|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
Мы даўно працуем у каталіцкім друку разам (і без гучных фразаў), нешта страчваем (у сабе і каля сябе), нешта набываем (пра гэта ў кожнага свая гісторыя), але супадаем у галоўным — у тым, што трымае нас столькі гадоў на гэтай працы, дзе нашы абавязкі нібы самі сабою (ці Маці Божая пакіравала?) размеркаваліся паводле нашых здольнасцяў і нават нашых характараў. Ірына Жарнасек гадамі, практычна адна, ад першай да апошняй старонкі піша, трымае часопіс для каталіцкіх дзяцей — «Маленькі рыцар Беззаганнай», выдумляючы сабе розныя псеўданімы: Студзеньская, Задарожная, Гаварка́я і інш. І ў гэтых яе псеўданімах ёсць штосьці ад дзіцячай гульні, і менавіта яна, на маю думку, найбольш блізкая сярод нас, старэйшых у друку, да ўвасаблення ў сваёй натуры і ў сваёй працы такога простага і такога складанага евангельскага закліку: «Будзьце як дзеці». Менавіта з публікацый дзіцячага часопіса «Маленькі рыцар Беззаганнай» вырасла, нібы сама сабою склалася кніжачка Ірыны Жарнасек «Незабудкі» («Про Хрысто», 2018), у якой выразна праявілася ўласцівае дзецям уменне аўтаркі ператвараць будзённае, звыклае, простае і няпростае ў раптоўнае адкрыццё — светлае, радаснае, ачышчальнае. І кніжачку сваю яна прысвяціла дарагому яе сэрцу дзіцяці — чатырохгадоваму ўнуку Янку Жарнасеку, якога яна называе сваім сябрам. Паданне пра незабудкі — найважнейшае ў хрысціянскіх паданнях пра Божыя кветкі. Яго сэнс у тым, што, ствараючы кветкі, Бог даў кожнай з іх імя і наказаў запамятаць яго, але ўжо праз хвіліну маленькая блакітная кветачка, расплакаўшыся, прызналася, што забыла сваё імя, і тады Пан Бог ласкава сказаў ёй пра самае галоўнае: «Не забудзь Мяне!». У кніжачцы сабраныя 17 гісторый, героямі якіх з’яўляюцца дзеці і дарослыя, але ёсць там і жабкі, і рыбкі, і нябачныя страшныя мядзведзі, і розныя прыгоды, і непамысныя здарэнні, у якіх штохвілінна даводзіцца рабіць выбар паміж правільным і няправільным, добрым і нядобрым. Усім добрым кіруе, як вядома, Святы Дух, а нядобрым... самі ведаеце... хто. Не зрэзаць бярозку за горадам, не лупцаваць котку, нават калі яна нашкодзіла, проста так падарыць маме яе любімыя цюльпаны — гэта ўсё дзеянне Святога Духа, які вее ўсюды, дзе хоча — так сказана ў Святым Пісанні. І калі цяжка зрабіць выбар, трэба звяртацца па дапамогу да Святога Духа ў думках, малітвах і нават у песнях, просячы простымі словамі: «Дай вады жывой, Дух Святы, прыйдзі... сэрцаў дакраніся»... Большасць з 17-ці аповедаў кніжачкі мае трапныя назвы («Заступніца», «Жывая вада», «Ружанцовае сэрца»), сярод якіх ёсць і назвы-заклікі: «Страх адкінь», «Нельга марудзіць»). Да кожнага аповеду Ірына Жарнасек падабрала адпаведныя зместу цытаты са Святога Пісання: «Няхай ніхто з вас не церпіць як забойца або злодзей, або як злачынец» (1 П 4, 15); «Апраніцеся ўсе ва ўзаемную пакору, таму што Бог супраціўляецца ганарыстым, а пакорным дае ласку» (1 П 5, 5); «Маліцеся адзін за аднаго, каб быць аздароўленымі» (Як 5, 16); «Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны» (Лк 6, 36). Уражвае амаль не рэальны на сённяшні час аповед «Нельга марудзіць», герой якога, галава сямейства, што ўжо пакуе чамаданы, каб ехаць у доўгачаканае падарожжа на Святую Зямлю, абвяшчае сям’і, што яны нікуды не паедуць, бо ён аддаў грошы на аперацыю незнаёмай дзяўчынкі з Гомельшчыны, пра якую штодня казалі па тэлевізары. Перакананая, што гэта не выдуманы аўтаркаю герой, а нехта з яе рэальных знаёмых, можа, з тых, з кім яна не раз хадзіла ў пілігрымкі, але расказваць пра «подзвігі» сваіх блізкіх і свае Ірына (хоць яна і Арына Гаварка́я) ніколі не будзе — няхай Бог ведае пра ўсе нашы ўчынкі, і, пэўна ж, гэта Ён змяняе наша рэальнае падарожжа ў Бэтлеем на Бэтлеем у нашых сэрцах, абуджаючы ў іх міласэрнасць і ахвярнасць. І таму аповед завяршаецца мудрым пытаннем-развагаю маці сямейства: «І як бы мы цягалі там гэткі цяжар?», і зразумела, што пад цяжарам маюцца на ўвазе не чамаданы, а цяжар няправільнага, нядобрага, не хрысціянскага выбару... Гэтая кніжачка проста выдатна праілюстраваная: на амаль кожнай старонцы малюнак — як падарунак, што выклікае і захапленне, і замілаванне, і ўсмешку, таму хочацца сказаць дзякуй мастакам В. Гардзіёнак-Кірэевай, Г. Хінцы-Янушкевіч, В. Чарняўскай за іх талент бачыць свет светлымі, добрымі, дзіцячымі вачыма, а яшчэ хочацца пахваліць малюнкі на старонках «Дзённіка пілігрыма»: зробленыя сінім і чырвоным стрыжнямі (сонца, хмарка, домікі, кветачкі, касцёл), яны таксама выклікаюць замілаванне і радасць, бо нашы дзеці таленавітыя, шчырыя, непасрэдныя, добрыя, разумныя, пра што сведчаць і іх запісы ў дзённіку. Мне найбольш запомніўся той Аленчын запіс (чырвоным стрыжнем, бо дзяўчынка), дзе яна нязмушана расказала, як у дарозе менавіта да яе прычапіўся карэспандэнт, які запытаўся: «Чаму ты ідзеш у пілігрымцы?» «Я не ведала, што яму адказаць, — напісала Аленка. — Раззлавалася і крыкнула: „Таму што пілігрымшчыца я!“ І яму чамусьці гэта спадабалася. Ён доўга смяяўся...» А потым дачакаўся пілігрымаў у вёсцы каля крамы і падарыў ім торбу марозіва — на ўсіх... Як жа добра, правільна, што і Аленка не стала тлумачыць, «чаму?», і журналіст не стаў да- магацца адказу на тое невымоўнае, што ляжыць глыбока ў сэрцы і належыць толькі Богу... А яшчэ ў гэтай кніжачцы вельмі добрая мова — натуральная, жывая, нязмушаная. Шкада толькі, што «пракраліся» ў яе зладзейкі-памылкі: мяне аж кіпенем абдало (бо і я ж карэктар!), калі на 105-й старонцы ўбачыла, што «не трэба» напісана разам — даруйце, дзеці і дарослыя... Звалім усё на камп’ютар... ...Нядаўна, уключыўшы па тэлевізары канал «Культура», я натрапіла на перадачу «Тем временем. Смыслы», у якой, адштурхоўваючыся ад прыкладу катастрофы сучаснага хрысціянства ў Ірландыі, разважалася пра тое, што сёння становіцца амаль немагчымым гаварыць пра сакральнае, бо... няма каму. І я радасна падумала, што ў Беларусі ёсць каму, і словы гэтыя па́даюць не на каменні, і гаварыць іх можна ненавязліва, цікава і нават весела, як робіць гэта Ірына Жарнасек, якая ведае, што каталіцкія дзеці ў сваіх дзённіках пра пілігрымкі пішуць не толькі пра пякучыя мазалі на нагах і праблемы пасля кіслага малака з пірагамі, а яшчэ пра тое, што «Маці Божая ў Будславе так загадкава ўсміхаецца... Радасная. І мы таксама радасныя. Вельмі». І гэтыя простыя дзіцячыя словы нібы адгукаюцца, супадаюць з евангельскім заклікам: «Радуйцеся, таму што імёны вашыя запісаны ў нябёсах» (Лк 10, 20). І заклік гэты звернуты да кожнага, бо ўсе мы — адзіная чалавечая тканка (плоцевая, але найперш духоўная), і паводле Божай задумы тканка павінна быць непарыўнаю (усе — як адно!), і пакуль чалавек жывы, у яго ў кожную хвіліну, нават у апошнюю, ёсць шанец падняць сваё сэрца ўгору — да Сэрца свайго Творцы. Будзьма ж Яго незабудкамі! Зося Бараноўская
|
|
|