Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Лідзія КАМІНСКАЯ

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ

Да 105-годдзя з дня нараджэння Аляксея Кулакоўскага (1913–1986)

Вядома ж, каб лепш зразумець пісьменніка (творцу і чалавека), трэба найперш чытаць яго кнігі і, абавязкова, аўтабіяграфію. І вось чытаеш і з горыччу думаеш пра бясконцую драму савецкіх «інжынераў чалавечых душаў», якія на працягу ўсяго жыцця не мелі права поўнага голасу, жылі пад дыктоўку ўладаў у выглядзе яе розных арганізацый — камсамолу, партыі і ўсялякіх (няхай сабе і творчых) саюзаў. Аляксей Кулакоўскі нават аўтабіяграфію, упершыню змешчаную ў кнізе «Пяцьдзясят чатыры дарогі» (1963), не назваў аўтабіяграфіяй: «Некалькі слоў замест аўтабіяграфіі». Ён любіў слова «штрышок», і ўменне зрабіць трапны штрышок дапамагала яму не сфальшывіць, не зманіць, не сказаўшы праўды, якую гаварыць часам забаранялася. Многае ў яго жыцці адпачатку складвалася як бы ад адваротнага (маўляў, вось так, а ты даказвай) — нарадзіўся ў беднай сям’і, а прозвішча меў Кулакоўскі (і вёска яго называлася Кулакі); паступаў у музычнае вучылішча ў Мінску (іграў на скрыпцы і сваімі рукамі змайстраваў некалькі скрыпак), а давялося вучыцца на бондара ў Рагачове (нават быў загадчыкам арцелі бондараў); глыбока паважаючы веру сваёй маці ў Бога, сам мусіў (бо камсамолец, актывіст на вёсцы!) весці «бязбожніцкую работу» і гаварыў пра яе ў аўтабіяграфіі як пра найбольш цяжкае: «Выступіў супроць папа, значыць і супроць суседа, або нават і супроць каторага дзядзькі ці цёткі па радству».

Пра тое, як камсамольцам займаўся лікбезам (ліквідатарам непісьменнасці) сярод сялянаў, А. Кулакоўскі напісаў апавяданне «Лікбез», у якім гаварыў, што найбольш складана было знайсці для заняткаў хату без іконаў «на покуці і на сценах». Людзі неахвотна знімалі свае іконы: пакідалі ў хаце хоць адну, прыкрываючы саматканым ручніком, і часам партрэт Леніна апынаўся ў рамцы з-пад іконы. «Першы дзень заняткаў вельмі засмуціў мяне: з моладзі не прыйшоў ніхто. Адна бабулька прынесла і паказала мне зжаўцелы, з чорным крыжам на вокладцы псалтыр.

— Якая ж я непісьменная? — дзівілася яна».

«Каб зацікавіць моладзь, — піша А. Кулакоўскі ў аўтабіяграфіі, — іншы раз прыходзіў на заняткі са сваёй скрыпкаю. Некалькі гадзін займаліся, а потым адсоўвалі ўбок сталы, і пачыналіся танцы».

Маці пісьменніка
Ганна Кулакоўская.

Яго маці ўсё жыццё хадзіла ў царкву, і нават калі касманаўты пачалі лятаць па высокіх арбітах і гаварыць, што не бачылі там Бога, Ганна Кулакоўская казала, што проста яны яшчэ не даляцелі да таго месца. Яна з трывогаю назірала за новабудоўлямі, дакладней, за тым, як царква «ўсё больш і больш меншала ў параўнанні з новымі будынкамі», і часам дзівілася з таго, што «каля царквы заўсёды было суха, нават у вясенняе разводдзе», а каля новых дамоў ні прайсці, ні праехаць, і «тыя дамы ўжо засланяюць царкву».

Гэтую трывогу сваёй маці А. Кулакоўскі апісаў у аповесці «Родныя шыроты». Маці ён вельмі любіў і помніў усе яе трывогі, яе клопаты, яе працу, яе песні, яе звычкі. У «Родных шыротах» ён кранальна напісаў пра тое, як маці, пайшоўшы нядзельным днём у царкву на Спас, даўгавата не вярталася, і ён, занепакоены, рушыў ёй насустрач і ўбачыў яе каля сцежкі ў жыце. Маці нацерабіла сабе ў далонь зярнятаў і сыпанула ў рот, а зубоў у яе ўжо амаль не было, і шкада было высыпаць зярняты на зямлю, бо ўсё ў гэты дзень здавалася ёй свянцоным: «От надумалася мне разгавецца <...> Новым хлебцам ды яблыкамі... — Падзабала трохі зубамі і дадала, сарамліва гледзячы на мяне: — Свянцонымі. Гэтак пахне ўсё хораша»...

Незабыўны вобраз маці дапамог Аляксею Мікалаевічу стварыць у сваёй прозе запамінальныя, выразныя вобразы беларускіх жанчын, сярод якіх найбольш адметны вобраз Ларысы з аповесці «Нявестка» (1956), названай вядомым крытыкам С. Андраюком адным «з самых характэрных і самых дасканалых твораў пісьменніка». Ад пачатку ў цэнтры аповесці паказаны стары Даніла, сын якога, ажаніўшыся, прыводзіць у дом яму на радасць маладую ласкавую нявестку, а радасць старога ў тым, што нявестка перад сном грэла для яго ў начоўках ваду, каб меней кашляў і лепей спаў. І хата Данілава нібы пасвятлела, і снедаюць яны ўсмак. «Ну, за што яму такая павага ад нявесткі, чым ён яе заслужыў? І прыходзіў да думкі, што, мабыць, проста шчасце напаткала чалавека пад старасць, не ўсё ж жыццё быць яму нешчаслівым».

Адною гэтаю характарыстыкаю (штрышком!) А. Кулакоўскі ўзнімае вобраз Ларысы да ўзору хрысціянскага, прыпавесцевага…

Нідзе не даючы асобна «партрэта» сваёй маці, Аляксей Мікалаевіч штрышкамі, але напоўніцу, з глыбокім псіхалагізмам стварыў яе мілы, цёплы вобраз — маці, жонкі, жанчыны, не гаворачы пра тое, што яна была сапраўднаю хрысціянкаю. У шчымліва-балючым апавяданні «Мятка» (1962) вобраз Ганны Кулакоўскай становіцца ўвасабленнем ахвярнай любові, цярплівасці, пакоры і ўсёдаравання, а між тым гэта апавяданне пра найвялікшую драму іх сям’і (як і многіх сем’яў савецкага часу) — арышт бацькі, вядома ж, ні ў чым не вінаватага вясковага чалавека, які ўсяго толькі сталярыў і бандарыў.

Была ў іх сям’і мілая завядзёнка: бацька ўсюды браў з сабою ў кішэню світкі або за пазуху каліўца мяты, а калі забываўся, маці «бегла ў агародчык і зрывала там самае прыгожае на той дзень каліўца». «Аднаго разу перад вайною прыехалі з раёна і сказалі бацьку збірацца. Маці дрыготкімі рукамі падала, што трэба, а потым, як і заўсёды, пабегла ў агародчык. Была мокрая асенняя ноч. Вільготная ад слоты мята вылузвалася з рук. Маці вобмацкам вырвала адно каліва, а потым стала рваць яшчэ, каб быў цэлы пучок. Рвала і плакала ад роспачы»...

Бацька дамоў не вярнуўся, а маці кожны дзень рвала пахучыя каліўцы і прыносіла ў хату — так мята стала для яе ўвасабленнем чакання. «І засохла ў той год на градцы амаль уся гэтая мята... Сямнаццаць пучкоў вісіць на сцяне. З таго часу маці не падвешвае іх больш, але ў гародчыку і цяпер, хоць на каленцах, даглядае мяту».

Любоў да паху мяты перадалася і Аляксею Мікалаевічу — яе ссохлыя лісцікі ляжалі ў яго кішэнях і зімою, а маці, чакаючы сына, клала каліўца мяты на яго пісьмовы стол (калі ляжалі тры каліўцы — значыць яна чакала яго ўжо тры дні)...

Пра арышты сваіх родных расказвалі многія пісьменнікі, але цяжка назваць больш шчымлівы аповед, у якім так проста, па-чалавечы, па-хрысціянску паяднана лірычнае і драматычнае — і аўтабіяграфія, і мастацкі аповед, і прыпавесць. Гэта адзін з найлепшых твораў не толькі ў прозе Аляксея Кулакоўскага, але і ва ўсёй беларускай літаратуры ХХ стагоддзя, у якой, на жаль, да гэтага часу не асэнсаваная трагедыя, якая адбілася генетычным страхам (і ў пэўнай ступені бяспамяцтвам) на нашчадках. Мята, «мятка» ў гэтым апавяданні яшчэ і сімвал змятасці, скалечанасці не аднаго пакалення, бо, арыштоўваючы, рэпрэсуючы, бязвінна змінаючы аднаго чалавека з сям’і, па сутнасці зміналі ўсю сям’ю, увесь род.

А потым была вайна, Вялікая Айчынная — адна на ўсіх, але ў кожнага свая, і пра «сваю» расказваць таксама было забаронена, а пісаць — тым больш. У артыкуле «Штрафнікі», змешчаным у «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі» (т. 6, 2003 г.), сярод іншага напісана: «На кожным фронце было сфарміравана да 3-х штрафных батальёнаў па 800 чал. з афіцэраў сярэдняга і старшага саставу, якія праявілі «баязлівасць і няўстойлівасць», а іх часці без адпаведнага загаду адступілі з займаемых пазіцый <...> Ш. выконвалі асабліва цяжкія задачы: заняцце вышыні, нас. пункта або яго часткі, разведка боем і інш., неслі вялікія страты ў людзях. Пасля выканання баявога задання Ш. раззбройвалі, адводзілі ў тыл для папаўнення і накіроўвалі зноў у бой»...

Чамусьці ў энцыклапедычным даведніку «Беларусь» (1995), куды трапілі далёка не ўсе вядомыя беларусы, у артыкуле пра А. Кулакоўскага — заслужанага работніка культуры Беларусі (1974), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1986) — нават не згадваецца, што ён ваяваў, а сам ён у аўтабіяграфіі напісаў пра гэта два радкі: «Служыў два гады да вайны і ўсю вайну знаходзіўся на фронце. Камандаваў стралковым узводам, потым ротай». Мы, працуючы пад яго кіраўніцтвам у Літаратурным музеі Янкі Купалы, амаль усе ведалі, што камандаваў ён менавіта штрафною ротаю, але падрабязнасцяў не ведалі: хутчэй за ўсё, калі камандаваў стралковым узводам, не захацеў «браць пазіцыі любой цаною» — пашкадаваў людзей і як «няўстойлівы баязлівец» быў пакараны камандаваннем штрафною ротаю. Пра яго штрафную вайну я даведалася ад Хрысціны Лялько, з якою ён любіў паразмаўляць (яна працавала ў музеі амаль чатыры гады), а Людміла Сцяпанаўна Давыдоўская, якая працавала ў музеі «ўсё жыццё», гаварыла мне, што за камандаванне штрафною ротаю ён быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі.

Дырэктарам Літаратурнага музея Янкі Купалы ён быў з 1977-га па 1986 гады — апошнія гады свайго жыцця. Працаваць яму было нялёгка, і часам здавалася, што гэта яго другая «штрафная рота» — зрэшты, і Янка Купала быў (і застаўся) пажыццёвым «штрафніком» перад уладамі, бо «без адпаведнага загаду» напісаў п’есу «Тутэйшыя», ужо, відаць, навекі рэпрэсаваную для тэатра, які носіць яго імя, а ў музеі, як «аргумент», экспануецца яго «пакаяльны ліст», дзе ён «сам» прызнае свой твор памылковым. На экскурсіях, у лекцыях, у шматлікіх мерапрыемствах і ў самой экспазіцыі музея шмат чаго не дазвалялася, і за ўсё адказваў дырэктар, і менавіта з ім музей прыгожа сустрэў 100-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы ў Мінску, у Вязынцы і ў Ляўках, прымаючы натоўпы экскурсій з розных куткоў Савецкага Саюза.

Аляксей Кулакоўскі і Ян Скрыган. 1982 г.
Фота Уладзіміра Крука.

Адчуваючы сябе не зусім на «сваім месцы», ён неяк сказаў: «Што я тут раблю? Падпісваю гэтыя дурацкія загады, а пра вас жа, пра кожную, можна раман пісаць!» Памятаю, што мы ніколі не хадзілі на суботнікі і не ездзілі «на галінкі», куды ганялі нават Акадэмію навук: ён не лічыў патрэбным для жаночага калектыву «браць гэтыя пазіцыі любой цаною». Я прыйшла на працу ў музей у 1980-м пры яго вялікім спрыянні і праз студэнцкае сяброўства з Хрысцінаю Лялько. На той час у ім, падобным да вясковага пастара, нельга было разгледзець ні адважнага афіцэра, які камандаваў штрафною ротаю, ні адважнага празаіка, які па сутнасці першым у беларускай літаратуры ў аповесці «Дабрасельцы» (1958) сказаў горкую праўду пра вясковае жыццё, за што быў звольнены з пасады галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць», дзе асмеліўся надрукаваць сваю аповесць, і надоўга стаў аб’ектам «прыцэльнага агню» — зноў стаў «штрафніком», і душа яго ўжо была размятаю, расстралянаю. Нават тыя, хто з ім сябраваў і даўно пісаў пра яго творчасць, называлі яго «пісьменнікам няроўным», «бытапісальнікам», высвечваючы недахопы гэтак, што яны пераважвалі вартасці яго твораў, а адзін вельмі паважаны гісторык нават сказаў: «Лепей бы ён застаўся бондарам». Найлепш разумеў, цаніў яго творы, асабліва мову, яго штрышкі, яго натуральнасць, Ян Аляксеевіч Скрыган, і большай адзнакі не трэба, бо ён быў сапраўдным майстрам слова (і таксама «штрафніком»: першы раз яго арыштавалі ў 1936-м, асудзіўшы на 10 гадоў, а другі раз — у 1949-м). Сярод блізкіх сяброў Аляксея Мікалаевіча быў Герой Савецкага Саюза Васіль Іванавіч Казлоў, які займаў пасля вайны высокія дзяржаўныя пасады, пісьменнікі Янка Брыль, Іван Шамякін, Іван Мележ, Андрэй Макаёнак. Яны былі вельмі розныя, але іх яднала вайна, пасля якой Аляксей Мікалаевіч, здаецца, быў найбольш духоўна зраненым і недаацэненым (і званне заслужанага работніка культуры Беларусі, і Дзяржаўная прэмія былі запозненымі), а яшчэ ён перажыў трагічную смерць сына і сваю вельмі цяжкую хваробу...

І вось такі штрышок: упершыню трапіўшы ў яго рабочы кабінет у музеі, дзе ў вялікай вазе стаяў сноп ільну, мы выходзілі ўражана-прыўзнятыя, бо адчувалі, бачылі, што ён успрымае нас з павагаю і далікатнасцю, бо на ўваход жанчыны Аляксей Мікалаевіч заўсёды ўставаў з-за стала, звыклым жэстам папраўляў свой гальштук і, калі пінжак вісеў на спінцы стула, адзяваў яго, а потым прапаноўваў прысесці. У шафе за яго спінаю заўсёды былі смачныя цукеркі, і ён нас частаваў. У кожнай з нас засталіся кнігі з яго аўтографам, падараваныя ў дзень нараджэння або з нейкай іншай нагоды. Для кожнай з нас, як я зразумела пазней, ён зрабіў нешта добрае (важнае, канкрэтнае), але мы пра гэта адна адной тады не расказвалі, бо часам яму ў просьбах за нас (прапіска, жыллё, дзіцячы садок і г. д.) даводзілася звяртацца да сваіх аўтарытэтных сяброў. «Ёсць у мяне адзін добры хлопец», — казаў ён і тут жа набіраў нумар тэлефона...

Ён сапраўды любіў людзей, і некаторыя з іх, яго аднавяскоўцы, станавіліся героямі яго прозы, як глуханямы Павел з апавядання «Нямко» (1945), які яшчэ ў дзяцінстве ўразіў будучага пісьменніка чуласцю да ўсяго жывога і трагічнасцю свайго лёсу. Мноства землякоў Аляксея Мікалаевіча (салігорцаў, беларускіх шахцёраў) адразу пазнавала сябе ў яго газетна-часопісных публікацыях (напісаных пераважна ў маладосці) і ў прозе, бо часам ён нават не змяняў іх сапраўдных імёнаў. Яго проза адметная найперш праўдзівасцю аўтара, яго абвостраным пачуццём і жаданнем справядлівасці. Яго сябра Іван Мележ у артыкуле «Слова да таварыша, якое я хацеў бы сказаць на юбілейным вечары» (1963), пісаў: «...твае ўдачы і няўдачы былі заўсёды на адной дарозе — да праўды».

Сёння, калі ў друку ўсё больш пануе моўная неахайнасць, а ёмкае паняцце «проза», здаецца, увогуле знікае, падмяняецца размытымі, невыразнымі «тэкстамі», мова твораў А. Кулакоўскага ўспрымаецца як шчодрая спелая ніва, багатая на залатое зерне, а сам Аляксей Мікалаевіч паўстае як высакародны, трошкі наіўны вясковы праўдашукальнік, але без яго штрышкоў беларуская літаратура не мела б сваіх поўных, выразных абрысаў.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY