Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
4(86)/2018
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Жыццё Касцёла
Гутарка кс. Адама БЛЫШЧА з Андрэа ТАРНЭЛЛІ
ІНТЭРНЭТ НАРАДЗІЎ ПАЧВАРАЎ
Культура
Даследаванні
Пераклады

ЧАТЫРЫ ВІДЫ ЛЮБОВІ
Мастацтва

«СТЫГМАТЫ» НЯБАЧНАЙ ВАЙНЫ
Спадчына
Музыказнаўства
Кніжныя скарбы
Архітэктура

БЕЛАРУСКІЯ КАМПАНІЛЫ
З гісторыі Касцёла
Пераклады

ДУХОЎНАЯ ЛІРЫКА
Паэзія

ВЕРШЫ

ВЕРШЫ
Асобы

У ДАРОЗЕ ДА ПРАЎДЫ
У выдавецтве «Pro Christo»
Постаці

АБАРОНЦА ВЕРЫ
Мастацтва

НА БОСКАЙ ДАЛОНІ

Святлана ШЭЙПА

НАСТАЎНІКІ НЕ ПАМІРАЮЦЬ...

Партрэт Я. Глінскага. 1898 г.

Лаўровых пышных вянкоў не прагнуў,
У віры лёсу трываў нязломна,
Пакорны й ціхі ў вялікіх справах, 
Малы ў свеце і невядомы.

Мастацтва быў ён слугой адданым,
Служыў любові, не славе ўласнай.
І за яе ўсё жыццё аддана,
Як збройны рыцар-ваяр змагаўся1.

Вучань2

Гэтыя шчымлівыя, пранікнёныя радкі верша, напісаныя ў дзень смерці Яўхіма Глінскага адным з яго вучняў, напоўненыя глыбокаю павагаю да сціплага майстра-настаўніка і слугі sacrum musicum, які сваім жыццём і творчасцю сцвярджаў, што кожны музыкант павінен шукаць сапраўднае, прыгожае і адухоўленае ў музыцы, не паддаючыся на ілжывыя спакусы цывілізацыі, і абіраць той шлях, які вядзе да ўзбагачэння чалавека каштоўнымі духоўнымі набыткамі.

Як і пра большасць сапраўдных касцёльных музыкантаў, якія аддана працавалі не для «ўласнай славы», а ad majorem Dei gloriam3, мы вельмі мала ведаем пра жыццёвы і прафесійны шлях Я. Глінскага (1854–1898). Ён нарадзіўся ў слаўным сваімі музычнымі традыцыямі Будславе, дзе і атрымаў першапачатковае музычнае выхаванне ў свайго бацькі — арганіста касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Надзелены незвычайнымі музычнымі здольнасцямі, Яўхім змалку ўражваў і захапляў слухачоў віртуознай ігрой на фартэпіяна на імправізаваных сямейных вечарынах, куды ветліва запрашаліся мясцовыя меламаны, і нават на вялікіх канцэртах у Будславе, Вілейцы, Мядзелі і Докшыцах. Усведамляючы неабходнасць далейшага навучання, у 1874 годзе бацька накіраваў сына ў Пецярбургскую кансерваторыю для адточвання арганнай тэхнікі ў класе яе прафесара, знакамітага канцэртуючага арганіста і дырыжора Луі Гаміліўса (1845–1908). Гады, праведзеныя ў alma mater, сталіся надзвычай плённымі: Яўхім з поспехам засвоіў цыкл музычна-тэарэтычных прадметаў. Асаблівых жа вынікаў ён дасягнуў у мастацтве ігры на аргане, спасцігнуўшы прыроду «караля» інструментаў і падпарадкаваўшы яго магутнасць і веліч сваёй волі, аб чым красамоўна сведчаць бліскуча здадзеныя выпускныя экзамены: малады музыкант прадэманстраваў майстэрства імправізацыі на зададзеныя тэмы, бездакорнае веданне канструкцыі аргана і прамудрасці рэгістроўкі, а таксама прэзентаваў напісаную ім фугу для аргана4.

Н.Орда, Будынак бэрнардынскага касцёла. Гродна.

Пасля атрымання дыплома аб прафесійнай музычнай спеласці Я. Глінскага паглынуў вір ваенных дзеянняў руска-турэцкай кампаніі 1877–1878 гадоў. Нядоўга «выпрабоўваючы» добразычлівасць лёсу, ён, урэшце, у 1879 г. вярнуўся на радзіму і адразу ўладкаваўся арганістам у былы бэрнардынскі касцёл Адшукання Св. Крыжа ў Гродне. Тут у распараджэнні Я. Глінскага аказаўся знакаміты старажытны арган XVII стагоддзя, што натхняў яго на разнастайныя цікавыя музычныя эксперыменты. Дадатковай крыніцай даходаў у Гродне стала месца выкладчыка спеваў у мясцовай жаночай гімназіі — праца, за якую малады музыкант узяўся з асаблівым энтузіязмам.

Далейшы ход жыццёвых падзей склаўся такім чынам, што, аддана праслужыўшы ў Гродне чатыры гады запар, Я. Глінскі трапіў у Вільню, дзе займаў пасаду арганіста і кіраўніка хору ў Вострай Браме (1883–1886), касцёле святых Янаў (1886) і Св. Духа (1887–1898), а таксама «прафесара фігуральнага спеву і тэорыі харала»5 ў найстарэйшай навучальнай установе — Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, вядомай яшчэ з часоў ВКЛ. Акрамя штодзённых музычных абавязкаў у касцёле, ён рэгулярна даваў урокі музыкі ўсім жадаючым і прымаў актыўны ўдзел у культурным жыцці віленчукоў.

Музычны патэнцыял колішняй сталіцы апошняй чвэрці ХІХ стагоддзя адкрываў перад Я. Глінскім вялікія перспектывы для рознабаковай творчай рэалізацыі, але ўвесь свой выканальніцкі, педагагічны і кампазітарскі талент ён скіраваў у галіну рэлігійнага музычнага мастацтва, сумленна працуючы арганістам на ніве каталіцкай музыкі. Рэдкі імправізатарскі талент Я. Глінскага быў вядомы далёка па-за межамі Бацькаўшчыны, роўна як і яго педагагічны і вакальны дар (па ўспамінах вучняў, ён меў прыемны барытон6), а таксама «майстэрства гарманізацыі і выключныя здольнасці тэарэтыка»7.

Валодаючы неардынарнымі якасцямі, Яўхім Глінскі арганізаваў «неафіцыйную школу арганістаў»8 са спевакоў былога дамініканскага касцёла і віленскіх семінарыстаў. Каля 30-ці яе выхаванцаў — аднадумцаў музыканта па найважнейшых пытаннях богаслужбовай музыкі, набыўшы моцную прафесійную школу пад кіраўніцтвам таленавітага педагога, у далейшым вызначалі развіццё духоўнай музыкі цэлых рэгіёнаў былой Рэчы Паспалітай, дзяліліся сваімі ведамі і ажыццяўлялі запаветы свайго настаўніка. Тут неабходна прыгадаць самага вядомага, найбольш здольнага вучня і сябра Я. Глінскага9, літаратара, аўтара вялікай публіцыстычнай спадчыны па музыцы касцёлаў Беларусі другой паловы ХІХ стагоддзя Антонія Мілера, а таксама арганіста і капельмайстра, кампазітара і педагога, буйнога музычнага дзеяча Нясвіжа міжваеннага часу Эдварда Гірдо. Варта ўзгадаць і вядомых у Вільні, Пецярбургу, Парыжы музыкантаў: арганнага віртуоза, дырыжора і педагога Уладзіслава Каліноўскага; кампазітара і капельмайстра Міхала Букшу; арганіста і харавога дырыжора Яна Ляснеўскага; бліскучага спевака і журналіста Паўла Клячкоўскага10.

Менавіта для калегаў арганістаў Я. Глінскі прызначыў свой падручнік «Асновы музыкі», фрагмент якога змясціў у самым запатрабаваным часопісе свайго часу «Касцёльны спеў», прысвечаным шырокаму колу праблемаў каталіцкай музыкі. У ім музыкант жадаў асвятліць наступныя пытанні: «Даследаванне прыроды гукаў, вывучэнне інтэрвалаў і іх меладычных спалучэнняў, прымяненне іх з розным рытмам, парады ў сальфеджыраванні, кароткія тлумачэнні структуры малых сказаў у памеры дзве чвэрці»11. Здаецца, Я. Глінскі планаваў выдаць у перыёдыцы ўсю сваю работу, але, на жаль, раптоўная смерць не дазволіла рэалізавацца гэтаму намеру напоўніцу: удалося апублікаваць толькі першы параграф, дзе аўтар ахарактарызаваў чатырохлінейную і пяцілінейную натацыю, пазнаёміў чытачоў з нотамі і іх літарнымі абазначэннямі, а таксама растлумачыў генезіс акрэсленых графічных знакаў12.

Падбор рэпертуару, на думку Я. Глінскага, з’яўляецца бадай самым важным этапам творчай дзейнасці касцёльнага музыканта. Я. Глінскі падтрымліваў ідэю адпаведнасці богаслужбых твораў дому Божаму, надзвычай актуальную тэму для тагачаснай музычна-літургічнай практыкі паўсюднага Касцёла, агучаную ў нас яшчэ заснавальнікамі аб’яднання св. Цэцыліі С. Манюшкам і Ф. Міладоўскім. Такой якасцю, па меркаванні Я. Глінскага, валодаюць галоўныя скарбы Касцёла — грыгарыянскі харал і поліфанійныя кампазіцыі майстроў рымскай школы, а таксама творы яе спадкаемцаў — музыка, якой ён захапляўся яшчэ з кансерваторскіх часоў, культывуючы ў сваёй выканальніцкай дзейнасці сачыненні Дж. Палестрыны і А. Ласа, Вацлава з Шамотул і Г. Гарчыцкага, Ф. Віта і Ё. Малітор, Ф. Шопфа і М. Халера, Ё. Штэле і Ё. Дзібальда13.

Адным з першых на землях былой Рэчы Паспалітай Я. Глінскі адгукнуўся на заклікі Апостальскай Сталіцы выступіць супраць «рамантызацыі» касцёльных жанраў і за ачышчэнне касцёльнай музыкі ад уплываў свецкага мастацтва, аб чым сведчыць прадэклараваная ім пазіцыя: «арганныя, а перадусім вакальныя творы, як і іх інтэрпрэтацыя ў святынях, павінны пазбаўляцца ад усялякай бліскучай свецкасці, неадпаведнай сакрамэнтальнай сур’ёзнасці набажэнстваў»14. Акрамя таго, асаблівае значэнне наш суайчыннік надаваў якаснаму харавому гучанню, у тым ліку і без арганнага суправаджэння, прафесійнай ігры на аргане, карэктнаму выкарыстанню песнапенняў падчас літургічных абрадаў і прытрымліванню поўных цыклаў пропрыя і ардынарыя Месы.

  
Фрагмент твора Я. Глінскага
«Меса ў гонар св. Алены»,
запісаная яго вучнем Э. Гірдо.
Фрагмент твора Я. Глінскага
«Меса ў гонар св. Вацлава»,
партыя тэнара, запісаная яго вучнем Э. Гірдо.

Дэманстрацыяй павагі Я. Глінскага да патрабаванняў Святога Пасаду стала і яго кампазітарская спадчына. Адзінымі знойдзенымі на сённяшні дзень узорамі рэлігійнай музыкі Я. Глінскага з’яўляюцца карпатліва перапісаныя рукой Э. Гірдо сачыненні15: «Меса ў гонар св. Вацлава»16 ў трэцім тоне, «Меса ў гонар св. Алены»17, «Меса B-dur»18, «Меса F-dur»19, «Ave Maris Stella»20, «Вітай, Марыя»21 і «О salutaris». Больш поўнае ўяўленне аб творчасці музыканта даюць зафіксаваныя на старонках ужо згаданага часопіса «Касцёльны спеў» рэпертуарныя спісы хору У. Каліноўскага і крытычна-публіцыстычныя матэрыялы А. Мілера. Дзякуючы іх звесткам можна казаць пра лацінамоўныя спевы на Пальмовую нядзелю22, «Ter Sancte Deus»23, «Offertorium»24, «Ecce Sacerdos magnus»25, асобныя часткі «Sanctus» і «Benedictus»26 і Нешпары27 Я. Глінскага. З іншых крыніцаў мы даведваемся пра «Месу ў гонар св. Юрыя»28, напоўнены «прыгажосцю, прастатой і мясцоваю абаяльнасцю» «Stabat Mater»29, «Libera me»30, «Omni die dic Mariae»31, 14 кампазіцый для мужчынскага хору а сарella32, удала зробленую гарманізацыю песні «Багародзіца»33, а таксама пра заснаваныя на грыгарыянскім харале Месы і матэты34.

Гэты пералік кампазіцый будзе няпоўным без узгадак твораў нашага суайчынніка, прызначаных для пазалітургічнага карыстання: назавем песню-паланэз «Вось, Божа, гэтыя сэрцы» і ўрачыстую кантату «Salve»35, прывітальныя кантаты ў гонар біскупа і кс. Вінцэнта Ключынскага — прафесара Віленскай дыяцэзіяльнай семінарыі, выкладчыка многіх багаслоўскіх прадметаў, які ў пачатку ХХ ст. атрымаў сан Магілёўскага арцыбіскупа і Мітрапаліта36.

Усе знойдзеныя на сённяшні дзень сачыненні Я. Глінскага яднае даніна павагі да музыкі Рэнесансу. Музычная тканіна гэтых некамплектных твораў поліфанізаваная, заснаваная на ўраўнаважанай камплементарнай рытміцы, плаўным голасавядзенні, а таксама сістэме затрыманняў і праходзячых гукаў. Усе Месы — яскравыя ўзоры ўвасаблення кампазітарам трох разнавіднасцяў шматгалосся: падгалосай, імітацыйнай і разнатэмнай поліфаніі, у сувязі з чым Я. Глінскі свабодна карыстаўся не характэрным для рэлігійнай музыкі другой паловы ХІХ ст. поліфанійным выкладам — вертыкальна-рухомым кантрапунктам. Арыгінальнай з’яваю можна лічыць і выкарыстанне старой кампазітарскай тэхнікі cantus firmus у 14-ці песнях для мужчынскага хору а сареlla, у якіх, на думку польскага даследчыка каталіцкай музыкі К. Мроўца, мелодыя песняў лунае з сярэдніх галасоў у ніжні з дапамогай тэхнікі nota contra notam на фоне агульнай гарманійнай дакладанасці і прастаце кампазіцый37.

Давяршаюць творчы партрэт кампазітара яго свецкія сачыненні: «Пікантная мазурка» і мазурка «Заглоба» — адзіныя выдадзеныя пры жыцці Я. Глінскага па «настойлівай просьбе сяброў» творы; ваенныя маршы; «Першацвет» — «прыгожая песня» на словы А. Міцкевіча; спевы на паэтычныя малітвы У. Сыракомлі; незавершаная опера на нацыянальны сюжэт «Паята»38 па аповесці Ф. Бернатовіча39. Усе гэтыя творы, на думку яго вучняў, выяўляюць «любоў [Я. Глінскага] да роднай мясцовай песні»40.

Магіла Я. Глінскага
на могілках Росы ў Вільні.

Імя Яўхіма Глінскага назаўсёды ўвайшло ў гісторыю літургічнага мастацтва Беларусі. Выконваючы будзённыя прафесійныя абавязкі арганіста і кіраўніка хору, ён здолеў, кіруючыся прынцыпам roma locutа — causa finitа41, адрадзіць і ўкараніць у богаслужбовую практыку Беларусі апошніх дзесяцігоддзяў грыгарыянскі харал і музыку поліфанійнага стылю a capella эпохі Дж. Палестрыны, што ў ХІХ ст. перасталі гучаць у святынях, страціўшы статус «пуцяводных зорак»42.

У творчасці Я. Глінскага знайшлі ўвасабленне вопыт і прынцыпы яго старэйшых калегаў: С. Манюшкі і Ф. Міладоўскага, Ю. Грыма і Я. Галіча-Сулінскага, якія сваю дзейнасць скіроўвалі на адраджэнне выканальнага майстэрства і выдавецкай справы, развіццё музычнай публіцыстыкі і аднаўленне педагагічнай працы, рэфармаванне літургічнага музычнага рэпертуару. Тым не менш, толькі дзякуючы Я. Глінскаму пералічаныя формы музычна-духоўнага выказвання перасталі разглядацца ў тагачасным асяроддзі як чужародныя і не адпаведныя касцёльнаму цырыманіялу, а таксама ўспрымацца як «нудныя спевы», прыцярушаныя «пылам старадаўнасці»43. Варта зазначыць, што Я. Глінскі, сустрэўшыся з усеагульным недаверам і неразуменнем, з крытыкаю «дзедаўскіх спеваў»44 і практыкі іх выкарыстання, усё ж планамерна і мэтанакіравана садзейнічаў гарманічнаму ўвядзенню такога тыпу рэпертуару ў набажэнствы і, урэшце, паступова спрыяў вынішчэнню ўстойлівых стэрэатыпаў у свядомасці святароў і вернікаў.

Аддаліўшыся ў часе, Я. Глінскі жыве сярод нас — сваіх сённяшніх вучняў, касцёльных музыкантаў, якія аберагаюць і захоўваюць памяць аб ім. А цудам захаваныя сачыненні нашага слаўнага суайчынніка, патанаючы ў стройным і велічным гімне хвалы нашаму Створцу, працягваюць гучаць у нашых родных святынях, спрыяючы духоўнаму ўзмацненню і паглыбленню веры Божага люду.


  1. Пераклад Ю. Шэдзько.
  2. Ананімны верш, прысвечаны памяці Я. Глінскага, быў змешчаны ў часопісе «Касцёльны спеў». Гл.: Wspomnienie o ś. p. Joachimie Glińskim // Śpiew kościelny. – 1898. – № 8. – S. 123.
  3. Для большай хвалы Божай.
  4. Капілаў, А. Л. Іаахім Глінскі / А. Л. Капілаў // Памяць : Мядзельскі раён : гіст.-дакум. хроніка / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. – Мінск, 1998. – С. 114.
  5. Uziębło, L. Joachim Gliński // Echo Muzyczne, Teatralne i Artystyczne : [tygodnik artystyczno-literacki]. – 1898. – № 16. – S. 187.
  6. Miller, A. Wielki tydzień w Wilnie przed 50 laty / A. Miller. – Kurier wileński. – 1935. –№ 108. – S.4.
  7. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  8. Miller, A. – op. cit. – S. 4.
  9. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  10. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.; Miller, A. – op. cit. – S. 4.
  11. Gliński, J. Zasadnicze podstawy muzyki / J. Gliński // Śpiew kościelny. – 1896. – R. 1, № 2. – S. 22.
  12. Gliński, J. – op. cit. – S. 22.
  13. Allegretto [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1895. – № 1. – S.15; Largo [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1896. – № 10. – S.159.
  14. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  15. Гірдо, Э. Рукапісны зборнік: Каталіцкая музыка [Ноты] / Архіў Нац. б-кі Беларусі, навук.-даслед. аддз. кнігазнаўства. – Фонд рукапісаў. – [Эйшышкі, 1880–1895]. – 233 с.
  16. Захавалася партыя тэнара.
  17. Захаваліся толькі часткі «Kyrie» i «Gloria» Месы.
  18. Захаваліся часткі «Kyrie», «Gloria», «Credo», «Offertorium» і «Sanctus» Месы.
  19. Захаваліся «Graduale» i «Offertorium» месы.
  20. Захавалася партыя тэнара.
  21. Захавалася толькі харавая партытура.
  22. Sokolany Grodz. gub. // Śpiew kościelny. – 1903. – № 12. – S. 154.
  23. Miller, A. Z Wilna. Ingres Jego Ekscelencyi ks. Biskupa Wileńskiego Stefana Zwierowicza / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1898. – № 1. – S.14.
  24. Allegretto [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1896. – № 3. – S.46.
  25. Allegretto [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1898. – № 11. – S.175.
  26. Allegretto [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1898. – № 11. – S.188.
  27. Allegretto [A. Miller]. Z Wilna / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1898. – № 11. – S.189.
  28. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  29. Z podróży do Petersburga // Śpiew kościelny. – 1897. – № 6. – S.141.
  30. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  31. Małachowicz, E. Cmentarz na Rossie w Wilnie / E. Małachowicz. – Wrocław : Zakład Narodowy im.Ossolińskich, 1993. – S. 267.
  32. Mrowiec, K. Polska pieśń kościelna w opracowaniu kompozytorów XIX wieku / K. Mrowiec. – Lublin : KUL, 1964. – S. 98.
  33. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  34. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  35. Miller, A. Z Wilna. Ingres Jego Ekscelencyi ks. Biskupa Wileńskiego Stefana Zwierowicza  / A. Miller. – Śpiew kościelny. – 1898. – № 1. – S.15.
  36. Kurczewski, J. Biskupstwo wileńskie od jego założenia aż do dni obecnych, zawierające dzieje i prace biskupów i duchoweństwa djecezji wileńskiej, oraz wykaz kościołów, klasztorów, szkół i zakładów dobroczynnych i społecznych / J. Kurczewski. – Wilno : Nakł. i druk. J. Zawadskiego, 1912. – S. 101.
  37. Mrowiec, K. – op. cit. – S. 98. У сваім даследаванні аўтар спасылаецца на рукапіс «Збор партытур касцёльных і свецкіх твораў розных аўтараў» Я. Глінскага, што, нібыта, зберагаецца ў беластоцкай Вышэйшай архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі (гл. Mrowiec, K. – op. cit. – S. 168). Але ў ходзе нашага ўласнага даследавання высветлілася, што ў фондах навучальнай установы такі артэфакт адсутнічае.
  38. Арыгінальная назва твора «Pojata, córka Lezdejki czyli Litwini w XIV wieku».
  39. Uziębło, L. – op. cit. – S. 187.
  40. Wspomnienie o ś. p. Joachimie Glińskim // Śpiew kościelny. – 1898. – № 8. – S. 122.
  41. Рым выказаўся — справа вырашана.
  42. Miller, A. Nieco z niedalekiej przeszłości / A. Miller // Śpiew kościelny. – 1896. – № 10. – S. 145.
  43. Miller, A. Krótki zarys upadku muzyki kościelnej w zachodnich guberniach Cesarсtwa w XIX wieku / A. Miller // Śpiew kościelny. – 1896. – № 8. – S. 115.
  44. Miller, A. Wielki tydzień w Wilnie przed 50 laty / A. Miller. – Kurier wileński. – 1935. – № 108. – S.3.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY