113); «Сам жыві i другім давай жыць» (Сержп., 70). Мудрасць, угрунтаваную на гуманістычным пачатку i чалавечай дабрыні, заключае ў сабе ментальная ўстаноўка «I благому рабі добра, дык апамятаецца» (Paп., 249). Натуральна, не самі гэтыя i да ix зместава падобныя сілагізмы, а жыццёвая практыка этнасу, яго светапоглядная пазіцыя прычыніліся да фарміравання не толькі ў абыдзённай свядомасці думкі аб талерантнасці беларусаў. Аб’ектыўна ёсць падставы для такой высокай ментальнай характарыстыкі, трывала замацаванай у публіцыстыцы, але, як i ўсякую з’яву, рэальнасць, існасць яе наўрад варта абсалютызаваць. Менталітэт этнасу — паняцце шматаспектнае, структурна неаднамернае, уключае багата розных складнікаў-сэнсаў. Стрыманасць, асцярожнасць у характары традыцыйнага беларуса ўвасобленая не толькі ў наўпрост выказанай сентэнцыі «Лепей асцярожка, чым варожка» або ў агульнай засцярозе «Не знаўшы броду, не сунься ў воду» (Нас., 168), «Не знаўшы чалавека, не аддай яму душы» (Грынбл., 2, 465), але i ў самой канкрэтнай ментальнай устаноўцы паводзінаў: «Бога хвалі, i чорта не гняві» (Ляц., 4). Талерантнасць у адносінах да прадстаўнікоў розных канфесій, дэтэрмінаваная ў светапоглядзе беларусаў шматвяковым пражываннем у многаканфесійных i поліэтнічных дзяржавах (ВКЛ, Рэч Паспалітая, Польшча, Расійская імперыя), выхавала спаважнае i спакойнае, без фанатызму, стаўленне да рэлігіі як духоўнай субстанцыі, да Царквы як ідэалагічнай інстытуцыі. Па-над ідэалогіяй, у тым ліку царкоўнай, у традыцыйнай культуры беларусаў ставіцца перадусім маральны імператыў: «У царкву хадзі — ні хадзі, а Бога ў сэрцы май» (Ляцк., 52). Паняцце Боскасці ў народнай свядомасці мае аксіялагічны сэнс і звязана перадусім з паняццямі справядлівасці, сумленнасці. У гэтым кантэксце i разумеецца ідыёма «мець Бога ў сэрцы». У агульнай скарбніцы беларускіх парэмій маецца цэлы блок прыказак, якія даволі непасрэдна праектуюць гістарычны вопыт народа на яго этнічны характар: «На чыім кані (возе) едзеш, таму i песенькі пей» (Paп., 224); «У добры час сказаць, у ліхі прамаўчаць» (F., 100); «Хоць не ў дастатку, абы ў спакоі» (Янк., 297); «Пакора аблокі прабівае» (F., 212); «Пана павесюць, тры дні перад ім шапку знімай, часам адарвецца» (Н., 124). Апошні тэкст мае сэнсавыя варыянты: «Пана на шыбеніцу вядуць, а мужык шапку здымай, бо як адарвецца, то адрыгнецца» (Сержп., 206). У запісе А. К. Сержпутоўскага здымаецца імператыўнае гучанне прыказкі, узнікае іранічны падтэкст. Вопыт выжывання беларуса ў складаных, часам фатальных гістарычных умовах, магчыма, спрычыніўся да прагматычных, пасіўных заключэнняў кшталту: «Трэба жыць, як набяжыць», «Як ёсць — так і добра». Але не гэтыя прыказкавыя канстанты вызначаюць аснову беларускага менталітэту. Ментальныя ўстаноўкі, заснаваныя на сацыяльным i гістарычным вопыце этнасу, мелі на мэце выхаванне пэўных нормаў паводзінаў чалавека, тых рысаў характару членаў этнічнай супольнасці, якія здольныя забяспечыць жыццястойкасць і жыццёвую перспектыву. З’яўляючыся непасрэдным увасабленнем этнічнай свядомасці народа, яго асноўныя ментальныя ўстаноўкі нясуць у сабе глыбінныя быційныя сэнсы жыццятворнага характару. У адных з парэмій яны выказаны непасрэдна, імператыўнай інтанацыяй: «Нарабіў ліха, не чакай дабра» (Сержп., 197); «Перад дужым не гніся, над слабым не глуміся» (Грынбл., 2, 464); «Хадзі простай сцежкай — не заблудзіш» (Paп., 230). У іншых, i такіх больш, думка-ідэя мае спакойную аб’ектызаваную форму суджэння. У абодвух выпадках па сутнасці выказваецца народная філасофія, маральна-этычны кодэкс этнасу: «Лепей на свет не радзіцца, як ліхім чалавекам быць» (Paп., 198); «Нявінная кроў не ўтоіцца» (F., 153); «Бедны той, хто душы не мае» (Янк., 28); «Хітрасцю век не пражывеш» (Paп., 211); «Хто гнецца, таго й гнуць» (Сержп., 244); «Памыснасць лепш ад багацця» (Янк., 149); «Упіканая ласка — не ласка» (Hаc., 168); «Менш жмурся, лепш убачыш» (Сах.). Апошняя прыказка праз метафару іранічнага сэнсу кліча да зычлівага, аб’ектыўнага погляду на чалавека i свет, таксама як i парэмія пра «ўпіканую ласку», што арыентуе на шчырасць, праўдзівасць як норму, імператыў чалавечых узаемінаў. Практычна ўсе сілагізмы, ментальныя ўстаноўкі беларускага этнасу ўкладаюцца ў філасофскія катэгорыі дабра i зла, высокага i нізкага, прыгожага i агіднага. Ментальнае паняцце «праўда» — увасабленне катэгорыі дабра. Функцыянальна складнікі этнічнага менталітэту, яго ментальныя ўстаноўкі скіраваныя на выхаванне чалавека разумнага, сумленнага, працавітага, умелага, вернага, спагаднага, памяркоўнага, годнага, адданага сваёй зямлі. Менавіта на гэтыя рысы характару і чалавечыя якасці арыентуюць ментальныя ўстаноўкі беларускага этнасу. Адначасна менталітэтам беларусаў адмаўляюцца такія праявы, уласцівасці чалавечай натуры як хлуслівасць, крывадушнасць, баязлівасць, ганарлівасць, лянота, зайздрасць, пахабнасць, самалюбства, натуральна трактаваныя ў кантэксце катэгорыі зла. У поглядзе на долю, лёс чалавека беларусы аддаюць перавагу ix наканаванасці. Пры гэтым, аднак, у беларускім менталітэце паслядоўна праводзіцца ідэя аптымістычнага светаўспрымання: «Няма такога ліхога, каб не выйшла на добрае», «Паміраць збірайся, а жыта сей», «Жыві з заўтрам» — гэта кардынальная ўстаноўка нашага менталітэту, які стаўся інтэлектуальным грунтам, духоўным скрэпам, што дазволіў беларускаму народу на яго доўгім гістарычным шляху выжыць, выстаяць у экстрэмальных выпрабаваннях, калі ў войнах ХVIІ ст. гінуў кожны другі, а ў ХХ ст. — кожны чацвёрты жыхар краіны Беларусь.
Гл. таксама:
|
|
|