Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Тамара ГАБРУСЬ

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ

Гісторыя званоў як музычнага ўдарнага інструмента налічвае каля 4 000 гадоў. Першымі хрысціянамі яны ўспрымаліся як язычніцкія артэфакты, і толькі з пачатку V ст. званы пачалі ўжывацца для розных рэлігійных патрэбаў: апавяшчэнні аб пачатку набажэнства, небяспецы, жалобе па памерлых і інш. Таму на званах часам змяшчалі цытаты са Святога Пісання і сімвалічную трыяду: «Vivos voco. Mortuos plango. Fulgura frango» («Жывых склікаю. Па памерлых плачу. Полымя ўтаймоўваю»). Ініцыятыву зрабіць званы голасам хрысціянскіх святыняў прыпісваюць св. Паўліну (353–431 гг.), які жыў у італьянскай правінцыі Кампанья, таму званы атрымалі лацінскую назву «campaña». Там жа ўпершыню было ўзведзена асобнае вышыннае збудаванне для званоў пад назваю «кампаніла». Выкарыстанне для будаўніцтва мясцовага прыроднага каменя ў Італіі дазваляла рабіць кампанілы больш высокімі за саборы. Звычайна кампанілы мелі квадратнае сячэнне з падвойнымі ці патройнымі арачнымі праёмамі ўверсе, дзе мясціліся званы. Такое вырашэнне кампанілы стварала выразны акцэнт храмавага ансамбля, спрыяла свабоднаму гучанню званоў. Па-за межамі Італіі ў сярэднявечнай Еўропе для размяшчэння званоў звычайна прыстасоўваліся магутныя вежы мураваных раманскіх і гатычных сабораў.

На ўсходнеславянскія землі царкоўныя званы прыйшлі ў XI ст., пасля хрышчэння Русі, але не з Візантыі, дзе званы з’явіліся пасля захопу Канстанцінопаля крыжаносцамі ў 1204 г., а з Заходняй Еўропы, праз Вялікі Ноўгарад, які меў гандлёвыя стасункі з Ганзейскім саюзам. Мураванае пскоўска-наўгародскае дойлідства старажытнарускага перыяду данесла да нас далучаныя да храмаў арачныя сценкі для званоў. Характэрна, што час будаўніцтва мураванага Сафійскага сабора ў Полацку даследчыкі вызначаюць 1044–1066 гг., што адпавядае храналагічным рамкам паміж пачаткам княжання Усяслава і яго паходам на Ноўгарад, з якога ён прывёз званы і іншыя трафеі для полацкай Сафіі. Пра адданасць князя Усяслава сваёй святыні гаворыць аўтар «Слова аб палку Ігаравым»: «Тому в Полотьске позвониша заутренюю рано у святыя Софеи в колоколы, а он в Кыеве звон слыша». (Тэкст ускосна сведчыць пра тое, што ў Кіеве на той час званоў не было).

Да пачатку XVI ст. на ўсходнеславянскіх землях для азначаных мэтаў часцей ужываліся металічныя білы, у якіх гук здабываецца ўдарамі палкі на ўзроўні чалавечага росту. Яны падвешваліся на перакладзіне, умацаванай на апорах розных канструкцый: слупах, козлах і інш. І толькі з развіццём звоналіцейнай справы з’явілася неабходнасць у асобных пабудовах для званоў.

Адметную частку беларускага сакральнага дойлідства складаюць па-мастацку выразныя драўляныя званіцы-вежы пры храмах розных хрысціянскіх канфесій. Многія з іх, нягледзячы на пажары і іншыя перыпетыі лёсу, ацалелі. Пытанні генезісу і эвалюцыі драўляных званіцаў закраналіся даследчыкамі храмабудаўніцтва ўсходнеславянскіх народаў канца XIX—пачатку XX стагоддзя: рускімі (Ф. Волкаў, Ф. Гарнастаеў, І. Забелін, М. Красоўскі, А. Паўлінаў і інш.), украінскімі (Г. Паўлуцкі, Ф. Белавус, Я. Галавацкі, М. Драган, В. Шчарбакіўскі і інш.), польскімі (З. Глогер, І. Зубрыцкі, В. Дзедушыцкі, К. Маклоўскі, М. Сакалоўскі і інш.). У кантэксце драўлянага дойлідства Цэнтральна-Усходняй Еўропы іх прыцягвалі непараўнальныя па сваёй прыгажосці храмавыя ансамблі са званіцамі Галіцыі, Валыні, Падолля, Лемкаўшчыны, якія кожны з даследчыкаў імкнуўся далучыць да культурна-гістарычнай спадчыны свайго народа. Адпаведная спадчына Беларусі, «Северо-Западного края» Расійскай імперыі, у той час нікога не цікавіла. Даследчыцкая цікавасць да яе праявілася толькі з пачаткам станаўлення айчыннага мастацтвазнаўства (У. Краснянскі, В. Ластоўскі, У. Чантурыя, Т. Хадыка-Габрусь, Ю. Якімовіч, С. Сергачоў, А. Лакотка). Гэтае ж кола артэфактаў для свайго рэгіёна грунтоўна прааналізавана літоўскай даследчыцай А. Янкавічэне.

Аднак пытанні пра тое, калі з’явіліся асобна пастаўленыя драўляныя званіцы як адметны архітэктурны тып, з якой прычыны і які характар іх эвалюцыі, вырашаюцца даследчыкамі па-рознаму. Вядомы расійскі даследчык драўлянага дойлідства М. Красоўскі, які разглядаў храмавыя званіцы Рускай Поўначы і «Малороссии» (Лемкаўшчыны, Галіцыі, Валыні і Падолля), а таксама «Вобласці Войска Данскога», класіфікаваў іх па колькасці ярусаў. Першым вызначыць адметнасці беларускіх званіцаў зрабіў спробу У. Чантурыя, які падзяляў іх па тыпу канструкцыі. Але азначаныя падыходы не мелі храналагічнай асновы і не выяўлялі эвалюцыі архітэктурна-мастацкіх формаў.

Выдатны беларускі гісторык і краязнаўца, член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, пазней супрацоўнік Інбелкульта У. Краснянскі лічыў, што эвалюцыя асобна пастаўленых званіцаў ішла ад прымітыўных слупковых канструкцый, якія паступова ўскладняліся, але гэтая канцэпцыя залішне прамалінейная і не адпавядае сапраўднасці. Выкарыстанне прымітыўных аднаярусных слупковых званіцаў залежала, хутчэй, ад эканамічных магчымасцяў парафіі. Наяўнасць прымітыўных слупковых званіцаў зафіксавана, напрыклад, у падарожным альбоме Мейерберга пачатку XVII ст. (у Дуброўне) і праз два стагоддзі — у малюнках Д. Струкава 1864 г. (пры цэрквах св. Ганны ў сяле Крысава Слуцкага павета, св. Юр’я ў Новым Сяле Бабруйскага павета, у Прылуках Мінскага павета), што сведчыць пра стабільнасць іх розначасавага існавання ў праваслаўных прыходах. Падобным чынам прымітыўныя слупковыя званіцы выкарыстоўваліся і ў грэка-каталіцкім і каталіцкім драўляным храмабудаўніцтве. Інвентар 1796 г. касцёла Унебаўзяцця Дзевы Марыі ў вёсцы Задвея Баранавіцкага р-на, пабудаванага ў 1697 г., сведчыць: «перад касцёлам званіца аб чатырох слупах, яшчэ моцная, апарканення добрага вакол няма». Экспедыцыямі «Збору помнікаў...» падобныя аднаярусныя слупковыя званіцы зафіксаваны ў былых уніяцкіх цэрквах: перакладзіна на 2-х слупах з двухсхільным дахам (в. Лобча Пінскага р-на), 4 нахіленыя да цэнтра слупы з двухсхільным дахам (в. Ражкоўка Камянецкага р-на), з вальмавым дахам (в. Стрыгінь Бярозаўскага р-на, 1817), з пакатым чатырохсхільным шатром-«каўпаком» з пляцоўкаю для званароў, абнесенай разьбянаю балюстрадаю (в. Голдава Лідскага р-на, 1795; в. Чудзін Ганцавіцкага р-на, 1867).

З другога боку, сярод гісторыкаў архітэктуры пашырана меркаванне, што драўляныя царкоўныя званіцы як функцыянальна-канструкцыйнае цэлае генетычна паходзяць ад баявых вежаў драўляных крапасных умацаванняў, і ў храмах яны дадаткова служылі дазорнымі вежамі ў абарончых мэтах. Аднак і з гэтаю высноваю вучоных цяжка пагадзіцца, бо асобная пастаноўка званіцы, наадварот, зніжае фартыфікацыйныя якасці збудавання. Дастаткова прыгадаць, што ўсе абарончыя храмы Беларусі мелі баявыя вежы, шчыльна далучаныя да асноўнага аб’ёма ці надбудаваныя. Гэта тычыцца і праваслаўных чатырохвежавых цэркваў-крэпасцяў, і готыка-рэнесансных касцёлаў, і рэфармацкіх збораў з адной магутнаю вежаю-вестверкам на галоўным фасадзе.

Пазней, у XVII—XVIII стст., у перыяд сталага і позняга барока, пад уплывам узораў мураванай айчыннай архітэктуры атрымалі пашырэнне каталіцкія і ўніяцкія драўляныя храмы базылікальнай канцэпцыі з двухвежавым галоўным фасадам. Пры гэтым вежы ў іх не мелі ніякага функцыянальнага прызначэння. У фасадных вежах барочных храмаў рэдка мясціліся важкія званы, для якіх звычайна ставілася асобная двух- ці трох’ярусная званіца. У вежачках пры касцёлах ці над імі часам размяшчаліся малыя званы (сігнатуркі). Літоўская даследчыца А. Янкявічэне лічыць, што прычынаю пашырэння асобна пастаўленых званіцаў была менавіта вялікая вага званоў, небяспечная для канструкцыі надбудаваных над храмамі вежаў.

Намі прапануецца ўласная мастацтвазнаўчая канцэпцыя паходжання і эвалюцыі асобна пастаўленых айчынных драўляных званіцаў, заснаваная на ўздзеянні эстэтычнай канцэпцыі стылю барока, прыўнесеная ў беларускую архітэктуру з Італіі. На нашу думку, асобна пастаўленыя званіцы-вежы ў беларускім драўляным дойлідстве з’явіліся прыблізна ў пачатку XVII ст. у сувязі са зменамі архітэктурна-мастацкай канцэпцыі суадносінаў прасторы і аб’ёмаў у асобным збудаванні і ў ансамблі ў цэлым. Асобная пастаноўка званіцы адпавядала новым ансамблевым прынцыпам барока, спрыяла больш шчыльнаму ўзаемадзеянню архітэктуры і асяроддзя, адчуванню прасторава-часавага рытму. І на гэтым узроўні ў іх генезісе можна адзначыць не толькі ўплыў крапаснога дойлідства, але і таксама італьянскіх кампанілаў. І першай на гэтым шляху была магутная мураваная вежа-кампаніла каля езуіцкага касцёла Божага Цела ў Нясвіжы, першага помніка стылю барока ў Цэнтральна-Усходняй Еўропе. У перыяд ранняга барока вылучэнне з кампазіцыі храма готыка-рэнесанснага тыпу развітага аб’ёма бабінца са шмат’яруснаю вежаю над ім рабілася з мэтаю займець у драўляным храме базылікальнай канцэпцыі плоскі галоўны фасад накшталт тагачасных мураваных базылікаў.

Адным з самых важных мастацкіх прынцыпаў барока з’яўляецца стварэнне разгорнутага архітэктурна-прасторавага храмавага ансамбля. Асноўным сродкам узбагачэння і развіцця архітэктурнага ансамбля часоў барока з’яўляецца асобная ад касцёла пастаноўка званіцы, нават пры наяўнасці высокіх вежаў на галоўным фасадзе. Характэрна, што драўляныя званіцы ставіліся побач і з драўлянымі, і з мураванымі святынямі. Храм заўжды займаў дамінуючае становішча ў планіровачнай структуры населенага пункта, каля гандлёвай плошчы горада, мястэчка ці сяла. Яго тэрыторыя з невялікімі могілкамі-цвінтаром вылучалася драўлянаю ці мураванаю агароджаю з брамаю, якая часам спалучалася са званіцаю.

Калі разглядаць традыцыйныя архітэктурна-мастацкія характарыстыкі званіцаў XVII–XX стст., то відавочна, што яны творча вар’іруюцца і канструкцыйна, і кампазіцыйна, і рэгіянальна. Для даследавання намі былі разгледжаныя звыш 100 помнікаў, вядомых паводле натурных абследаванняў і архіўных крыніцаў, дзе захоўваюцца старажытныя інвентары і мастацкія выявы званіцаў у творах Н. Орды, Д. Струкава, А. Ромера, Ф. Рушчыца, Я. Драздовіча, фотаздымкі пачатку XX ст. Я. Балзункевіча, 1920-х гг. з архіва Інбелкульта, 1970-х гг. з архіва сектара «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» ІМЭФ НАН Беларусі і сучаснага складальніка «Глобуса Беларусі» А. Дыбоўскага. Параўнанне розначасавых графічных матэрыялаў адлюстроўвае радыкальныя змены, якія адбыліся ў архітэктурна-мастацкіх вобразах драўляных званіцаў на працягу ХІХ — пачатку XXI ст.

Базавыя архітэктурныя характарыстыкі беларускіх драўляных званіцаў як асобнага цэнтрычнага вышыннага збудавання, бясспрэчна, запазычаныя з традыцыйных будаўнічых прыёмаў узвядзення баявых чацверыковых вежаў драўляных крэпасцяў сярэднявечнай Беларусі. Пра гэта сведчыць, напрыклад, «Чарцёж Віцебска 1664 г.», на якім зафіксаваныя храмы горада першай паловы XVII ст. з далучанымі да фасадаў ці размешчанымі над бабінцамі званіцамі. На «Чарцяжы...» бачна, што званіца Увядзенскай царквы мела падабенства з крапасною Дзвінскаю вежаю Верхняга замка. Строгі чацвярык званіцы з крыху нахіленымі сценамі завяршаўся падсябіццем — навясною канструкцыяй з байніцамі, накрытаю пакатым шатром-«каўпаком». Аднак, згодна той жа крыніцы, віцебскія Васкрасенская, Спаса-Праабражэнская цэрквы і былы касцёл езуітаў, пазначаны як царква Аляксееўскага манастыра, у сярэдзіне XVII ст. мелі ўжо развітыя двух’ярусныя вежы над бабінцам з высокімі фігурнымі барочнымі галоўкамі-«банькамі». Пры гэтым на тэрыторыі езуіцкага кляштара стаяла невялікая слупковая званічка для чатырох малых званоў, накрытая шатровым дахам.

Для ўстойлівасці найбольш раннія званіцы часам мелі нахіленыя да цэнтра сцены ніжняга чацверыка і навясны верхні ярус, які імітаваў падсябіцце. Вельмі цікавая як імітацыя крапаснога збудавання — званіца віцебскай Ільінскай царквы, выявы якой няма на «Чарцяжы...», бо яна была пабудаваная разам з царквою каля 1746 г. і згарэла адначасова з ёю ў 1904 годзе. Для храмавага ансамбля на малюнку Д. Струкава 1864 г. характэрна спалучэнне традыцый мясцовага абарончага дойлідства з эстэтыкаю барока. Магчыма, гэты незвычайны сінтэз і спарадзіў недакладнае датаванне помніка ў навуковым ужытку. Невысокая званіца мела звонку чатыры чацверыковыя ярусы і завяршалася пакатым шатром-«каўпаком» з галоўкаю і крыжам. Ніжні ярус для ўстойлівасці меў моцна нахіленыя да цэнтра сцены. Два наступныя ярусы з аднолькавым квадратным сячэннем толькі ўмоўна падзяляліся розным спосабам шалёўкі. Верхні навясны ярус з трыма арачнымі вокнамі з кожнага боку вобразна імітаваў падсябіцце.

Ніжні ярус званіцы часта выкарыстоўваўся як уваходная брама на тэрыторыю храма — прыём, які таксама генетычна паходзіць з мясцовага крапаснога будаўніцтва. Наяўнасць у сярэдзіне XVII ст. шмат’ярусных цэнтрычных сакральных пабудоваў вежавага тыпу пацвярджае ўнікальны праект надбрамнай царквы ў Слуцку Багуслава Радзівіла. На чарцяжы — гэта праездная крапасная брама з квадратным планам, над якою кансольна навісае большы па памерах аб’ём царквы, абкружаны падсенямі, што імітуе падсябіцце. Апошні ярус збудавання займае званіца, накрытая чатырохсхільным шатром з прагібам, увенчаная высокаю шасціграннаю фігурнаю галоўкаю-«банькаю» («сармацкага» тыпу) з крыжам. Арыгінальная кампазіцыя слуцкай надбрамнай царквы сведчыць пра крапасны генезіс гэтай сакральнай пабудовы ў спалучэнні з барочнаю эстэтыкаю.

Званіца ў Чэрску.

Рысы крапаснога збудавання захавала і ўнікальная трох’ярусная званіца пры Міхайлаўскай царкве ў Чэрску Брэсцкага р-на. Яе ніжні і верхні ярусы зроблены як традыцыйныя чацверыкі, але навясны другі ярус, вылучаны скатамі даха, з шэрагамі арачных праёмаў, якія нагадваюць машыкулі, надае збудаванню суворы абарончы выгляд.

Для большасці традыцыйных, асобна пастаўленых званіцаў Беларусі XVII–XVIII стст. характэрны ўстойлівыя кампазіцыйна-канструкцыйныя архітэктурна-будаўнічыя прыёмы. У архіўных інвентарах адзначаецца, што званіцы былі пабудаваныя «на вязанні ў квадрат» (г.зн. гарызантальнымі вянкамі, з квадратным планам) ці «аб чатырох слупах» (каркасныя), альбо былі змяшанага тыпу з ніжнім зрубавым і слупковым верхнім (ці двума верхнімі) ярусамі, якія ўверсе звычайна накрываліся пакатым шатром-«каўпаком» з крыжам. Ярусы падзяляліся шырокімі прычолкамі-адлівамі, пакрытымі серабрыстым гонтам.

Беларускаму дойлідству не ўласцівыя званіцы з больш чым трыма ярусамі. Прыблізна 1/10 частка разгледжаных помнікаў — гэта аднаярусныя лапідарныя прызматычныя аб’ёмы каркаснай канструкцыі з вузкімі акустычнымі адтулінамі ўверсе, накрытыя невысокім чатырохсхільным шатром. Пад шатром зроблены адкрытыя перакладзіны, на якіх мацуюцца званы. Пераходным кампазіцыйным варыянтам з’яўляюцца двух’ярусныя званіцы, якія маюць аднолькавае папярочнае сячэнне абодвух ярусаў. Яны знакава падзяляюцца гарызантальнаю цягаю вузкага адліва. Падобныя званіцы XVIII ст. зафіксаваны пры храмах усіх канфесій у розных рэгіёнах Беларусі, ад Заходняга Палесся да Дзісненшчыны: у вёсках Збірагі, Покры, Чарнаўчыцы Брэсцкага р-на, Здзітава Жабінкаўскага р-на, Валавель Драгічынскага р-на, Давыд-Гарадку Столінскага р-на, Касарычах Слуцкага р-на, Гудагаі Астравецкага р-на, Касцяневічах Вілейскага р-на і інш.

  
Званіца ў Дзеткавічах. 1970-я гг. Званіца ў Шарашове.

Найбольш пашыранымі былі двух’ярусныя званіцы з ніжнім зрубным чацверыком і меншым у папярочным сячэнні верхнім каркасным ярусам, падзеленымі шырокім прычолкам, з разнастайна аформленымі акустычнамі праёмамі. Са 100 даследаваных намі помнікаў да іх адносяцца 44: званіцы ў вёсках Грыцкавічы Крупскага р-на, Бездзежы, Дзеткавічах Драгічынскага р-на, Дзівіне, Лелікаве Кобрынскага р-на, Шарашове Пружанскага р-на, Лявонпалі Міёрскага р-на, Дудах Іўеўскага р-на, Багданаве Валожынскага р-на, Вяльцы Глыбоцкага р-на, у Троіцкай царкве на Пескаваціку ў Віцебску, у Богаяўленскім Куцеінскім манастыры ў Оршы і інш. На малюнку Д.Струкава ў Друі зафіксаваны дзве падобныя званіцы пры Дабравешчанскай і Спасаўскай цэрквах, а таксама ўнікальная драўляная званіца, якая складалася з двух васьмерыковых ярусаў са скразнымі праёмамі пры мураваным касцёле.

Званіца ў Мураванай Ашмянцы.

Адначасова з удасканаленнем прасторава-кампазіцыйных і пластычных характарыстык сакральнай архітэктуры ў цэлым адпаведна асаблівая маляўнічасць надавалася і архітэктуры званіцаў. Найбольш шыкоўныя драўляныя званіцы перыяду барока звычайна складаліся з трох ярусаў чацверыкоў. Згодна мастацкім сродкам віленскага барока, з мэтаю стварэння ілюзіяністычных эфектаў памеры ярусаў выразна скарачаліся ўгору, што зрокава рабіла вежу званіцы больш высокаю і стройнаю. Верхнія ярусы (адзін ці два) звычайна афармляліся шэрагамі скразных праёмаў, якія імітавалі ажурныя арачныя галерэі — падcені. Відавочна, што мясцовая назва «падсені» акцэнтуе той маляўнічы святлоценевы эфект, што стваралі арачныя галерэі ў мастацкім вобразе збудаванняў. Цотная альбо няцотная колькасць праёмаў на ярусах магла вар’іравацца, напрыклад, як у прыгожай кампаніле ў Клецку (паводле малюнка З.Глогера). Малюнак арачных праёмаў дасягаўся пераважна з дапамогаю фігурна габляваных вуглавых падкосаў: менавіта такія званіцы ў вёсках Багданава Валожынскага р-на, Сінкевічы Лунінецкага р-на, Мядзведзічы Ляхавіцкага р-на. Другім спосабам стварэння падсеняў на верхніх ярусах званіцаў было вырэзванне арачных перамычак у шырокай дошцы-падзорыне над праёмамі. Гэты прыём зафіксаваны В. Ластоўскім у шэрагу званіцаў былой Бабруйскай акругі ў вёсках Толы, Ворсічы, Шыпілавічы каля Любані, мястэчку Урэччы, пры Васкрасенскай царкве ў Слуцку, але сустракаецца і ў іншых месцах, напрыклад, у званіцах пры касцёлах у вёсках Валеўка Наваградскага р-на, Муравана Ашмянка Астравецкага р-на. Іншы раз падзорыны дадаткова ўпрыгожваліся рамбічнымі, круглымі ці авальнымі акустычнымі праёмамі, як званіца ў вёсцы Осаўцы Драгічынскага р-на. У шэрагу помнікаў пралёты паміж слупамі каркаса ўмацоўваліся перакрыжаванымі дыяганальнымі і рамбічнымі падкосамі, якія павялічвалі прасторавую жорсткасць канструкцыі і стваралі арнаментальны дэкор: такія званіцы ў вёсках Лявонпаль Міёрскага р-на, Ляскавічы і Махро Іванаўскага р-на, Дзеткавічы Драгічынскага р-на.

Званіца ў Серніках. Малюнак Я. Драздовіча. 1926 г.

Ніжнюю частку скразнога яруса званіцаў звычайна закрываў глухі парапет альбо балюстрада з разьбянымі балясінамі ці перакрыжаванымі падкосамі. Іншы раз шырокі гонтавы прычолак пластычна пераходзіў на парапет верхняга яруса з дапамогаю «кажухавання»: такія званіцы ў Прачысценскай і Варварынскай цэрквах у Слуцку, Серніках на Піншчыне. Відавочна, што даволі рэдкі прыём «кажухавання», г.зн. абшыўкі вертыкальнай сценкі парапета гонтам, з’яўляецца вынікам уплыву на будаўніцтва Беларускага Палесся ўкраінскіх узораў, дзе ён быў шырока распаўсюджаны.

Стылёваю і канструкцыйнаю характарыстыкаю традыцыйных званіцаў з’яўляецца наяўнасць і тып іх шалёўкі. У часы барока для званіцаў рознай канструкцыі найбольш характэрнаю была вертыкальная шалёўка пілаванымі дошкамі («тарціцамі») з нашчыльнікамі, відавочна, з эстэтычных патрабаванняў ансамблевага адзінства з храмам. Традыцыйную вертыкальную шалёўку на ўсіх ярусах мае магутная трох’ярусная званіца пры Ільінскай царкве ў в. Велямічы Столінскага р-на. Аднак, у адрозненне ад храмаў, ніжні зрубны з брусоў чацвярык не заўсёды быў ашаляваны, а заставаўся адкрытым нават у рэпрэзентатыўных помніках: такія званіцы касцёлаў св. Юр’я ў Янаве Сакольскім (малюнак Н.Орды) і св. Андрэя ў Кабыльніку (малюнак А. Ромера), уніяцкай царквы ў Серніках (малюнак Я.Драздовіча). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пад уплывам эстэтыкі рускага класіцызму атрымала пашырэнне гарызантальная шалёўка драўляных цэркваў і званіцаў, часам з вертыкальнаю цокальнаю панеллю і выкарыстаннем у дэкоры вуглавых пілястраў і прафіляваных ліштваў.

Будаўніцтва дасканалай званіцы вымагала нямалых сродкаў. Трох’ярусная зрубна-каркасная званіца, «з купалком наверсе», пры касцёле св. Антонія ў в. Хажова Маладзечанскага р-на, згодна з інвентаром, была ўзведзеная на сродкі ваяводы трокскага Тадэвуша Агінскага «пры дапамозе людской». Значную, калі не большую, матэрыяльную і духоўную каштоўнасць уяўлялі званы, ахвяраванне якіх звычайна адзначалася. На трох’яруснай званіцы Увазнясенскай царквы ў в. Моладава Іванаўскага р-на, прыбудаванай да храма ў XIX ст., знаходзіцца звон, адліты ў 1583 г. у Коўне на сродкі кашталяна мсціслаўскага Сымона Войны, уладальніка моладаўскага маёнтка. Звон аздоблены гербам роду Войнаў з выяваю трох трубаў, трох рэкаў і пяціканцовай зоркі; герб суправаджаюць шэсць тэкстаў на старабеларускай мове, чаканеных лацінкаю. Тэксты распавядаюць пра жыццё бацькі ахвярадаўцы і гісторыю стварэння звона. Гэты каштоўны артэфакт быў выяўлены, вывучаны і выратаваны экспедыцыяй сектара «Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» пад кіраўніцтвам Э. І. Вецер і Ю. В. Хадыкі ў 1970 годзе. Доўгі час ён знаходзіўся ў Музеі старажытнабеларускай культуры НАН Беларусі, але быў перададзены вернікам пасля адраджэння царквы.

У формаўтварэнні вярхоў беларускіх званіцаў найбольш старажытнымі і традыцыйнымі з’яўляюцца чатырохсхільныя пакатыя шатры з вышынёю, роўнаю палове дыяганалі плана («каўпакі»), увенчаныя крыжам, замацаваным на стрыжні-штыберы (ад ням. stemmenабапіраць, bergгара) ці «яблыку» (невялікай акруглай аснове). Акрамя аскетычнага традыцыйнага шатра-«каўпака», у вянчаючых масах барочных званіцаў выкарыстоўваліся пластычныя прагібы і заломы, васьмерыкі і шасцерыкі «сармацкага» тыпу, шмат’ярусныя гранёныя галоўкі-«банькі».

Званіца ў Рамелі.

Далучэнне беларускіх земляў да Расійскай імперыі ў канцы XVIII ст., змена канфесійных арыенціраў, скасаванне ўніяцкай Царквы ў 1839 г. прывялі да карэнных зменаў у традыцыях будаўніцтва не толькі храмаў, але і званіцаў. Уплывам класіцызму, а пазней псеўдарускага стылю, тлумачыцца пашырэнне ў верхніх ярусах званіцаў формы актагона (правільнага васьмігранніка), замена строгай пірамідальнай формы шатра-«каўпака» самкнёным купалам альбо псеўдарускім вастраверхім шатром, а таксама замена сціплых штыбераў з крыжамі і гранёных фігурных «банек» ампірнымі спічакамі і цыбулістымі галоўкамі. Для стварэння характэрнай рускай царкоўнай архітэктуры чатырохчасткавай структуры храма (з трапезнаю) званіцы пераносілі са свайго месца і ставілі ўшчыльную да былой уніяцкай царквы, каб надаць ёй «истинно русский» выгляд. На працягу XIX ст. да цэркваў былі прыбудаваныя раней асобна пастаўленыя званіцы ў вёсках Рамель і Гарадная Столінскага р-на, Валеўка Наваградскага р-на, Порплішча Докшыцкага р-на, Дарапеевічы, Олтуш, Хаціслаў Маларыцкага р-на, Маціевічы і Сцяпанкі Жабінкаўскага р-на, Новая Папіна Драгічынскага р-на, Покры і Дубок Брэсцкага р-на, Дружылавічы Іванаўскага р-на, Агароднікі, Гарадзішча і Паніквы Камянецкага р-на, у Кажан-Гарадку Лунінецкага р-на, Ільінскай царкве ў Ельску, Міхайлаўскай у Слуцку і шмат якіх іншых.

У наш час, пасля адраджэння рэлігійнага жыцця розных канфесій, з «благімі» намерамі над архітэктураю традыцыйных званіцаў Беларусі зноў ажыццяўляюцца жорсткія эксперыменты, што ніякім чынам не нагадваюць рэстаўрацыю ці нават пачцівы рамонт. Раней скразныя ярусы наглуха абшываюцца сайдзінгам, гонт паўсюдна заменены бляхаю, акустычныя праёмы зашкляюцца, аўтэнтычныя драўляныя канструкцыі расфарбоўваюцца, традыцыйныя формы вянчаючых элементаў меняюцца на псеўдарускія вастраверхія шатры з цыбулістымі галоўкамі і г.д. Усё гэта, на жаль, кардынальна змяняе выпрацаваны пакаленнямі майстроў-дойлідаў мастацкі вобраз помнікаў і бяздумна дэфармуе эстэтычны густ нацыі.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY