|
|
№
3(85)/2018
Жыццё Касцёла
Пакліканне
Даследаванні
Інтэрв’ю
Вялікія містыкі
Пераклады
Постаці
Спадчына
Асобы
Кніжныя скарбы
Нашы святыні
Паэзія
Мастацтва
Паэзія
Проза
Мастацтва
Музыказнаўства
Архітэктура
|
Вясною 2019 года мы будзем адзначаць 200-годдзе з дня нараджэння Станіслава Манюшкі і Фларыяна Міладоўскага. Даты нараджэння класікаў айчыннай музычнай культуры ў календары побач — 4 мая і 5 мая 1819 года. Дзіўна, колькі агульнага ў іх жыццёвых і творчых біяграфіях: землякі, нараджэнцы Міншчыны, абодва валодалі выключнымі здольнасцямі, змалку сачынялі танцавальныя п’есы, наведвалі ўрокі Д. Стафановіча, марылі пра вялікія творчыя дасягненні і шукалі ведаў у прызнаных еўрапейскіх музычных сталіцах. Наколькі падобна пачынаўся іх прафесійны лёс, настолькі па-рознаму ён склаўся ў сталасці. Прызнаны і запатрабаваны музыкант С. Манюшка, аўтар мноства твораў розных жанраў, заўсёды імкнуўся знаходзіцца ў гушчы музычных падзей, з’яўляючыся арганістам касцёла святых Янаў, дырыжорам у віленскім гарадскім тэатры і Вялікім тэатры ў Варшаве, прафесарам Варшаўскага музычнага інстытута. А Ф. Міладоўскі, які ў сваёй дзейнасці заставаўся ў ценю С. Манюшкі, быў простым настаўнікам музыкі ў сям’і мецэната Б. Тышкевіча і капельмайстарам яго мясцовага аркестра, прафесарам фартэпіяна ў езуіцкай калегіі св. Клімэнта ў Мецы. Ён напісаў няшмат кампазіцый, але і яны, нягледзячы на ўсю магчымую дапамогу яго добрага сябра, амаль не выдаваліся. Прычына няпоўнага раскрыцця творчага патэнцыяла Ф. Міладоўскага не ў меншай яго адоранасці, працаздольнасці ці мэтанакіраванасці, а ў збегу абставінаў, якія прывялі да таго, што значная частка яго жыццёвага шляху прайшла ў эміграцыі ў Францыі, і гэта зрабіла яго незапатрабаваным і нерэалізаваным кампазітарам. Ненадрукаваныя сачыненні Ф. Міладоўскага так і заставаліся ў рукапісах, расцярушаных па архівах і сховішчах замежных бібліятэк і фондаў і пакуль не выяўленых даследчыкамі. У сучасным музыказнаўстве праведзена шмат даследаванняў музыкі С. Манюшкі, але навуковых распрацовак па музыцы Ф. Міладоўскага, на жаль, мы амаль не маем. Мэта нашай публікацыі — пазнаёміць чытача з асобаю і творчай спадчынай Ф. Міладоўскага, які зрабіў вялікі ўнёсак у музычную культуру Беларусі ХІХ стагоддзя. Фларыян Станіслаў Міладоўскі нарадзіўся 4 мая 1819 года ў Мінску ў сям’і калісьці заможнай наваградскай шляхты, што пераехала ў горад пасля страты маёнтка Навадворкі ў пошуках сродкаў для існавання. Згодна з культурнымі традыцыямі шляхецкіх сем’яў у Беларусі, у доме Міладоўскіх ладзіліся музычныя вечарыны, папулярныя сярод мінскіх прыхільнікаў музыкі. Малы Флорак прыслухоўваўся да розных інструментаў — фартэпіяна, скрыпкі і гітары, якімі свабодна валодаў яго бацька, Фабіян Міладоўскі, але асаблівую прывязанасць праяўляў да фартэпіяна. Менавіта бацьку, рупліваму і сумленнаму настаўніку музыкі, Фларыян абавязаны сваімі першымі ўрокамі. Пасля курсу заняткаў з аўтарытэтнымі педагогамі Д. Стафановічам і Ф. Цібэ, акурат у дзень нараджэння Фларыяна, адбылося першае публічнае выступленне дзесяцігадовага хлопчыка, які з каласальным поспехам выканаў сёмы канцэрт Д. Штайбельта. Лёгкасць, праяўленая ў навучанні, характарызавала і яго канцэртнае выкананне, аб чым красамоўна сведчаць гэтыя словы: «Падскокваючы, Флорак падбег да фартэпіяна, агледзеў слухачоў з упэўненасцю, што сярод іх няма здольных да спаборніцтва; падаў аркестру знак да ўступу і пайшоў у скокі па клавіятуры. О дзіва! Адразу постаць Флорака згубіла дзіцячую паставу, і праз некалькі хвілін на сцэне можна было ўбачыць артыста, які замілоўваў, здзіўляў і чараваў моцай спелага таленту» [1, с. 121]. Карэспандэнт «Літоўскага кур’ера» таксама адзначыў «неверагоднае майстэрства, дакладнасць рытма, незвычайную смеласць, вялікую прысутнасць духу і эмацыянальнасць» Фларыяна [2]. Актыўная сольная канцэртная дзейнасць хлопчыка-віртуоза ў Мінску, Слуцку і Вільні працягвалася да 1834 года, але, пасталеўшы, юнак ужо не мог здзіўляць і ўражваць сваім мастацтвам музычнае асяроддзе. Аднак усе найважнейшыя імпрэзы ў Вільні з удзелам знакамітых выканаўцаў не абыходзіліся без Фларыяна Міладоўскага, шматгранны талент якога праявіўся ў ансамблевым музіцыраванні і акампаніятарскім майстэрстве. Хоць Фларыян быў адзіным сынам у бацькоў, на выхаванне якога не шкадавалі ані сілаў, ані выдаткаў, грошай катастрафічна не хапала. Гэта, верагодна, і стала штуршком да ранняй педагагічнай кар’еры Ф. Міладоўскага, які ўжо ў 14 гадоў даваў заняткі ігры на фартэпіяна ў заможных віленскіх дамах з узнагародаю, вартаю «найлепшых мэтраў музыкі» [1, с. 122]. У 1836 годзе Фларыян прыняў запрашэнне выкладаць фартэпіяна ў сям’і Бэнэдыкта Тышкевіча. Час побыту ў Чырвоным Двары (сучасны Раўдондварыс) быў для яго самым шчаслівым і бесклапотным. У кароткі пяцігадовы перыяд прабывання ў графскім маёнтку, дзякуючы спрыяльным умовам, адбылося прафесійнае сталенне Ф. Міладоўскага: менавіта тут ён адчуў смак да кампазіцыі, пазнаёміўся з аддадзеным ў яго распараджэнне аркестрам, акунуўся ў сферу тэатральнага мастацтва. Нягледзячы на вялікі практычны досвед, веданне тэарэтычных трактатаў і класічных партытураў, Ф. Міладоўскі адчуваў недахоп адукацыі, таму пад кіраўніцтвам дасведчаных музыкантаў рушыў у вандроўку ў культурныя цэнтры Еўропы.
На фармаванне кампазітарскага светапогляду Ф. Міладоўскага аказалі ўплыў заняткі з Ф. Мендэльсонам-Бартольдзі, «меркаванні і парады якога малады артыст прыняў з рэлігійным ушанаваннем і ўдзячнасцю» [1, с. 125]. Ф. Мендэльсон «гадзінамі слухаў сачыненні Фларыяна, хваліў вартае ў іх..., указваў на памылкі з усёй шчырасцю і зацікаўленасцю» [1, с. 125]. Прыняўшы наказы геніяльнага кампазітара ўдасканальваць фартэпіяннае майстэрства, пашыраць веды па гармоніі, кантрапункце і кампазіцыі і ўзяўшы дзеля гэтага рэкамендацыйныя лісты да прафесараў венскай кансерваторыі, Фларыян накіраваўся ў сталіцу Аўстрыі, дзе па гармоніі і кампазіцыі наведваў клас А. Хёльтцля, вакала — Ё. Хаўзэра, фартэп’яна — Ё. Фішхофа1. Пасля вяртання на Радзіму Ф. Міладоўскі займаўся рознабаковай дзейнасцю: настаўнічаў, дырыжыраваў аркестрам і займаўся кампазіцыяй у Чырвоным Двары, даваў урокі ігры на фартэпіяна ў Вільні, пісаў сачыненні і артыкулы ў Мацках, кіраваў вакальна-сімфанічнай трупай тэатра ў Мінску. Вір паўстання 1863–1864 гадоў раздзяліў жыццё і творчасць Ф. Міладоўскага на дзве часткі. Цудам пазбегнуўшы пакарання за ўдзел у паўстанні [3], ён быў вымушаны эміграваць у Францыю. Міладоўскія2 пераехалі ў Страсбург, пасля — у Мец, дзе на працягу пяці гадоў Фларыян выкладаў фартэпіяна ў езуіцкай калегіі св. Клімэнта. Яго педагагічную дзейнасць абарвала хвароба вачэй, у выніку якой у пачатку 1870 года ён страціў зрок. Паспяхова праведзеная аперацыя дазволіла Фларыяну займацца напісаннем музыкі, але актыўна працаваць ён ужо не мог. Апошнія гады Ф. Міладоўскі правёў у Бардо, дзе і памёр 8 ліпеня 1889 года. Ф. Міладоўскі быў бліскучым піяністам-віртуозам, выключным дырыжорам3, але галоўным яго пакліканнем стала кампазітарская творчасць. Нягледзячы на прызнанне яго таленту Ф. Мендэльсонам і С. Манюшкам, М. Ельскім і А. Валіцкім, уся вялікая творчая спадчына Ф. Міладоўскага — вакальна-інструментальныя і камерна-інструментальныя кампазіцыі — вядомая нам толькі па назвах. Выдадзены і ўведзены ў навуковы і выканаўчы ўжытак фартэпіянныя мініяцюры і вакальныя сачыненні Ф. Міладоўскага (мазуркі C-dur i e-moll, паланэз «Для Міхася і Ясі», пяць кантрдансаў (Е-dur, A-dur, Е-dur, a-moll, A-dur), тры песні («Стары гуляка», «Шара гадзіна» і «Ты так далёка») з цыклу «Польскія спевы», раманс «Матыў» і 7 нумароў з аперэты «Канкурэнты». У сучасным музыказнаўстве нават не існуе поўнага і дакладнага спісу сачыненняў Ф. Міладоўскага. У крыніцах пра яго спадчыну пададзена даволі супярэчлівая інфармацыя адносна назваў, выканальніцкага складу, года і месца выдання кампазіцый. Б. Хмара-Жачкевіч [4], З. Хехлінская [5], Е. Мараўскі [6], Ю. Валіцкі [1] у сваіх біяграфічных артыкулах узгадваюць сцэнічныя музычныя п’есы (аперэты «Канкурэнты» і «Таверна пад капуснай галавой», сімфанічная ўверцюра), вакальныя (цыкл «Польскія спевы», рамансы) і фартэпіянныя (мазуркі, кантрдансы, накцюрны) мініяцюры, камерныя ансамблі («Альбом сляпога» для віяланчэлі і фартэпіяна, трыа), а таксама іншыя творы Ф. Міладоўскага — балеты, фантазіі, канцэрты, паланэзы, скерца, месы, літаніі, харавыя касцёльныя спевы, напісаныя ў розныя творчыя перыяды, пацвердзіць існаванне якіх змогуць толькі знойдзеныя партытуры. Творчасць Ф. Міладоўскага высока ацэньваў С. Манюшка, наракаючы на недастатковыя апублікаванасць і гучанне яго твораў. Водгукі ў крытычнай літаратуры ХІХ стагоддзя сведчаць аб «поўных сапраўднай паэзіі, натхнення, густу і арыгінальнасці» [8] сачыненнях Ф. Міладоўскага, якім уласцівыя «яснасць стылю і каларыту», «паслядоўнасць філасофскіх думак» і адсутнасць «пустаслоў’я» [1, с. 126], «чыстае, як крышталь, натхненне» [9]. Асаблівае месца ў творчай спадчыне Ф. Міладоўскага займае музычная публіцыстыка. У «Музычным руху» ў перыяд з 1857 па 1860 гады былі надрукаваны яго артыкулы «Карэспандэнцыя» [10], «Некалькі слоў пра музычнае развіццё» [11], «Пра напісанне музыкі» [12], «Карэспандэнцыя: пан Кале і Сімфарыён Паўза» [13], дзе кампазітар узнімаў шэраг вострых праблемаў тагачаснай музыкі. Так, у нарысе «Некалькі словаў пра музычнае развіццё» ён разважаў на тэму сутнасці свецкай і літургічнай музыкі, іх узаемаадносінаў: «Музыка для неба павінна адрознівацца ад свецкай музыкі так, як адрозніваецца неба ад зямлі. Гэта добра адчувалі нашы папярэднікі, значыць, і мы адчуваць павінны. Па праўдзе кажучы, дзеля ўпрыгожвання Хрыстовага Касцёла нам неабходна з ахвярай прыносіць усё самае прыгожае і дарагое, народжанае зямлёй, а таксама багацце нашых ведаў, талентаў і геніяў. Усё гэта мы павінны ўскладаць на алтар Пана над панамі, ад якога ўсё бярэ пачатак» [11, с. 315]. Акрамя таго, Ф. Міладоўскі закранаў пытанні напісання сур’ёзнай і глыбокай музыкі: «Дзе кампазітары месаў, нешпараў, харалаў і араторый? Калі яны ёсць, параўнаем іх творы з велізарнымі шэдэўрамі майстроў мінуўшчыны. Што датычыцца музычнай думкі і апрацоўкі, сачыненні сучасных аўтараў падобны да дзіцячых нібы plaque4 цацак» [11, с. 315]. Богаслужбовую музычную спадчыну Ф. Міладоўскага складаюць пераважна вядомыя нам толькі па назвах наступныя духоўныя сачыненні: тры месы («Меса», меса B-dur, меса «Спевы да св. Імшы»), кантата на рэлігійную тэматыку і дробныя кампазіцыі (псальм «O, Domino», «Magnificat», «O Salutaris», «Ojcze nasz», «Tantum ergo»), напісаныя паміж 1855 і 1862 гадамі ў віленскі перыяд творчасці. Пакуль удалося выявіць толькі яго літургічны цыкл «Спевы да св. Імшы» [14], рукапіс якога знаходзіцца ў Варшаўскім музычным таварыстве імя С. Манюшкі (шыфры WTM 729¹, WTM 729², WTM 729³)5. Рукапіс «Спеваў да св. Імшы» Ф. Міладоўскага дайшоў да нас у кепска захаваным выглядзе: выцвілі разлінееныя нотныя радкі, пабляклі чарнілы, пацямнела папера, забрудзіліся, надарваліся, пашкодзіліся вадою і цвіллю нотныя аркушы, згубіліся вялікія фрагменты нотнага тэксту вакальна-інструментальных партый. Дрэнная захаванасць нотаў тлумачыцца складанай гісторыяй бібліятэкі ВМТ, нібы «спісанай» з лёсаў сотняў бібліятэчных фондаў, якія знянацку застала Другая сусветная вайна. З часу існавання таварыства, дарэчы, адным з яго заснавальнікаў у 1871 г. з’яўляўся С. Манюшка, і арганізаваных пры ім Я. Карловічам секцый імя С. Манюшкі (1891) і імя Ф. Шапэна (1899), а таксама вялікай працы па збіранні звязаных з імі дакументаў і да пачатку другой чвэрці ХХ стагоддзя ў фондзе ВМТ зберагаліся каля 30 000 музычных рукапісаў і бясцэнныя асабістыя рэчы кампазітараў. Падчас нямецкай акупацыі рукапісныя матэрыялы бібліятэкі сталі часткаю «Staatsbibliothek Warschau» і былі перавезены ў снежні 1944 года ў Адэлін (Ніжняя Сілезія), а калі ў жніўні наступнага года іх знайшлі варшаўскія бібліятэкары, высветлілася, што загінула каля 40% даваеннага фонду: амаль уся калекцыя нотных старадрукаў і значная колькасць незакаталагізаваных рукапісаў. Рукапіс «Спеваў да св. Імшы» складаецца з трох самастойных зборнікаў: — харавая партытура з партыяй аргана (28 аркушаў); — харавыя і вакальныя партыі (92 аркушы); — інструментальныя партыі сімфанічнага аркестра (78 аркушаў). Паводле атрыбуцыі супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы, аўтарства «Спеваў да св. Імшы» памылкова залічылі С. Манюшку. Так, у бібліяграфічным апісанні да першага сшытка імя Ф. Міладоўскага сціпла значыцца ў канцы: «Станіслаў Манюшка. Спевы да св. Імшы для чатырох галасоў з суправаджэннем аргана (словы Уладзіслава Сыракомлі), музыка Фларыяна Міладоўскага». У каталагічных вопісах другога і трэцяга сшыткаў ён не ўзгадваецца ўвогуле. Спрыяў гэтаму той факт, што меса была зафіксавана ўласнай рукою С. Манюшкі — надзвычай шаноўнага ў польскай культуры дзеяча. Несумненна, такая акалічнасць нябачна ахоўвала рукапіс ад занядбання, бо архіварыусы ВМТ збіралі ўсе матэрыялы, звязаныя з ім, але гэта ж прадвызначыла і лёс дакумента: яго доўгае небыццё. Знайсці ноты сачынення нам удалося не па прозвішчы кампазітара, а толькі дзякуючы Божаму Провіду і нашай уважлівасці да прозвішча першага выканаўцы твора, сябра і паплечніка Ф. Міладоўскага — С. Манюшкі. Напісанне месы было прымеркавана да інаўгурацыі Таварыства св. Цэцыліі, арганізаванага С. Манюшкам і Ф. Міладоўскім. У паперах С. Манюшкі захаваўся сшытак з актам заснавання аб’яднання і нататкамі, што тычыліся збораў, рэпетыцый і фінансавых справаў — так званай хронікай Таварыства св. Цэцыліі, дзе акурат узгадваецца сачыненне Ф. Міладоўскага: «Віленскія музыканты і аматары з мэтай пашырэння добрай і сур’ёзнай музыкі пажадалі аб’яднацца ў хор, каб спяваць падчас набажэнстваў найлепшыя творы замежных і мясцовых кампазітараў <...> На ўрачыстасць св. Цэцыліі, што прыпадае на 22 лістапада, пан Міладоўскі напісаў месу, якую выканаюць усе віленскія аматары і артысты добрай волі» [15, с. 224]. Водгукаў на выкананне сачынення Ф. Міладоўскага ў прэсе мы не выявілі, але на гэты твор спасылаліся ў слынных часопісах ХІХ стагоддзя [16; 17; 18] пры аглядзе спадчыны кампазітара: «Меса [Міладоўскага. — С.Ш.], што калісьці гучала ў нашым горадзе [Вільні. — С.Ш.], дае падставы меркаваць пра выключнасць яго рэлігійных гімнаў» [17]. С. Манюшка ў ліставанні са сваім сябрам і рэдактарам «Музычнага руху» Ю. Сікорскім абмяркоўваў праблемы выдання «Спеваў да св. Імшы» (так і не ажыццяўлёнага ў ХІХ ст.) [19, с. 202], а таксама прыгадваў іх у сувязі з інаўгурацыяй 22 лістапада 1854 года Таварыства аматараў касцёльнай музыкі (Таварыства св. Цэцыліі) [15, с. 224]. Менавіта ў гэты дзень і адбылася прэм’ера месы Ф. Міладоўскага ў касцёле святых Янаў. Варта зазначыць, што праз год цыкл месы зноў прагучаў у лістападаўскім канцэрце ў гонар патронкі музыкі і касцёльных музыкантаў, аб чым сведчаць дадзеныя з «Малога календара» С. Манюшкі [19, с. 625]. Далейшая будучыня кампазіцыі Ф. Міладоўскага залежала ад харызматычнасці С. Манюшкі, які згуртоўваў вакол сябе творчых людзей, і яго таленту рэалізоўваць цяжказдзяйсняльныя праекты6. Думаецца, што меса выконвалася і ў шматлікіх касцёлах, улічваючы вялікую канцэртную практыку калектыву [15, с. 220], створанага на базе віленскіх катэдральных музыкантаў з удзелам настаўнікаў музыкі, артыстаў музычнага тэатра графа Б. Тышкевіча і музыкантаў-аматараў [15, с. 77]. Не выключана, што «Спевы да св. Імшы» маглі выконвацца, напрыклад, падчас значных культурных імпрэзаў. Пра адну з такіх — акцыю па зборы грошай для помніка кампазітара К. Курпінскага ў Варшаве — апавядаецца на старонках «Музычнага руху», дзе разам з праграмаю канцэрта змешчаны вытрымкі з ліста віленскага спевака А. Банольдзі ў рэдакцыю часопіса: «Віленскае музычнае таварыства св. Цэцыліі нясе Вам7 удовін грош для ўсталявання помніка шаноўнаму спадару К. Курпінскаму. Крыніцай гэтай мізэрнай ахвяры стаў імправізацыйны вечар, афішу якога мы далучаем на ўспамін аб гарачай гатоўнасці дапамагчы і сардэчным спачуванні нашай групкі да ўсяго, што толькі мае сувязь з гонарам і дасягненнямі нацыянальнага мастацтва» [20]. Лёс месы Ф. Міладоўскага пасля пераезду С. Манюшкі ў Варшаву быў прадвызначаны, і, здаецца, сачыненне больш не выконвалася8. Адной з галоўных прычынаў незапатрабаванасці твора ў літургічнай практыцы буйных культурных цэнтраў былой Рэчы Паспалітай (у Вільні, Мінску, Варшаве і інш.), акрамя яго ненадрукаванасці, стаў вялікі і стракаты склад выканаўцаў «Спеваў да св. Імшы», утрымліваць які ў рэакцыйны перыяд 30-х і 60-х гадоў маглі пераважна ў катэдральных касцёлах. Па сваёй гістарычнай ролі, маштабе творчай рэалізацыі і ўнутраным змесце, меса з’яўляецца найбуйнейшым magnum opus кампазітара, які ўвабраў усю моц таленту Ф. Міладоўскага. Разам з пахавальным цыклам «Жалобныя спевы» С. Манюшкі (1850) яна адкрывае новую старонку ў гісторыі беларускай каталіцкай музыкі ХІХ стагоддзя, даючы імпульс укараненню ў айчынную богаслужбовую практыку новага тыпу літургічных цыклаў — польскіх месаў — у творчасці іншых музыкантаў Беларусі акрэсленага перыяду: ксяндза Яна Галіча і Юзафа Грыма. З’яўляючыся жанравым падвідам месы, вырашальную ролю ў польскіх месах займаюць тэксты, якім, дарэчы, у ХІХ стагоддзі давалі назвы тыпу «Гімны да св. Імшы», ці «Песні да св. Імшы». Нягледзячы на польскамоўную тэкставую аснову, чужародную каталіцкаму цырыманіялу, выкарыстанне такіх месаў у богаслужбовай практыцы былой Рэчы Паспалітай актыўна падтрымлівалася мясцовым духоўным кіраўніцтвам. Вершаваны тэкст, прапушчаны праз фільтр творчай фантазіі, у большай ступені, чым яго лацінскі адпаведнік, спрыяў праяўленню суб’ектыўных адчуванняў аўтараў месаў. Асноваю для «Спеваў да св. Імшы» Ф. Міладоўскага сталі спецыяльна напісаныя У. Сыракомлем9 вершы. Польскамоўная парафраза вабіла Ф. Міладоўскага, даючы свабоду натхнення ў межах традыцыйнай закаснелай абрадавасці. Разам з новымі словамі нараджаліся не характэрныя для традыцыйных эталонаў жанру месы новыя музычныя формы, шматлікія вобразы, прыёмы музычнага выказвання, што нараджае разнастайныя пачуцці і настроі. Індывідуальнасцю пазначаны стыль месы: старажытныя літургічныя традыцыі, што праявіліся ў агульнай пабудове цыклу і поліфанізаванасці фактуры, сплавіліся з дасягненнямі свецкага музычнага мастацтва XVII — ХІХ стагоддзяў. Так, разнастайнае і кантраснае формаўтварэнне, заснаванае на практыцы alternatim («Kyrie», «Graduale», «Offertorium», «Agnus Dei»); прынцыпы канцэртавання, якія дазволілі пашырыць асобныя сегменты месы ўнутры частак і вылучыць іх у самастойныя раздзелы (тэкстава насычаныя «Gloria» і «Credo»); самастойнасць вакальных партый («Credo», «Offertorium», «Benedictus», «Agnus Dei») запазычаны з оперна-тэатральнага мастацтва, звязанага з фарміраваннем духоўнай драмы, духоўнага канцэрта, і станаўленнем неапалітанскай опернай школы адзначанага перыяду. На стыль «Спеваў да св. Імшы» значна большае ўздзеянне мела сімфонія, што ў эпоху класіцызму стала флагманам жанравай іерархіі, уплываючы і трансфармуючы аблічча многіх жанраў інструментальнай і вакальнай музыкі. Ф. Міладоўскага захапіла ідэя вялікай сімфанічнай музыкі, з выдатнымі ўзорамі якой яму давялося пазнаёміцца яшчэ ў гады творчага сталення падчас побыту ў Вільні і Чырвоным Двары, падчас навучання ў Вене, а таксама творчага супрацоўніцтва з С. Манюшкам па арганізацыі канцэртаў Таварыства св. Цэцыліі ў Вільні. У «Спевах да св. Імшы» захаваны галоўныя атрыбуты сімфоніі: разгорнутая канцэпцыя формы, вялікі і дыферэнцыраваны выканальніцкі апарат. Разам з тым месе Ф. Міладоўскага не ўласцівы пафас сімфанічных месаў папярэдняй эпохі (Ё. Гайдна і Л. Бетховена), а таксама манументалізм, які ў тым ліку выяўляецца і праз увядзенне пераважна ў канцы асобных частак разгорнутых канонаў і фугаў. Такая канцэпцыя літургічнага цыклу цалкам адпавядае поглядам кампазітара на богаслужбовую музыку, выказаным С. Манюшкам у «Нататцы пра касцёльную музыку»: «Трубы, трамбоны, літаўры, вытанчаныя вакалізацыі, сольныя інструментальныя эпізоды мы сустракаем у кожнай месе Гайдна, Гумеля, Вебера. Раскошныя, як само мастацтва, практыкаванні па кантрапункце, фугі і каноны, акрамя таго, што моцна знясільваюць, дык яшчэ і не патрэбны ў месцы свайго выканання» [19, с. 619].
У вобразным і музычна-тэматычным строі месы Ф. Міладоўскага выразна пануе суб’ектыўны лірычны пачатак, знітаваны з музычным рамантызмам, парасткі якога ляглі на спрыяльную глебу прыроджанай далікатнасці, чуллівасці і эмацыянальнасці творцы. Надаючы індывідуальнае аблічча кожнай частцы цыклу, кампазітар развівае спеўныя традыцыі, успрынятыя ад Ф. Шуберта і Ф. Мендэльсона, а таксама ад сваіх суайчыннікаў М. К. Агінскага і С. Манюшкі. Асаблівая роля лірыкі, насычаны спеўны меладызм пераважна славянскага паходжання, з’яднанасць музыкі і тэксту, багатае формаўтварэнне, заснаванае на распаўсюджаных у вакальнай музыцы формах (куплетная, куплетна-варыянтная, форма бар), экспрэсіўнасць гармоніі, яскравая, разнастайная ладавая і тэмбравыя сферы надаюць «Спевам да св. Імшы» Ф. Міладоўскага выразную адметнасць. Публікацыя «Спеваў да св. Імшы» павінна была адбыцца яшчэ ў беларускі перыяд жыцця і творчасці Ф. Міладоўскага, аб чым сведчаць неаднаразовыя просьбы самога кампазітара і яго сябра С. Манюшкі да ўладальніка выдавецтва Фрыэдляйна і іх абгрунтаваныя хваляванні, адлюстраваныя ў перапісцы С. Манюшкі з Ю. Сікорскім: «Чаму Фрыэдляйн не адказвае на мае і Фларыяна прапановы адносна выдання яго месы?.. ні слова — ані чорнае, ані белае» [19, с. 201–202]. На жаль, публікацыя месы так і не ажыццявілася. Другое жыццё «ўдалая меса» (меркаванне С. Манюшкі) атрымала ў нашыя дні дзякуючы Віктару Кісцяню, які ажыццявіў сучасную рэдакцыю партытуры сачынення, аднавіўшы цалкам незахаваную арганную партыю ў «Sanctus», «Benedictus», «Agnus Dei», «Benedictio» і часткова захаваныя партыі першай і другой валторны і трамбона, а таксама карпатлівай працы па перакладзе вершаў У. Сыракомлі паэткі Юліі Шэдзько. А ўдыхнуў гэтае жыццё ў «Спевы да св. Імшы» Ф. Міладоўскага ў спрыяльны час першы іх выканаўца — хор «Залатая Горка» — «анёл-ахоўнік» рэлігійнай спадчыны беларускіх кампазітараў, якому нібы звыш наканавана іграць важную ролю ў рэканструкцыі і адраджэнні музычна-касцёльнай практыкі Беларусі, перадаўшы выканальніцкую эстафету Акадэмічнаму хору Белтэлерадыёкампаніі (кіраўнік А. Саўрыцкі) і хору «Salutaris» (кіраўнік В. Янум) з надзеяй, што «Спевы да св. Імшы» стануць перлінай іх канцэртных выступленняў і моцным духоўным інструментам ad majorem Dei gloriam inque hominum salutem. Avibus bonis!
Гл. таксама: Літаратура
|
|
|