Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Алесь ЖЛУТКА

ФРАНЦІШАК СКАРЫНА: ПА НАВУКУ Ў ПАДУЮ

Заканчэнне. Пачатак у № 3 (85)/2018.

Падуя. «Доктар у лекарскіх навуках»

«Доктар вызваленых навук, сын нябожчыка Лукі з Полацка Францішак Скарына», як названы ён у падуанскіх дакументах, выпраўляўся ў Падую ўвосень 1512 г. У гэты час у вайне камбрайскай лігі на поўначы Італіі з Венецыянскай рэспублікай, куды ўваходзіла Падуя, настала невялікая перадышка. У горадзе з яго славутым універсітэтам з 5 да 9 лістапада таго ж года ён складзе іспыты і здабудзе яшчэ адзін не менш паважаны тытул доктара лекарскіх навук, як будзе называць сябе ў прадмовах да кніг Бібліі, якія пачне выдаваць у «слаўным месце пражскім».

Побыт Скарыны ў Падуі адлюстраваны ў экзаменацыйных дакументах, якія сёння захоўваюцца ў двух падуанскіх архівах. Тры экзаменацыйныя дакументы Скарыны захоўваюцца ва Універсітэцкім архіве ў кодэксе пад назваю Акты надання акадэмічных ступеняў. У Архіве біскупскай курыі захоўваецца яшчэ адзін дакумент, які дублюе апошні запіс за 9 лістапада Універсітэцкага архіва. Дакумент адметны тым, што ў ім Скарына названы сакратаром дацкага караля9.

Першы дакумент Скарыны ў кодэксе з Універсітэцкага архіва за 5 лістапада — гэта ўдзяленне яму Святой Калегіяй дактароў вызваленых навук (Калегіі артыстаў) і медыцыны ласкі т.зв. gratia — ласкі-дазволу на складанне іспытаў. У другім дакуменце за 6 лістапада занатаваны пробны іспыт10. Трэці і чацвёрты дакументы запісаныя адпаведна натарыем Святой Калегіі і натарыем біскупскім. Гэта пратаколы апошняга, г.зв. прыватнага іспыту, які адбываўся ў біскупскім палацы, пасля чаго кандыдат быў абвешчаны доктарам медыцыны і атрымаў адпаведныя доктарскія рэгаліі11.

У XVI ст. наданне доктарскай ступені ў Падуанскім універсітэце адбывалася ў тры этапы: спачатку кандыдат прасіў у Святой Калегіі ласкі gratia на складанне іспытаў, пасля чаго вытрымліваў tentativum пробны і затым апошні privatum прыватны іспыт, які завяршаўся абвяшчэннем яго доктарам і ўручэннем доктарскіх знакаў.

Як праходзіў увесь працэс набыцця доктарскага тытула? Кандыдат сам з’яўляўся ў Святую Калегію альбо прасіў прадставіць сябе перад ёю некага з сябраў Калегіі. Ён павінен быў засведчыць, што пэўную колькасць гадоў наведваў адпаведныя ўніверсітэцкія заняткі, вёў публічныя дыспуты, прадугледжаныя статутамі, і гарантаваў аплату патрэбнай сумы, якая была даволі высокаю. Часта кандыдаты прасілі вызваліць іх ад аплаты хаця б паловы ці нават усёй сумы, прыводзячы такія аргументы як аддаленасць ад дома, адмысловыя заслугі, цяжкае фінансавае становішча з-за вайны, павадкаў, неўраджаяў ці падаючы рэкамендацыйны ліст12. Калегія праз галасаванне выказвала сваю згоду ці нязгоду. Скарына быў вызвалены ад аплаты з прычыны аддаленасці ад дому і як «бедны»13.

Затым палачанін павінен быў абраць прамотараў з ліку сяброў Святой Калегіі, з якімі нейкі час мусіў рыхтавацца да іспытаў. У іх прысутнасці ён склаў першы пробны іспыт. На ім ён павінен быў асвятліць і абмеркаваць пэўныя пытанні, гэтак званыя puncta, прызначаныя яму прыблізна за 12 гадзінаў перад іспытам пунктатарамі, і адказаць на іх заўвагі. Вынік іспыту вырашаўся таемным галасаваннем сябраў экзаменацыйнай камісіі, якая складалася з той жа Святой Калегіі.

Выдатны, бліскучы вынік пазначаўся формулай nemine penitus dissentiente | discrepante (увогуле без галасоў супраць), вынік здавальняючы — a maiori parte (большасцю галасоў). Але здараліся выпадкі, калі кандыдаты былі reprobati, г.зн. «завальвалі» іспыт. На прыватным іспыце кандыдат павінен быў выказацца па зададзеных яму папярэдне пунктах і абараніць свае тэзы і меркаванні па іх. Апошні іспыт Ф. Скарыны адзінагалосна быў адзначаны як бліскучы. У канцы іспыту яму былі ўручаныя доктарскія знакі14. На апошнім іспыце прысутнічалі віцэ-канцлер універсітэта, віцэ-рэктар, сябры Калегіі і сведкі. На іспытах Скарыны прысутнічалі 32 асобы, большасць з якіх належала да Святой Калегіі дактароў вызваленых навук і медыцыны.

Падуанскі ўніверсітэт з’яўляўся фактычна карпаратыўнай установай, што складалася са Святой Калегіі: карпарацыі дактароў — выкладчыкаў на чале з выбарным прыёрам, і карпарацыі студэнтаў з выбарным рэктарам. Карпарацыя студэнтаў як бы наймала дактароў для навучання. Абедзве карпарацыі кіраваліся ўласнымі статутамі. Sacrum Collegium — калегія дактароў, якая абслугоўвала навучальную сферу ўніверсітэта, паводле статутаў 1433 г. мусіла складацца з 20-ці асобаў, але пазней іх колькасць паступова павялічвалася. У склад калегіі маглі ўвайсці толькі нараджэнцы Падуі ці Венецыі, пераважна з вышэйшых колаў грамадства, якія здабылі доктарскую ступень у Падуі і тут жылі. На агульным сходзе калегіі з ліку яе членаў на чатыры месяцы абіраўся прыёр, які кіраваў дзейнасцю калегіі і навучальным працэсам, наладжваў узаемадзеянне са студэнцкай карпарацыяй і мясцовымі ўладамі. Прыёр мог прызначыць з ліку членаў калегіі віцэ-прыёра — намесніка, які замяняў яго ў выпадку хваробы ці выезду з Падуі, але не больш чым на 1 месяц. Калі прыёр адсутнічаў даўжэй, прызначаліся перавыбары. Пры ўступленні прыёра на пасаду выбіраліся таксама два дарадцы, з якімі ён мусіў узгадняць скліканне сходу калегіі і іншыя пытанні дзейнасці калегіі. Адначасова таксама выбіралі масарыя, які дбаў пра фінансавыя справы калегіі, і сіндыка, у кампетэнцыі якога былі юрыдычныя пытанні і які, у адрозненне ад іншых, займаў пасаду не чатыры месяцы, а год15.

Духоўным кіраўніком універсітэта, які даваў ліцэнцыю і падпісваў дыплом новага доктара, з’яўляўся канцлер універсітэта. Ім станавіўся чарговы Падуанскі біскуп. У час іспытаў Скарыны ім быў Сікст Гара дэля Равэрэ — Падуанскі біскуп, кардынал-прэзбітэр, пляменнік па маці тагачаснага папы Юлія ІІ. Канцлер мусіў прысутнічаць на апошнім іспыце, але амаль заўсёды яго замяшчаў віцэ-канцлер, біскупскі вікарый. Канцлер прысутнічаў толькі тады, калі іспыты складаў яго прыбліжаны альбо высокапастаўленая ўплывовая асоба16. На экзамене Скарыны біскупа замяняў яго вікарый Павел Забарэла, славуты тым, што прысутнічаў пры цудзе крыватачэння ўкрыжавання ў касцёле Santa Maria dei Servi ў Падуі, калі ў лютым 1512 г. на працягу пятнаццаці дзён, а затым яшчэ адзін раз у Вялікую пятніцу з твару і левага боку Збаўцы сачылася кроў, якую Забарэла сабраў у адмысловы флакон.

Ход іспытаў заносіўся ў пратаколы, што вёў натарый, які пасля іспыту афармляў і дыплом новага доктара. Атрыманне ласкі і пробны іспыт натаваў універсітэцкі натарый, а апошні прыватны — універсітэцкі і натарый біскупскай курыі, які складаў свой пратакол. Натарый дакладна занатоўваў дадзеныя кандыдата: імя, прозвішча, імя бацькі, паходжанне (г.зн. горад, краіна), а таксама ўпісваў прамотараў і сведкаў, іншыя звесткі (прысутнасць рэктара і канцлера, вынік экзамену). Усё гэта потым павінна было ўносіцца ў дыплом. Ва ўрачыстай і нервознай атмасферы іспыту, у канцы якога ўручаліся доктарскія знакі, і на якім прысутнічала вялікая колькасць незнаёмых людзей, натарыю было складана і нават немагчыма скласці падчас іспыту дакладны дакумент. Яму, безумоўна, была патрэбная дапамога, якую аказваў сам кандыдат. Гэта пацвярджаецца цудам захаванымі цыдулкамі, напісанымі прамаванымі, якія выразным почыркам упісвалі свае дадзеныя, імёны прамотараў і сведкаў. Сведкамі, напэўна, былі асобы больш блізкія да будучага доктара альбо тыя, каго ён запрасіў дзеля асабістага прэстыжу ці падтрымкі. Але натарый выкрэсліваў з доўгага спісу сведкаў у цыдулцы, пададзенай кандыдатам, апошнія імёны і пакідаў толькі самыя важныя, запісаныя першымі, і іх уносіў у пратакол. З дапамогаю гэтай цыдулкі натарый і складаў пратакол, змест якога потым уносіў у дыплом. Прыватны іспыт, абвяшчэнне доктарам і ўручэнне доктарскіх знакаў адбывалася ў біскупскім палацы. Уся гэтая ўрачыстая падзея адлюстроўвалася ў тэксце дыплома. Дыплом выпісваў натарый, які вёў пратакол прыватнага іспыту. Ён рабіў гэта пазней, у спакойнай атмасферы свайго кабінета, за што атрымліваў ад новага доктара адпаведную плату, якая звычайна складала адзін дукат (залатая манета вагою 3,5 г. 986 пробы) 17. Дыпломы пісаліся на пергамене, у час Скарыны ўжо гуманістычным пісьмом, акуратным і прыгожым, і мелі стандартны фармуляр. Такі дыплом з’яўляецца фактычна перапісаным ва ўрачыснай форме запісам, зробленым раней у рэгістрах біскупскай курыі. Усё гэта дазваляе з вялікай дакладнасцю рэканструяваць тэкст дыплома Скарыны. Ніжэй мы падаем пераклад рэканструяванага дыплома, які павінен быў атрымаць Францішак Скарына адразу пасля прыватнага іспыту. Рэканструкцыя была зробленая на падставе пратаколу прыватнага іспыту Францішка Скарыны18 і копіі дыплома доктара медыцыны Гераніма Рубэуса, выдадзенага 1 лютага 1507 г.19

* * *

Усім разам і кожнаму паасобку, хто будзе бачыць гэты доктарскі прывілей [Павел Забарэла, доктар святой тэалогіі, з ласкі Бога і Апостальскага Пасаду біскуп Аргоса, суфраган, намеснік і вікарый у духоўных справах правялебнага ў Хрысце айца і пана, пана Сікста з міласэрнасці Божай кардынала-прэзбітэра тытулу св. Пятра ў Кайданах, віцэ-канцлера святога Рымскага Касцёла ды нязменнага адміністратара Падуанскага Касцёла, найдастойнейшага графа Сака і апостальскага канцлера гэтай славутай Падуанскай вучэльні]20, паведамляем. Мы [Павел Забарэла, памянёны вікарый], [уладаю згаданага правялебнага пана Падуанскага біскупа згодна з ягонай біскупскай кампетэнцыяй] пры ўдзеле пана [выдатнага доктара мастацтваў і медыцыны, пана Францішка Фульманэлі з Вероны, віцэ-рэктара] паноў артыстаў Падуі [праз вялебную Калегію артыстаў, дактароў той жа вучэльні] паддалі [выбітнага магістра, сына нябожчыка пана Лукі Скарыны з Полацка, русіна доктара мастацтваў], прадстаўленага нам, папярэдне вызначыўшы [згодна са звычаем] пытанні [ў медыцыне], [пільнаму і строгаму іспыту]. І паколькі на гэтым іспыце, паведамляючы свае пытанні ды па чарзе адбіваючы і ясна вырашаючы сумніўныя довады і любыя запярэчанні, зробленыя яму, хоць яны былі цяжкія і заблытаныя, праявіў і паводзіў сябе нагэтулькі добра, пахвальна і выдатна, што ўсімі дактарамі памянёнай Калегіі, там прысутнымі, аднадушна і згодна, і ўвогуле без галасоў супраць, быў прызнаны годным і [дастаткова дасведчаным у медыцыне], [як з відавочнасцю вынікае з іхніх галасоў, пададзеных на пісьме пры таемным галасаванні]. Таму [мы ў імя Бога ўхвалілі] таго ж магістра [Францішка] і надалі яму ліцэнцыю [паведамляючы і абвяшчаючы здольным, годным і дастаткова дасведчаным, каб мець, валодаць і выконваць абавязак і годнасць доктара медыцыны], і зыходзячы з гэтага [ўрачыста учынілі і прызначылі яго доктарам медыцыны, а таксама чынім і прызначаем гэтым лістом]. Дазваляем яму як здольнаму і дастаткова дасведчанаму, найбольш годнаму гэтай прамоцыі, узысці на магістарскую катэдру ды папрасіць і атрымаць ад сваіх прамотараў доктарскія адзнакі, а ягоным прамотарам аддаць іх яму, таксама надаем яму свабодную ліцэнцыю, магчымасць і поўную ўладу і права, каб мог свабодна чытаць, весці заняткі, навучаць, дыспутаваць, каментаваць, практыкаваць, тлумачыць, вызначаць пытанні, кіраваць школамі, прызначаць бакалаўраў, цешыцца і карыстацца ўсімі і кожнымі прывілеямі і прэрагатывамі, выняткамі, вольнасцямі і свабодамі, наданнямі, годнасцямі, ласкамі, дазволамі ды іншымі любымі правамі, як бы яны не называліся, і якімі цешацца і карыстаюцца з апостальскіх і імператарскіх ці іншых касцёльных альбо свецкіх наданняў і прывілеяў дактары і магістры Парыжскай, Оксфардскай, Балонскай і Саламанскай вучэльняў, падданых Рымскай Курыі, а таксама карыстаюцца і могуць потым цешыцца згодна са зместам, моцаю, формаю і гучаннем апостальскіх прывілеяў, нададзеных найвышэйшымі Пантыфікамі памянёнай Падуанскай вучэльні. Пасля таго як гэта было паводле права ўчынена, каб той жа пан [Францішак], новы доктар, быў прызнаны ўсімі, што гэтую годнасць здабыў згодна з правам, доктар мастацтваў і медыцыны [пан магістр Барталамей Барызон падуанец], ягоны прамотар ад імя свайго і [дактароў мастацтваў і медыцыны: пана магістра Францішка дэ Новалі, пана магістра Францішка з Эстэ, пана магістра Гераніма а Мула і пана магістра Гераніма дэ Урбіно], супрамотараў там жа ўрачыста адзначыў і аздобіў памянёнага магістра [Францішка], які прасіў і атрымаў, належнымі доктарскімі адзнакамі, уручаючы кнігу па медыцыне, спачатку закрытую, затым раскрытую, ускладаючы на галаву доктарскі берэт і надзяваючы на палец залаты пярсцёнак, ды даючы яму пацалунак спакою з магістарскім благаслаўленнем. Вось так з найвышэйшай хвалой і вялікім гонарам памянёны пан [Францішак] быў узведзены на вышыню годнасці доктара медыцыны. На давер і сведчанне мы наказалі выдаць гэты адкрыты ліст нашага прывілею і зацвердзіць яго прывешанай пячаццю правялебнага пана Падуанскага біскупа.

Дадзена і дзеялася ў Падуі, у біскупскім палацы ў звычайным месцы іспытаў, у прысутнасці [знакамітых дактароў мастацтваў паноў магістраў Алаізія Зухата з Тарвізія і Даніэля з Форо Юліо, падуанца; выдатных шкаляроў мастацтваў паноў Міхала Замбона, сына нябожчыка Якуба, грамадзяніна Венецыі і Гаспара дэ Габрыэліса, сына пана Пятра, грамадзяніна Падуі; пана Валерыя дэ Ляргіса, падуанскага клерыка]. У год ад Нараджэння Пана [тысяча пяцьсот дванаццатага], [пятнаццатага] індыкту [у аўторак дзявятага лістапада], у [дзявяты] год найсвяцейшага пана нашага, пана [Юлія другога], з Божага Провіду Папы.


    9. Францішак Скарына: Зборнік дакументаў і матэрыялаў / Прадм., уклад., камент., паказ. В.І. Дарашкевіч. — Мінск, 1988. — С. 72.
    10. Тамсама. С. 66–67.
    11. Тамсама. С. 68–72.
    12. Acta graduum academicorum Gymnasii Patavini (далей AGA). III. 1. Ab anno 1501 ad annum 1525 / A cura di E. Martellozzo Forin. — Padova, 1969. — P. X–XI.
    13. Францішак Скарына: Зборнік дакументаў... С. 63–64.
    14. Тамсама. С. 68–73.
    15. AGA. II. 3. (Introduzione). — Roma-Padova, 2001. — P. 53–57.
    16. Тамсама. Р. 11.
    17. Тамсама. Р. 4–7.
    18. Францішак Скарына: Зборнік дакументаў... С. 68–71.
    19. AGA. IІI. 1. P. 169–170, nr. 495.
    20. У квадратных дужках — устаўкі ў стандартны фармуляр дыплома, датычныя Францішка Скарыны.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY