|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
Партрэт Найяснейшая Рэч Паспалітая ў каштоўных камянях, металах, зброі, футрах, карунках, рыцарскіх даспехах, атрыбутах улады і пануючага саслоўя прадстаўлена ва ўсім сваім бляску ў партрэтнай галерэі Нясвіжскага збору Радзівілаў. Сярод усяго гэтага шматквецця нібыта выпадкова апынуўся прыгожы, падобны да італьянца чалавек з задумлівым позіркам, у кардынальскіх шатах, якія чырвоным агнём вылучаюць яго са стракатага натоўпу. Гэта наш першы кардынал Юрый Радзівіл, якому прысвечаны шэраг значных публікацый у Польшчы і Летуве (да якой ён не мае дачынення). У нас жа, хаця ён і быў літвінам, і нарадзіўся тут і служыў, амаль нічога — пыл забыцця…
Экспазіцыя Калі 31 траўня 1556 г. у Лукішках, пад Вільняй, у сям’і ваяводы віленскага Мікалая Радзівіла Чорнага будучы кардынал убачыў свет, Вялікае Княства Літоўскае было ўжо пратэстанцкай краінай (у сенаце ВКЛ у 1569 г. на 15 сенатараў-пратэстантаў былі 2 католікі і 5 праваслаўных). Гэта былі часы г.зв. «залатога стагоддзя» — арганічнай часткі ўсеагульнага еўрапейскага руху, шчыльна звязанага з Рэнесансам і Рэфармацыяй. Мікалай Радзівіл Чорны быў упартым кальвіністам, якога дарэмна спрабавалі вярнуць у лона Касцёла некалькі Апостальскіх нунцыяў. У бацькоўскім доме Юрый увесь час быў сведкам жартаў і здзекаў з Касцёла і ўсяго, што з’яўляецца святым для кожнага католіка. Калі ў 1565 г. ваявода віленскі сканаў у страшэнных пакутах, апеку над яго сынамі — Мікалаем Крыштафам Сіроткам, Альбрыхтам, Станіславам і Юрыем — узяў дзядзька Мікалай Радзівіл Руды. Далейшае сталенне нашчадкаў галоўнага рухавіка Рэфармацыі ў ВКЛ павінна было адбывацца ва ўніверсітэтах Ляйпцыга і Вюртэмберга. Але, убачыўшы пратэстантызм зблізу, у самым яго асяродку, сыны Радзівіла Чорнага ўсё больш аддаляліся ад яго. Першым апамятаўся старэйшы — Мікалай Крыштаф, у будучыні прыклад хрысціянскага жыцця і вялікі дабрадзей Касцёла. Калі апека над братамі перайшла да Мікалая Крыштафа, а да яго далучыліся езуіты Станіслаў Варшавіцкі і Пётр Скарга, іх сумесная праца ўвянчалася 11 красавіка 1574 г. набыццём для Касцёла астатніх сыноў. Вяртанне Радзівілаў у лона Касцёла сталася буйной перамогай езуітаў. У хуткім часе да іх пацягнуліся «блудныя авечкі» нават з праваслаўных фамілій — эліта, аздоба краіны: Астрожскія, Валовічы, Збаражскія, Сапегі…
Каштоўны саюзнік Яшчэ да хросту Юрыя Сіротка звярнуўся да Апостальскага нунцыя кардынала Джавані Франчэска Камендоні на прадмет таго, каб пляменнік стаў ні больш ні менш каад’ютарам біскупа Віленскага. Аб гэтым, таксама канфідэнцыйна, ён паведаміў Скаргу. Біскуп Віленскі Валяр’ян Пратасевіч таксама быў не супраць, адзначаючы ў юнага Радзівіла сціпласць, веды і жаданне духоўнай кар’еры. Ужо 17 траўня ён прадставіў капітулу кандыдатуру каад’ютара, і на наступны дзень было накіравана хадайніцтва да папы Грыгорыя ХІІІ. Далей, на працягу чэрвеня-ліпеня, Святы Айцец атрымліваў лісты і хадайніцтвы ад караля і вялікага князя Генрыха Валуа, прымаса Якуба Уханскага, прадстаўнікоў ад Кароны і Княства. Гэткая рэдкая для Рэчы Паспалітай згода тлумачылася тым, што ўсім быў патрэбны прадстаўнік магнацкага роду, бо, па словах Януша Тазбіра: «Якім бы каад’ютарам Юрый ні быў, то і так аказваўся, апрача ўсяго іншага, каштоўным саюзнікам на тэрыторыі Вільні і Літвы». І хаця высілкі Сіроткі падмацоўваліся ўсеагульным адзінадушшам, справа гэта была вельмі клапатлівая. Нарэшце, напрыканцы лістапада, усе неабходныя дакументы былі адпраўлены ў Апостальскую Сталіцу. Папа Грыгорый ХІІІ асабліва ўважліва падыходзіў да падбору кандыдатаў на біскупскія пасады. Сумненні былі. Галоўным чынам адносна тэалагічнай падрыхтоўкі, дакладней, яе адсутнасці, таму жаданае брэве ад 17 снежня 1574 г. было падпісана з умоваю прыезду Юрыя Радзівіла ў Рым для папаўнення ведаў у галіне філасофіі і тэалогіі.
Хістанні і сумненні За сухой інфармацыяй аб тым, што ў 1575–1577 гг. Юрый Радзівіл вучыўся ў Рыме, а з 1578-га да 1581 г. быў у пілігрымцы ў Іспаніі, Партугаліі і падарожнічаў па Еўропе, крыецца, мабыць, самы адказны перыяд у яго жыцці. Пётр Скарга, які пільна сачыў за сваім выхаванцам, у лістах у Рым з трывогаю адзначаў, што Радзівіл паводзіў сябе хутчэй як малады князь, чым святар, марнуючы час на ўсялякія відовішчы і тэатральныя пастаноўкі. Да Сіроткі таксама сталі даходзіць пагалоскі аб дрэнным ладзе жыцця брата, а потым дайшло і да выдаткаў, празмерных нават для такога магната як Мікалай Крыштаф. Толькі ў 1577 г. ён выслаў у Рым 8 тыс. злотых, але гэта была толькі частка даўгоў, якія паспеў нарабіць малады каад’ютар Віленскага біскупа. Паміж братамі пачалася вострая перапіска, у якой Юрый Радзівіл гаварыў пра тое, што яго пакрыўдзілі яго пры падзеле спадчыны Мікалая Радзівіла Чорнага. Напрыканцы чэрвеня 1577 г. Сіротка звярнуўся да Святога Айца з просьбаю адазваць брата. Папа адмовіў. Усё гэта было тло, на якім Юрый Радзівіл вёў цяжкую душэўную барацьбу ў хістаннях і сумненнях наконт абранага шляху. Захаваўся яго ліст, напісаны ў Празе 4 жніўня 1578 г. да швагра, канцлера кароннага Яна Замойскага, які (дзякуй канцлеру, што не «zdrapał» і не спаліў яго адразу пасля прачытання па просьбе адрасата) з’яўляецца каштоўным прыкладам таго, што Богу трэба давяраць болей, чым уласным пачуццям і сумненням. У чаканні пашпарту для далейшага падарожжа ў пілігрыма з Літвы было шмат часу, таму ліст атрымаўся доўгім, але ўсё ж варта згадаць некаторыя месцы з яго. Так, ён піша, што: «на сабе вельмі добра пазнаў, што супраць паклікання і супраць сумлення дарэмна нешта рабіць. <...> я да духоўнага хлеба ніякага жадання ніколі не меў, і сапраўды гэта было заўсёды супраць маёй натуры і сумлення так моцна, што будучы супраць сваёй волі хітрасцямі прыведзены да гэтага тымі, якія ў тым болей сваёй карысці, чым хвалы Божай бачылі, ад вялікага разладу розуму майго і такога смутку, некалькі разоў быў на мяжы адчаю. <...> я ведаю, якая карысная і добрая рэч быць святаром, <...> духоўны хлеб, які ўжо маю, ні для ўбогай славы гэтага свету, ні для карысці маёй зрабіць хацеў, але для шчырай хвалы Божай <...>. Быў <...> спакушаны тым такім славутым і магутным біскупствам <...> хутка потым напаў на мяне такі смутак, што не ведаў, што з сабой рабіць, і так мне здалося, нібыта хтосьці мне казаў, што дрэнна зрабіў, бо вельмі грашыў <...> спакушаны прыемнасцямі <...> і г.д.». Сумненні пачалі непакоіць нават Скаргу, які таксама быў за тое, каб яго выхаванец пакінуў Рым. Але Папа зноў быў супраць, бо разумеў нешта іншае, тое, што не разгледзелі ні Сіротка, ні Скарга. Святы Айцец дапамог з аплатаю даўгоў і, калі палічыў патрэбным, у кастрычніку 1577 г., даў згоду на вяртанне Юрыя Радзівіла ў Літву, куды ён прыбыў ужо ў снежні і таксама хутка памірыўся з Мікалаем Крыштафам. Але на галаву Скаргі зваліліся новыя клопаты. Справа ў тым, што канчаткова вызначыцца са сваёю будучыняй каад’ютар біскупа Віленскага вырашыў пасля пілігрымкі ў Санцьяга-дэ-Кампастэла, а пасля ці ўступіць у Таварыства Езуса, ці вярнуцца ў свецкі стан. Як пісаў біёграф Скаргі Януш Тазбір, найстараннейшая селекцыя, якая праводзілася ў Таварыстве, не магла пазбегнуць памылак, якія ў той час былі асабліва балючыя, бо адбіваліся на ўмовах супрацьстаяння з пратэстантамі. Цяпер Скарга не сумняваўся, што капрызны князь з сярэднімі здольнасцямі, вельмі слабой воляй, нясталы і маладушны толькі павялічыць няўдачы Таварыства. Раздражняла і тое, што родавая салідарнасць Радзівілаў была вышэй за канфесійныя бар’еры. У свайго дзядзькі Мікалая Радзівіла Рудага, «зацятага ерэтыка», перад ад’ездам у Санцьяга-дэ-Кампастэла «надзея Касцёла» ўпіўся віном гэтак, што наступнай раніцай асцерагаліся за яго жыццё...
Памылка Скаргі Напрыканцы лютага 1579 г. пілігрым дасягнуў мэты свайго шляху. Ксёндз (і будучы біскуп) Людвіг Лэнтоўскі ў сваёй апалогіі, прысвечанай кракаўскім біскупам, прэлатам і канонікам, пісаў, што малады князь ішоў «пешшу ў пілігрымскім строі, хаваючы пад капюшонам сваю годнасць, што не магло не ўсцешыць Святога Айца, які шчыра любіў гэтага вельмі добрага маладога чалавека». Наступныя амаль паўгода Юрый Радзівіл прабыў у Партугаліі і Іспаніі, а адтуль морам накіраваўся ў Італію і 4 верасня дасягнуў Турына, ледзьве не стаўшы па дарозе здабычаю турэцкіх карсараў. 10 лютага 1580 г. была атрымана згода Святога Айца аб новай пілігрымцы ў Ерузалем, але ў Апостальскай Сталіцы яшчэ не ведалі пра тое, што ў снежні 1579 г. памёр біскуп Віленскі Валяр’ян Пратасевіч. Скарга пісаў тады пра пераемніка, што ён менш за ўсё марыць аб біскупстве і «ўвогуле не спяшаецца да святарскага стану», аднак і Скарга мог памыляцца. У сакавіку 1580 г., атрымаўшы вызваленне ад абету (пілігрымка ў Ерузалем) і ў адказ на пажаданне Святога Айца Юрый Радзівіл даў згоду ўзначаліць Віленскае біскупства, але з-за хваробы заставаўся ў Італіі яшчэ некалькі месяцаў, а таксама чакаў Сіротку, з якім збіраўся наведаць Венецыю і Падую. Так, Скарга сапраўды памыляўся, у чым неўзабаве пераканаўся сам. Гэта быў ужо зусім іншы чалавек: ён вёў перапіску і прасіў парадаў у кардынала Карла Барамея, а час прысвячаў не ўсялякім відовішчам і забавам, а рупліваму штудзіраванню кніг па тэалогіі.
Змагар Інгрэс адбыўся 2 жніўня 1581 года. Нездарма айцы езуіты віталі новага біскупа з такою пышнасцю — вучань Скаргі і Барамея яшчэ да ўрачыстага ўваходу ў віленскую катэдру выдаў забарону на правядзенне іншаверных пахавальных працэсій каля касцёла св. Яна і біскупскага палаца. У тым складаным для Касцёла і ВКЛ становішчы гэта быў смелы і адказны крок. З 12 жніўня ў Вільні ўступаў ў дзеянне Індэкс забароненых кніг. Кальвінскія кнігарні зачыняліся, а кнігі канфіскоўваліся. Перад касцёлам св. Яна запалаў велізарны стос з прадуктаў «атрутнай» пратэстанцкай жыццядзейнасці. Біскуп Юрый мог ганарыцца — гэта было першае auto da fé ў межах Рэчы Паспалітай. Праўда, з адзіным істотным адрозненнем — на гэтых стосах не палілі ерэтыкоў. Яскравай ілюстрацыяй нашых спецыфічных рэаліяў служыць і тое, што гэтыя стосы, асвятляючы ачышчальным агнём нашу сталіцу, толькі часткова складаліся з канфіскаваных кніг, астатнія ж былі выкуплены нібыта ажно за 5 тыс. дукатаў на ахвяраванні біскупа Віленскага. Каталіцкая моладзь убачыла ў новым пастыры свайго правадыра –маладога і рашучага. Пратэстанты пісалі пазней, што біскуп Радзівіл мабілізаваў тады мясцовы зброд, які зрабаваў і спаліў бібліятэку, рыхтуючы пасля напад на кальвінскую святыню, а Скарга заахвочваў людзей, нібыта граючы на трубе да атакі. У сваёй бескампраміснай барацьбе біскуп Юрый адкінуў нават родавую салідарнасць, перад якой дагэтуль былі бяссільныя ўсе перашкоды. Цяпер сярод яго праціўнікаў апынуўся стрыечны брат — ваявода віленскі Крыштаф Радзівіл Пярун. Шум падзеяў данёсся скаргамі і пратэстамі пад Пскоў, абложаны нашымі войскамі. Каралеўскі мандат ад 26 верасня 1581 г. сурова ганьбаваў і біскупа, і студэнтаў, указваючы на тое, што: «Паўсюль там, дзе веру гвалтам агнём і жалезам замест навучання і добрых прыкладаў распаўсюджвалі, выбухалі хваляванні і грамадзянскія войны». Біскуп Віленскі сам быў добрым прыкладам распаўсюджвання веры, але наконт міжканфесійных адносінаў меў іншую думку. Адначасова з наступленнем на пратэстантаў ён пачаў актыўна праводзіць рэформы згодна з пастановамі Трыдэнцкага Сабору (1545–1563), скліканага папам Паўлам ІІІ для таго, каб аднавіць жыццё Касцёла ва ўмовах жорсткіх рэфармацыйных выклікаў. Барацьба працягвалася ўвесь час яго кіравання Віленскім біскупствам.
Місіянер Стэфану Баторыю імпанавалі мужнасць і энергія маладога біскупа, таму, калі паўстала пытанне аб прызначэнні намесніка ці губернатара Інфлянтаў, вызваленых ад маскоўцаў, 1 траўня 1582 г. кароль зацвердзіў менавіта яго. Зразумела, на такую адказную і цяжкую пасаду былі іншыя выдатныя кандыдатуры, як, напрыклад, канцлер каронны Ян Замойскі ці ваявода брацлаўскі Януш Збаражскі, але ў тагачасным становішчы Рэчы Паспалітай асоба біскупа Віленскага бачылася ўдалым кампрамісам, каб прымірыць намеры Баторыя, сутыкненне інтарэсаў Кароны і Княства і нарэшце патрабаванні Апостальскай Сталіцы адносна рэкаталізацыі Інфлянтаў, апанаваных пратэстантамі. Да таго ж, біскуп Юрый добра ведаў мовы — асабліва нямецкую (валодаў лацінскаю, грэцкаю, італьянскаю і французскаю), таму кароль спадзяваўся, што хутка паразумеецца з мясцовымі немцамі. Можна ўявіць, які цяжар адміністрацыйна-гаспадарчых праблемаў лёг на плечы новага намесніка, у тым ліку і рэвізія зямельных уладанняў, і разбурэнне замкаў, і г.д., і ўсё гэта сярод варожага пратэстанцкага насельніцтва, асабліва шляхты, але сваёй найважнейшай задачай, як пастыр Касцёла, біскуп Юрый бачыў пашырэнне і ўмацаванне каталіцтва ў Інфлянтах, што арганічна спалучалася з яго дзейнасцю па абароне мясцовых жыхароў ад свавольства вайсковых аддзелаў і грамадзянскай адміністрацыі. Ён спалучаў суровасць з лагоднасцю і цвёрда прытрымліваўся справядлівасці для ўсіх. Інфлянты разглядаліся Касцёлам як фарпост для будучых амбіцыйных місіянерскіх планаў на поўначы і ўсходзе — у Швецыі, Фінляндыі, Масковіі. Але гэта быў моцны арэшак, аб які місіянерам давялося абламаць зубы. Праз некаторы час стала зразумела, што распаўсюджванне каталіцтва ў Інфлянтах — справа складаная і доўгая, для вырашэння якой біскуп Юрый рабіў усё як наступнік Апосталаў. Як намеснік, пры ўсёй сваёй асцярожнасці, ён не здолеў пазбегнуць шэрагу канфліктаў, звязаных з увядзеннем Грыгарыянскага календара ці пільтынскім інцыдэнтам, калі для ўціхамірвання мясцовай шляхты, якая вырашыла перайсці на бок караля Даніі, давялося высылаць вайсковыя аддзелы. Біскуп Юрый заставаўся непахісным у сваіх поглядах на міжканфесійныя адносіны, далёкія ад той талерантнасці, якой прытрымліваўся мудры і разважлівы Стэфан Баторый. Але ці памыляўся біскуп Юрый, а разам з ім тузін такіх светлых галоваў, як Скарга ці Белармін? Ці не азначаў у тых умовах «міжканфесійны мір» (гаворка ідзе аб пратэстантах) удар для Касцёла? На Сойме ў Рызе 4 красавіка 1583 г. біскуп Юрый адмовіўся абвясціць Канстытуцыю Інфлянтаў з прычыны артыкула аб раўнапраўі веравызнанняў каталіцкага і лютэранскага, даручыўшы гэта генеральнаму камісару Станіславу Пенкаслаўскаму. Для біскупа Юрыя гэта была несумненная параза. Стомлены бесперапынным ціскам, ён дабіваўся звальнення з пасады, што і адбылося 11 лістапада 1585 года. Перад ад’ездам ён абвясціў, што калі камусьці павінен, няхай звернецца да яго, і будзе заплачана. Немцам, якія асабліва любяць акуратнасць у рахунках, гэты развітальны жэст вельмі спадабаўся. З іншага боку, як аптымістычна пісалі кс. Каспер Нясецкі і кс. Людвіг Лэнтоўскі, біскуп Юрый прывёў Інфлянты ў лона Касцёла, і Грыгорый ХІІІ аб’явіў біскупа Юрыя кардыналам.
Ад пратэстанта да кардынала Нарэшце мы можам азірнуцца назад і ахапіць розумам тое, як незвычайна адбывалася гэтая бліскучая касцёльная кар’ера — ад кальвініста і заўсёдніка пажыўных месцаў да кардынала. Нагадаем, што 2 жніўня 1581 г. адбыўся інгрэс у віленскую катэдру наступніка нябожчыка біскупа Валяр’яна Пратасевіча. 20 кастрычніка таго ж года была атрыманая дыспенса ў сувязі з вельмі маладым узростам (25 гадоў) і згода на кансэкрацыю, аднак, як піша біёграф Юрыя Радзівіла Веслаў Мюллер, з прычыны занятасці інфлянцкімі справамі, гэта адбылося толькі ў 1583 годзе: 10 красавіка біскуп Юрый атрымаў святарскае пасвячэнне ў касцёле св. Якуба ў Рызе з рук суфрагана Віленскага Цыпрыяна, а 26 снежня 1583 г. — біскупскае пасвячэнне ў віленскай катэдры з рук нунцыя Альберта Баланьеці, біскупа Жмудскага Мельхіёра Гедройца і суфрагана Віленскага Цыпрыяна, але яшчэ 14 снежня папскім брэвэ ён быў абвешчаны кардыналам. Гэта быў першы кардынал у нашай гісторыі1, і яму было ўсяго 27 гадоў. Трэба дадаць, што за воляй Святога Айца стаялі таксама ўплывовыя хадатаі — Стэфан Баторый і Ян Замойскі. 4 красавіка 1584 г. у Вільні адбылося ўручэнне кардынальскіх берэтаў (таксама атрымаў і нунцый Баланьеці), а 26 чэрвеня 1586 г. у Рыме Юрыю Радзівілу быў уручаны кардынальскі капялюш і прызначаны тытулярны касцёл св. Сікста.
Кароль і кардынал Падчас побыту ў Рыме прыйшла вестка аб смерці Стэфана Баторыя, і 11 лютага 1587 г. кардынал Юрый Радзівіл вырушыў на Радзіму, таксама і ў якасці члена спецыяльнай кангрэгацыі па справах Рэчы Паспалітай, задачай якой была падтрымка каталіцкага кандыдата на трон. На элекцыйным Сойме 1587 г. у Варшаве кардынал Юрый Радзівіл, як і ўвесь яго род, выступіў на баку прадстаўніка Габсбургаў аўстрыйскага эрцгерцага Максіміліяна. Аднак перамог сын караля Швецыі Юхана ІІІ Вазы і Кацярыны Ягелонкі (дачкі Жыгімонта І Старога) Жыгімонт Ваза. Прыхільнікі Габсбургаў абвясцілі каралём Максіміліяна, з нагоды чаго кардынал Юрый Радзівіл нават адслужыў падзячную Імшу ў бэрнардынскім касцёле. І толькі калі Жыгімонт ІІІ Ваза быў каранаваны ў Кракаве, а Замойскі перамог Максіміліяна пад Бычынай, Літва прысягнула. Свае пазіцыі ў Княстве новы кароль замацаваў выданнем прывілея, якім зацвярджаўся Статут ВКЛ 1588 года. Выхаванец езуітаў Жыгімонт ІІІ Ваза да пратэстантаў паставіўся жорстка (што каштавала яму шведскай кароны ў 1599 г.), у ВКЛ паплечнікаў было значна болей. Калі дысідэнты задумалі заснаваць у Вільні вышэйшую навучальную ўстанову, у супрацьвагу Віленскай акадэміі, кардынал Юрый Радзівіл забараніў гэта, спасылаючыся на каралеўскае распараджэнне. У хуткім часе кардынал Радзівіл быў сярод найбліжэйшых дарадцаў караля. Падтрымліваў яго ва ўсіх пачынаннях — планах рэформаў, узмацнення каралеўскай ўлады, далучэнні Рэчы Паспалітай да антытурэцкай лігі і г.д. Выконваў усялякія дыпламатычныя даручэнні, скіраваныя на збліжэнне з Габсбургамі і Свяшчэннай Рымскай імперыяй. Кароль аддзячыў яму цыстэрцыянскім абацтвам у Ванхоцку, што было зацверджана біскупам Кракава 7 студзеня 1591 года. Кардынал Юрый Радзівіл удзельнічаў у двух канклавах — 29 кастрычніка 1591 г. і 30 студзеня 1592 г. — пасля непрацяглых Пантыфікатаў Грыгорыя XIV і Інакенція IX. Разглядаўся ў якасці наступніка святога Пятра, але перашкодзіла ці тое, што своечасова яго не падтрымаў Жыгімонт ІІІ Ваза, як лічыць кс. Лэнтоўскі, ці яго малады ўзрост, як лічыць Эдвард Катлубай.
Вучань Барамея і Беларміна 31 траўня 1592 г. кардынал Юрый Радзівіл прымаў удзел у шлюбных урачыстасцях у Кракаве як папскі легат і біскуп Кракаўскі (інгрэс 25 траўня 1592 г.). Мабыць, Жыгімонт ІІІ Ваза быў слабым палітыкам, але добрым католікам. Усевалад Ігнатоўскі ў сваім «Кароткім нарысе гісторыі Беларусі» пісаў пра яго «ўпартую каталіцкую палітыку» і пра тое, што кароль «больш цікавіўся пашырэннем каталіцтва, чым пашырэннем тэрыторыі гаспадарства». Ён не спыніўся перад тым, каб на пасаду біскупа Кракава быў прызначаны літвін (літвіны не маглі займаць сенатарскія крэслы ў Кароне), пайшоў на канфлікт з Янам Замойскім, паколькі дагэтуль абяцаў выдаць прывілей на біскупства для пляменніка нябожчыка караля кардынала Андрэя Баторыя, біскупа Вармінскага. Самому кардыналу Радзівілу на г.зв. інквізіцыйным Сойме 1592 г. давялося трымаць адказ перад абвінавачваннямі каронных паслоў у тым, што Кракаўскае біскупства займае не па законе, і што менавіта з-за яго кароль парадніўся з Габсбургамі, да якіх большая частка шляхты, мякка кажучы, ніколі не мела сімпатыі. Кардынал Радзівіл годна трымаў удар і за сябе, і за караля. Ён так і застаўся біскупам Кракаўскім. У сваім служэнні раўняўся на ўзоры настаўнікаў — кардыналаў Карла Барамея і Рабэра Беларміна. Кардынал Юрый Радзівіл быў адным з нешматлікіх каталіцкіх іерархаў, хто цалкам падтрымаў Берасцейскую Унію 1596 года.
Слёзы Святога Айца У сваё апошняе падарожжа ў Рым кардынал Юрый Радзівіл адправіўся на пачатку лістапада 1599 г., каб удзельнічаць ва ўрачыстасцях Юбілейнага году. У дарозе ён захварэў на грып ці ангіну з наступствамі вострага рэўматызму і да Рыма дабраўся толькі 20 снежня, але, нягледзячы на пакуты, здолеў прыняць удзел у некаторых урачыстасцях і як пілігрым наведаць святыя месцы. Стан пагаршаўся, і выправіць яго не здолеў нават асабісты лекар Святога Айца. 15 студзеня кардынал прыняў сакрамэнт намашчэння хворых, 20 студзеня паміраючага наведаў Клімэнт VIII, які не мог стрымаць слёз разам з атачэннем кардынала. Папа звярнуўся са словамі падтрымкі да кардынала, удзяліў адпусты і благаславіў. Смерць прыйшла 22 студзеня 1600 г. (ёсць вельмі цікавы, грунтоўны артыкул торуньскага даследчыка Славаміра Цэндроўскага ў часопісе «Кlio», № 4 за 2014 г., з новымі дадзенымі пра смерць і пахаванне кардынала Радзівіла). Галоўнае жалобнае набажэнства цэлебраваў кардынал Белармін. Паводле апошняй волі, кардынал Юрый Радзівіл быў пахаваны ў Рыме ў езуіцкім касцёле Іль Джэзу.
След у гісторыі Не трэба прыгожых фразаў. Дастаткова на заканчэнне пералічыць толькі некаторыя заслугі святой памяці кардынала Юрыя Радзівіла, гэтага непахіснага барацьбіта Контррэфармацыі, перад Касцёлам і Бацькаўшчынай. Ён спрычыніўся да заснавання Віленскага ўніверсітэта (була Грыгорыя ХІІІ ад 30 кастрычніка 1579 г.) і ў далейшым быў адзіным з яго дабрадзеяў. Быў абвешчаны канцлерам універсітэта, і з таго часу гэты ганаровы тытул быў ва ўсіх біскупаў Віленскіх. Быў заснавальнікам і фундатарам дыяцэзіяльных семінарыяў у Вільні (12 студзеня 1582 г.) і Кракаве; фундатарам езуіцкага калегіўма ў Любліне; фундатарам парафіяльных касцёлаў у Старынках і Пяршаях; фундатарам рэстаўрацыйных працаў у віленскім касцёле св. Ганны і ў рыжскім касцёле св. Якуба, якія забраў у пратэстантаў і вярнуў езуітам; фундатарам касцёла св. Пятра ў Кракаве; падтрымліваў фундацыі свайго брата Мікалая Крыштафа Радзівіла Сіроткі. Захавалася шмат хвалебных сведчанняў яму. Іх цяжка пералічыць, лепш проста разгарнуць «Агульны катэхізіс» у малітоўніку, дзе змешчаны пералік учынкаў міласэрнасці для душы і цела бліжняга, пералік хрысціянскіх цнотаў, дароў і пладоў Святога Духа, якімі быў шчодра надзелены кардынал Юрый Радзівіл. Нехта, праўда, бачыў і іншае ў яго характары і ў яго паводзінах, не пазбаўленых недахопаў і чалавечых слабасцяў. Але «…па іхніх пладах пазнаеце іх» (Мц 7, 16).
Літаратура
|
|
|