|
KYRIE
Да збаўчай ахвяры святых таямніцаў
ў святыню народ Твой прыходзіць маліцца.
Пачуй жа, як сэрца ўсклікае,
змілуйся над намі, о Пане.
Усе нашы маленні і просьбы ў святыні
хай ласка Твая годным дарам учыніць.
Нам думкі і сэрцы ачысці,
змілуйся над намі, о Хрыстэ!
|
GLORIA
Слава Пану на Сіёне
хай пральецца, злучыць у коле!
Хай спакой святы агорне
ўсюды люд Твой добрай волі.
|
GRADUALE
Устаньма з пашанай, бо Збаўца сам
праўды жыцця аб’яўляе нам
і адкрывае ўсім свой закон,
дае ўзор нам жыццёвы Ён.
Дай вучням, Збаўца, Слова пачуць,
хай сэрцы грэшныя ажывуць,
хай жа нарэшце ў іх закіпіць
любоў да Бога і душ людскіх.
|
CREDO
Верым у Бога, Творцу сусвету,
Хрыстус — Сын Божы, ведаем гэта.
Каб збавіць з грэху душы людскія,
выйшаў з улоння Дзевы Марыі.
І Бог стаў чалавекам, і ў постаці гэтай
Ён быў укрыжаваны за віны сусвету.
Чало Яго ў ранах, і прабіта Сэрца,
сканаў Ён, ка́там дараваўшы міласэрна.
Уваскрос Ён урачыста
ў нябёсы Ён ўзыходзіць!
Нам сказаў, што хутка прыйдзе,
ўчыніць суд над народам.
|
OFFERTORIUM
Вось з рук святарскіх выбраных
Бог прыме святасць Ахвяры,
а Слова станецца Целам,
І цуд убачым у веры.
Дзе хлеб з віном стаў Асобай,
Бог сам да дзяцей прыходзіць,
Нас Цела Божае корміць,
Кроў Божая ўсіх нас поіць.
|
SANCTUS
Божа! Божа найсвяцейшы!
як з Табою зраўняцца?
Люд Твой можа толькі кленчыць,
ў мальбе долу схіляцца.
|
BENEDICTUS
Гасанна, гасанна! У велічы й славе
Сышоў на алтар сам Бог вечны ў яве!
Душою, Крывёю і Целам прысутны,
Ён здзейсніць бяскроўнай ахвяры пакуту.
Не марна, не марна, о Збаўца, о Хрыстэ,
Ліюцца патокі крыві гэтай чыстай.
Жывыя здароўе і шчасце ў ёй знойдуць,
Памерлых палёгка ў чыстцы напоўніць.
|
AGNUS
Сэрца няхай больш не раніць
і не гняце беспрасветна,
ўзяў чысты Божы Баранак
На сябе грахі сусвету.
Вы, хто ачысціў сумленне,
жалем абмыўся і скрухай,
Бог вас ўрачыста сустрэне,
І будзе свята для духа.
|
BENEDICTIO
Цяпер ўсе разам устаньма,
ў праўдзе, ў радасці трывайма,
святар нас крыжам жагнае,
а ў небе Бог бласлаўляе.
|
Пераклад з польскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле рукапісу «Спеваў да св. Імшы».
Гл. таксама:
:: MAGNUM OPUS Ф. МІЛАДОЎСКАГА ::
|
|