|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
Знакі вайны з часам знікаюць. Пройдзе паўстагоддзя, стагоддзе, і вось ужо з цяжкасцю можна знайсці не толькі былых удзельнікаў і сучаснікаў тых вусцішных падзеяў, але і самі месцы крывавых часоў змяніліся да непазнанасці: на іх павырасталі лясы, прайшлі магістралі, адбудаваліся дамы. Гарады і мястэчкі так змяніліся, што старажылы з цяжкасцю пазнаюць свае ўтульныя вулачкі на старых фотаздымках. Акопы, нібы струпы на жывым целе, зацягнуліся травою, сунічнікам і карэннямі дрэваў. І толькі па спусцістых ярах сярод стромкіх бярозаў і кашлатых ялінаў можна з цяжкасцю ўгледзець былыя траншэі. Тут калісьці ішлі жорсткія баі Першай ці Другой вайны. А як жа знакі духоўнай барацьбы? Ці ёсць іх прыкметы ў сучасным свеце, і ці захавалася памяць пра іх?.. Занятак, які супакойвае маю душу і сэрца, — гэта рэстаўрацыя абразоў. Падчас рэстаўрацыі я не толькі падводжу ляўкас, падбіраю колер таніровак, але і разважаю аб жыцці, задумваюся аб лёсе іконы, з якою працую. Чвэрць стагоддзя таму назад, на зыходзе савецкай эпохі, я ўспрымаў як належнае, што іконы прыходзілі да мяне знявечанымі, скалечанымі, «хворымі», і патрабавалі найхутчэйшай рэанімацыі. Чаму так адбылося з сакральнымі знакамі веры, на той час я не задумваўся. Ёсць праца — і добра! Адны абразы былі скалечаныя часам, неспрыяльнымі ўмовамі, іншыя былі «забітыя» па чалавечай неахайнасці, калі складзіраваліся ў сырых падвалах або на перасушаных спёкаю гарышчах. Былі і трэція, з адзнакамі вайны. «Стыгматамі» духоўнай вайны... Ёсць усім вядомае словазлучэнне — «нябачная вайна», і кошт такой «вайны» вельмі высокі — душа чалавека... У канцы 1980-х я ставіўся да такіх абразоў як да агульных пацярпелых і стараўся «залячыць» іх, зрабіць усё магчымае, каб прыбраць знакі гэтай духоўнай вайны. У гэтым сэнсе мне вельмі запомніўся невялікі абраз Галубіцкай Багародзіцы, на якім Дзіцятка Езус трымае белую галубку ў левай руцэ. Абраз быў напісаны ў Маскве на кіпарысавай дошчачцы па сусальным золаце ў традыцыі халоднай «візантыйскай эмалі» канца ХІХ стагоддзя. Але ... самае трагічнае было вось што: у цэнтры іконы, якраз на белай кашульцы Хрыста, захрас шэры свінцовы шарык. Куля. Нехта ж страляў... у некага ж рука паднялася... Я тую кулю акуратна дастаў і адрэстаўраваў месца пашкоджання, каб і следу не засталося. Цяпер я гляджу на такія «раны» зусім інакш: трэба было пакінуць гэтую вусцішную адмеціну ў навучанне іншым. Або вось яшчэ адзін выпадак згадаўся. Пад Масквою рэстаўравалі царкву і пад іржавымі металічнымі лістамі даху знайшлі частку ад велізарнай храмавай іконы «Ойча наш...», шэдэўра, напісанага рукою слыннага майстра з Мсцеры Міхала Дзікарава. Якім чынам такі помнік хрысціянскай культуры быў выкарыстаны для латання дзірак, цяпер цяжка сказаць (спадзяюся, што гэтая думка прыйшла у галаву няверуючага чалавека). Абраз быў у жудасным стане: яго заліваў дождж і паліла сонца. Аснова з дошкі вывернулася ў дугу, і я нават не ведаў, як да яе падступіцца. Масквічы лёгка вырашылі гэтае пытанне — распілавалі аскепак іконы на часткі і атрымалася некалькі сюжэтаў з галоўнай хрысціянскай малітвы, якія былі прададзеныя за велізарныя грошы. У мяне рука з пілою не паднялася на такую «рэстаўрацыю»... Дарэчы, бабулі з глухіх вёсак часам апавядалі, што ў 1960-я абразы штабялямі на грузавіках вывозілі з цэркваў, а паколькі дарогі былі няезджаныя, то пад колы захраслай машыны кідалі іконы, каб выехаць з чарговай калдобіны — такім чынам рухаліся да «светлай будучыні»...
Цяпер маё стаўленне да пацярпелых у духоўнай вайне абразоў зусім іншае. Перш чым прыступіць да «лячэння» абраза я доўга разважаю, абдумваю, якія «раны» захаваць на іконе, а якія адрэстаўраваць. Вось, напрыклад, рассечаная сякераю на тры часткі ікона з вядомай майстэрні Гаўрыіла Фралова, што была недалёка ад Віцебска, у Латгаліі. Гэта Анёл-абаронца і святы Конан-градар. Вытрыманая ліпавая дошка з адваротнага боку ўся шчэрыцца выскабленым дрэвам, шырокія дубовыя тарцавыя шпонкі вырваныя «з мясам». Старыя калекцыянеры апавядаюць, што гэта «праца» аматароў золата: чамусьці сярод «скарбашукальнікаў» склалася думка (магчыма, пасля экспрапрыятараў 1920-х), што стараверы хавалі залатыя манеты з адваротнага боку абразоў, пад шпонкамі. Так і склаўся з тых часоў у аматараў легкай нажывы «ўмоўны рэфлекс»: патрэсці абраз у руцэ — ці не забразгаціць «залацішка» пад шпонкаю. А хто зусім «без цара ў галаве», той нават з сякераю працягвае пошукі... Фралоўскі абраз я адрэстаўраваў толькі звонку, а з адваротнага боку пакінуў «стыгматы» — у напамін будучым «аматарам золата».
Згадваецца і храмавы абраз «Перамяненне Пана» з шатаю. Абраз вялікі, метр шэсцьдзясят у вышыню, але шматлікія сляды «стыгматаў» на ім і на шаце выразна сведчаць аб перажытым: трэба толькі ўгледзецца, каб прачытаць гэты трагічны аповед часу. Сама ікона 1795 года паходзіць з расійскага горада Калуга, што пацвярджае кляймо на срэбраных частках шатаў. Але па ўсёй паверхні шатаў бачныя сляды ад шабельных удараў — хтосьці асабліва імкнуўся пацэліць па цэнтральнай фігуры Хрыста: выяве Збаўцы нанеслі ажно тры рэзаныя ўдары, ды такія моцныя, што лязо шаблі прайшло скрозь метал і закранула ікону амаль на паўсантыметра ўглыб дрэва. Думаю, трэба абавязкова захаваць сляды ад удараў «нябачнай вайны» не толькі на самой іконе, але і на шатах. Магчыма, хтосьці з сучасных калекцыянераў можа дакараць мяне ў тым, што не дайшлі рукі адрэстаўраваць абраз цалкам. Давядзецца растлумачыць... Але, дзякуй Богу, ёсць і сур’ёзныя збіральнікі абразоў, з глыбокаю вераю ў душы. Напрыклад, нядаўна мне на рэстаўрацыю трапіў выдатны вобраз з Масквы, да якога, відавочна, прыклаў руку майстра з Мсцеры. Але ад іконы (падобна да таго, што гэта была выява Ціхвінскай Адзігітрыі) захаваўся толькі васьмікутнік. Былыя ўладальнікі іконы патлумачылі гэта тым, што яе ратавалі ў 1920-я, калі ўзрывалі храмы і спальвалі абразы тут жа ля царквы на своеасаблівых «ахвярных вогнішчах». Каб захаваць Адзігітрыю і вывезці Яе з Масквы, давялося выпілаваць з абраза самае каштоўнае, што ўваходзіла ў дарожны куфар. Васьмікутнік з Адзігітрыяй заняў ганаровае месца ў адной з мінскіх калекцый.
Самае сумнае, што больш за ўсё ў гэтай духоўнай вайне пакутуюць лікі святых. На якія толькі хітрыкі не ідуць байцы з чорнага нябачнага «фронту». Першае, што трапляецца ім у рукі, — гэта цвікі. І рука духоўных вылюдкаў часцей за ўсё крэсліць цвіком на святым абліччы старадаўні так званы баявы сімвал «эгісхьяльм» у выглядзе шматлікіх раскрыжаванняў, якімі кельты ўпрыгожвалі свае баявыя шчыты. Думаю, што рука, якая нанесла раны на святым абліччы ў выглядзе кельцкай «сняжынкі», і не ведала ні пра руны, ні пра кельтаў — проста чалавека апанавала злая сіла, нячысты намер зрабіць як мага больш калецтваў святыні ў гэтай духоўнай барацьбе. Часам, магчыма, неўсвядомлена, гэта рабілі дзеці і падлеткі ў перыяд існавання часопіса «Воинствующий безбожник». Ёсць у мяне абліччы святых са шматлікімі раскрыжаваннямі, зробленымі цвіком, як, напрыклад, на абразе святога Мітрафана Варонежскага, ці колата-рэзаныя раны ад цвікоў на абліччы святой Барбары. Асабліва запомніўся абраз Прападобнага Серафіма Сароўскага, які быў напісаны ў адной з так званых Белавусаўскіх майстэрняў Масквы. Гэтыя знакамітыя майстры пісалі лік дробнымі, ледзь прыкметнымі штрышкамі — так званаю «адборкаю». Дошка пад абраз была зроблена дыхтоўна, «на стагоддзі», паркетаваная з ліпы і кіпарысу, фон абраза выкананы ў тэхніцы візантыйскіх «халодных эмаляў». Нячысцік нанёс удары па іконе невялікаю стамескаю, прычым рабіў гэта не з маланкаю вар’яцкага імпэту, а свядома і наўмысна. Была пашкоджана рука святога, якая трымала чорны ружанец, і, што асабліва ўразіла, стамескаю былі пашкоджаныя вусны старца, мабыць, каб назаўжды спыніць малітву. Вось з гэтым абразом я пакуль не вызначыўся: я паклаў ляўкас на выбаіны ад стамескі, але спыніў рэстаўрацыю, бо не ведаю, як захаваць святасць вобраза, але разам з тым паказаць тое пачуццё, што ахоплівае верніка пры сузіранні рэальных «стыгматаў» духоўнай барацьбы. Пакуль не знайшоў адказу… Пару гадоў таму, калі я адвозіў у Петра-Паўлаўскі храм адрэстаўраваны абраз Ружанскай Адзігітрыі, айцец Аляксандр паказаў мне яшчэ адну рэліквію. Пад шклом вялікага ківота я ўбачыў верх ад фератрона, вынасны абраз, які быў напісаны на пласціне з цынку. Гэта, хутчэй за ўсё, копія з твора італьянскага майстра перыяду ракако. Маці Божая на ім намалявана ў той момант, калі Яна слухае словы арханёла Габрыэля. Дзіўна, што ўвесь абраз пашкоджаны кулямі, але ніводная з іх не трапіла ў лік! Кажуць, што гэтак немцы ў Першую сусветную вайну практыкаваліся ў стральбе... Хто ведае, можа, і свае, натхнёныя барацьбою за «новы свет», спрабавалі разбурыць усё ўшчэнт... Важна, каб нашчадкі бачылі «стыгматы» гэтай духоўнай вайны і не паўтаралі тых страшных памылак...
|
|
|