Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Алесь ЖЛУТКА

ФРАНЦІШАК СКАРЫНА: ПА НАВУКУ Ў ПАДУЮ

Сакратар дацкага караля

Пасля іспыту на навуковую ступень бакалаўра вызваленых навук у Кракаве ў канцы 1506 г. пісьмовыя крыніцы на працягу шасці гадоў не падаюць пэўных звестак пра Францішка Скарыну. Гэтая паўза заканчваецца толькі восенню 1512 г., калі з 5 да 9 лістапада Акты акадэмічных ступеняў Падуанскага ўніверсітэта і пратаколы курыі Падуанскага біскупа фіксуюць у чатырох запісах прамоцыю «доктара вызваленых навук Францішка Скарыны, сына Лукі з Полацка», на доктара медыцыны. У апошнім запісе за 9 лістапада, які ўнесены ў пратаколы біскупскай курыі, ён названы яшчэ сакратаром караля Дацыі — secretarius regis Datiae.

З падуанскіх запісаў мы даведваемся, што пасля Кракава на працягу шасці гадоў Скарына павінен быў не толькі атрымаць у адным з еўрапейскіх універсітэтаў годнасць доктара вызваленых навук (у некаторых універсітэтах гэтая ступень, якая была наступнаю пасля бакалаўрату, лічылася магістарскай), але і выдатныя веды па медыцыне. Апошняя звестка за 9 лістапада доўгі час уводзіла ў замяшанне многіх даследчыкаў. Рэч у тым, што назва Datia ў старажытнасці прывязвалася да правінцыі Рымскай імперыі — Дакіі (на тэрыторыі сучасных Румыніі і Малдовы), але ў часы Скарыны яна ўжо азначала іншую краіну на еўрапейскай Поўначы — Данію. Менавіта такую форму назвы ўжываў у сваім тытуле тагачасны дацкі кароль Ганс — Ioannes rex Datiae. Нядаўна, грунтоўна прааналізаваўшы гэтае пытанне, паклала канец сумневам Вольга Шутава, канчаткова атаясаміўшы тэрмін Datia з іспыту Скарыны з назвай Даніі1.

Памятная дошка Ф. Скарыну ў Падуанскім універсітэце.
Скульптар В. Янушкевіч.

Такім чынам, з пратакольнага запісу, зробленага курыяльным натарыем, вынікае, што Скарына, здаючы іспыты ў Падуі восенню 1512 г., быў адным з сакратароў дацкага караля Ганса, а гэта наводзіць на думку, што пасля Кракава ён атрымліваў далейшую адукацыю і, магчыма, выкладаў «пад крылом» дацкага суверэна ў Капенгагенскім універсітэце. Гэтая вучэльня была заснаваная ў 1479 г. з чатырма факультэтамі, адным з якіх быў медыцынскі. У ранні перыяд існавання ўніверсітэту бракавала як выкладчыкаў так і студэнтаў. Каб завабіць іх у паўночную Альма Матэр, кароль і вучэльня давалі адмысловыя даручэнні сваім пасланцам у іншыя еўрапейскія краіны, дзе існавалі больш старажытныя ўніверсітэцкія асяродкі2. Магчыма, менавіта ў 1506 г., калі ў Кракаве знаходзілася дацкае пасольства да караля Польшчы і вялікага князя ВКЛ Жыгімонта І, Скарына і быў запрошаны ў Капенгаген. Пасольства ўзначальваў каралеўскі сакратар, магістр Давід ван Коран, які перад гэтым шмат разоў бываў дацкім пасланнікам у Масковію3. Відаць, у Капенгагене Ф. Скарына і працягнуў навучанне, атрымаўшы ступень доктара вызваленых навук і неабходныя веды ў медыцыне. Магчыма, паралельна ён пачаў выконваць сакратарскія абавязкі ў каралеўскай канцылярыі.

Узнікае пытанне: навошта малады бакалаўр мог спатрэбіцца дацкаму каралю, у якога хапала айчынных канцылярыстаў і сакратароў? Рэч у тым, што тагачасная Данія змагалася за гегемонію на Балтыцы, у першую чаргу — за кантроль над марскім гандлем, дзе імкнулася пацясніць пазіцыі ганзейскага звязу (гандлёвага звязу прыбалтыйскіх гарадоў, Ганзы). Дзеля гэтага ўкладаліся пакты і дамовы з Маскоўскім Княствам для супольнага змагання супраць Ганзы, Швецыі з аднаго боку і Вялікага Княства Літоўскага і Польшчы з другога. Кароль Ганс таксама складаў пратэкцыю маскоўскаму князю Васілю ІІІ перад Папам і нават схіляў яго да паяднання дзвюх галінаў хрысціянства. Але паралельна дацкі суверэн наладжваў таксама дыпламатычныя адносіны з Польшчаю і Вялікім Княствам Літоўскім. Дзеля дыпламатычных мэтаў дацкаму каралю патрэбныя былі адукаваныя людзі, якія ведалі кірылічную грамату і «рускую» мову і маглі б служыць перакладчыкамі, весці дакументацыю і перапіску. Пра такую патрэбу сведчыць недатаваны ліст Ганса да маскоўскага ўладара, найверагодней, за 1506 г., дзе ён просіць Васіля ІІІ прыслаць яму палоннага фіна Сівара, які валодае «рускай» моваю і можа быць карысным пры дыпламатычных стасунках4. Як вядома, сакратары былі задзейнічаны не толькі ў канцылярыі, але таксама выкарыстоўваліся для адказных міжнародных даручэнняў. Таму можна дапусціць, што палачанін спатрэбіўся дацкаму каралю для дыпламатычных справаў, якія ён меў з Масковіяй, Польшчаю і Вялікім Княствам Літоўскім — радзімаю Скарыны. Веды ў кірылічнай грамаце, здабытыя Скарынам на радзіме, і яго родная мова, як бачым, былі запатрабаваныя пры дацкім двары. Ступень бакалаўра, атрыманая ў адным з найлепшых еўрапейскіх універсітэтаў — Кракаўскім, дазваляла замяняць на выкладанні магістраў, а часам і выкладаць самастойна ды таксама працягнуць сваю адукацыю.

У сувязі з натарыяльным запісам за 9 лістапада звяртае на сябе ўвагу той факт, што са жніўня 1512 г. у Італіі знаходзілася дыпламатычная місія дацкага караля, выпраўленая на распачаты ў траўні таго ж года Пяты Латэранскі Сабор у Рыме. 6 жніўня, за тры месяцы да падуанскіх іспытаў Скарыны, дацкае пасольства было прынятае папам Юліем ІІ. Нядаўна быў адкрыты дакумент, які апісвае сам прыём: гэта запіс у дзённіку папскага цырымонімайстра Парыса Грасі. Ён распавядае пра з’яўленне ў той дзень да Юлія ІІ трох дацкіх пасланнікаў, якія ўсе былі дактарамі і простымі канонікамі: адзін з іх — прысяглы сакратар караля, двое іншых — каралеўскія прыдворныя. Ва ўзнёслай прамове, з якой звярнуўся да Папы ад імя караля Ганса ягоны, не названы па імені, сакратар, сярод іншага ішла гаворка і пра сам Сабор, і пра спробу далучыцца да яго маскоўскага ўладара. Сярод іншага, выказаўшы паслушэнства Папу з боку каралёў Даніі і Шатландыі ды іх жаданне далучыцца да Сабору, сакратар паведаміў, што «нават уладар русінаў і цар татараў і готаў, якія ніколі раней не апускаліся да прызнання ніводнага Сабору, прыкладзе намаганні, каб цяпер яны [русіны, татары і готы. — А.Ж.] далучыліся да Сабору, што будзе прызначаны Папам, альбо пагадзіліся з ужо прызначаным, просячы дапусціць іх да ўхвалення дэкрэтаў і пераўладкавання горада, свету і Касцёла»5.

Памянёнага сакратара можна было б атаясаміць з Францішкам Скарынам, для якога была блізкая тэматыка гэтай прамовы, перадусім тэма паяднання дзвюх галінаў хрысціянства. Ідэю ўз’яднання падзеленага хрысціянства ўсяляк прапагандавалі полацкія і віленскія бэрнардыны — выхавацелі Скарыны. Іх лінію ўсёй сваёй дзейнасцю падтрымліваў і ён, перадусім выданнем кніг Бібліі для хрысціянаў Усходняй Славіі. Аднак нядаўна выяўлены дакумент усё ж не дазваляе з пэўнасцю атаясаміць сакратара, які быў на прыёме ў Папы, з Францішкам Скарынам. Гэты дакумент датуецца 4 жніўня 1512 г., за два дні да сустрэчы дацкіх пасланнікаў з Папам, але з’явіўся ён не ў Вечным горадзе, а ў месцы, дзе Скарына пачынаў сваё студэнцкае жыццё, у стольным Кракаве. 4 жніўня 1512 г. нейкі магістр Францішак з Полацка, з’явіўшыся асабіста перад дыяцэзіяльным біскупскім судом у Кракаве, вызначыў свайго ўпаўнаважанага ў справе з кракаўскай крамаркай Ганнай Крайсла6. Ёсць значна больш падставаў атаясаміць гэтага магістра Францішка з Полацка з Францішкам Скарынам. Нагадайма, што тытул «магістр вызваленых навук» быў раўназначны найменню «доктар вызваленых навук». У Кракаве Скарына мог апынуцца з некалькіх прычынаў. Для абароны ў Падуі яму патрабаваліся дакументы пра папярэднюю адукацыю. Магчыма, тут ён мог заручыцца таксама рэкамендацыямі сваіх былых выкладчыкаў. Многія прафесары Кракаўскага ўніверсітэта атрымлівалі доктарскія ступені ў Італіі, перадусім — у Падуі. Не выключана, што ў яго маглі быць і дыпламатычныя даручэнні да польскага двара з Даніі. Час ягонага з’яўлення ў Кракаве супадае з часам выправы дацкага пасольства ў Рым. На ўжо згаданым прыёме дацкія пасланнікі таксама ўручылі Пантыфіку ліст ад караля Ганса, які быў выдадзены 10 красавіка 1512 г.7 Неўзабаве пасля гэтага дыпламатычная місія павінна была выправіцца ў дарогу, якая (па нашых падліках) доўжылася каля 3-х месяцаў ці нават больш. Найверагодней, што менавіта ў складзе гэтай місіі на Пяты Латэранскі Сабор вырушыў і Скарына.

Маршруты, якімі ў той час ішлі ў Рым дыпламатычныя пасольствы еўрапейскіх уладароў, пралягалі па даўніх шляхах купцоў і пілігрымаў. Гэтыя шляхі накрэсленыя на мапе, падрыхтаванай вядомым нямецкім картографам Эргардам Этцляўбам для пілігрымаў, якія збіраліся ў Рым на юбілей 1500 г.8 Маршрут з Капенгагена да Рыма, паводле яго мапы, пралягаў ад Капенгагена да размешчанага ўжо на мацерыку Рыбэ, затым да Шлязвіга і Любэка, далей — да Эрфурта і Нюрнбэрга, адкуль быў найлепшы шлях да Кракава. Хутчэй за ўсё, тут Скарына мусіў разлучыцца з дэлегацыяй, каб павярнуць на Прагу, і пасля з Прагі праз Оламоўц, Астраву, Цешын, Асвенцім, Скавіну прыбыць у Кракаў. Можна меркаваць, што недзе ў чэрвені-ліпені ён ужо быў у Кракаве. Магчыма, у жніўні 1512 г. пасля прызначэння ўпаўнаважанага ў справе з Ганнай Крайсла, ён выправіўся ў Рым, каб узяць удзел у працы пасольства на Латэранскім Саборы альбо застацца ў Падуі і далучыцца да пасольства ў Рыме ўжо пасля атрымання доктарскай ступені. У кожным разе ў Італію з Кракава ён дабіраўся звычайным маршрутам, які называўся па-рознаму: via ordinaria (звычайная дарога), la strada imperiale (імперская дарога), іtalienstrasse (італьянская дарога), і якім ішлі польскія пасольствы, пілігрымы і купцы. З Кракава шлях ляжаў праз чэшскі Оламоўц і Брно, затым праз Вену, Віллах, Тарвізіё, Джэмону, Трэвізо, Мэстрэ, Венецыю да Падуі. Ад Падуі дарога вяла да Ферары, Балоньі, Фларэнцыі, Сіены, Вітэрбо і Рыма. Шлях з Кракава да Рыма займаў каля месяца, хоць пасольскія выправы былі ўдвая даўжэйшыя. Так, пасольствы Эразма Цёлка (1501, 1504–1505 гг.) былі ў дарозе з Кракава да Рыма амаль два з паловай месяцы. У 1512 г. Скарына, хоць, магчыма, і праездам, пабываў у тых еўрапейскіх культурных цэнтрах, якія адыгралі вялікую ролю ў яго далейшым жыцці. Гэта Вена, дзе ў 1515 г. ён мог удзельнічаць у Венскім кангрэсе, а ў 30–40-я гады меў стасункі з імператарам Фердынандам І; гэта Нюрнбэрг, дзе ён мог знаёміцца з выдавецкай справаю і замаўляць друкарскія матэрыялы; Прага, дзе праз 5 гадоў ён пачне выдаваць кнігі Святога Пісання; і Венецыя, якую нельга было абмінуць, кіруючыся з Кракава да Рыма, дзе ён мог пазнаёміцца з выдавецкай дзейнасцю Альда Мануцыя і з чэшскай Бібліяй; нарэшце — Падуя, дзе ён здабыў вельмі прэстыжны тытул доктара медыцыны.

Заканчэнне будзе.


  1. Shutava V. Again about Skaryna in Padua: circumstances // Belarusian review. Vol. 27, No. 1. P. — 27.
  2. Regiae academiae Hafniensis infantia et pueritia ... ab Alberto Thura. — Elensburgi et Altonaviae, 1734. — P. 9–10, 23–24.
  3. Kong Hans’s Brevbog // Aarsberetninger fra det kongelige geheimearchiv indeholdende bidrag til Dansk historie af utrykte kilder / Ungivne af C.F. Wegener. Bd. 4. — Kjøbenhavn, 1852-1855. — S. 4, nr. 4; Regesta diplomatica historiae Danicae. Ser. II. T. 1. — Kjøbenhavn, 1886. — S. 1118, nr. 9322; S. 1128, nr. 9408; S. 1141, nr. 9515; S. 1180, nr. 9892.
  4. Nya Källor till Finlads Medeltidsistoria. / Af Edward Grönblad. Första samlingen. — Köpenhamn, 1857. — S. 97, nr. 150.
  5. Biblioteca Casenatense in Roma. Codex 1594, f. 35v.
  6. Urban W., Lūžys S. Cracovia Lithuanorum saeculis XIV-XVI. — Vilnius, 1999. — S. 102, nr. 59.
  7. Acta pontificum Danica = Pavelige aktstykker vedrørende Danmark 1316-1536. V Bind: 1492–1513. Udlifet af Krarup A. og Lindbæk J. København, 1913. — P. 579, nr. 4272.
  8. Das ist der Rom-Weg von meylen zu meylen mit puncten verzeychnet von eyner Stat zu der andern durch deutzsche lantt / Erhard Etzlaub. Nurnberg, circa 1500.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY