|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
З усіх каталіцкіх ордэнаў для пашырэння асветы і развіцця адукацыі на Беларусі найболей зрабілі, бадай, езуіты. Заснаванае ў першай палове ХVІ ст. дзеля змагання з Рэфармацыяй «Таварыства Езуса» засяродзіла сваю ўвагу ў першую чаргу на пашырэнні каталіцкіх ідэяў праз школу і кнігадрук. На практыцы гэта праявілася ў стварэнні высокаякаснай адукацыйнай сістэмы, якая рыхтавала кваліфікаваныя кадры для прапаведніцкай, навучальнай і выдавецкай працы таварыства, а дзякуючы адкрытасці для прадстаўнікоў усіх вызнанняў здабывала прыхільнікаў або, як сёння кажуць, «агентаў уплыву», ва ўсіх слаях грамадства. Езуіты вельмі хутка ацанілі тыя магчымасці, якія ім давала кнігадрукаванне для дасягнення пастаўленых мэтаў, а таму актыўна яго выкарыстоўвалі, аднак рукапісная кніга яшчэ доўга бытавала ў езуіцкіх асяродках — асабліва на ўсходзе Еўропы, дзе «чорнае мастацтва» на той час яшчэ не дасягнула такога развіцця, як на Захадзе.
Адной з такіх рукапісных кніг з’яўляецца зборнік малітваў і пабожных сентэнцый, які быў створаны ў 1718 г. у Мінску, а сёння захоўваецца ў Спецфондах у Рукапісным аддзеле Бібліятэкі кракаўскага аддзялення Польскай акадэміі навук (PAU–PAN)1. Айчынным даследчыкам гісторыі кнігі гэты рукапіс раней не быў вядомы, хоць у апошнія дзесяцігоддзі беларускія навукоўцы і сталі даволі частымі наведнікамі даўняй польскай сталіцы. Сам я пра існаванне манускрыпта даведаўся выпадкова, з вуснаў калегі ўкраінца Максіма Патапенкі, з якім сустрэўся ў Кракаве на кнігазнаўчай канферэнцыі, і якому спяшаюся выказаць сваю шчырую ўдзячнасць за зычлівую падказку. Спадар Максім прыбыў у Кракаў за некалькі дзён да пачатку канферэнцыі дзеля таго, каб скарыстаць з аказіі і папрацаваць у мясцовых архівах па тэме свайго даследавання. Пачуўшы, што я прыехаў з Мінска, ён распавёў мне, што падчас працы з каталогамі Рукапіснага аддзела PAU–PAN бачыў апісанне нейкага лацінскага манускрыпта мінскага паходжання. І хоць я меў сумневы, ці пра наш Мінск ідзе гаворка, аднак палічыў сваім абавязкам пазнаёміцца з загадкавым рукапісам. У гэты свой прыезд у Кракаў я меркаваў наведаць зусім не акадэмічную бібліятэку, а архіў і кніжніцу кракаўскага кляштара а. бэрнардынаў, таму загадзя паклапаціцца пра рэкамендацыйны ліст для PAU–PAN, на жаль, не здагадаўся. Выручыла колішняя гарадзенка, а сёння кракавянка са стажам і супрацоўніца Акадэміі Ліля Коўкель, пад чыё слова мне дазволілі атрымаць на рукі для вывучэння каштоўны манускрыпт. Безумоўна, тых дзвюх гадзінаў, што былі ў маім распараджэнні, недастаткова для грунтоўнага даследавання рукапіса, тым больш што не заўсёды разборлівы почырк пісальніка і частыя скарачэнні лацінскіх словаў зрабілі тэкст складаным для расчытання. Тым не менш, я маю надзею, што гэты артыкул, падрыхтаваны па выніках азнаямлення з манускрыптам, дасць магчымасць чытачу скласці пэўнае ўяўленне пра гэты помнік мінскага каталіцкага жыцця, які захоўваецца ў суседняй краіне (на жаль, фатаграфаванне арыгіналаў у бібліятэцы забаронена, і я не магу праілюстраваць тэкст здымкамі рукапіса).
* * * Насуперак чаканням, кніжачка аказалася зусім маленькаю, кішэннага фармату: 10,5 х 6 см; гэта, для параўнання, памер візітоўніцы — сёння б рукапіс залічылі да міні-кніг. Манускрыпт узяты ў скураную аправу; аб’ём кніжнага блока — 92 лісты, уключаючы форзацны ды нахзацны (г. зн., лісты пры аправе — перад пачаткам і напрыканцы кнігі), на якіх пазней таксама рабіліся запісы. На тытульнай старонцы рысаваны пяром картуш — фігурны шчыт, які трымаюць умоўна паказаныя постаці (назавем іх putti); на картушы выпісаны загаловак кнігі: «Liber precatororius [sic!] selectas Continens devotiones ad Majorem Dei Gloriam, script9 Minsci Anno Dni 1718» («Кніга выбраных малітваў у сувязі з набажэнствамі дзеля Вялікшай Славы Божай, пісана ў Мінску Году [ад нараджэння] П[а]на [Езуса] 1718»). На адвароце тытульнага ліста — цытата з сярэднявечнага трактата «De modo bene vivendi» («Пра лад добрага жыцця»), які раней прыпісвалі пяру св. Бэрнарда з Клерво. Паводле свайго зместу манускрыпт з’яўляецца сакрамэнтарыем: у ім, згодна з паказанай вышэй назваю, змешчаны рознага роду малітвы і іншыя тэксты, што выкарыстоўваліся галоўным чынам пры адпраўленні набажэнстваў і касцёльных абрадаў — пераважна лацінскія: «Парадак ушанавання [Найсвяцейшага] Сакрамэнту» (л. 4), «Малітвы перад і пасля супольнага набажэнства» (лл. 5–8), «Парадак выслухоўвання споведзі» (лл. 9–14), «Літанія да святых апекуноў» (лл. 20–24), «Жаль за грахі» (лл. 64–67) і г. д. Зрэдку, аднак, сустракаюцца тэксты і па-польску — як малітвы на л. 58 ці касцёльная песня на л. 81. Змест кнігі выразна сведчыць пра тое, што ўкладальнікам зборніка быў святар, які выпісваў тэксты для ўласнай патрэбы. Сярод змешчаных у кнізе тэкстаў ёсць як самі малітвы, так і датычныя малення ці богаслужбы цытаты з твораў айцоў Касцёла (св. Аўгустына, св. Яфрэма, св. Яна Златавуснага) і пазнейшых каталіцкіх аўтараў (Баэцыя, Ігнацыя Лаёлы, св. Анзэльма, езуіта Гаспара Дружбіцкага). Выкарыстанне як у загалоўку, так і ў іншых месцах кнігі выразу «Аd Majorem Dei Gloriam» ці яго абрэвіятуры «Аd M. D. G.», актыўны зварот да спадчыны Ігнацыя Лаёлы і твораў езуіцкіх аўтараў, урэшце знаходжанне ў «Літаніі да святых апекуноў» імя Лаёлы адразу пасля імя апекуна Вялікага Княства Літоўскага св. Казіміра (а за ім св. Францішка Ксавэрыя і, крыху ніжэй, Андрэя Баболі і ўсіх святых «Таварыства Езуса» — «omnes SS Societatis JESU») указваюць нам на закон, у асяродку якога ўзнік зборнік — ордэн езуітаў. А надпіс «script9 Minsci» («пісана ў Мінску») выразна паказвае на месца стварэння; праўда, на тэрыторыі Рэчы Паспалітай быў не адзін Мінск: апрача нашага, т. зв. «літоўскага», існаваў яшчэ і Мінск у Мазовіі. Аднак гэтая дылема вырашаецца проста: паколькі ў Мінску Мазавецкім езуітаў спакон веку не было, манускрыпт мог быць створаны толькі ў сённяшняй сталіцы Беларусі; ускосна гэта пацвярджае і наяўнасць цытатаў з твораў усходніх айцоў Касцёла, якія былі актуальныя перадусім у кантэксце місійнай працы сярод праваслаўных. Варта сказаць яшчэ некалькі словаў пра храналогію рукапіса. Пазначаны на тытульнай старонцы 1718 год не з’яўляецца дакладнай датаю, бо зборнік складаўся на працягу не аднаго года. Спачатку запісы ў кніжцы рабіліся паслядоўна, але з пропускам старонак паміж тэкстамі рознага характару; пасля ж заканчэння вольных аркушаў новыя малітвы і цытаты ўпісваліся на прапушчаных старонках і на форзацы. З гэтай прычыны запіс лацінамоўнай малітвы на л. 68-м датаваны 1720 г., а спіс рэліквій святых на л. 24-м адв. — увогуле 1738 г. Такім чынам, стварэнне зборніка можна ўмоўна датаваць 1718–1738 гг. (умоўна таму, што некаторыя тэксты маглі дапісвацца і пасля 1738 г.). Але ў кожным разе, гэта найдаўнейшая звязаная з мінскім езуіцкім асяродкам рукапісная кніга з тых, што сёння вядомыя даследчыкам.
* * * Першыя езуіты з’явілася ў Мінску ў 1657 г., калі біскуп Смаленскі Геранім Сангушка купіў з мэтаю закладання калегіума камяніцу Юрыя Гегера на Высокім рынку і сюды прыбылі два прадстаўнікі закону: а. Лукаш Залускі і а. Ігнат Бекер2. Такім чынам паўстала мінская езуіцкая рэзідэнцыя, якая існавала да 1662 г., пакуль не была знішчана ў выніку ўзнаўлення вайны з Расійскай дзяржаваю. Толькі праз 10 гадоў, у жніўні 1672 г., мінскі езуіцкі асяродак быў адноўлены ўжо як місія і праіснаваў у гэтай якасці да 1686 г. Для працы на місіі ў Мінск былі прысланыя чацвёра езуітаў з Нясвіжа: прыёрам быў пастаўлены а. Мікалай Зярніцкі, функцыі місіянераў выконвалі айцы Андрэй Зяневіч і Павел Казірадскі, а пасаду прафесара граматыкі ў навастворанай школе заняў Язэп Гаевіч3. Езуіты пачалі праводзіць прапаведніцкую, катэхізацыйную і душпастырскую працу як ва ўласнай каплічцы на Высокім рынку, так і ў царкве св. Пятра і Паўла на Нямізе, дзе прамаўлялі казанні па-беларуску4. Пры суперыёры Аляксандру Фрэру ў сярэдзіне 1680-х гг. дзейнасць мінскіх езуітаў актывізавалася ў адукацыйным кірунку: місія была зноў ператворана ў рэзідэнцыю; у 1685 г. была збудаваная бурса для бедных вучняў, а ў 1686 г. да раней выкладанай граматыкі далучыліся класы паэтыкі і рыторыкі; а ў 1689 г. было закончана будаўніцтва новага будынка калегіума, на той час драўлянага. Неўзабаве, то бок у 1700 г., быў закладзены, а ў 1710 г. кансэкраваны касцёл Імя Езуса, Марыі і св. Барбары5, што сёння існуе пад тытулам Імя Найсвяцейшай Панны Марыі і вядомы нам як мінская архікатэдра. Аднак падзеі Паўночнай вайны, што пракаціліся па беларускіх землях у гэты час, кепскім чынам паўплывалі на адукацыйную працу мінскіх езуітаў, якая часова была перапыненая і вярнулася ў звыклае рэчышча толькі ў 1715 г. — праз год пасля ператварэння рэзідэнцыі ў калегіум6. Менавіта з дзейнасцю навастворанага езуіцкага калегіума ў Мінску і працаю аднаго з яго святароў, імя якога застаецца, на жаль, нам не вядомым, звязана стварэнне апісанага манускрыпта.
У афармленні тэксту выкарыстаны паштоўкі пачатку ХХ ст.
|
|
|