|
Гадзіннік
Felices los amados y los amantes
y los que pueden prescindir del amor.
Horhe Luis Borjes, «Evangelio apócrifo»1.
1.
Зрушылася з месца старая хата
і пайшла па дарозе
снягоў дажджоў і туманоў
азірнулася на падворак
пагладзіла камяні
і пакінула стары гадзіннік
бо нехта ж вернецца
2.
Куды ісці ў якую бездань
таму хто перажыў свой век
шукаць якую таямніцу
ў чаканай цішыні быцця?
Аддаленасць чужога свята
і неагучанасць пачуццяў
ўзыходзяць па галінах дрэваў
і асыпаюцца на дол.
Мажлівасць рухацца па часе
без спланаванага маршруту
напэўна маюць толькі рэчы
застылыя ў чаканні рук.
Іх успаміны быццам казкі
узноўленыя выпадкова
далонямі ў якія ўрэшце
трапляе знойдзеная рэч.
Куды ісці ў якую бездань
таму хто перажыў сябе
каханага і закаханасць
сваю нарэшце адпусціў
туды, дзе спынены гадзіннік
і аднастайныя аблокі,
і дзе прамоклая дарога
снягоў дажджоў і туманоў…
Рука твая кранае вусціш
напружанага наваколля,
над непяройдзеным парогам
застылы нерашучы крок,
і лёгкае падзенне кропляў
як шлях разгортваецца ў часе
да абсалютнасці спакою
які знайсці ты ўрэшце
змог?..
|
Творчасць
А ўласна кажучы,
здавалася б, пра што?
Калі ўсе душы прарастуць травою
раней або пазней,
калі ніхто
перакрычаць не здолее
адлегласць,
а ўсе караблікі і караблі
ўрэшце лягуць у адным сутонні,
і ўся непераможная армада
на дно апусціцца,
нашто ўздымаць далоні,
каб сцвердзіць бачнасць
нейкага ўмельства?
І калі ноч
павісне чорным кажаном,
а раніцай
гатычныя настроі
уздымуцца
у чысціню паднеб’я,
і сонца блісне
водбліскам вясёлкі
па вострых выступах
спічастых вежаў,
жыццё напоўніцца
прыкметамі
сапраўднага майстэрства
Таго,
Хто ўсё стварыў.
Каб ты засведчыў.
І ты ўглядаешся
ў абрыс Яго стварэнняў
і адпаведнае знаходзіш
вымярэнне...
|
***
El olvido es la única venganza y el único perdón.
Horhe Luis Borjes, «Evangelio apócrifo»2.
Толькі так — ад Міранкі да Кромані,
Па шляху ад вады да вады.
То між пушчаў таропкага гоману,
То мастом дзераўляным над Нёманам,
Што вось-вось разбяруць назаўжды.
Хто кіруе тваімі дарогамі,
Да якіх разуменняў вядзе?
Запалоханыя перасцярогамі,
То натхнёныя, то нямоглыя,
Спатыкаемся ў звыклай хадзе.
Асыпаемся згаслымі зорамі,
Адгукаемся спеўным трысцём,
Адбываем свой тэрмін пакорліва,
Рэчка Белая, рэчка Чорная,
Забыццё забыццё забыццё…
Па зямлі, прыгажосцю азоранай,
Мы свае суцяшэнні нясём.
Уздымаемся над прастораю,
Рэчка Белая, рэчка Чорная,
Забыццё забыццё забыццё…
|
Дарога ля катэдры
Пляцам Волі,
а можа — гэта пляц Волі Божай,
вечаровы вяртаецца
звон,
каб за колькі імгненняў
даць сваё блаславенне,
абвясціць нараджэнне
і скон.
Пляцам Волі,
а можа — гэта пляц Волі Божай,
ля сусветаў
нябачнай мяжы,
разрываюць
простую лінію
і ўздымаюцца ў неба
крыжы.
Я плыву ў запаволенай
плыні
гарадскіх непазбежных
дарог
і прашу,
каб мяне не пакінуў,
каб заўсёды мне
дапамог…
|
- Шчаслівыя каханыя і тыя, хто кахае. І тыя, хто можа абысціся без кахання (Хорхе Луіс Борхес, «Апакрыфічнае Евангелле»).
- Забыццё ёсць найлепшая помста і найлепшае дараванне (Хорхе Луіс Борхес, «Апакрыфічнае Евангелле»).
|
|