 |
|
|
- Чарговы нумар часопіса «Наша вера» пачынаецца працягам публікацыі перакладу трактата св. Яна ад Крыжа «Узыход на гару Кармэль» (пер. з іспанскай мовы С. Грэсві).
- У рубрыцы «Жыццё Касцёла» чытачам прапануецца інтэрв’ю «Інтэрнэт нарадзіў пачвараў», у якім кс. А. Блышч CR размаўляе з вядомым італьянскім журналістам А. Тарнэллі пра складаныя праблемы, выкліканыя свабодаю сучасных СМІ. У гэтай жа рубрыцы друкуецца артыкул вядомага польскага місіёлага, прафесара кс. Яна Гурскага «Місіі — святая справа Касцёла».
- Э. Дзвінская у арт. «Беларусь глыбей пазнае гісторыю стварэння Бібліі» распавядае пра выставу «Беларусь і Біблія» ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.
- Друкуецца заканчэнне публікацыі вядомага беларускага лацініста А. Жлуткі «Францішак Скарына: па навуку ў Падую».
- Перакладчыца Ю. Шэдзько заканчвае знаёміць чытачоў з працаю К. Льюіса «Чатыры віды любові».
- Вядомы рэстаўратар і калекцыянер І. Сурмачэўскі ў эсэ «„Стыгматы“ нябачнай вайны» апавядае пра скалечаныя і ўратаваныя беларускія іконы.
- Я. Мілаш у арт. «Традыцыі ўшанавання цудадзейных абразоў Маці Божай на беларускіх землях у к. ХІХ – пач. ХХ ст.» піша пра адну з самых прыгожых хрысціянскіх традыцый, якая захавалася на нашай зямлі да сённяшняга часу.
- Музыказнаўца С. Шэйпа ў арт. «Настаўнікі не паміраюць...» цікава апавядае пра жыццёвы і творчы шлях кампазітара Я. Глінскага, які нарадзіўся ў Будславе.
- Вядомы даследчык спадчыны хрысціянскай літаратуры Ю. Лаўрык у арт. «Найдаўнейшы езуіцкі манускрыпт з Мінска» знаёміць чытачоў з новымі адкрыццямі кніжных скарбаў.
- Доктар мастацтвазнаўства Т. Габрусь у арт. «Беларускія кампанілы» піша пра найбольш адметныя драўляныя званіцы на нашых землях.
- Польскі гісторык М. Аўш у даследаванні «Піярскія школы на землях Беларусі» апавядае пра адукацыйную дзейнасць аднаго з самых вядомых каталіцкіх ордэнаў.
- 220-годдзю А. Міцкевіча прысвечана публікацыя яго духоўнай лірыкі ў перакладзе вядомай літаратуразнаўцы, паэткі І. Багдановіч. Тут жа друкуецца артыкул І. Багдановіч, прысвечаны духоўнай лірыцы А. Міцкевіча.
- Да 70-годдзя таленавітай беларускай паэткі Я. Янішчыц друкуецца падборка яе вершаў пад назваю «Яна любоў дарыла нам штодня...».
- У рубрыцы «Паэзія» друкуюцца вершы Э. Мазько, якія суправаджаюцца ўступным словам А. Брусевіча пад назваю «Эдзік Мазько — асоба еўрапейскага маштабу».
- 105-й гадавіне з дня нараджэння адметнага беларускага празаіка А. Кулакоўскага прысвечана эсэ Л. Камінскай «У дарозе да праўды».
- З. Бараноўская ў эсэ «Імёны вашыя запісаны на нябёсах...» апавядае пра новую кніжку І. Жарнасек «Незабудкі» («Про Хрысто», 2018), адрасаваную дзецям.
- Гісторык А. Шпунт у арт. «Абаронца веры» цікава распавядае пра першага кардынала на беларускіх землях Юрыя Радзівіла.
- Мастацтвазнаўца Я. Шунейка ў эсэ «На Боскай далоні» знаёміць чытачоў з працаю таленавітага беларускага скульптара В. Калясінскага.
|
 |