|
|
№
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю
Вялікія містыкі
Пераклады
Постаці
Спадчына
Асобы
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія
Мастацтва
Паэзія
Проза
Мастацтва
Музыказнаўства
Архітэктура
|
Гарады і мястэчкі нашай Краіны прыгожыя, і кожнае места мае сваё аблічча, сваю царкву ці касцёл. А некаторыя гарады маюць ратушу, якая звычайна ўзвышаецца ў гістарычным цэнтры. Калі была ратуша, горад меў прывілеі самакіравання, дадзеныя яму вялікім князем літоўскім. Праўда, першыя гарады ВКЛ, якія атрымалі правы самакіравання каля 1390 г., — Вільня, Брэст і Гародня — мелі так званае рускае, ці літоўскае права. А ўжо пазней магдэбурскае права Гародні даў вялікі князь літоўскі Аляксандр у княскім двары ў Берштах, дзе праходзіў сойм, у дзень святога Бэнэдыкта, 11 ліпеня 1496 года. Ратуша ў Гародні была пабудавана ў 1513 годзе, яе выгляд захаваўся на гравюры Цюнта (1568 г.). У канцы 1660 г. будынак з вежаю быў пашкоджаны нашэсцем маскоўскага войска і паўтара стагоддзя стаяў не адноўлены. У канцы ХVІІІ ст. ратушу перабудавалі ў класічным стылі. У такім выглядзе будынак з гандлёвымі радамі вакол яго прастаяў да 1946 года. Цяпер у Гародні няма ратушы, а Мінск і Магілёў свае ратушы аднавілі. ...На святой Імшы па-беларуску ў катэдры Францішка Ксавэрыя мы з Аленаю Шунейка сядаем справа на другой лаўцы. Алена Шунейка — хросная маці маіх унукаў — Стася і Антона. Алена ходзіць пешкі на працу ў АНМЦ, на вуліцу Савецкую, 8. У гэты раз мы з Аленаю вяртаемся пешкі з касцёла і размаўляем пра габелен «Гродзенская ратуша, 1784», які Алена ткала каля года, а 25 красавіка яго знялі з кроснаў і вывесілі ў фае Навукова-метадычнага цэнтра народнай творчасці для агляду... Алена паказвае мне тое месца, дзе яна нарадзілася на вуліцы Зялёнай, дзе сям’я Шунейкаў доўга жыла (іх дом разбурылі, калі расшыралі вінзавод). З горкі над Гараднічанкай відаць цэнтр Гародні… «Гэта нейкі цуд, — кажа Алена, — горад разбураюць, перабудоўваюць, а ён усё роўна мае столькі красы, што ўсяго ў душы не змясціць! Я вось так хаджу пешкі на працу і дадому, увесь час тымі ж вулкамі, і душа напаўняецца хараством. Я ўжо выткала ўсе касцёлы і Каложу, толькі францішканскі касцёл Маці Божай Анёльскай не кладзецца на кросны: у ім столькі архітэктурных дэталяў, што перанесці іх нават на графічны малюнак цяжка, а спрасціць для габелена нельга, бо змарнуецца ўся прыгажосць»…
Захапленне народным ткацтвам, вывучэнне традыцый гродзенскіх ткачых, асваенне падвойнага ткацтва і прыдуманае Шунейкамі ткацтва габеленаў у тэхніцы аднабаковага перабору — усё пачыналася ад бацькі, Фелікса Антонавіча. Прыехаўшы ў Мінск з вёскі, бацька навучыўся ткаць у майстра Міхася Тарасікава. З Мінска прыехаў у Гародню ў 1947 годзе і ўладкаваўся працаваць у Дом народнай творчасці: паставіў кросны і набраў таленавітых ткачых, з якімі пачаў ткаць вялікія тэматычныя габелены, прысвечаныя гістарычным і палітычным падзеям. Эскізы для майстроў малявалі вядомыя мастакі… Неўзабаве сустрэў дзяўчыну — Рэгіну Васільеўну, родам з вёскі Масаляны, якая працавала швачкай на швейнай фабрыцы. Пажаніліся, нарадзілі дзяцей — Алену, а праз чатыры гады Яўгена. У 1974 годзе Алена скончыла Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, факультэт мадэлявання і мастацкага афармлення тканін для тэкстыльнай прамысловасці, працавала на фабрыках мастацкіх вырабаў у Магілёве і Гародні. Яўген скончыў аддзяленне мастацкага ткацтва; каб абараніць дыплом, выткаў габелен «Народныя ткачыхі». Другі габелен Яўгена Шунейкі, «Крыніца жывой вады», быў вытканы ў 1981 г. у Гародні да 90-годдзя з дня нараджэння Максіма Багдановіча і падараваны музею паэта. З гэтага габелена пачаў стварацца Музей Максіма Багдановіча ў Гародні. Габелен, змешчаны ў верандзе музея, прыцягваў наведвальнікаў, спрыяў разуменню паэзіі Максіма. Фелікс Антонавіч часам прыходзіў у веранду і любаваўся габеленам сына... З гэтага габелена пачаўся новы этап ткацтва сям’і Шунейкаў. Фелікс Антонавіч прыдумаў вертыкальныя кросны, замяніўшы панажы ручным пераключэннем блока, што давала магчымасць бачыць палатно з усіх бакоў. Яўген ствараў эскізы на кардоне. Бацька падбіраў адпаведныя ніткі. За кросны пасадзілі Алену. Яна гэтыя ніткі перабірала, сукаючы часам тонкія нітачкі некалькіх адценняў таго самага колеру ў адну нітку, каб стварыць адпаведную гаму. На тканіну накладваецца празрыстая пераборная плёнка-дошчачка, графічна падзеленая на 5-міліметровыя квадраты. Знайсці колеравую гаму для кожнай дэталі — вельмі складаная і марудная праца… У Фелікса Антонавіча было незвычайнае адчуванне колераў: ён умеў змяшаць фарбы так, што атрымліваў дасканалыя адценні. Гэтае ўменне ад бацькі перадалося дачцэ. Калі Алена стамляецца ад кроснаў, яна малюе акварэллю кветкі і ўжо стварыла калекцыю такіх далікатных акварэляў.
Няўрымслівы Фелікс Антонавіч, вывучаючы народнае ткацтва, нічога не прапусціў: завёз Алену ў Адэльск, пакуль была жывая адна на ўсю Беларусь ткалля Ядвіга Райская, якая ткала падвойныя дываны. Алена навучылася ў яе гэтаму мастацтву і таксама тчэ падвойныя дываны… У народным ткацтве — посцілках, перабіранках — вуток кладзецца на аснову, ніткі асновы і вутка пераплятаюцца, і ўзор відаць з двух бакоў. Прыдуманая Шунейкамі тэхніка аднабаковага перабору дае магчымасць заткаць ніткі асновы так, што іх зусім не відно. Гэта ўнікальнае майстэрства. Творчасць Алены Шунейкі па тканні габеленаў падвойнага і пераборнага аднабаковага ткацтва занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь. Так Алена «даткалася» да свайго на сённяшні дзень самага дасканалага габелена — «Гродзенская ратуша, 1784». «Каб параўнаць рэальнасць з мараю, — гаворыць яна, — я выбіраю старую паштоўку ратушы: перад калонамі — фурманкі з людзьмі і без людзей, коні хрумстаюць авёс у мяшэчках на мордах. Відаць прыгожы горад, на месцы якога пабудавалі палац тэкстыльшчыкаў». Вытканая ратуша — сонечная, святочная, бо яна ў марах, у нябёсах... Чаму нам так хочацца павярнуць гэты пясочны гадзіннік на пляцы, пераставіць Гародню з мінулага ў будучы час, пакінуць нашчадкам і болей не разбураць? Няхай бы гэтыя бязвізавыя госці з Расеі куплялі сувеніры з ратушай, з Каложай, вярталіся б дадому не толькі з ваўкавыскімі кілбасамі, а з сэрцамі, запоўненымі нашай дабрынёй...
Вакол ратушы Шунейкаў — нябёсы зверху і знізу. На вежы — Алень з залатым крыжам… Людзі спакойныя. На небе, паміж фараю Вітаўта і катэдраю Францішка Ксавэрыя, па зорнай дарожцы яны ідуць парамі, святочна прыбраныя... Каложская царква таксама віднеецца пад месяцам на даляглядзе. Месяц і сонца свецяць адначасна. Угары некалькі тыповых гродзенскіх будынкаў. Насупраць ратушы пляц завяршае дом купцоў Мураўёвых. Гэтага дома «з вушамі» не было ў 1784 годзе! Яго пабудавалі пазней, нягледзячы на раскраданне таго, што ў ім было, калі пачыналі рэстаўрацыю ў канцы мінулага стагоддзя — дом вытрымаў і памятае ратушу. Перад фасадам ратушы — вартаўнік з ружжом і сабакам, маладая пані з дзецьмі: адно ў калясцы, другое гуляе побач. Конік, запрэжаны ў брычку. Вусаты дворнік з венікам і коцікам... Перад параднымі дзвярыма стаіць сабе ратман у мундзіры, у шапцы з пяром, трымае жэзл таго славутага магдэбурскага самакіравання... На даляглядзе за ракой Гараднічанкай на гарыстай Зялёнай вуліцы, пад месяцам і пад сонейкам, выткана з успамінаў дзяцінства вясковая хата, у якой нарадзілася Алена. Нарадзілася, навучылася ткаць, як ткалі жанчыны ў Беларусі — ад простых тканін з кужалю і лёну да прыгожых дываноў, ручнікоў і паяскоў. Яна ўдасканаліла народную дасканаласць, каб выткаць гарадзенцам разбураную ратушу, каб людзі памяталі, які прыгожы горад з плінфы, каменя, металу, дрэва і любові пабудавалі гродзенскія майстры... Алена любіць паўтараць: «Я не ўмею гаварыць…» Але сумела, сказала! Алена сваёй «Гродзенскай ратушай» здзівіла ўсіх майстроў народнага ткацтва, бо ніхто не падумаў, не ўявіў, што так можна выткаць на кроснах. Як наіўна цяпер выглядае любімая намі дзяружка-вясёлка! Народнае ткацтва — гэта аплікацыя: кветкі, птахі накладваюцца на поле, на квадраты… Я гэты габелен стаўлю побач з мастацкімі шэдэўрамі свету. Уявіць немагчыма, які гэта быў год для Алены! А мы ж увесь час сустракаліся, маліліся разам на ружанцы. Разумею, што брат і сястра працавалі ў звязцы. Прадумаць, вылічыць карціну на кардоне — мастацкая і канструктарская работа, Яўген падказваў сястры напрамак у пошуках гамы колераў, бо цяжка знайсці тыя самыя патрэбныя нітачкі, ссукаць іх і папрыкладваць так, каб выткаць глыбіню, якая б перадала час, напластаванне вёснаў і зімаў, смугу і яснасць дзён у стагоддзях, перспектыву, аб’ём калонаў, якія аж вагаюцца, і шчымлівую радасць жыцця… І ўставіць, уткаць у габелен жывое дзявочае сэрца. Каб такое выткаць, трэба было нарадзіцца Аленаю, прыняць ад Бога долю Алены Шунейкі. Я віншую Алену з шэдэўрам са слязьмі шчасця! Данута Бічэль, Гродна.
|
|
|