Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Святы Ян ад Крыжа

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ

Трактат пра тое, як павiнна падрыхтавацца душа, каб за кароткi час дасягнуць злучэння з Богам. Парады i вучэннi як для пачынальнiкаў, гэтак i для дасведчаных, вельмi карысныя, каб вызвалiцца ад усiх рэчаў дачасных, не абцяжарваць сябе духоўнымi прывязанасцямi i застацца ў найвышэйшай аголенасцi i свабодзе духу, неабходных для злучэння з Богам. Напiсаны айцом кармэлiтам босым, братам Янам ад Крыжа.

Працяг. Пачатак у № 2 (76)/2016.

КНIГА ДРУГАЯ
ДЗЕЙСНАЯ НОЧ ДУХУ

Разуменне
У якой iдзе гаворка прa веру як найпрасцейшы сродак, з дапамогаю якога можна ўзысцi да злучэння з Богам. Маецца на ўвазе другая частка Цёмнай ночы — ночы духу, што апявае другая страфа песнi.

Раздзел 10
У якім гаворыцца пра тое, чым адрознiваюцца разумовыя веды i паняццi.

1. Перш чым падрабязна разабраць, калi разумовыя веды i паняццi з’яўляюцца карыснымi для душы, а калi яны наносяць ёй шкоду, з пункту гледжання веры, якая, як мы ўжо казалi, з’яўляецца сродкам для злучэння з Богам, неабходна растлумачыць, чым адрознiваюцца атрыманыя розумам натуральныя веды i паняццi ад звышнатуральных, для таго, каб далей, больш паслядоўна i з большаю дакладнасцю кiраваць розумам, якi ўваходзiць у ноч i цемру веры. Паспрабуем зрабiць гэта па магчымасці сцісла.

2. Неабходна ведаць, што розум можа атрымлiваць веды i паняццi двума спосабамі: натуральным i звышнатуральным. Натуральным чынам розум пазнае свет з дапамогаю цялесных пачуццяў цi праз сваю ўласную дзейнасць. Звышнатуральны чын пазнання — гэта той, калi розуму паведамляецца нешта звыш ягонай натуральнай здольнасцi i навыкаў.

3. Таксама i духоўныя веды мы можам падзялiць на дзве групы: цялесныя i духоўныя. Цялесныя, у сваю чаргу, дзеляцца на тыя, што можна атрымаць праз вонкавыя цялесныя пачуццi, і тыя, што можна атрымаць праз унутраныя цялесныя пачуццi. Маецца на ўвазе ўсё тое, што можа зразумець, апрацаваць i ўбачыць уяўленне.

4. Духоўныя веды таксама падзяляюцца на зразумелыя i частковыя, i на няясныя, цёмныя, агульныя. Да першай групы належаць чатыры віды частковых ведаў, якiя даюцца духу не праз нейкае цялеснае пачуццё, але праз бачаннi, аб’яўленнi, прамаўленнi i духоўныя перажываннi. Веды цёмныя i агульныя з’яўляюцца толькi ў кантэмпляцыi, якая здзяйсняецца выключна ў веры. I мы павiнны падрыхтаваць душу да гэтага i зрабiць так, каб яна прайшла праз усе тыпы ведаў. Мы пачнем тлумачыць першыя i скажам, як душа павiнна пазбавiцца iх.

Раздзел 11
У якім iдзе гаворка пра тое, як могуць перашкодзiць цi нават нашкодзiць душы веды, якiя розум атрымлiвае звышнатуральным чынам праз вонкавыя цялесныя пачуццi, i што душа павiнна рабiць у гэтым выпадку.

1. Як мы ўжо казалi ў папярэднім раздзеле, розум атрымлiвае першыя веды натуральным чынам. Пра iх я ўжо гаварыў у першай кнiзе, дзе пазначыў для душы шлях праз Ноч пачуццяў. Таму я не буду нiчога дадаваць, бо дастаткова таго, што мы ўжо выклалi. У гэтым жа раздзеле мы зоймемся выключна звышнатуральнымi ведамi, якiя розум атрымлiвае праз вонкавыя пачуццi: зрок, слых, нюх, густ i дотык, і праз якiя духоўныя асобы могуць атрымаць звышнатуральным чынам духоўныя візіі. Праз зрок iм могуць з’явiцца персанажы з iншага жыцця, напрыклад, святыя, добрыя цi благiя анёлы; гэта можа быць святло цi надзвычайнае ззянне. Слыхам можна пачуць дзiўныя словы, прамоўленыя з’явамi, нават нябачнымi. Нюхам часам успрымаюцца невядома адкуль узнiкшыя найсаладзейшыя пахi. Тое ж здараецца з густам, калi нехта адчувае найпрыемнейшы смак? цi з дотыкам, калi адчуваецца такая прыемнасць, што працiнае наскрозь, i калi ўсё ў нас квiтнее i патанае ў задавальненнi. Такі стан звычайна называецца духоўным намашчэннем, якое ўздзейнiчае на ўсе часткi чыстай душы. Для духоўных асобаў такiя духоўныя адчуваннi звычайныя, бо яны паходзяць з прывязанасцi i пачуццёвай пабожнасцi духу ў большай цi меншай ступенi, i кожнае перажываецца асаблiвым чынам.

2. Неабходна ведаць, што нават калi ўсе гэтыя з’явы могуць здарыцца ў пачуццях пад уздзеяннем Бога, душа, аднак, нiколi не можа быць пэўнаю ў гэтым i таму не павiнна iх прымаць. Больш за тое, яна павiнна цалкам пазбягаць iх i нават не намагацца зразумець, добрыя яны цi благiя, бо чым больш гэтыя з’явы вонкавыя i цялесныя, тым большая няпэўнасць, што яны паходзяць ад Бога, таму што Бог звычайна з большаю пэўнасцю яўляецца духу. Менавiта ў духу душа атрымлiвае большую пэўнасць i карысць, чым праз пачуццi, у якiх звычайна тоiцца больш небяспекi i падману. Сапраўды, цялеснае пачуццё судзiць i мяркуе аб духоўных рэчах такiм самым чынам, як iх адчувае, але яны настолькi адрознiваюцца ад духу, як цела ад душы i як пачуццёвасць ад розуму. I таму цялесныя пачуццi не ўсведамляюць рацыянальных рэчаў, а яшчэ больш яны не ўсведамляюць рэчаў духоўных, гэтаксама, як жывёлiна не разумее рацыянальных рэчаў i нават больш за гэта.

3. Той, хто надае шмат значэння такiм рэчам, вельмi памыляецца i трапляе ў небяспечнае становiшча, бо можа быць уведзены ў зман цi, прынамсi, узвядзе ў сабе глухую сцяну, якая стане перашкодаю на яго духоўным шляху, бо ўсе гэтыя цялесныя рэчы, як ужо было сказана, абсалютна не адпавядаюць рэчам духоўным. I таму неабходна заўсёды мець на ўвазе, што, хутчэй за ўсё, такiя адчуваннi паходзяць не столькi ад Бога, колькi ад шатана, якi мае большы ўплыў на ўсё вонкавае i цялеснае і з большаю лёгкасцю можа падмануць тут, чым ва ўнутраным i духоўным.

4. I гэтыя цялесныя прадметы i формы, чым больш яны вонкавыя, тым менш карысныя для ўнутранага i духоўнага, бо iснуе вялiкая адлегласць i вельмi малая адпаведнасць памiж цялесным i духоўным. I нават калi праз гэтыя з’явы паведамляецца нешта пра Бога, усё роўна гэта значна менш за тое, што магло паведамiцца, калi б гэтыя рэчы былi больш унутранымi i духоўнымi. Такiм чынам, яны з’яўляюцца крынiцаю памылкi, пыхi i душэўнай марнасцi. Прычына ў тым, што яны матэрыяльныя, а значыць да iх можна дакрануцца, i таму яны глыбока ўзрушаюць пачуццi. I менавiта таму, што яны пачуццёвыя, яны здаюцца душы больш значнымi, i яна крочыць за iмi i забывае пра веру. Душы здаецца, што менавiта гэтыя адчуваннi — яе святло i павадыр, сродак для дасягнення жаданай мэты — злучэння з Богам. На справе ж, чым больш душа звяртае ўвагу на гэтыя рэчы, тым больш яна аддаляецца ад сапраўднага шляху i сродку, якiм ёсць вера.

5. I больш за тое, душа, як толькi яна пабачыць, што з ёю здараюцца надзвычайныя з’явы, вельмi часта пачынае патаемна песцiць пэўнае задавальненне, мяркуючы, што яна з’яўляецца нечым асаблiвым перад Богам. Гэта супярэчыць пакорлiвасцi. Са свайго боку таксама i д’ябал робiць усё, каб у душы ўзнiкла прыхаванае пачуццё задавальнення сабою, якое часам бывае даволi яўным. I таму вельмi часта ён правакуе ў пачуццях гэтыя адчуваннi, яўляючы вобразы святых i найпрыгажэйшыя ззяннi цi падманныя словы, якiя чуе слых, цi вельмi прыемныя водары, цi слодыч у роце, цi задавальненнi ад дотыку. Усё гэта для таго, каб звесцi такую душу i зацягнуць яе ў благое. Таму неабходна адкiнуць усе гэтыя вобразы i адчуваннi, нават калi ў некаторых выпадках яны могуць паходзiць i ад Бога. Гэтым душа не абражае Бога, i гэта не перашкаджае ёй дасягнуць вынiку i плёну, якiя Бог прагне для такой душы, нягледзячы на тое, што душа пагарджае гэтымi з’явамi i не шукае iх.

6. Прычына ў тым, што цялесныя бачаннi цi адчуваннi якога-небудзь з пачуццяў, цi якое iншае яўленне ўнутраных пачуццяў, калi яны паходзяць ад Бога, уздзейнiчаюць на дух у той самы момант, як толькi яны з’яўляюцца, i душа не мае ні магчымасцi, нi часу, каб вырашыць, прымаць iх цi не. Бог адорвае гэтымi звышнатуральнымi з’явамі душу, якая па сутнасцi не мае нi заслугi, нi здольнасцi, і без усялякай заслугi цi асаблiвай здольнасцi душы Бог дзейнiчае ў ёй па сваёй волi, адорваючы яе гэтымi рэчамi, паколькi яны здараюцца i ўспрымаюцца духам пасiўна. I таму, хоча таго душа цi не хоча, ад яе не залежыць з’яўленне гэтых рэчаў цi iх знiкненне. Гэта як агонь, кiнуты ў голага чалавека, абавязкова абпалiць яго, незалежна ад яго жадання, бо агонь мае сiлу ўздзейнiчаць такiм чынам. Гэтаксама i бачаннi, i добрыя яўленнi, нават калi душа iх не прагне, перш за ўсё ўздзейнiчаюць на яе, а не на цела. Бачаннi ж i яўленнi, якiя паходзяць ад д’ябла, хоча гэтага душа цi не, выклікаюць у ёй замяшанне i абыякавасць, пыху i ганарлiвасць духу. Але вынiкi зла нельга нават параўнаць з вынiкамi дабра, якое спараджаецца Божымi яўленнямi, бо д’ябал можа ўздзейнiчаць толькi на першыя рухi волi, але далей, калi воля гэтага не хоча, ён не можа ёю кiраваць, і замяшанне будзе нядоўга панаваць у душы, калi толькi недахоп мужнасцi i асцярожнасцi не падоўжыць яго. I наадварот, Божыя бачаннi i яўленнi працiнаюць душу i падштурхоўваюць волю да любовi, нараджаючы ў душы вынiкi, якiм душа не можа супрацiўляцца, гэтаксама, як вiтраж не можа супрацiўляцца сонечнаму промню.

7. Вось чаму неабходна, каб душа працiвiлася ўсiм гэтым праявам, нават калi, як я казаў, яны могуць паходзiць ад Бога, бо калi яна захоча iх прыняць, яна сутыкнецца з шасцю перашкодамi. Першая заключаецца ў тым, што памяншаецца вера, бо тое, што спазнаецца пачуццямi, змяншае моц веры, таму што вера знаходзiцца па-над пачуццямi. I таму душа, якая не заплюшчвае вочы на ўсе гэтыя пачуццёвыя рэчы, аддаляецца ад адзiнага сродка паяднання з Богам. Другая перашкода паўстае для духу, таму што, калi душа не адштурхоўвае ўсе гэтыя з’явы i затрымлiваецца на iх, яе дух не ўзлятае на вышынi нябачнага. Менавiта таму Езус сказаў сваiм вучням, што калi ён не адыдзе, Святы Дух не прыйдзе (Ян, 16,7). З гэтай самай прычыны Пан не дазволiў, каб Марыя Магдалена дакранулася да Ягоных ног пасля Яго Змёртвыхпаўстання, бо неабходна было, каб усё было заснавана на веры (Ян, 20,17). Трэцяя перашкода ўзнiкае тады, калi душа прысвойвае ўсе гэтыя звышнатуральныя з’явы i перастае крочыць у напрамку да сапраўднага адрачэння i аголенасцi духу. Чацвёртая перашкода заключаецца ў тым, што паступова душа губляе духоўныя набыткi, здзейсненыя ў ёй гэтымi з’явамi, а ўслед за гэтым — i духоўнае парыванне, якое яны выклiкаюць унутры яе, таму што больш засяроджваецца на другасных, менш значных пачуццёвых аспектах i ўжо не атрымлiвае ўсю шчодрасць духу, якiя яны здзейсняюць у душы. Чым больш душа адмаўляецца ад усяго, што ёсць пачуццёвым, тым больш у ёй адбiваецца i захоўваецца чысты дух, вельмi адрозны ад усяго пачуццёвага. Пятая перашкода заключаецца ў тым, што паступова Божыя дары губляюцца, бо душа прымае iх як сваю ўласнасць, але не выкарыстоўвае iх. Прыўлашчваць Божыя дары i не выкарыстоўваць iх азначае, што душа хоча толькi iх, але Бог не адорвае яе iмi толькi таму, што яна iх прагне. I больш за тое, душа нiколi не павiнна быць пэўнаю, што гэтыя дары паходзяць ад Бога. Шостая перашкода ўзнiкае тады, калi душа, прагнучы гэтых з’яваў, адчыняе дзверы д’яблу, якi зводзiць яе iх падабенствам, бо ён ведае вельмi добра, як сiмуляваць i закамуфляваць гэтыя з’явы такiм чынам, каб яны падалiся добрымi, бо ён можа, як кажа Апостал, перамянiцца ў анёла святла (2 Кар 11, 14). З Божаю дапамогаю мы пагаворым аб гэтым у III кнiзе ў раздзеле, прысвечаным духоўнай пажадлiвасцi.

8. I таму неабходна, каб душа з заплюшчанымi вачыма адкiнула ўсе гэтыя з’явы, незалежна ад іх паходжання, бо калi яна гэтага не зробiць, яна дасць падставу д’яблу ашукаць яе i сама яму дапаможа ў гэтым, і разам з дарамi Божымi будзе атрымлiваць i д’ябальскiя падманы, пакуль яны не памножацца, а Божыя паступова знiкнуць, і ўрэшце ўсё будзе толькi ад д’ябла і нiчога ад Бога. Гэта здарылася з многiмi неасцярожнымi i неразумнымi душамi, якiя былi настолькi ўпэўненымі, атрымлiваючы гэтыя рэчы, што пасля многiя з iх павiнны былi зрабiць неверагодныя высiлкі, каб вярнуцца да Бога ў чысцiнi веры, а многiя так i не здолелі вярнуцца да Яго, бо д’ябал ужо пусцiў шмат каранёў у iх. Вось чаму неабходна зачынiць сваё сэрца для iх i адмовiцца ад iх цалкам. Адмовiўшыся ад благiх з’яваў, душа вызвалiцца ад звадаў д’ябла, а адмовiўшыся ад добрых з’яваў, душа не будзе перашкаджаць веры, i дух атрымае свой плён ад iх. Апроч таго, Бог паступова змяншае колькасць добрых з’яваў, бо калi душа прывязваецца i робiць iх сваёю уласнасцю, яны не прыносяць ёй карысцi, у той час як д’ябал сваiмi намовамi, наадварот, павялiчвае iх колькасць, таму што душа сама стварае нагоду i становіцца дасяжнаю для iх. Калi ж душа ў пакорлiвасцi не прымае гэтыя дары, д’ябал адступае, бо бачыць, што не можа ёй нашкодзiць. Бог жа, наадварот, павялiчвае i ўзвышае свае ласкi ў гэтай пакорлiвай душы, вызваленай ад усяго, i ставiць яе па-над многiм, як слугу, якi быў верным у малым (Мц 25, 21).

9. Калi душа застанецца вернаю i адарванаю ад усiх гэтых дароў, Бог не спынiцца, пакуль не ўзнясе гэтую душу паступова, ступень за ступенню, да злучэння з Iм i да перамянення, таму што наш Пан такiм чынам выпрабоўвае душу i ўздымае яе. Спачатку адорвае яе рэчамi вонкавымi i вельмi нiзкiмi ў тым сэнсе, што яны адпавядаюць яе пакуль малой здольнасцi, i калi яна паводзiць сябе як трэба i прыме гэтыя першыя «прысмакi» са стрыманасцю, толькi каб узмацнiцца i вытрываць, Бог узносiць яе да пасiлку значна больш шчодрага. I такiм чынам душа пераможа д’ябла на першым узроўнi i пяройдзе на другi. I калi яна пераможа на другiм, пяройдзе на трэцi i гэтак да самага канца, праз усе сем узроўняў, якiя адпавядаюць сямi ступеням любовi, пакуль Суджаны не ўвядзе душу ў келлю, дзе яна знойдзе вiно (Песня Песняў 2,4) дасканалай любовi.

10. Благаслаўлёная душа, якая здолее перамагчы цмока Апакалiпсiса з сямю галовамi (Ап 13, 7), кожная з якiх працiвiцца i ваюе з душою на сямi ступенях любовi — сямi прыстанках, на кожным з якiх душа працуе для таго, каб асягнуць наступную ступень Божай любовi. I калi душа на кожным узроўнi любовi будзе верна змагацца i перамагаць, безумоўна, яна заслужана будзе пераходзiць з аднаго ўзроўню на iншы, з адной ступенi любовi на iншую, да самай апошняй, пакiдаючы за сабою сем адсечаных галоваў цмока, якi змагаўся з ёю настолькi бязлiстасна, што святы Ян сказаў, што дадзена яму было змагацца супраць святых i перамагчы iх, выкарыстоўваючы супраць кожнага дастаткова зброi i рыштунку (Ап 13, 7). I жалю вартыя тыя душы, уступiўшыя ў духоўную барацьбу з цмокам, якiм не стае мужнасцi, каб адсекчы першую галаву цмока, адмовiўшыся ад пачуццёвага дабра гэтага свету. Iншыя ж, якiя адолелi першую галаву, марудзяць адсекчы другую, а значыць не могуць адмовiцца ад пачуццёвых з’яваў, пра якiя мы гаворым. Але найбольш балюча тое, што некаторыя душы, адсекшы першую i другую галовы, i нават трэцюю, якая сімвалiзуе ўнутраныя пачуццёвыя перажываннi i якiя ўжо перайшлi са стану медытацыi ў стан больш прасунуты, у момант уваходу ў стан чыстага духу паддаюцца гэтаму духоўнаму цмоку, якi iх перамагае i паўстае супраць iх, i ўваскрашае ў iх першую галаву. I тады ён «ідзе і бярэ іншых сем духаў, злейшых за сябе, і яны, увайшоўшы, жывуць там. І бывае апошняе для чалавека таго горшым за першае» (Лк 11, 26 ).

11. Дык вось, душа павiнна вырачыся ўсiх дачасных уяўленняў i задавальненняў, якiя даюцца ёй праз знешнiя пачуццi, i калi яна хоча адсячы першую i другую галаву цмока, яна павiнна ўвайсцi спачатку ў першы пакой любовi, а пасля ў другi пакой жывой веры, пакiнуўшы ў баку ўсё пачуццёвае, што можа яе прывязаць цi абцяжарыць, тое, што найбольш шкодзiць веры.

12. I таму зразумела, што ўсе гэтыя бачаннi i пачуццёвыя адчуваннi не могуць быць сродкам паяднання з Богам, бо яны нiякiм чынам не адпавядаюць Яму. Па гэтай прычыне Хрыстус не хацеў, каб нi Марыя Магдалена (Ян 20,17), нi Тамаш дакраналiся да Яго (Ян 20, 29). I таму д’ябал вельмi задаволены, пакуль душа прагне атрымаць аб’яўленнi, i калi бачыць, што яна схiльная да iх, тады ён мае дастаткова нагодаў i магчымасцяў, каб ашукаць душу i знiшчыць у ёй веру, бо сапраўды такiя душы, як ужо было сказана, пачынаюць працiвiцца веры i прыцягваюць яшчэ больш спакусаў i небяспекі.

13. Я трохi затрымаўся на тлумачэннi гэтых вонкавых адчуванняў для таго, каб стала больш зразумела тое, пра што мы будзем гаварыць далей. Пра гэта можна было гаварыць бясконца. Разумею, што вельмi шмат чаго я скарацiў, але мне здаецца, што я сказаў дастаткова, каб папярэдзiць душы, каб яны былi асцярожнымi i не прымалi, за рэдкiм выключэннем, некаторыя з’явы, а калi i прымалi, дык без асаблiвага жадання i толькi па парадзе вельмi мудрага чалавека. Цяпер усё пра гэта...

Пераклад з іспанскай мовы
Святланы Грэсвi.

Працяг будзе.


    * У трактаце святога Яна ад Крыжа цытаты са Святога Пісання падаюцца на лацінскай мове. У беларускім тэксце яны пададзены ў перакладзе Святланы Грэсві.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY