Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Адам БЛЫШЧ

ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ

Шаноўныя чытачы, прапануем вам гутарку кс. Адама Блышча CR з журналістам і ватыканістам Андрэа Тарнэллі (нар. у 1964 г.), які працуе ў турынскім штодзённым выданні «La Stampa», вядзе аўтарскі блог «Sacri palazzi» і перадачу на італьянскім «Радыё Марыя», з’яўляецца аўтарам многіх публікацый, прысвечаных папству, кніг «Пій ХІІ. Папа, які ратаваў габрэяў», «Santo Subito. Таямніцы святасці Яна Паўла ІІ», «Carlo Maria Martini. Непакорны кардынал», «Францішак. Біяграфія Папы» і інш.

— Калісьці кардынал Ратцынгер напісаў, што незалежна ад гістарычнай эпохі існуе ўсталяваны канон крытыкі Касцёла. Ці можам мы аналагічна сказаць, што праз пяць гадоў Пантыфікату ўсталяваўся канон крытыкі папы Францішка?

— Несумненна, мы з’яўляемся сведкамі атакаў, якія не маюць нічога агульнага з сапраўднаю крытыкаю. Існуюць парталы, блогі і журналісты, якія імкнуцца знішчыць Папу, нягледзячы на тое, што ён гаворыць або робіць. У гэтым няма нічога новага. Калі пяцьдзясят гадоў таму Павел VI апублікаваў энцыкліку «Humanae vita», прысвечаную маральным прынцыпам у сферы перадачы жыцця, яго таксама знішчалі, перш за ўсё людзі з касцёльнага асяроддзя.

Аднак розніца ў тым, што цяпер вельмі моцна развіты сацыяльныя медыя. Усе могуць свабодна пакідаць каментары і пісаць, і ў гэтым часта не хапае пашаны да Францішка не толькі як да Папы, але як да чалавека. Нават можа скласціся ўражанне, што Папа не робіць нічога добрага.

— У адным з артыкулаў на партале Vaticaninsider Вы каментуеце кнігу двух італьянскіх журналістаў — Нэлла Скава і Робэрта Бэрэтта, «Фальшывы Папа» («Fake Pope»). Аўтары прыводзяць у ёй 80 абвінавачванняў у адрас Папы. Сярод іх — супрацоўніцтва з аргенцінскаю дыктатураю, звязанаю з масонствам, маніпуляцыі падчас канклава, ерась, памылковыя намінацыі і няўменне кантактаваць з Рымскай Курыяй. У якіх асяродках, на Вашу думку, нараджаюцца такія абвінавачванні?

— Перш за ўсё ў крайне традыцыяналісцкіх і кансерватыўных асяродках. Гэтыя абвінавачванні сфармуляваныя так, што іх аўтарам было б праблематычна прад’явіць іх публічна ці абараніць. Таму яны карыстаюцца сацыяльнымі медыя.

Напрыклад, ёсць фотаздымак кардынала Берголіо з ярмолкаю на галаве падчас наведвання сінагогі ў Буэнас-Айрэсе, што нібыта з’яўляецца доказам падпарадкавання Францішка габрэйскім масонам. Падобным чынам быў пракаментаваны візіт Святога Айца ў Яд ва-Шэм, дзе ён цалаваў далоні сабраных там людзей. Але гэта былі не прадстаўнікі габрэйскага масонства, а ахвяры Халакосту. Гэтым жэстам Францішак хацеў праявіць пашану да іх і паказаць сваю блізкасць. Аднак маніпуляцыя фактамі заключаецца ў тым, каб вырваць штосьці з кантэксту.

Яшчэ адзін прыклад такой маніпуляцыі — падзея, якая адбылася падчас пілігрымкі Папы на Філіпіны. У Маніле Францішак сустрэўся з сем’ямі. Сацыяльныя медыя абляцеў здымак, на якім Папа нібыта склаў пальцы адной рукі ў сатанінскі сімвал рогаў. Я суправаджаў Папу ў гэтай пілігрымцы і быў на сустрэчы, пра якую ўзгадаў. У ёй удзельнічалі глуханямыя сем’і, якія карысталіся моваю жэстаў. Гэты жэст азначае «люблю цябе». Нямыя паказалі яго Папу, і ён зрабіў гэта для іх узаемна. Але няпраўды ўжо ніхто не абвергнуў.

— Чаго баяцца асяродкі, якія атакуюць Папу?

— Я не магу гэтага зразумець. Таксама і таму, што калі чую абвінавачванні ў ерасі, пытаюся: «Што такога Папа змяніў у дактрыне?» Пакуль нічога. Не было ніякіх зменаў!

Я думаю, са з’яўленнем папы Францішка многія зразумелі, што страчваюць сваю ўладу і ўплывы, што ў пэўнай ступені знікае мадэль Касцёла, да якой яны прызвычаіліся. Можна быць святаром, біскупам, кардыналам і думаць пра Касцёл толькі ў палітычным сэнсе. Але хто мае дар веры, павінен усвядоміць, што менавіта такога Папу хацеў Бог, каб штосьці сказаць мне. Асабіста мне. Не іншым, а мне.

— Дык чаму навучыў Вас Папа?

— Хаця б па-іншаму глядзець на бедных. І па-іншаму карыстацца грашыма. Ён так успрымае Евангелле ў гэты гістарычны перыяд. Позірк веры азначае, што я мушу задаваць сабе пытанні пра тое, як павінен жыць, а не паўтараць бесперастанку, што Папа нічога не разумее і я навучу яго быць Папам.

Калі ў кастрычніку 2013 года Францішак наведаў Асізі, ён пайшоў у «Серафікум», дзе шмат хворых маладых людзей, і бітую гадзіну вітаўся з кожным. На заканчэнне ён сказаў, што гэтак жа, як у Эўхарыстыі мы адаруем Цела Хрыста, так і ў гэтых нашых церпячых братах мы павінны бачыць цела Хрыста. У штодзённым італьянскім выданні «In Foglio» напісалі, што гэта ерэтычныя словы. Але ж Божа мілы, калі хтосьці ведае творы айцоў Касцёла, то ўзгадае гамілію святога Яна Хрызастома з IV стагоддзя, у якой гаворыцца, што не трэба пакрываць пазалотаю алтара, каб ушаноўваць цела Хрыста, бо цела Хрыста — ва ўбогім, які сядзіць перад касцёлам і не мае ў што апрануцца.

Інтэрнэт нарадзіў пачвараў. У атаках на Папу шмат невуцтва і бескультур’я. Многія называюць сябе спецыялістамі па дактрыне, хоць мала хто ведае гісторыю і тэалогію.

— Вы сказалі, што Францішак навучыў Вас па-іншаму ставіцца да грошай. Чаму яшчэ ён Вас навучыў?

— Несумненна, ён навучыў мяне па-іншаму ставіцца да церпячага чалавека, якому патрэбна вельмі канкрэтная дапамога; навучыў праяўляць міласэрнасць і дабрыню, не ацэньваючы і не асуджаючы. Мяне натхняе тое, як Папа гаворыць пра нашу эканамічна-фінансавую сістэму. Я перакананы, што ля вытокаў многіх атакаў на папу Францішка знаходзяцца людзі і масмедыя, якія насамрэч не заклапочаныя ніякімі зменамі ў дактрыне. Іх не цікавіць, ці ўдзеліць ксёндз Камунію ў якім-небудзь касцёле якой-небудзь пары, што жыве ў несакрамэнтальным саюзе.

Крытыка пачынанняў Папы для іх толькі нагода. Іх цікавіць тое, што Францішак скажа на тэму эканомікі ці гандлю зброяй. Яны ведаюць, што ён — лідар, які мае аўтарытэт і якога людзі слухаюць. У гэтым сэнсе Францішак перашкаджае ім, бо закранае іх інтарэсы.

— Але папа Францішак, якога іншыя шмат крытыкуюць, сам таксама крытыкуе Касцёл! У апошнія месяцы ён зрабіў гэта ў лістах да епіскапата Чылі пасля выкрыцця скандалу, звязанага з педафіліяй. На падставе следства арцыбіскупа Чарльза Шыклуна Папа вызначыў дыягназ: «Недастаткова звольніць асобных людзей з пасадаў, калі вінаватая ўся сістэма!» Гэта не першы Папа, які хоча ачысціць Касцёл. Бэнэдыкт XVI на працягу васьмі гадоў свайго Пантыфікату звольніў 70 біскупаў, у сярэднім — па адным у месяц, але мы ніколі не чулі з яго вуснаў ні пра якую сістэму.

— У Касцёле ў Чылі сапраўды сур’ёзныя праблемы. Справа не толькі ў сексуальных злоўжываннях ці выкарыстанні ўлады. Мы маем справу з сітуацыяй, калі епіскапат стаў кастаю. Многія біскупы ажно да сустрэчы з Францішкам не ўсведамлялі дыстанцыі, якая існуе паміж імі, пастырамі, і вернікамі.

Калі Францішак сказаў пра сістэму, ён меў на ўвазе клерыкалізм — цяжкую хваробу нашага часу. Яна праяўляецца ў тым, што духавенства (біскупы, прэзбітэры) лічаць сябе проста недатыкальнаю кастаю. Ім здаецца, што яны могуць навучаць, але іх ніхто навучаць не павінен. Францішак жа гаворыць, што пастыр павінен быць на чале статку, каб весці яго, у сярэдзіне статку — каб быць з людзьмі, і ў канцы статку — каб тыя, хто аслаб, не згубіліся. Касцёл — гэта святы Божы народ. І прэзбітэры з біскупамі павінны быць з’яднаныя з народам Пана.

— У кантэксце клерыкалізму часта гаворыцца пра лобі, якое прасоўвае канкрэтных людзей да біскупскага пасвячэння.

— Гэта датычыць усіх мясцовых Касцёлаў. Відавочна, што кожны з іх мае свой характар у залежнасці ад кантэксту, але несумненна, што спосаб выбару біскупаў у наш час з’яўляецца праблемаю. На працягу стагоддзяў Касцёл выкарыстоўваў розныя працэдуры. Цяпер вядзецца дыскусія пра сітуацыю ў Кітаі і гаворыцца пра дэградацыю, бо ўрад Кітая мае свой погляд на біскупскую намінацыю. А ў Венесуэле ажно да 1960 года біскупаў выбіраў парламент. У Еўропе, у Аўстра-Венгерскай імперыі, біскупаў прызначаў імператар. Затое ў Германіі да нашага часу біскупы выбіраюцца на катэдральных капітулах. Я не хачу гэтым сказаць, што мы павінны выбіраць біскупаў праз народныя выбары, бо гэта дакладна немагчыма, але несумненна тое, што трэба вызначыць крытэрыі такіх намінацый, каб кандыдатамі станавіліся найлепшыя святары.

— Якім павінен быць узорны біскуп, на думку папы Францішка?

— Папа звяртае ўвагу на тое, што біскуп — гэта перш за ўсё пастыр. Не прафесар, не клаўзуровы містык, не дасканалы тэолаг. Зразумела, вельмі добра, калі ў ім спалучаюцца гэтыя рысы, але перш за ўсё ён павінен быць пастырам. Ён можа пытацца парады ва ўсіх тэолагаў свету, але нідзе не сказана, што ён сам павінен быць тэолагам.

— А Ратцынгер?

— Ён быў выключэннем. Трэба прызнаць, што ў гісторыі Касцёла нямногія Папы былі тэолагамі.

— І нямногія былі дактарамі Касцёла.

— Калі б мне трэба было пералічыць характэрныя рысы біскупа-пастыра, то я сказаў бы, што гэта павінен быць чалавек, якому блізкае звычайнае жыццё людзей, парафіі ці дыяцэзіі. Такім чынам, усё яго святарскае жыццё да біскупскай намінацыі не павінна праходзіць у студэнцкай аўдыторыі ці за сталом у біскупскай курыі. Я асабіста не прызначаў бы біскупам таго, хто ніколі не быў пробашчам, а значыць, не ведае праблемаў людзей і слаба арыентуецца ў душпастырстве.

— Звычайны біскуп не ведае, колькі каштуе бохан хлеба, бо не ходзіць у крамы, не карыстаецца гарадскім транспартам, не мае кантакту з людзьмі.

— Відавочна, біскуп павінен быць чалавекам, які ведае жыццё свайго народа і ўдзельнічае ў гэтым жыцці. Ён таксама павінен быць айцом для сваіх святароў, заўсёды трымаць адчыненымі для іх дзверы, каб яны маглі прыйсці паразмаўляць. Калі ў ксяндза ёсць праблема, біскуп не павінен яго адсылаць, робячы выгляд, што нічога не сталася. Як айцец ён мусіць адважна змагацца з праблемаю свайго святара. Смешны той біскуп, які не мае за сабою духавенства сваёй дыяцэзіі.

— Вернемся на хвіліну да клерыкалізму. Ці не склалася ў Вас уражанне, што пасланне адгартацыі «Amoris laetitia», у якой робіцца вялікі акцэнт на сумленне верніка, агольвае бяздушны клерыкалізм як пагрозу для Касцёла?

— Несумненна, так і ёсць, хоць не трэба забываць, што ў меркаванні папы Францішка няма нічога новага. Ён усяго толькі развівае дапушчэнне Яна Паўла ІІ з адгартацыі «Familiaris consortio» 1981 года. Рашэнне дапускаць да прыняцця Камуніі разведзеных, якія жывуць як брат з сястрою, было вялізным крокам у вучэнні Касцёла. Раней такіх людзей успрымалі як яўных грэшнікаў, а паводле Кодэкса Кананічнага Права з 1917 года экскамунікавалі.

— Напэўна, Яну Паўлу ІІ не хапіла настойлівасці, бо ён чакаў індывідуальнага распазнавання кожнай сітуацыі, але на практыцы гэта заключалася ў выкарыстанні адной і той жа нормы ва ўсіх сітуацыях.

— У Касцёле заўсёды існавала такая практыка, што чым бліжэйшаю была пэўная норма да канкрэтнага жыцця, тым больш яна давала прасторы для распазнавання. Ведаю біскупаў, якія лічацца кансерватарамі і ў сітуацыі паўторных саюзаў давалі дазвол на прыняцце святой Камуніі.

— Што гэта значыць?

— Што існуе норма, якая дзейнічае ў дыялогу сумлення верніка са святаром.

— У чым заключаецца праблема «Amoris laetitia»?

— Папа ўскладае на святароў вялікую адказнасць. Было б лягчэй і прасцей увесці новую норму ў Кодэкс Кананічнага Права ці стварыць падручнік па спаведніцтве, дзе сказана, што выпадкі «А», «B» і «C» можна разграшыць, а выпадкі «D», «E» i «F» ужо нельга. Гэта значыць, што ты прыходзіш да споведзі, а спаведнік дастае падручнік, ацэньвае ўмовы — і ўсё зразумела. Ты ні пра што не павінен думаць. Адказвае за гэта Папа.

Мне ўзгадваецца аргенцінскі капуцын, айцец Дрына, які вечарам, пасля цэлага дня ў канфесіянале, меў звычай станавіцца перад Найсвяцейшым Сакрамэнтам і маліцца такімі словамі: «Прабач мне, Пане, бо сёння я зашмат прабачыў, але гэта Твая віна, бо Ты даў мне дрэнны прыклад». Гэта значыць, што перад Богам святар таксама прымае на сябе частку адказнасці за дадзеную сітуацыю.

— Вернемся яшчэ на хвіліну да сістэмы. Як вылечыцца ад хваробы, якая падточвае арганізм Касцёла?

— Гэта доўгі працэс. Трэба пачаць з выбару кандыдатаў у святарства і задумацца над тым, як выглядае фармацыя ў семінарыі. Патрэбныя таксама біскупы, якія будуць бачыць праблему клерыкалізму і захочуць з ёю змагацца. Трэба змяняць звычкі. Святар не можа быць тым, хто мае ўладу над вернікамі. Для яго прыкладам заўсёды павінен быць Езус Хрыстус і Яго міласэрнасць. Ён парушаў існуючыя традыцыі, сядаў за адзін стол з найгоршымі грэшнікамі, што выклікала абурэнне сярод людзей.

— Святары павінны рабіць гэтаксама?

— Так павінны рабіць усе хрысціяне, супраціўляючыся пануючаму апартунізму. Толькі такім чынам яны пакажуць свету хрысціянскага Бога, які не задавольваецца тым, што ў статку ёсць 99 авечак, і адправіцца на пошукі адной заблукалай.

— У чым заключаецца рэформа Францішка?

— Упэўнены, што ён застанецца ў нашай памяці не як Папа вялікіх структурных рэформаў, хоць яны і былі праведзеныя. IOR — Ватыканскі банк — функцыянуе ўсё лепш, мы чакаем канстытуцыі, якая рэфармуе Рымскую Курыю і нагадвае вялікі будаўнічы пляц.

Найважнейшаю рэформаю папы Францішка з’яўляецца рэформа сэрца — душпастырскае навяртанне, пра якое столькі гаворыцца.

Францішак паказвае, што Бог хрысціянаў не з’яўляецца суддзёю, які глядзіць на чалавека зверху, каб даць яму па галаве, а прытульвае чалавека, перш чым яго асудзіць; Бог гаворыць гэтаму чалавеку, што любіць яго, перш чым скажа, што ў яго жыцці не так. Гэта адносіны любові, абдымкі міласэрнасці, якія дазваляюць чалавеку зразумець, што ён з’яўляецца грэшнікам.

Так было з Закхеем. У Евангеллі не ўзгадваецца, што ён перажываў нейкі містычны крызіс альбо не хацеў навярнуцца. Проста ён быў цікаўным. І каб убачыць Езуса, узлез на дрэва. Езус заўважыў яго і сказаў, што хоча спажыць ежу ў яго доме.

Падчас ежы Закхей сказаў, што палову маёмасці аддае бедным, а калі кагосьці пакрыўдзіў, то аддае ў чатыры разы больш. Гэта значыць, што Закхей краў.

— І што ведаў закон, бо ў Рымскім кодэксе і ў Законе Майсея гаворыцца пра злачынства пад назваю «furtum manifestum» — нахабны крадзеж, за які накладаліся менавіта такія санкцыі: трэба было вярнуць у чатыры разы больш за скрадзенае.

— Калі хтосьці назірае за дынамікаю такога навяртання, ён убачыць, што найперш чалавек адкрывае, што яго любяць. Яго ўспрымаюць з любоўю, а не паводле прадпісанняў закону. Гэта важна ў евангелізацыі. Гэтаму мы вучымся ў папы Францішка.

Пераклала з польскай мовы
Ганна Шаўчэнка.
Паводле: «W drodze», № 8, 2018 г.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY