|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
Вытокі Ordo Clericorum Regularium Pauperum Matris Dei Scholarum Piarum (ад слова рiarum з’явілася польскае скарачэнне pijarzу [піяжы] і беларускае піяры), або па-беларуску Ордэн Духоўных Рэгулярных Убогіх Маці Божай Пабожных Школаў, сягаюць да 1597 года. Ордэн заснаваў у Рыме іспанец José de Calasanz (Юзаф Каласанс). Пачаткам ордэну піяраў лічыцца заснаванне школы ў бедным раёне Рыма (Затыбра) з дапамогай пробашча парафіі св. Дароты кс. Антонія Брэнта́на. Школа была бясплатнай і даступнай для ўсіх, а навучанне вялося на пачатковым узроўні. Установа атрымала назву: Пабожная Школа (лац. Schola Piae)1. У Польшчу піяры прыбылі ў 1642 г. і адкрылі калегіумы ў Варшаве і Падаліне на Спішы2. Да 1662 г. польскія піярскія калегіумы былі ўласнасцю Нямецкай правінцыі, бо толькі тады ўзнікла зацверджаная папам Аляксандрам VII асобная Польская правінцыя, у склад якой уваходзіла таксама Венгерская віцэ-правінцыя. У 1692 г. венгерскія калегіумы стварылі ўласную правінцыю, a ў 1696 г. была створана Літоўская віцэ-правінцыя. У 1736 г. улада ордэну заснавала самастойную Літоўскую правінцыю. Першым літоўскім правінцыялам быў Францішак Торкват Тымінскі, гэтую функцыю ён выконваў у 1736–1742 гг. Раней, будучы рэктарам у Вільні, Торкват Тымінскі заснаваў там шляхецкі канвікт — віленскі Collegium Nobilium (школу, якая мела права называцца вышэйшай навучальнай установай). У той час колькасць калегіумаў у Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў набліжалася да 30-ці3. Піяры адыгралі важную ролю ў дзеях польскай адукацыі, a самай славутай постаццю без сумневу з’яўляецца кс. Станіслаў Кана́рскі, які правёў рэформу піярскай сістэмы адукацыі і заснаваў у Варшаве ў 1740 г. славуты Collegium Nobilium. Аднак немалы ўклад у гэтую справу ўнеслі таксама іншыя калегіумы і піярскія школы. Падчас існавання Літоўскай правінцыі функцыі правінцыялаў выконвалі: Францішак Торкват Тымíнскі (Franciszek Torkwat Tymiński)4, 1736–1742 гг.; Себасцьян Выкоўскі (Sebastian Wykowski)5, 1742–1748 гг.; Францішак Торкват Тымінскі (Franciszek Torkwat Tymiński), 1748–1751 гг.; Ка́спер (Гаспар) Тжэшчaкоўскі (Kasper Trzeszczakowski)6, 1751–1754 гг.; Себасцьян Выкоўскі (Sebastian Wykowski), 1754–1757 гг.; Ян Хрызастом Страшэўскі (Jan Chryzostom Straszewski)7, 1754–1760 гг.; Каспер Тжэшчакоўскі (Kasper Trzeszczаkowski), 1760–1766 гг.; Феліцыян Выкоўскі (Felicjan Wykowski)8, 1766–1772 гг.; Юзаф Кýшаль (Józef Kuszel)9, 1772–1775 гг.; Міхал Францкевіч (Michał Frąckiewicz)10, 1775–1778 гг.; Банавентура Ярманскі (Bonawentura Jarmański)11, 1778–1781 гг.; Мацей Тука́ла (Maciej Tukałło)12, 1781–1782 гг.; Тадэвуш Лянг (Tadeusz Lang)13, 1782–1793 гг.; Юзаф Віславух (Józef Wysłouch)14, 1793–1796 гг.; Канстанты Якуцэвіч (Konstanty Jakucewicz)15, 1796–1803 гг.; Юзаф Астрóўскі (Józef Ostrowski)16, 1803–1809 гг.; Ісідар Сяклюцкі (Izydor Sieklucki)17, 1809–1811 гг.; Павел Хлябоўскі (Paweł Chlebowski)18, 1811–1814 гг.; Аляксандр Глагоўскі (Aleksander Głogowski)19, 1814–1820 гг.; Мацей Купсць (Maciej Kupść)20, 1820–1826 гг.; Юзаф Крукоўскі (Józef Krukowski)21, 1826–1832 гг.; Сільвестр Вяльбут (Sylwester Wialbutt)22, 1832–1839 гг.; Яцэк (Гіяцынт) Румяноўскі (Jacek Rumianowski)23, 1839–1841 гг.; Яўхім Дэмбінскі (Joachim Dębiński)24, 1841–1843 гг.). Ордэн на тэрыторыі Рэчы Паспалітай у 1772 г., налічваў 498 манахаў піяраў. Да Польскай правінцыі належали 363 піяры (320 святароў, 37 семінарыстаў, 6 братоў), a да Літоўскай — 135 піяраў (93 святары, 17 семінарыстаў i 25 братоў)25. У Літоўскай правінцыі піяраў у другой палове XVIII ст. існавалі калегіумы ў Шчучыне-Літоўскім, Лідзе, Вільні (Collegium Nobilium, а ў 1773 г. піяры занялі паезуіцкі кляштар і касцёл св. Рафала ў віленскіх Снíпішках), Лужках, Вількаміры, Расіéнах, Лубяшы, Дубровіцы, Панявежы, Зэльве, Віцебску, Дуброўне, а таксама парафію ў Дукштах. Пасля 1795 г. калегіум у Міжрэччы Карэцкім адзіны з Польскай правінцыі апынуўся ў расійскім раздзеле Польшчы і быў далучаны да Літоўскай правінцыі, а ў першай пaлове XIX ст. да гэтай правінцыі належалі Полацк і Пецярбург. У 1807 г. у выніку чарговых палітычных зменаў да Літоўскай правінцыі быў далучаны драгічынскі калегіум. У межах Беларусі знаходзіліся калегіумы ў Шчучыне-Літоўскім, Воранаве-Балотным, Зэльве, Лужках-Валерыянаве, Лідзе (калегіум, перанесены з Воранава), Віцебску, Дуброўне, Полацку.
Калегіумы Літоўскай правінцыі піяраў Найстарэйшым манаскім домам піяраў у Літоўскай правінцыі была Дамбровіца, заснаваная ў 1684 г. фундатарам Янам Ка́ралем Дольскім — вялікім маршалкам ВКЛ і пінскім старостам. На такую фундацыю яго схіліў спаведнік, піяр Ігнат Кжыжкевіч (Ignacy Krzyżkiewicz). Разам са сваёй першай жонкай Альжбетай (дзяв. Вострарог) 2 мая 1684 г. ён перадаў ордэну 46 000 флорынаў для маёнтка Дамбровіца, прызначаных на ўтрыманне 12-ці піяраў26. 16 ліпеня 1695 г. ахвярадаўца перапісаў іх на Стрэльск. Школа ў Дамбровіцы адчынілася ўжо 1684 годзе. На жаль, забудова ў Дамбровіцы была драўлянай, і ў 1705 г. яе спалілі шведы. У 1740 г., падчас выконвання абавязкаў рэктара дома ксяндзом Казімірам Пнеўскім (Kazimierz Pniewski), быў адбудаваны ўжо каменны кляштар разам са школай27. Ян Караль Дольскі таксама быў фундатарам калегіума ў Любяшове каля Пінска (пад назваю Новы Дольск у гонар фундатара). 10 красавіка 1689 г. распачалася будова драўлянага касцёла імя св. Яна Апостала Евангеліста. Касцёл быў пабудаваны ў форме крыжа. Унутры былі размешчаны пяць алтароў. Фундатар вырашыў перанесці ў касцёл абраз Маці Божай, які дагэтуль знаходзіўся ў Целеха́нах. Абраз лічыўся цудадзейным, таму быў змешчаны ў левым бакавым алтары. 1 кастрычніка 1692 г. у Любяшоў прыбыў правінцыял Вінцэнт Дымовіч, які прызначыў ксяндза Казіміра Пнеўскага адказным за перамовы з фундатарам. Караль Дольскі на новую фундацыю прызначыў 90 000 флорынаў28.
У Шчучын-Літоўскі (інакш — Лідскі, ці Наваградскі) у 1718 г. піяраў запрасіў Юры Юзафовіч-Глябіцкі, звязаны сямейнымі адносінамі са славутым родам Сцыпіёнаў29. Пасля смерці першай жонкі Ганны (дзявоч. Палубінская-Лíмант) Юры Юзафовіч-Глябіцкі пашлюбаваўся з Кацярынай Сцыпіён дэль Кампа (Katarzyna Scypionówna del Campo), венскай харýжанкай. Ян Сцыпіён дэль Кампа (Jan Scypio del Campo), кашталян смаленскі, ажаніўся з Тэрэзай, дачкой Юрыя Юзэфовіча-Глябіцкага30. У 1718 г. памёр першы фундатар, і ягоную справу працягваў сын Аляксандр. Датаю фундацыі кляштара прынята лічыць 13 чэрвеня 1718 г., а гэта значыць, што Аляксандр толькі клапаціўся аб пацвярджэнні фундацыі і яе прывілеях31. Гэта пацвярджае і той факт, што ў 30-я гады XVIII ст. школа ў Шчучыне-Літоўскім называлася Collegium Jozefovicianum. Піяры прынялі пробаства ў фарным касцёле з ўсімі даходамі і забудовамі. Першыя забудовы шчучынскага калегіума былі драўлянымі, і толькі ў другой палове XVIII ст. з’явіліся першыя мураваныя будынкі. Школа ў Шчучыне-Літоўскім была адчыненая ў 1718 г. і да XIX ст. знаходзілася ў трох драўляных дамах. У XVIII ст. піярскія будынкі не мелі багатага абсталявання, хаця матэрыяльная сітуацыя шчучынскіх піяраў, якія адначасова прынялі пробаства, далучала іх да найбагацейшых асяродкаў на той прасторы32. У Шчучыне-Літоўскім працавала таксама настаўніцкая семінарыя, узровень якой гісторык Юзаф Лукашэвіч ацэньваў вельмі высока33. Пасля смерці Юрыя Юзафовіча-Глябіцкага — галоўнага фундатара піярскага прадстаўніцтва, яго дачка Тэрэза Сцыпіён надалей апекавалася піярскім калегіумам. Яна перадала ордэну неакрэсленую суму, якую ў 1726 г. пацвердзіў Сойм. Потым былі чарговыя ўзносы на карысць шчучынскіх піяраў. Сцыпіёны ў Шчучыне і на землях Пажэва перадалі 23 735 флорынаў. Пётр Пац перадаў 22 000 флорынаў, a Казімір Сапега — 15 000 флорынаў34. Гэтыя грошавыя ўзносы спрыялі таму, што піяры мелі ў распараджэнні важкі капітал. У 1785 г. кіраўніцтва школай пераняў кс. Баніфацы Станіслаў Юндзіл, які рэарганізаваў яе паводле правілаў Камісіі нацыянальнай адукацыі (КНА), яна засталася 3-класавай школай з рознымі падраздзяленнямі. Адным з найбольш вядомых выхаванцаў школы быў Ігнат Дамейка, які вучыўся ў ёй у 1813–1816 гг.. У Панявéжы (цяпер Літва) піярскі кляштар з’явіўся ў 1727 г. дзякуючы намаганням Крыштафа Домбскага (або Дамброўскага), старосты бернатоўскага, зямнога пісара ўпіцкага. Дала пачатак і рэзідэнцыя ў Пагіры, якая ўжо існавала з 1723 г., а ў 1727 г. была перанесена ў Панявеж. На жаль, пра дзейнасць гэтага піярскага прадстаўніцтва захаваліся вельмі малыя звесткі. Дакладная дата адкрыцця школы ў гэтым месцы невядомая35. Піярскі асяродак у Вярэнаве (ранейшая назва Балотна, сёння Воранава) з’явіўся ў 1735 г. дзякуючы фундацыі кашталяна смаленскага і старосты барцянскага Яна Сцыпіёна дэль Кампа з жонкай Тэрэзай з Глябіцкіх-Юзафовічаў і сынам Юзафам, старостам лідскім і мука́раўскім. Калі Юзаф Сцыпіён дэль Кампа пашлюбаваўся з Вярэнай Фíрлей з Дамбровіцы, маладая пара атрымала мястэчка Балотна. Ад імя новай спадчынніцы мясцовасць атрымала новую назву — Вярэнаў. Хутка пасля гэтага, 1 жніўня 1735 г., Ян Сцыпіён дэль Кампа разам з жонкай Тэрэзай і маладажонамі падпісалі кантракт адносна прысутнасці піяраў, ахвяраваўшы манахам пляц пад касцёл і школу, а таксама 50 000 польскіх злотых на ўтрыманне 12-ці манахаў. Пасля Шчучына-Літоўскага гэта была другая фундацыя сям’і для піяраў. Яны таксама сталі на бок піяраў у спрэчцы з віленскімі езуітамі36. Сума 10 000 флорынаў была ўкладзена ў фальварак Лапацішкі з вёскай Вільканцы, 5 000 флорынаў — у вёску Асава́, якая належала Самуілу Белікевічу, 10 000 флорынаў ахвяраваліся ружанскай зямлі, 20 000 флорынаў — у Мерачы (Мяркінé), a 5 000 флорынаў знаходзіліся ў самога фундатара37. Апрача фундацыйнай сумы, дарыльшчыкі ў 1734 г. моцаю тэстамэнту іх двараніна Войцеха Стацэвіча далучылі чарговыя 22 000 флорынаў для Радзівонішкаў. Піяры ўзамен узялі на сябе абавязак здзяйсняць там святарскую паслугу, навучаць у школе і цэлебраваць святыя Імшы ў інтэнцыі фундатараў38. У інтэнцыі Яна Сцыпіёна дэль Кампа і ягонай жонкі піяры павінны былі цэлебраваць святыя Імшы па панядзелках, за бацькоў галоўнага фундатара (Казіміра і Зоф’ю) — па серадах, за Юзафа і яго жонку — у пятніцу, за памерлага Войцеха Стэцэвіча — у аўторак, а ў суботу была спяваная Імша за душы, якія не маюць паратунку39. У 1736 г. у Вярэнаў прыбылі два піяры: Ян Багуцкі ад св. Тамаша Аквінскага, які выконваў абавязкі настаяцеля (суперыёра), а таксама Тэадор Баркоўскі, казнадзей, адміністратар парафіі і настаўнік. Піяры прыступілі да абавязкаў у парафіі, і адразу ж пачала дзейнічаць школа. Ужо ў 1737/1738 навучальным годзе да пачатковых класаў інфімы далучыліся таксама вышэйшыя класы паэзіі і рыторыкі. У 1738/1739 навучальным годзе ў кожным класе быў асобны настаўнік. Спачатку школа дзейнічала ў часовых умовах, а піяры жылі ў плябаніі, аднак кс. Багуцкаму ўдалося здабыць 10 000 флорынаў з фундацыйнай сумы, якая дазволіла збудаваць новыя драўляныя будынкі. У той час быў таксама ўпарадкаваны фальварак Лапа́цішкі. Піярскаму дому ў Вярэнаве падпарадкоўвалася рэзідэнцыя ў Геранёнах, якая валодала парафіяльнай школай, дзе навучалі два манахі40. Піяры бывалі ў Геранёнах яшчэ перад з’яўленнем ордэну ў Вярэнаве41. Можна меркаваць, што піяры з Вярэнава на працягу двух навучальных гадоў, 1737/39, апекаваліся школай у Талачыне. Аб прадстаўніцтве піяраў у Зэльве вядома вельмі мала. Каля 1740 г. мясцовы пробашч, кс. Габрыэль Шмідт, заснаваў рэзідэнцыю піяраў, якім аддаў у арэнду фальварак Чарняк з вёскай Ястшэмбе42. Больш за тое, ён перапісаў на піяраў суму 15 142 флорыны, а таксама ўсю сваю нерухомасць. Узамен ксёндз абавязваў манахаў утрымліваць школу, ажно да класа рыторыкі ўключна, а таксама катэхізаваць мясцовае насельніцтва43. Сярэднюю школу адкрыць не атрымалася, але дзейнічала парафіяльная школа (магчыма, з перарывамі), якая была ліквідавана царскім урадам у 1832 г.44.
Пачатак дзейнасці лідскага калегіума звязаны з калегіумам у Вярэнаве45. Яго фундатарамі была сям’я Сцыпіёа дэль Кампа. Вярэнаўскі калегіум функцыянаваў 30 гадоў, 12 студзеня 1756 г. Ігнат Сцыпіён дэль Кампа — унук фундатара вярэнаўскага калегіума — перанёс яго ў Ліду, абгрунтоўваючы гэта лепшым размяшчэннем Ліды, а таксама тым, што хаця яна была павятовым горадам і большым за Вярэнаў, аднак не мела школы46. На гэты выбар мог паўплываць піяр Мацей Догель, які быў родам з Лідскага павета, а таксама настаўнікам Ігната дэль Сцыпіёна. Аднак мяркуецца, што змяніць лакалізацыю прымусіла ўжо ўзгаданая спрэчка піяраў з літоўскімі езуітамі47. Новае прадстаўніцтва, спачатку драўлянае, ахоплівала касцёл, калегіум, а таксама школу. Новая піярская сядзіба дадаткова мела два фальваркі: Лапацішкі і Пастаўшчыну, а таксама некалькі завяшчанняў на спадчыну, якія гарантавалі акрэсленыя сумы на ўтрыманне калегіума і школы. Школа ў Лідзе пачала дзейнічаць у 1756/57 навучальным годзе, як напісана ў хроніцы: лекцыі вёў сам прэфект і кс. Юзаф Віславух, які прыехаў з Дубровіцы. Вучні з Вярэнава перайшлі сюды гуртам, бо там перастала існаваць школа, а тут ужо былі старэйшыя класы, як інфармуюць пра гэта настаўніцкія абавязкі піяраў, запісаныя ў персанальнай кнізе кангрэгацыі48. Адукацыйнай дзейнасцю ў Лідзе піяры займаліся да 9 верасня 1834 г.49 Ліквідацыя калегіума пачалася ў лютым 1842 г., кляштар канчаткова быў скасаваны ў маі 1845 г., а манахаў прымусілі пераехаць у Міжрэчча Карэцкае50. Так скончылася першая, амаль стогадовая прысутнасць піяраў у Лідзе.
Чарговы піярскі калегіум з’явіўся ў 1741 г. дзякуючы кашталяну полацкаму Валерыяну Антонію Жабу51 ў Лужках, якія ад ягонага імя таксама называліся Валерыянаў. Кашталян Жаба перадаў піярам даходы ад фальварка Вíснік у Барысаўскім павеце, пабудаваў школьны будынак, гаспадарчыя пабудовы, а таксама даў піярам права браць драўніну (на апал і рамонт будынкаў) у Лужэцкай пушчы52. Даход дазваляў таксама ўтрымліваць бедных вучняў (у 1785 г. іх было 12, a ў 1804 г. толькі 5). Лужэцкая школа карысталася вялікай папулярнасцю і па колькасці вучняў перавышала суседнія. За перыяд з 1779 г. ажно да ліквідацыі школы ў маі 1832 г. захаваліся (з перарывам на 1795–1801 гг.) дадзеныя аб колькасці вучняў; найбольшая іх колькасць — 189 — была ў 1820/21 навучальным годзе53. У 40-я гады XVIII ст. былі адкрыты яшчэ два калегіумы піяраў: у Расіéнах (Расяйней) у 1743 г., а таксама ў Вількамíры ў 1745 годзе. Першы калегіум быў з фундацыі сям’і Сянніцкіх, другі — ад вількамірскай шляхты. У абодвух калегіумах дзейнічалі сярэднія школы, якія былі ліквідаваны ў 1832 г.54. Калегіум у Віцебску з’явіўся каля 1753 г. з фундацыі жыхароў горада: Адама і Ганны Свіршчэўскіх, праз год быў пабудаваны касцёл і гаспадарчыя пабудовы55. Пра гэты калегіум і школу захавалася найменш звестак. Віцебская школа апынулася ў першым падзеле Польшчы Расіяй, і яна не была падпарадкавана Камісіі нацыянальнай адукацыі, але асноўныя задачы той рэформы былі рэалізаваныя. Паколькі піяры часта змянялі школы, можна меркаваць, што яны ведалі патрабаванні КНА з працы ў іншых піярскіх школах. Пасля атрымання запісу на валоданне ад князя Пацёмкіна ў Дуброўне піяры перанеслі туды школу ў 1785 г., а ў Віцебску служылі толькі ў парафіі. Пасля адмовы ад фундацыі ў Дуброўне ў 1799 г. школа вярнулася ў Віцебск і дзейнічала там да 1821 г., бо царскі ўрад перавёў віцебскіх піяраў у Полацк, дзе яны атрымалі пасля езуітаў славутую Полацкую акадэмію, якой кіравалі да 1830 г., пакуль царскі ўрад не забраў будынкі для ваеннай школы. Піяры пераехалі з часткай абсталявання ў Вільню і там адкрылі школу, якая дзейнічала амаль два гады — у 1832 г. яна была зачыненая56.
Хутка пасля заснавання асобнай правінцыі піяры пад кіраўніцтвам кс. Станіслава Канарскага распачалі ў сябе школьную рэформу. Яны былі сімвалам зменаў у адукацыі XVIII ст. Ксёндз Канарскі адзіны за свае заслугі ў адукацыі атрымаў ад караля медаль Sapere Auso. У 1753 г. рэформа кс. Станіслава Канарскага была зацверджана ў Пятркове – афіцыйная яе назва: Ordinationes Visitationis Apostolicae (Правілы апостальскай візітацыі). У 1754 г. кс. Канарскі завёз Статут у Рым, дзе ён быў зацверджаны ўладаю ордэну і Пантыфіка57. Гэтыя перамены напачатку былі абавязковымі толькі ў Польскай правінцыі, Літоўская правінцыя прыняла іх з дзесяцігадовым спазненнем58. Гэта была першая польская школьная рэформа, праведзеная без замежных узораў. Канешне ж, асветніцкія ідэі ішлі з-за мяжы, але сама ідэя рэформы, структура і праграмы новых школаў былі польскімі. Калі была заснавана Камісія нацыянальнай адукацыі, піярскія школы, як і ўсе школы, у тым ліку і манаскія, ёй падпарадкоўваліся. З гэтага часу піярскія школы страцілі свае адметныя рысы59. Ордэн піяраў падпарадкаваўся новаму міністэрству і стараўся выконваць ягоныя пастановы. Піяры вельмі хутка аб’явілі аб сваім удзеле ў супрацоўніцтве і сталі важным звяном у рэалізацыі рэформы КНА — яны ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы праектаў рэформы, напісанні падручнікаў і г.д. Кс. Казімір Нарбут, як успамінаў французскі гісторык Амбруаз Жобéр, ад самага пачатку быў членам Таварыства першапачатковых кніг, выдатным піярам з Літоўскай правінцыі, якая правяла рэформу ў сваіх школах паводле распараджэння КНА на пачатку 80-х гадоў XVIII ст. Канешне, не ўсе піяры былі перакананыя ў неабходнасці новай рэформы. Некаторыя, як пісала Каміла Мразоўская, спачатку супраціўляліся, але потым сталі больш лаяльныя60. Некаторым не хапала адукацыі, хтосьці быў кансерватыўным і не здольным справіцца з новым распараджэннем Камісіі нацыянальнай адукацыі. Аднак у ордэне не бракавала людзей з ясным разуменнем справы, «сыноў рэформы Канарскага», светачаў і прыхільнікаў новых асветніцкіх плыняў. Шмат піяраў атрымала адукацыю ў Францыі, Італіі, Германіі, Аўстрыі і Англіі. Ордэн у другой палове XVIII ст. стаў досыць важным навуковым асяродкам. Піяры сачылі за новымі плынямі ў педагогіцы: перакладалі навуковыя публікацыі з замежных моваў, якія выкарыстоўвалі на ўроках ці па-за імі. Школы Літоўскай правінцыі былі зачыненыя ў 30-я гады. Адносіны царскага ўраду да іх былі непрыязнымі. Меркавалася, што школы фарміруюць патрыятычныя пазіцыі сярод моладзі, і гэтая боязь не была беспадстаўнай. Удзел вучняў у барацьбе, як і актыўны ўдзел некаторых піяраў у лістападаўскім паўстанні, былі зручнай прычынай, каб ліквідаваць піярскія школы ў Польскай і Літоўскай правінцыях: у Польскай правінцыі ўсе школы былі зачыненыя ў 1832 г, а ў Літоўскай правінцыі яны зачыняліся паступова. Як чытаем у лісце графа Івана Паскевіча да графа Строганава ад 26 жніўня 1832 г., згодна з воляй імператара патрабавалася, каб найперш ордэн піяраў быў адхілены ад адукацыі моладзі61. Такім чынам, піярскія калегіумы і школы Літоўскай правінцыі паступова былі цалкам зачыненыя ў 30–40 гг. XIX ст. Найдаўжэй праіснаваў калегіум у Міжрэччы Карэцкім, які стаў месцам дзейнасці піяраў пасля ліквідацыі іх правінцыі. Апошняга правінцыяла выбралі на капітýле ў 1841 г., гэта быў Яўхім Дэмбінскі, які кіраваў піярамі да 24 мая 1843 г., г.зн. да іх ліквідацыі царскай уладай. Апошні літоўскі піяр кс. Аўгустын Вярыга памёр у 1894 г.62. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы піярам удалося вярнуць тры калегіумы з былой Літоўскай правінцыі: у Лідзе, Шчучыне-Літоўскім і Любяшове. У Лідзе і Любяшове піяры распачалі педагагічную дзейнасць. Першымі адкрыліся школы ў Лідзе. Там, апрача звычайнай школы, існавала таксама і гандлёвая школа, якая надоўга засталася ў памяці лідчанаў.
Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што піяры Літоўскай правінцыі ўнеслі вялікі ўклад у распаўсюджванне навукі і культуры, а ў перыяд падзелу Польшчы піярскія школы былі апораю польскасці ва ўскраінных рэгіёнах тагачаснай Рэчы Паспалітай. Зрэшты, гэта і было прычынаю заняпаду піярскай дзейнасці пасля 1830 г., як пісаў пра гэта французскі гісторык Даніэль Бавуа́. Праўда, піярскія школы не заўсёды адпавядалі крытэрыям універсітэта, аднак намагаліся дастасавацца да іх у найвышэйшай ступені. У любым выпадку, пасля страты Полацка, піяры трапілі ў групу ордэнаў, якія Міхаіл Мураўёў — магілёўскі губернатар, хацеў знішчыць у першую чаргу (канец 1830 г.). Насамрэч, ужо 2 снежня 1830 г. ён высылае ў міністэрства дакумент аб «шкоднасці каталіцкага фанатызму», што і было выкарыстана ў якасці апраўдання рэпрэсій у 1832 г. Для таго, каб прадухіліць «сапсаванне рускага народа», ён прапанаваў пазбавіць каталіцкае духавенства ад уплыву на беларускія школы і заснаваць расійскія школы. Больш за тое, патрабаваў забараніць каталіцкім святарам выконваць абавязкі прыватных настаўнікаў. Вось такой цаною заплацілі піяры за сваю доўгую традыцыю службы для развіцця польскага грамадзянскага духу63. Піяры стараліся дастасоўваццца да ўсіх зменаў, якія адбываліся ў асвеце, і гэтым адрозніваліся ад іншых манаскіх школаў і значна пераўзыходзілі іх сваім узроўнем. На беларускіх землях піярскія школы ў XVIII i пачатку XIX ст. належалі да найлепшых — і сярод выкладчыкаў, i сярод выхаванцаў піярскіх школаў былі выбітныя асобы. Дзейнасць піяраў ва ўскраінных рэгіёнах Рэчы Паспалітай чакае сумленнага і шырокага даследавання. Літоўская правінцыя ўзгадавала ў сваіх шэрагах шмат выбітных піяраў, такіх як Казімір Нарбут, Станіслаў Баніфацы Юндзіл, Аляксей Кацюжынскі, Тадэвуш Лянг, Бэрнард Сíруць, Фердынанд Серафіновіч, Ра́фал Чарвякоўскі, Анёл Доўгірд і шмат іншых. Піяры выхавалі некалькі пакаленняў выдатных вучняў, сярод якіх варта згадаць Тадэвуша Касцюшку, Ігната Дамейку, Цыпрыяна Гадэбскага, Алаіза Фялінскага, Лукаша Галамбёўскага, Гераніма Кайсевіча.
Пераклад з польскай мовы
|
|
|