Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Яўген ШУНЕЙКА

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Мінулае стагоддзе прынесла на Беларусь безліч чалавечых ахвяраў у выніку вялікіх сусветных войнаў і небывалых па сваёй антычалавечнасці сацыяльных дыструкцый. Але ўжо больш за 70 гадоў наша краіна жыве пад мірным небам. На беларускай зямлі поруч з карэнным насельніцтвам знайшлі другую радзіму прадстаўнікі многіх народаў: створана цікавая супольнасць працалюбівых, талерантных, па-еўрапейску культурных і духоўна развітых людзей. І ў развіцці гэтай супольнасці вялікая роля Каталіцкага Касцёла, які ніколі не спыняў сваёй высакароднай місіі нават у часы забаронаў і прыгнёту і цяпер з’яўляецца неад’емнаю часткаю жыцця значнай колькасці нашых суайчыннікаў. Ад Касцёла зыходзяць многія ініцыятывы па захаванні сям’і, узорным маральным выхаванні моладзі, яе падрыхтоўкі да бацькоўскай адказнасці і іншых абавязкаў.

На жаль, у наш мірны час не адышла ў мінулае барацьба за жыццё ненароджаных, якім пагражае наўмыснае перапыненне цяжарнасці іх неразумных, легкадумных бацькоў. Гэта ганебная з’ява стала прыхаванай трагедыяй сучаснага грамадства. Варта толькі параўнаць: у нашых бабуляў было звычайна больш як чацвёра дзетак, і гэта ў часы нястачы і пасляваеннай галечы! А калі дабрабыт вырас і стала значна лягчэй і з дзіцячымі садочкамі, і з медыцынскім даглядам, і з матэрыяльным забеспячэннем па выхаванні самых маленькіх, мы назіраем дэмаграфічныя праблемы! Дзякуючы прынцыповай пазіцыі Касцёла ёсць надзея на пераадоленне і выкараненне такой антыгуманнай злачыннасці, як цынічнае права на забойства маленькага чалавека, які яшчэ не зведаў сонечнага святла, але ўжо адчуў сваё існаванне ў мацярынскім улонні.

З сярэдзіны 90-х гадоў мінулага стагоддзя ў Беларусі распачалася акцыя «Духоўнага ўсынаўлення» ненароджаных. 25 са- кавіка 2009 г. пробашч касцёла святога Юрыя і Маці Божай у вёсцы Пяршаі, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, францішканін, айцец Яраслаў Банасяк, таксама пачаў запісваць імёны вернікаў, якія духоўна ўсынаўляюць ненароджаных дзяцей з абяцаннем на працягу дзевяці месяцаў кожны дзень маліцца аб уратаванні жыцця ненароджаных: «Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва святога Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, — прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна хачу ўсынавіць і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн».

У 2012 г. іншы пробашч касцёла, францішканін з Івянца, айцец Сяргей Мігуль, увёў у практыку прамаўленне вернікамі гэтай штодзённай малітвы пасля святой Імшы. Кожны год з 25 сакавіка па 25 снежня парафіяне моляцца ў Пяршаях за ўсіх ненароджаных дзяцей, беручы абавязак іх духоўнага ўсынаўлення. Як бачым, многія вернікі не могуць пагадзіцца з думкаю, што сучасны свет усё больш становіцца эгаістычным, а матэрыяльныя даброты і хцівасць ператвараюцца ў пагрозлівы шлях відавочнай дэградацыі і паступовага самазнішчэння.

На дапамогу светлым памкненням, як заўсёды ў вялікай і павучальнай гісторыі хрысціянскай культуры, прыходзіць мастацтва, якое ў выяўленчых формах мае вялікую моц пазітыўнага ўздзеяння. У 2016 г. пяршайскія вернікі вырашылі паставіць побач з уваходам у касцёл помнік, які будзе нагадваць кожнаму чалавеку аб найважнейшай Божай запаведзі — «Не забівай».

Стварыць помнік было даручана скульптару Валерыю Калясінскаму, які за мінулыя 25 гадоў ужо аздобіў мемарыяльнымі кампазіцыямі многія культавыя пабудовы ў Беларусі і за яе межамі. Сярод іх: бюст і медальён Стэфана Баторыя ў гродзенскім фарным касцёле святога Францішка Ксавэрыя (1994); рэканструкцыя мемарыяльнай шыльды ў памяць першага рэктара Віленскага ўніверсітэта, прапаведніка Пятра Скаргі на касцёле святога Андрэя ў Слоніме (1994); медаль духоўнай семінарыі і фарнага касцёла ў Гродне (1995); скульптура Максімільяна Кольбэ для капліцы ў Лурдзе (1997); мемарыяльная дошка пісьменніку С. Пясецкаму (1899–1964) у ляхавіцкім касцёле (1999); бюст і мемарыяльная шыльда кс. Курыловічу, пробашчу гродзенскага бэрнардынскага касцёла Адшукання Святога Крыжа (1999); мемарыяльныя знакі ксяндзам — благаслаўлёным Ахілесу і Герману (2001), якія былі расстраляныя фашыстамі ў Баравікоўшчыне (2001); рэлікварыі гэтым благаслаўлёным мучанікам у пяршайскім касцёле, а таксама ў Лодзі і Граеве (2002); скульптура Анёла на старых каталіцкіх могілках ў в. Эйсманты, што на Гродзеншчыне (2012); мемарыяльная шыльда ў гонар Ф. Рушчыца ў касцёле Міхала Арханёла ў Багданаве, на малой радзіме славутага мастака (2010); медальён, прысвечаны Маці Божай Пяршайскай (2016) і інш.

Практычна ўсе творы Валерыя Калясінскага — дабрачынная скульптурная дзейнасць дзеля духоўнага выхавання нашых сучаснікаў. Робіць ён гэта па закліку сэрца і з адчуваннем хрысціянскай адказнасці, бо паходзіць з каталіцкай сям’і, якая не адхіснулася ад сваіх духоўных традыцый дзеля прагматычных разлікаў і заўсёды захоўвала веру, што і дапамагае скульптару, выпускніку Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, вызначыць сваё творчае крэда і быць там, дзе патрабуе яго прафесійны і маральны абавязак. Скульптар, які не раз працаваў з каменем і добра адчувае вобразна-пластычныя магчымасці гэтага вечнага матэрыялу, абраў для сваёй задумы валун з шэра-ружовага граніту памерамі 170х251х185 м. Самі абрысы прыроднай формы падказалі яму выразную, адпаведную абранай тэматыцы кампазіцыю, — гэта вялікая далонь Стварыцеля свету і ўсяго жывога на зямлі, на якой утульна ляжыць, нібы ў гняздзечку, маленькае дзіцятка. Здаецца, што ад судакранання са скульптурна-сімвалічнай Боскай энергіяй немаўлятка насычаецца невычэрпным імпульсам жыццёвай сілы.

Валерый Калясінскі працаваў над сваёю задумаю больш за год. Вобразны кантраст у кампазіцыі быў дасягнуты ім не толькі праз абагуленасць формаў вялікай Божай далоні і маленькай фігуркі немаўляці, якое на ёй даверліва захоўваецца. Асабліва выразнаю атрымалася паліроўка граніту, што надае Далоні ў цэлым і асобным пальцам адчуванне звышнатуральнасці, надзвычайнай Бацькоўскай пяшчоты і лагоднасці.

Адказнасць, шчырасць, сардэчнасць — гэта неабходныя праявы бацькоўскіх адносінаў да сваіх дзетак, якіх яны трымаюць у сваіх руках, выхоўваюць, скіроўваюць на розныя жыццёвыя шляхі, і кожны, хто ўважліва разглядае такі незвычайны мастацкі твор, мабыць, пачынае гэта разумець.

У скульптуры В. Калясінскага няма нічога выпадковага і другаснага. Яе кругавы агляд таксама ўзбагачае ўражанні, падкрэсліваючы значнасць захавання новага жыцця ад самага яго зародку. На адваротным баку скульптурнай Далоні, на сімвалічных скрыжалях, высечаны лацінскія лічбы дзесяці Божых запаведзяў, пятая з якіх, пра захаванне жыцця, выдзелена асабліва рэльефна.

Кампазіцыя была ўрачыста асвечаная 8 красавіка 2018 г., у свята Божай Міласэрнасці, айцом Яраславам Банасекам. Скульптура змешчана ў вёсцы Пяршаі на пляцоўцы побач з двухвежавым парталам касцёла, які знаходзіцца ў цэнтры гэтага старадаўняга паселішча, непадалёк ад вялікай транспартнай магістралі Мінск–Гродна.

Несумненна, што пілігрымы, якія шукаюць падмацавання ў сваіх намерах малітваю і асабістым прыкладам зберагаць жыццё будучых пакаленняў, знойдуць сюды шлях і знойдуць тут падтрымку. Ужо цяпер каля скульптуры людзі пакідаюць розныя памятныя рэчы, ускладаюць кветкі: твор пачынае выконваць сваю важную ролю як неад’емная частка шчырага духоўнага рытуалу.

За дзесяць гадоў шмат змянілася да лепшага на Валожыншчыне пад уздзеяннем пяршайскай парафіі. Павялічваецца колькасць шматдзетных сем’яў, ідзе актыўны працэс усынаўлення. Вучні з Пяршайскай сярэдняй школы, што знаходзіцца побач, кожны дзень бачаць гэтую скульптурную Боскую далонь і, напэўна, больш сур’ёзна ставяцца да свайго жыцця, хутчэй сталеюць.

Скульптурны твор В. Калясінскага мае выразную змястоўнасць, пераконвае ў духоўных прыярытэтах, якія вызначаюць развіццё грамадства, падтрымліваюць веру ў тое, што кожнае новае жыццё — гэта каштоўны Божы дар, які дае сапраўднае шчасце і сэнс зямному існаванню чалавека.

Выдатна, што сучаснае мастацтва скульптуры таленавіта ўвасобіла гэтую ідэю. Магчыма, што такі прыклад стане ўзорным і будзе пашырацца на іншыя асяродкі духоўнага жыцця нашай краіны і за яе межамі. І няхай Боская далонь падтрымлівае ўсе шчырыя ініцыятывы!

Яўген Шунейка,
мастацтвазнаўца.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY