  |   
	  
	 
	
«Яна любоў дарыла нам штодня…» — 
так напісаў у сваім вершы-прысвячэнні Яўгеніі Янішчыц народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч.  
20 лістапада споўнілася 70 гадоў з дня нараджэння гэтай выдатнай беларускай паэткі. Па трагічным збегу абставінаў на лістапад прыпадае таксама 30-я гадавіна заўчаснага Жэнінага адыходу ў вечнасць. Усяго 40 гадоў зямнога веку адмераў ёй лёс, але пражыла яна іх ярка, натхнёна, таленавіта, ахвярна складаючы на алтар паэзіі свой боль і радасць, шчыруючы, «як сялянка над раллёй чарнавіка». І гэта яе сялянская працавітасць, спалучаная з талентам, якім яе шчодра надзяліў Бог, дала ёй магчымасць за такі кароткі жыццёвы шлях «выканаць заданне Бога» — у поўнай меры рэалізаваць свой самабытны талент, стаўшы адною з найлепшых і найбольш адметных айчынных паэтак…  
Мінае час, але застаецца ў нашай удзячнай памяці светлы Жэнін вобраз. Жыве яе шчымлівае, глыбінна народнае слова, жывуць яе кнігі і шчодрая любоў яе сэрца, якую яна не стамлялася дарыць роднаму Краю і людзям, і якая ўжо ніколі не знікне.  
Прапануем чытачам падборку вершаў паэткі.
  
	 
 |  
|  
	
 |  
 
 
 Непрыручаная птушка 
 
Мне па душы глухія пушчы,  
Лістоты замяць на дварэ.  
Я непрыручанаю птушкай 
Жыву між сполахаў і дрэў. 
Каторы дзень настрой губляю 
І зноў па-новаму раблю. 
Бягу, гукаю, выглядаю, 
Шукаю, думаю, не сплю. 
О, людзі! — Вечныя пытанні, 
Вытокі мудрасці і зла. 
Нясу ў сваё святое ранне 
Любоў і гнеў на паўкрыла. 
Мяне ў палёце не скарылі. 
А будзе што не так — малю: 
Скруціце стомленае крылле 
І кіньце ў родную раллю.
 |   
 *** 
 
Ты пакліч мяне. Пазаві. 
Там заблудзімся ў хмельных травах. 
Пачынаецца ўсё з любві, 
Нават самая простая ява. 
І тады душой не крыві 
На дарозе жыцця шырокай. 
Пачынаецца ўсё з любві — 
Першы поспех і першыя крокі. 
Прыручаюцца салаўі, 
І змяняюцца краявіды. 
Пачынаецца ўсё з любві — 
Нават ненавісць і агіда… 
Ты пакліч мяне. Пазаві.  
Сто дарог за маімі плячыма. 
Пачынаецца ўсё з любві, 
А інакш і жыць немагчыма.
 |   
 *** 
 
Яшчэ зазімак і не сніўся, 
Хоць ліст азолены спадаў. 
І па зажураных садах 
Барвова вецер мітусіўся.
Чакала ў цішыні дарога 
У край, дзе ранак залачаў… 
Там фарбы жоўтыя Ван Гога 
Палалі ў сонца на плячах.
  |   
 *** 
 
Пагас, патух мой ясны дзень, 
І росы выпалі на травы. 
І пахне восенню гаркавай… 
Прыйдзі, адзіная з надзей!
Прыйдзі з журбою і з віной,  
Прыйдзі, як лепшы сон на Яна… 
Пакуль гадоў маіх паляны 
Цвітуць валошкай палявой.
 
Прыйдзі, падзелім напалам 
Той ручаёк, які не высах,  
Пакуль душа падобна высям, 
А высі — светлым журавам…
  |   
 *** 
 
Жывіце і любіце, 
Свой беражыце дом. 
… Як птушку у блакіце,  
Мяне застане гром.
Была ў жыцці я весняй 
І лёгкаю на ўзмах 
Над соснамі — у лесе, 
Над жытам — у палях.
 
Таму раскажуць сосны, 
Жытоў паспелых звон 
Пра лёс мой высакосны 
І невыносны сон.
 
Зямля — мая калыска, 
Табе адной відаць, 
Што немагчыма нізка 
Ні падаць, ні лятаць.
  |   
 *** 
 
Баюся я нявыказаных слоў, 
Яны — палын, яны — дурман і мята. 
Прыходзіць позна лепшая любоў, 
Як за пакуты горкія адплата.
Над цёмначчу раскрыленых дзвярэй, 
У цішыні сталічнага квартала —  
А мы маглі б сустрэцца і раней… 
Ты не аклікнуў. Я — не пагукала.
 
Дык не здзіўляйся шчаснай немаце, 
Балючаму і дрогкаму пагляду.  
Так зрэдку ўвосень яблыня цвіце 
Наперакор слаце і лістападу.
  |   
 *** 
 
Слоў не трэба. Варажба 
Ўся вачыма сказана. 
Будзе вечная журба 
Да мяне прывязана.
Загукаюся ў бары — 
Заначую з зорамі. 
Чарацінкай на вятры 
Музыка азёрная.
 
Столькі роднасці вакол 
З птушкамі, з рамонкамі! 
І драўляны частакол 
З гладышамі звонкімі.
 
І густыя туманы, 
І бярозак мроіва; 
І вясна, што без віны 
Маё сэрца кроіла.
 
І каляны лёд Каляд 
З кудасой лахматаю. 
…І прымоўклы шчыры сад 
Над сасновай хатаю.
  |   
 Натхненне 
 
Чабароваю палянай — 
Цвету мройнае кіпенне. 
Станаўлюся паслухмянай 
У руках тваіх, натхненне. 
Мною сходжана нямнога 
Па лугах зямных і гонях. 
Не растрачана дарога 
На турысцкую пагоню.
 
І любіць мне да пылінкі 
Дня узлётнага вяртанне, 
На дзяшовыя абдымкі 
Не разменена дыханне.
 
Не пагашана аскома 
Па найгоркаму — мядовым. 
…Дзякуй, радасць! Дзякуй, стома, 
Што з’ядналі з родным словам.
  |   
 Велясніца 
 
З краю старажытнага 
Хлынуў песні россып: 
«Ой, чыё-то жыта,  
Чые-та пакосы…»
Хмурыць чорны бровы 
Вёска Велясніца: 
«То ж з маёй любові 
Пацякла крыніца».
 
Па калючай пожні, 
Па жадобнай стрэчы 
Выдаўся здарожаны 
І трывожны вечар.
 
Позні і бяссонны 
Дворык пахне мятай. 
І не гасне сонца 
Над палескай хатай.
  |   
	
  
  | 
  |