|
|
№
4(86)/2018
Вялікія містыкі
Жыццё Касцёла
Культура
Даследаванні
Пераклады
Мастацтва
Спадчына
Яніна МІЛАШ
ТРАДЫЦЫІ ЎШАНАВАННЯ ЦУДАДЗЕЙНЫХ АБРАЗОЎ МАЦІ БОЖАЙ НА БЕЛАРУСКІХ ЗЕМЛЯХ У К. ХІХ – ПАЧ. ХХ СТ. Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура
З гісторыі Касцёла
Пераклады
Паэзія
Асобы
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці
Мастацтва
|
Змешчаныя ў гэтай публікацыі пераклады вершаў Адама Міцкевіча — узоры духоўнай лірыкі Паэта, якая доўгі час была па-за ўвагаю беларускіх даследчыкаў і перакладчыкаў. Між тым гэта вельмі важны складнік творчай спадчыны нашага вялікага Паэта, які дапамагае глыбей асягнуць непаўторнасць і ўнікальнасць яго творчага генія. Трэба адзначыць, што і цалкам «свецкая» творчасць А. Міцкевіча, скіраваная да праблемаў надзённага чалавечага быцця, прысвечаная ці то філамацкаму братэрству, ці то патрыятычнаму служэнню Айчыне, ці то каханню, ці то змаганню за свабоду, так ці іначай прасякнутая глыбокай рэлігійнай чуйнасцю Паэта, яго адкрытасцю на хрысціянскія праўды веры, якія ляжаць у аснове яго выхавання і светаўспрымання. Адам Міцкевіч пры дапамозе адмысловых вобразаў у многіх найвядомейшых сваіх творах сакралізаваў матывы сяброўства («Песня філарэтаў», «Ода да маладосці»), кахання (санет «Да Лауры», балады «Рамантычнасць», «Люблю я»), вандроўніцтва (санет «Пілігрым»), служэння Айчыне і змагання за яе свабоду (паэмы «Дзяды», «Пан Тадэвуш»). А яго «Кнігі народа польскага і польскага пілігрымства» (1832), напісаныя ў Дрэздэне неўзабаве пасля паўстання 1830–1831 гг., наогул вытрыманыя ў стылі евангельскіх прыпавесцяў аб выбаўленні з няволі народа «абранага», пад якім разумеюцца ўсе народы (палякі, літвіны, русіны) былой Рэчы Паспалітай, што ў 1795 г. страціла незалежнасць пасля трэцяга падзелу краіны паміж Расійскай, Аўстрыйскай і Прускай імперыямі. «Кнігі…» завяршаюцца «Малітвай Пілігрыма» і «Пілігрымскай Літаніяй» у інтэнцыі вызвалення. Варта заўважыць, што росквіт духоўнай лірыкі А. Міцкевіча адбываецца акурат у 1830-я гг., у першае дзесяцігоддзе яго знаходжання ў заходнееўрапейскіх краінах у статусе палітычнага эмігранта (жыццё ў Рыме, Дрэздэне, Парыжы). Аднак ужо ў ранні, філамацкі, або беларуска-літоўскі перыяд, ён пачаў звяртацца да духоўных сюжэтаў і вобразаў: так, адметным яго вершам з тых часоў стаў «Гімн на дзень Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі» (1820), напісаны адначасова з «Одаю да маладосці», а той пафас адраджэння духу, якім «Ода…» прасякнута, непарыўна звязаны з гэтым багародзічным вершам-гімнам (у нашым перакладзе «Гімн на дзень Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі» друкаваўся ў часопісе «Наша вера», 1998, № 3). Змешчаныя ў гэтай публікацыі пераклады вершаў Адама Міцкевіча зроблены паводле выдання: Mickiewicz, Adam. Dzieła wszystkie. Tom I. Część trzecia: Wiersze 1829–1855 / Opracował Czesław Zgorzelski. – Wrocław-Warszawa-Kraków-Gdańsk-Lódź: Zakład narodowy im. Ossolińskich. – 1981. Ірына Багдановіч
Гл. таксама:
|
|
|