Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю

БЫЦЬ КСЯНДЗОМ — НЕ ЗНАЧЫЦЬ БЫЦЬ ПРАРОКАМ
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Постаці

«АДКУЛЬ У ІХ БЫЛІ СІЛЫ?»
Спадчына
Асобы

ELEEMOSYNARIUS
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія

ТОЛЬКІ СЛОВЫ
Мастацтва
Паэзія

ВЕРШЫ
Проза
Мастацтва

СПАВЯДАЮЦЦА ФАРБЫ...

ПАЛЕСКІ ІКАНАСТАС
Музыказнаўства

MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА

СПЕВЫ ДА СВЯТОЙ ІМШЫ
Архітэктура

Юры ЛАЎРЫК

УНІКАЛЬНАЕ ВЫДАННЕ НЯСВІЖСКАЙ ДРУКАРНІ

«Кароткі збор адпустаў, прывілеяў і міласцяў, нададзеных Вялебнаму Арцыбрацтву Божага Цела»1

Калекцыя «Старадрукі» Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь налічвае шэраг выданняў, якія выйшлі ў свет у Нясвіжскай друкарні езуітаў, заснаванай каля 1750 г. ардынатам Міхалам Казімірам Радзівілам (Рыбанькам). Адметнае месца сярод прадметаў калекцыі займае канвалют з пяці айчынных старадрукаў, сярод якіх ёсць і два нясвіжскія выданні. Канвалют быў прывезены Л. Д. Клокам з археаграфічнай экспедыцыі ў Гродне; бібліяграфічнае яго апісанне для каталога калекцыі склала Т. І. Рошчына, якая ў 1990-я гг. апрацоўвала ў музеі старадрукі на замежных мовах.

Тытульны аркуш
«Духоўных рэкалекцый»
Францішка Пшылэнцкага.
Першае са згаданых нясвіжскіх выданняў — гэта «Rekollekcye duchowne Na ośm dni rozłożone» аўтарства бэрнардынскага правінцыяла Францішка Пшылэнцкага [1]. Сёння «Rekollekcye duchowne...» ў айчынных кнігазборах сустракаюцца не часта, але ў XVIII ст. гэта была адна з найбольш папулярных кніг на Беларусі як у францішканскіх канвентах, так і ў асяродку свецкага чытача католіка. Асоба самога Францішка Пшылэнцкага, як і згаданы канвалют, патрабуе больш уважлівага разгляду, але цяпер мы маем намер засяродзіць увагу толькі на адным, вельмі рэдкім, алігаце гэтага канвалюта — на выданні пад загалоўкам «Krotkie zebranie odpustow, przywilejow i łask, nadanych od szczęśliwey pamięci Leona Papieża Х. i od innych naywyższych Biskupów. Wielebnomu Аrcybractwu Bozego Ciała, założonemu w Kościele farskim Swiętego Jakuba Scossacavili [sic!], na przedmieściu S. Piotra w Rzymie» [2].

Гэтае выданне не фігуруе ў грунтоўным паказальніку старадрукаў «Bibliografiа Staropolskа» Эстрайхера [3] і не сустракаецца ў літаратуры прадмету; у навуковы ўжытак яно не ўведзена (калі не лічыць нашай публікацыі пра нясвіжскія друкі ў фондах НГМ РБ, дзе даецца яго кароткае апісанне [4]). Цалкам верагодна, што старадрук захаваўся да сённяшняга дня толькі ў складзе названага канвалюта, і ў такім выпадку наш алігат з’яўляецца адзіным ацалелым на сёння асобнікам выдання.

Згаданая брашура мае выходныя дадзеныя ў калафоне: «Za dozwoleniem Starszych w Wilnie Roku 1632, a teraz powtórnie. W Nieświżu: w Drukarni Xiążęcey Collegii Soc: Jesu, 1761», дзякуючы чаму мы даведваемся, што гэта нясвіжскі перадрук віленскага выдання. Тэкст віленскага выдання (у першай частцы) абапіраецца на італамоўны першаўзор, які ўбачыў свет у 1591 г. у Рыме, у друкарні папскага друкара Паўла Блада [2, с. 19 нн]. На жаль, сёння складана сказаць, ці быў італьянскі тэкст арыгінальным або і ён таксама з’яўляецца чарговым перакладам — на гэты раз з лаціны, афіцыйнай мовы Каталіцкага Касцёла. У бібліяграфіях і каталогах не ўдалося адшукаць згадкі ані пра італамоўны старадрук пад падобнаю назваю, ані пра яго імаверны лацінскі адпаведнік. Аднак з увагі на тое, што выданне разлічана на свецкіх вернікаў, можна меркаваць, што арыгінал напісаны па-італьянску.

Калі казаць пра віленскі прататып выдання, то, насуперак спадзяванням, такой пазіцыі таксама не выяўлена ані ў Эстрайхера, ані ў сучасных літоўскіх каталогах старадрукаў (у тым ліку ў грунтоўнай бібліяграфіі выданняў езуіцкай Акадэміі ў Вільні [5]). Усё вышэйсказанае схіляе да таго, каб выказаць перакананне адносна выключнай рэдкасці прадмету зацікаўлення; прычым гаворка ідзе пра рэдкасць не толькі самога нясвіжскага выдання, але і змешчанага ў ім тэксту, незалежна ад месца і часу публікацыі. Такім чынам, ёсць падставы бачыць у гэтым алігаце не толькі вельмі каштоўную крыніцу па кніжнай гісторыі Беларусі, але і ўнікальны дакумент, які кідае прамень святла на адну са старонак мінуўшчыны Касцёла як ў Еўропе ў цэлым, так і на нашых землях.

Касцёл св. Якуба на пляцы Шасакавалі ў XVI ст. (паводле ілюстрацыі ў выданні «Cose maravigliose dell’alma città di Roma», Рым, 1588 г.)

Брацтвы Божага Цела і культ Найсвяцейшага Сакрамэнту

Каб зразумець умовы, у якіх з’явілася разгляданае выданне, трэба хаця б коратка азнаёміцца з гісторыяй брацтва Божага Цела. Ужо з IV ст. з’яўляюцца аб’яднаныя вакол пэўнага храма групы вернікаў (як духоўных, так і свецкіх), якія ставяць на мэце выкананне літургічна-аскетычных і харытатыўных функцый. З увагі на цесную сацыяльную повязь паміж членамі такіх суполак па-беларуску яны зазвычай называюцца «брацтвамі», а ў лацінскай мове актаў Каталіцкага Касцёла для азначэння гэтай з’явы на працягу стагоддзяў сустракаецца цэлы шэраг больш ці менш блізкіх паводле сэнсу назваў: confratria, frateria, geldonis, sodalitas, congregatio, liga spitirualis і да т. п. Як і ўсялякае іншае новапаўсталае ўтварэнне ў межах сталай структуры, брацтвы афіцыйна зацвярджаліся адпаведнымі касцёльнымі ўладамі.

У Заходняй Еўропе брацтвы атрымліваюць значнае развіццё ў Сярэднявеччы, а ў ХIV–ХV стст. да іх ужо належыць значная частка насельніцтва, аднак з распаўсюджваннем Рэфармацыі іх роля змяншаецца. Што да ўсходнеславянскіх земляў, то пра заўважную прысутнасць тут брацтваў — як праваслаўных, так і каталіцкіх — можна гаварыць толькі з апошняй чвэрці ХVІ ст. Гэты ўсплёск быў звязаны з новай рэлігійна-палітычнай сітуацыяй у Еўропе: з аднаго боку, ён быў выкліканы актывізацыяй пасля Трыдэнцкага Сабору дзейнасці Каталіцкага Касцёла па змаганні з Рэфармацыяй; з другога ж — тым, што з прычыны развіцця гарадоў паводле заходнееўрапейскай мадэлі (на падставе магдэбурскага права) праваслаўнае мяшчанства пачало запазычваць заходнія формы самаарганізацыі.

Менавіта змаганне з Рэфармацыяй было адной з асноўных задач, што ставіліся перад створаным у 1-й палове ХVІ ст. ордэнам езуітаў (Societas JESU — Таварыства Езуса). Для пашырэння працы з насельніцтвам езуіты актыўна займаліся арганізацыяй пры касцёлах брацтваў, дзейнасць якіх была сарыентаваная на ўкараненне каталіцкай пабожнасці, што праяўлялася і ў прапагандзе адпаведных поглядаў на тыя ці іншыя пункты міжканфесійнай палемікі. Менавіта з гэтай прычыны шмат якія са створаных членамі Таварыства брацтваў мелі ў сваіх назвах імя Святой Тройцы ці адной з яе асобаў.

Брацтвы пад тытулам Божага Цела ці Найсвяцейшага Сакрамэнту зазвычай ствараліся з мэтаю ўмацавання догмату пра перамяненне хлеба і віна падчас Эўхарыстыі ў сапраўднае Цела і Кроў Езуса, а ў сваёй дзейнасці займаліся пашырэннем культу гэтай таямніцы ў процівагу рэфармацыйным дактрынам. Культ Божага Цела развіўся ў Заходняй Еўропе у ХІІІ ст. на аснове ранейшай традыцыі ўшанавання Найсвяцейшага Сакрамэнту.

Выразнай праяваю гэтага культу стала свята Божага Цела, якое першапачаткова ўмацавалася толькі ў некаторых дыяцэзіях, але ў 1264 г. булаю «Transiturus» папы Урбана ІV было ўстаноўлена для ўсяго Каталіцкага Касцёла. Сам Урбан ІV не паспеў абвясціць названай булы пры сваім жыцці, і яе апублікавалі ўжо ягоныя наступнікі на Апостальскім Пасадзе, пашыраючы такім чынам культ Божага Цела на ўсе дыяцэзіі. Адметнаю рысаю гэтага культу была арганізацыя падчас адпаведнага свята працэсій (называных у тэалогіі «тэафарычнымі» — «Баганоснымі»), якія ўяўлялі з сябе шэсце з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, свечкамі ды харугвамі вакол касцёла, і інсцэнізацыі; гэтыя формы працы з насельніцтвам давалі магчымасць заангажаваць у літургічнае жыццё шырокія масы вернікаў.

  
Пляц Шасакавалі
на прадмесці святога Пятра ў Рыме
з відам на касцёл св. Якуба
(паводле гравюры XVІI ст.).
Пляц Шасакавалі
з відам на касцёл св. Якуба
(паводле гравюры XVIІІ ст.).

Брацтва Божага Цела пры фарным касцёле св. Якуба на Пляцы Шасакавалі ў рымскім прадмесці св. Пятра2 было створана на хвалі развіцця гэтага культу яшчэ ў дарэфармацыйны перыяд. Атрымаўшы ў 1513 г. ад папы Льва Х права на адмысловыя адпусты ды прывілеі, яно здабыло статус арцыбрацтва, а падчас барацьбы з Рэфармацыяй было ўзорам для стварэння аналагічных арганізацый па ўсім свеце, у тым ліку і на Беларусі.

Касцёл у Нясвіжы, збудаваны ў 1587–1593 гг. па жаданні Мікалая Крыштафа Радзівіла, быў у 1601 г. кансэкраваны нунцыем Клаўдыем Рангоні менавіта пад тытулам Божага Цела. Ён належаў езуітам (хоць меў за пробашча дыяцэзіяльнага святара) і, відаць з яго назвы, закладаўся як плацдарм для змагання з рэфармацыйнымі плынямі. Аўтарытэтная «Энцыклапедыя ведаў пра езуітаў на землях Польшчы і Літвы» датуе заснаванне пры ім брацтва Божага Цела 1621 годам [6, с. 458].

Паводле нормаў кананічнага права, філіяльныя брацтвы могуць фармальна далучацца да мацярынскага арцыбрацтва, на падабенства якога яны ствараліся, і, у выніку, прэтэндаваць на духоўныя даброты (т. зв. «агрэгацыя»). Аднак паколькі на момант выхаду рымскага выдання працэс выпрацоўкі гэтых нормаў яшчэ не быў завершаны3, пункт пра папскі дазвол рымскаму арцыбрацтву Божага Цела на агрэгацыю аналагічных брацтваў з дапушчэннем іх да сваіх адпустаў быў змешчаны ў тэксце брашуры сярод пераліку папскіх прывілеяў: «GRZEGORZ ś. p. tego Imienia XII. Papież, dozwolił przerzeczonemu Bractwu, aby mogli insze Bractwa także Bozego Ciała gdziekolwiek będące, do swey społeczności przypuścić i onym udzielić wszystkich odpustow, okrom staciey wszelakich przywilejow nadanych od Papieżow wprzod idących temuż Bractwu, abo które będą dane wiecznemi czasy od Następcow jego. Co świadczy list Apostolski w Rzymie pisany, u S. Piotra, 20. Pazdziernika R. 1579. Osmego roku siedzenia jego na Stolicy Rzymskiey» [2, с. 8 нн]).

Такім чынам, нясвіжскае брацтва шляхам агрэгацыі магло атрымаць (і, відаць, атрымала) удзел у духоўных дабротах, нададзеных рымскаму арцыбрацтву Божага Цела. З гэтай прычыны перавыданне «Кароткага збору адпустаў, прывілеяў і міласцяў, нададзеных … Вялебнаму Арцыбрацтву Божага Цела … у Рыме» ў перакладзе на даступную мову (у нашым выпадку — польскую) было актуальным і для Беларусі, а дакладней, для Нясвіжа.

Тытульны аркуш
«Кароткага збору адпустаў...».
 
Калафон
«Кароткага збору адпустаў...».
Склад і змест нясвіжскага выдання

Поўны загаловак выдання ў перакладзе на беларускую мову выглядае наступным чынам: «Кароткі збор адпустаў, прывілеяў і міласцяў, нададзеных шчаслівае памяці папам Львом Х і іншымі найвышэйшымі біскупамі Вялебнаму Арцыбрацтву Божага Цела, закладзенаму пры фарным касцёле святога Якуба [на Пляцы] Шасакавалі ў прадмесці св. Пятра ў Рыме. А таксама міласці прымножаныя шчаслівае памяці папам Сікстам V у Годзе 1590. З італьянскай на польскую перакладзеныя шчыраваннем братоў Божага Цела, што ў Нясвіжы знаходзіліся. Далучаны таксама навукі ды напаміны, якіх браты і сёстры гэтага брацтва павінны прытрымлівацца».

Паводле зместу тэкст брашуры падзяляецца на дзве часткі, адна з якіх тлумачыць правы, а другая — абавязкі членаў брацтва. Зазначым, што ў 2-й частцы, апрача «рымскіх» правілаў, змешчаны тэксты, падрыхтаваныя ў Нясвіжы і зацверджаныя дыяцэзіяльнай (віленскай) духоўнай уладаю, а таму для нашага артыкула больш актуальны падзел тэксту брашуры на «частку рымскую» і «частку нясвіжскую».

«Рымская частка». Першая, перакладная, частка тэксту пачынаецца на с. 3 нн, а заканчваецца на с. 19 нн калафонам, які паведамляе нам выходныя дадзеныя італьянскага выдання, што паслужыла ўзорам для перакладу: «w Rzymie V Pawła Blada Drukarza Papieskiego, Roku 1591».

Сыходзячы са звестак у загалоўку нясвіжскага выдання, пераклад з італьянскай мовы быў ажыццёўлены ў Нясвіжы — верагодна, езуітамі з ліку кіраўніцтва брацтва Божага Цела («A z Włoskiego na Polski przetłumaczone, za staraniem Braci Bożego Ciała w Nieświeżu będących»). Паколькі мы ведаем, што заснаванне брацтва датуецца 1621 г., то, хутчэй за ўсё, гэтая падзея павінна была адбыцца ў трэцяй дэкадзе ХVІІ ст.

«Рымская частка» складаецца з 2-х раздзелаў. Першы з іх не мае адмысловага загалоўка: дакладней, загалоўкам служыць назва ўсяго выдання. У гэтым раздзеле змешчаны кароткі агляд духоўных дабротаў, нададзеных арцыбрацтву Божага Цела Рымскімі Папамі. Тэкст пачынаецца з адпустаў, якія папа Леў Х даў 21 кастрычніка 1513 г. братчыкам і ўсім вернікам, якія бралі ўдзел у дзейнасці арцыбрацтва або наведвалі брацкі касцёл падчас святаў (паміж іх асобна вылучана свята Божага Цела) у часе ад першых да другіх Нешпараў4 і прамовілі там малітву на ўшанаванне Найсвяцейшага Сакрамэнту. Далей некалькі пунктаў прысвечаныя арганізацыйным момантам: папа Леў Х зацвярджае ўсе парадкі і пастановы арцыбрацтва; дазваляе ягоным кіраўнікам «aby stanowić mogli ustawy z rozumem, i z cnotą zgodliwe, ... aby miane były, za uchwalone od teyże Stolicy Apostolskiey» [2, 4 нн]; абвяшчае права свецкіх братчыкаў самім выбіраць сабе спаведніка, якога надзяляе шырокімі паўнамоцтвамі, а таксама дае братчыкам некаторыя іншыя прывілеі (напрыклад, быць пахаванымі пры брацкім касцёле, калі гэта не закранае правоў іншых фарных касцёлаў). Далей пералічаюцца дабрадзействы арцыбрацтву наступнікаў папы — Пія ІV, Грыгорыя ХІІ і Сікста V. Унёсак Пія ІV абмяжоўваецца тым, што ён у 1566 г., згодна з павевамі часу, мадэрнізаваў адпуст за наведванне брацкага касцёла ў дзень Божага Цела: дзеля яго атрымання Папа абавязваў вернікаў папярэдне выспаведацца, прыступіць да Камуніі і памаліцца за мір паміж хрысціянскімі манархамі ды за выкараненне ерасяў. Што датычыць апостальскага ліста Грыгорыя ХІІ з дазволам рымскаму арцыбрацтву далучаць да сваёй супольнасці іншыя брацтвы Божага Цела і пашыраць на іх свае прывілеі, ільготы ды адпусты, то яго мы ўжо цытавалі вышэй.

Папа Сікст V у 1590 г. істотным чынам дапоўніў правы арцыбрацтва, даўшы поўныя адпусты вернікам, якія, паспавядаўшыся і прыняўшы Камунію, уступалі ў брацтва, а таксама братчыкам, якія выспаведаліся і адбылі пакуту, але, не могучы гаварыць вуснамі ў смяротную часіну, заклікалі імя Езуса ў сэрцы. Таксама Папа надаў шэраг частковых адпустаў некаторым катэгорыям братчыкаў і проста вернікаў у сувязі з наведваннем брацкага касцёла ў тыя ці іншыя святочныя дні, з прычыны міласэрных і пабожных учынкаў (як, напрыклад, наведванне хворых, міласціна) або за прамаўленне ў пэўныя дні адпаведных малітваў. Большасць з гэтых мераў была пакліканая актывізаваць літургічнае жыццё насельніцтва, і гісторык хрысціянства можа пачэрпнуць з пералічаных актаў нямала матэрыялу для разважанняў.

Другі раздзел гэтай часткі мае загаловак «Навукі і напаміны братам і сёстрам тых абавязкаў, якіх яны, уступіўшы ў брацтва, потым заўсёды павінны пільнавацца». Гэтыя правілы пачынаюцца з такіх пунктаў як абавязак узаемнага пільнавання ў захаванні паводзінаў паводле Божых запаведзяў і касцёльных пастановаў; паслушэнства кіраўніцтву брацтва; выкананне статутавых правілаў, а дзеля гэтага — іх ведання і рэгулярнага перачытвання (тут мы бачым прычыну, з якой брашура не раз перавыдавалася) і інш.

Братчыкам прадпісвалася выконваць шэраг патрабаванняў, агульных для усяго Каталіцкага Касцёла, і таксама спецыфічных; у некаторых выпадках пры згадцы агульнахрысціянскіх абавязкаў адмыслова вылучаецца брацкая спецыфіка, як, напрыклад: «Няхай захоўваюць пасты, Касцёлам прадвызначаныя, а асабліва — у вігілію Божага Цела як уласнага свята гэтага брацтва». Спецыфічныя абавязкі братчыкаў зазвычай звязаныя з ушанаваннем Найсвяцейшага Сакрамэнту, выкананнем запаведзі любові да бліжняга, а таксама з выкананнем традыцыйных формаў дзейнасці брацтва. Тут мы сустракаем, у прыватнасці, больш вялікі, чым для звычайнага верніка, штогадовы мінімум прымання Камуніі (натуральна, з папярэдняй споведдзю), прысутнасць на сходах і іншых брацкіх мерапрыемствах, удзел у штомесячнай працэсіі з Найсвяцейшым Сакрамэнтам, наведванне хворых, малітву за іх і інш.

Раздзел завяршаецца канцоўкаю, напісанаю ў духу таго досыць талерантнага часу: «І ўрэшце, практыкуючыся ў пабожных учынках, у Булах апісаных, атрымаюць [братчыкі] адпусты і міласці, нададзеныя арцыбрацтву Айцамі Папамі [Рымскімі]; а калі б хто гэтыя учынкі не здзяйсняў, то грэху ў гэтым ніякага не мае, але страціць гэтак вялікі скарб духоўны» [2, 18–19 нн].

«Нясвіжская частка». Другая частка тэксту была падрыхтаваная самімі нясвіжскімі езуітамі. Яна складаецца з некалькіх невялікіх раздзелаў рознага характару: першыя два маюць выразна тлумачальнае прызначэнне, апошні з’яўляецца статутавым.

Мэта першага раздзела, азагалоўленага як «Некалькі навук дзеля разумення і ўжывання адпустаў», зразумелая ўжо ў самой назве: ягоная задача — патлумачыць вернікам, што ўяўляюць з сябе адпусты. Трэба думаць, што на Беларусі гэтае паняцце ў той час было яшчэ мала пашыраным і патрабавала дадатковага тлумачэння; зрэшты, згадаем, што езуіты прыбылі ў Нясвіж, каб весці місійную працу сярод іншаверцаў, якія не заўсёды былі знаёмыя з рэаліямі каталіцкага рэлігійнага жыцця.

Не менш красамоўную назву мае і другі раздзел гэтай часткі — «Пажытак і спосаб чынення рахунку сумлення». З аднаго боку, штодзённы рахунак сумлення згадваецца асобным пунктам сярод абавязкаў членаў рымскага арцыбрацтва Божага Цела; з другога ж, гэтая практыка належала да найбольш папулярных духоўных практыкаванняў езуіцкай спірытуальнасці. Таму не дзіўна, што ў выданні ёсць адмысловая нататка, якая прапагандуе рахунак сумлення і вучыць, як яго ажыццяўляць.

Найбольшую цікавасць уяўляе трэці раздзел, які мае статутавы характар. У раздзеле ёсць канкрэтны загаловак: «Абавязкі брацтва Божага Цела Societas JESU, найвялебнейшым у Богу Яго міласцю святаром Бэнэдыктам Войнам, біскупам Віленскім, зацверджаныя»; змешчаная ў раздзеле інфармацыя дазваляе ўявіць, як фунцыянавала брацтва ў Нясвіжы.

Уступаючы ў брацтва, вернік павінен быў учыніць дасканалую споведзь з усяго папярэдняга жыцця і прыняць Сакрамэнт Найсвяцейшага Цела і Крыві Сына Божага. Гэтае месца ў тэксце не простае для каментавання, бо з ХІІІ ст. у Касцёле Камунія прымалася вернікамі толькі ў постаці Цела Хрыстова, гэта значыць хлеба (віно пасля Эўхарыстыі спажываў толькі святар). Таму не зусім зразумела, ці мае працытаваны выраз даслоўнае значэнне: ці сапраўды падчас уступнага прычасця братчыкі спажывалі, як у Праваслаўнай Царкве, хлеб і віно. Больш рэальным здаецца метафарычны сэнс гэтай цытаты, бо цяжка ўявіць, што магло дапускацца такое парушэнне літургічнага канону. Зрэшты, можа быць, тут варта ўлічваць водгукі ватыканскіх рашэнняў у справе т. зв. місійнай акамадацыі (прыпадабнення да звычаяў місіянаваных народаў) — ва ўсялякім разе, гэтае пытанне патрабуе асобнага разгляду.

Далучыўшыся да брацтва, вернік атрымліваў адначасова права і абавязак удзельнічаць у яго літургічным і сацыяльным жыцці. Так, у кожную першую нядзелю месяца ён мусіў наведваць агульныя спатканні братчыкаў, на якіх абмяркоўваліся супольныя праблемы, збіраліся грашовыя складкі і слухаліся прамаўляныя святарамі казанні. Такім спатканням, відаць, папярэднічала Імша (пра што ў тэксце не згадваецца, але вынікае з традыцыйнай практыкі Касцёла) і абавязковая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам; каля алтара складалася адмысловае ахвяраванне, якое пазней таксама ўлівалася ў супольную касу — брацкую скрынку.

Апрача выканання агульнапрынятых у Каталіцкім Касцёле прадпісанняў, братчык прымаў на сябе шэраг спецыфічных абавязкаў, абумоўленых дзейнасцю брацтва. Так, разам з абавязковым для ўсіх вернікаў наведваннем Велікоднага набажэнства (з папярэдняю споведдзю) сябры брацтва павінны былі ў Вялікую пятніцу5 — «дзеля заахвочвання іншых да сапраўднага жалю ды пакуты за грахі і для паказання добрага прыкладу» — чыніць самакатаванне бізунамі перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і ўдзельнічаць у працэсіі.

У іншыя перыяды братчыкі павінны былі спавядацца яшчэ чатыры разы на год: у нядзелю сярод актавы Божага Цела (бо на само свята прыпадаў кірмаш, і людзі, натуральна, былі занятыя свецкімі справамі); на свята Унебаўзяцця Панны Марыі; у дзень асвячэння фарнага касцёла Божага Цела — парафіяльны фэст, які прыпадаў на другую нядзелю кастрычніка; і на урачыстасць Усіх святых.

Штоква́ртал, у адну з нядзеляў брацкага спаткання, пры ўпрыявілеяваным алтары Святога Крыжа мусіла быць адпраўленай жалобная Імша за памёрлых сяброў брацтва, на якую павінны былі збірацца ўсе братчыкі; ахвяраванні, сабраныя падчас гэтае Імшы, ішлі на ўтрыманне святароў і студэнцкае моладзі.

Калі братчык бачыў на вуліцы святара, які ішоў з Найсвяцейшым Сакрамэнтам да хворага, або чуў адпаведны звон (падчас падобных візітаў святару спадарожнічаў міністрант са званочкам), то або сам мусіў суправаджаць Найсвяцейшы Сакрамэнт, або паслаць з гэтаю мэтаю кагосьці з дамоўнікаў, або, у крайнім выпадку, укленчыўшы дзе выпадзе, прамовіць пацеры і «Анёльскае прывітанне» за здароўе той хворай асобы.

Сваімі паводзінамі братчыкі павінны былі паказваць добры прыклад іншым вернікам. У прыватнасці ім належала: настаўляць тых, хто блюзнерыць супраць Найсвяцейшага Сакрамэнту і ўнікаць размоваў з такімі людзьмі; наведваць набажэнствы і пабожна слухаць святую Імшу (што не для ўсіх было лёгка, бо ўніфікаваная пасля Трыдэнцкага Сабору богаслужба адпраўлялася выключна на лаціне); часта прыступаць да Камуніі; сцерагчыся смяротных грахоў (сярод якіх названыя ліхвярства, п’янства і цялесная разбэшчанасць); мірыць пасвараных; захоўваць паміж сабою адзінства ды любоў хрысціянскую, а таксама практыкавацца ў разнастайных цнотах «дзеля іншых паляпшэння, а для сябе атрымання ад Пана Бога неадменнай узнагароды».

Як і варта было чакаць, гэты тэкст хоць і з’яўляецца меншым паводле аб’ёму, але ў агульных рысах наследуе «Навукі і напаміны» з першай часткі: фактычна кожнае нясвіжскае правіла мае паралель у рымскім тэксце. Тым не менш, нясвіжскія аўтары праявілі і значную гнуткасць, вылучыўшы асобныя пункты або «згладзіўшы» шляхам простага пераліку іншыя. Разам з тым заўважныя ў змесце абавязкаў і некаторыя адрозненні: напрыклад, рымскі братчык павінен спавядацца і прыступаць да Камуніі, прынамсі, чатыры разы на год, а нясвіжскі — апрача абавязковай велікоднай споведзі — мінімум пяць разоў штогод. Былі, відаць, узятыя пад увагу і кліматычныя асаблівасці Беларусі: валасяніцы рымлянаў падчас працэсіі ў Вялікую пятніцу нашым суайчыннікам замяняла «dyscyplina» (самабічаванне) перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам.

Нясвіжскае выданне «Кароткага збору адпустаў, прывілеяў і міласцяў...» вядомае на цяперашні момант толькі ў адным асобніку. Гэта помнік кніжнай гісторыі Беларусі, унікальны дакумент, што пралівае святло на мінуўшчыну Каталіцкага Касцёла ў Еўропе і, у тым ліку, на некаторыя пытанні, звязаныя з Контррэфармацыяй і дзейнасцю езуітаў. Гэтае выданне ўяўляе з сябе пазнейшае ўзнаўленне больш ранняй, 1632 года, віленскай публікацыі, якая на сённяшні дзень даследчыкам не вядомая і пра якую сёння можна меркаваць толькі на падставе звестак нясвіжскага перавыдання.

Выкарыстаная літаратура і крыніцы

  1. Przyłęcki, F. Rekollekcye duchowne Na ośm dni rozłożone, lubo wszelkiego stanu pobożnym Katolikom, osobliwie jednak Zakonnym Osobom Zak: Oyca S. Franci: służące. Dla pociechy y pożytku Duszy na pustyni z Bogiem rozmawiającey / przez X. Franciszka Przyłęckiego, S. O. Franciszka XX. Bernardynów Prowincyi Litewskiey. Za pozwoleniem Starszych powtórnie do Druku podane. — W Nieświżu: w Drukarni J. X. Mości in Col: Soc: Jesu, 1770. — in 8o. — [366] p. (КП 45 142/1, алігат № 1 у аднайменным канвалюце).
  2. Krotkie zebranie odpustow, przywilejow i łask, nadanych od szczęśliwey pamięci Leona Papieża Х. i od innych naywyższych Biskupów. Wielebnomu arcybractwu. Bozego Ciała, założonemu w Kościele farskim Swiętego Jakuba Scossacavili [sic!], na przedmieściu S. Piotra w Rzymie. Też łaski są przymnożone od szczęśliwey pamięci Sixta Papieża V. Roku 1590. A z Włoskiego na Polski przetłumaczone, za staraniem Braci Bożego Ciała w Nieświeżu będących. Przydane też są nauki i upominania, które winni chować Bracia i Siostry tegoż Bractwa. — [W Nieświżu: w Drukarni Xiążęcey Collegii Soc: Jesu, 1761]. — [24] s. (КП 45 142/3, алігат № 3 у канвалюце: Przyłęcki, F. Rekollekcye duchowne…).
  3. Estreicher K. Bibliografia Staropolska: Электронны рэсурс // www.estreicher.uj.edu.pl. — Доступ: 05.07.2013.
  4. Лаўрык Ю. М. Выданні нясвіжскай езуіцкай друкарні другой паловы XVIII ст. у фондах Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь // Здабыткі: дакум. помнікі на Беларусі / НББ; склад. Т. А. Сапега, А. А. Суша. — Мінск, 2014. — Вып. 16. — С. 169–179.
  5. Vilniaus akademijos spaustuvės leidiniai, 1576-1805: Bibliografija / K. Čepienė, I. Petrauskiene; Lietuvos TSR Mokslų akademijos Centrinė biblioteka. — Vilnius: Lietuvos TSR Mokslų akademijos Centrine biblioteka, 1979. — 540 p., [8] iliustr. lap.
  6. Encyklopedia wiedzy o jezuitach na ziemiach Polski i Litwy. 1564–1995 / Oprac. Ludwik Grzebień SJ przy współpracy zespołu jezuitów. — Kraków: Wyd-wo WAM, 1995. — 882 s., [4] k. tab.

  1. Тут і далей у цытаваных загалоўках і ўрыўках захоўваецца арфаграфія арыгінала.
  2. Гэтая старажытная царква, вядомая з VІІІ ст., была зруйнавана ў 1937 годзе падчас вядзення будаўнічых работ.
  3. Канчаткова яго аформіць толькі канстытуцыя папы Клімэнта VІІІ ад 7 снежня 1604 г.
  4. У абрадавасці Касцёла назва вечаровай малітвы (ад лац. vesperus).
  5. Менавіта да гэтага дня — г. зн. да смерці Хрыста на крыжы і Ягонага пахавання, пачаткова (у Сярэднявеччы), прымяркоўвалася свята Божага Цела; пазней яно было перанесенае на пазнейшы перыяд літургічнага года, паколькі жалоба ў часе «tridium Paschalis» не дазваляла ўрачыстага святкавання.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY