|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Аркадзь ШПУНТ
«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»Пра рэстаўрацыю партрэта Януша Радзівіла, які прыпісваецца пэндзлю Даніэля Шульца
У Беларусі рэстаўрацыя рэдка абыходзіцца «прэвентыўнай тэрапіяй». Часцей — гэта «аператыўнае ўмяшальніцтва». Гэта драма, схаваная між слаёў запісаў. Спасцігаючы яе, рэстаўратар часам пражывае тое імгненне, у якое пэндзаль аўтара арыгінала пераадольваў адлегласць ад палітры да паверхні палатна. Тады рэальнасць мінулага і яе вобраз зліваюцца ва ўвасабленне рэчаіснасці нашмат больш рэальнай, чым хісткая штодзённасць. Тады, падыходзячы да акна ў майстэрні, раптам бачыш узвядзенне гіганцкага даху, які ператварае стары стадыён у новы, вачыма прыдворнага мастака польскіх каралёў або вачыма гетмана, партрэт якога змешчаны ў цябе на мальберце. ...Біяграфія князя Януша Радзівіла поўная супярэчлівых звестак, і ў гэтых звестках можна хутчэй заблытацца, чым даведацца, кім жа быў князь на самай справе, і калі, у якім дакладна годзе, быў напісаны яго партрэт... Прычынаю для перадачы партрэта на рэстаўрацыю было выяўленне нязначных разбурэнняў фарбавага слою. Адразу пасля паступлення ў майстэрню помнік культуры, як і належыць, быў даследаваны рэстаўратарамі і супрацоўнікамі хіміка-фізічнай лабараторыі музея. Рэнтгенаграма паказала, што пад слоем жывапісу партрэта, у арыгінальнасці якога ніхто не сумняваўся апошнія паўвеку, ёсць выява кірасы (у ніжнім левым кутку карціны) і выява рукі, якая паказвае на яе... Аб папярэдніх рэстаўрацыях партрэта ніякіх звестак няма. Нават пра рэстаўрацыю 70-х гадоў мінулага стагоддзя, зробленую спецыялістамі Рускага музея Міхаілам Маркавым і Ананіем Брындаравым, вядома толькі паводле дамоўнай і сметнай дакументацыі, якая выпадкова захавалася ў майстэрнях. Пасля рэстаўрацыі Маркава і Брындарава партрэт быў уведзены ў экспазіцыю Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, паказаны на некалькіх міжнародных выставах і не раз апублікаваны. Неаспрэчны аўтарытэт знаных спецыялістаў з Ленінграда не дазваляў сумнявацца ў арыгінальнасці партрэта, аднак тое, што мастацтвазнаўцы вывучалі і аналізавалі ў мінскім партрэце, аказалася рэстаўрацыйным запісам ХХ стагоддзя, які абнавіў рэстаўрацыйны вымысел ХІХ стагоддзя, выкананы на руінах арыгінала XVII стагоддзя. Тым не менш, у 1981 г. Таісія Андрэеўна Карповіч — першы даследчык радзівілаўскіх партрэтаў у беларускай гістарыяграфіі, выказала меркаванне, што аўтарам партрэта з’яўляецца польскі мастак нямецкага паходжання Даніэль Шульц (1615–1683). У апісанні стану патрэта пры яго паступленні на рэстаўрацыю ў 2017 г. было пазначана, што арыгінальная аснова жывапісу — палатно, сшытае з чатырох частак. Немагчыма было вызначыць першапачатковы фармат карціны з-за таго, што па краях яна была абрэзаная. Палатно было прадубліраванае на ільняное палатно з дапамогаю васкова-маслянай масцікі і нацягнутае на рассоўны экспазіцыйны падрамнік. Заўважнымі былі пропісы па ўсёй паверхні жывапісу, празмернае пакрыццё лакам і нязначнае асыпанне грунту разам з фарбавым слоем. У працэсе рэстаўрацыі высветлілася, што партрэт панаўляўся тры разы, і гэта не супярэчыць матэрыялам хіміка-фізічных даследаванняў. Першы фрагментарны запіс быў зроблены, мяркуючы па стылі раскрытага жывапісу, у XVIII стагоддзі. Але чым была выкліканая неабходнасць схаваць пад запісам выяву даспехаў і ўказуючы на іх жэст рукі — невядома, хоць відавочна, што не тэхнічны стан жывапісу змусіў аўтара зрабіць гэты запіс. Другі запіс быў выкананы ў ХІХ стагоддзі менавіта з прычыны плачэўнага стану партрэта. Страты жывапісу былі значнымі. На шчасце, ацалелі выявы галавы, абутку, упрыгожанняў адзення; у асноўным захаваліся фрагменты жывапісу, у фарбавым слоі якога былі бялілы. Рэстаўратары ХХ стагоддзя падвялі грунт у месцах страты і выканалі рэканструкцыю, якую яны разумелі даволі своеасабліва, бо сказілі аўтарскі замысел да непазнавальнасці. Магчыма, моцна счарнелы аўтарскі лак не даў разгледзець у ацалелых фрагментах ні колеру, ні малюнку арыгінала. Рэстаўрацыю ХІХ стагоддзя завяршылі, напісаўшы ў левым ніжнім кутку карціны нумар «71». Захаваўшы гэты нумар, у 70-я гады мінулага стагоддзя ленінградскія спецыялісты Маркаў і Брындароў рэстаўравалі партрэт. Бясспрэчна, імі былі выкананыя зандажы і пробныя расчысткі, але захаванасць ніжняга жывапісу, напэўна, была такою нязначнаю, што яе раскрыццё падалося ім немэтазгодным, тым больш што запіс выглядаў адносна прыстойна.
У працэсе рэстаўрацыі ленінградцы замацавалі фарбавы слой, падвялі грунты ў месцах страты, прадубліравалі аснову на васкова-смаляную масціку, выдалілі забруджанні і пацямнелы лак, выканалі таніроўкі і... адправілі партрэт у экспазіцыю Дзяржаўнага мастацкага музея БССР, дзе ён паспяхова знаходзіўся пяцьдзясят гадоў. Мэтаю рэстаўрацыі 2017 года было раскрыццё аўтарскага жывапісу, бо, як вядома, асноўны сэнс рэстаўрацыі — захаванне арыгінала. Захаванасць фарбавага слою, выяўленая пробнымі расчысткамі, дазволіла аднавіць партрэт, захоўваючы ўсе прынцыпы навуковай рэстаўрацыі. Першым для расчысткі быў выбраны левы ніжні куток карціны з бачнаю на рэнтгене выяваю даспехаў. Далей ад запісу былі вызваленыя атрыбуты, якія ляжаць на стале, драпіроўка і частка фону. Раскрыццё жывапісу вялося паэтапна. Пасля дадатковага рэнтгенаграфічнага даследавання выявы правай рукі была выканана яе поўная расчыстка: выдалены тры слаі запісу і выдалены пачарнелы аўтарскі лак. У выніку расчысткі правага боку партрэта быў выяўлены фон з архітэктурнымі элементамі, бачнымі на рэнтгенаграме. Высветлілася, што ўстаўка палатна па ніжняй частцы карціны была цалкам перагрунтаваная ў ХІХ стагоддзі. Заключным этапам працы было раскрыццё цэнтральнай часткі партрэта, на якой выявілася пастозная фактура першапачатковага жывапісу. Расчыстка выявіла нюансы экспрэсіўнага жывапісу — выразна ўбачыўся рух пэндзля, які характарызуе аўтарскую манеру працы. Рэтуш стратаў выконвалася ў перыяд з кастрычніка 2017 года да канца снежня 2018 года. Зразумела, што захоўваліся ўсе правілы навуковай рэстаўрацыі: фарба наносілася толькі ў межах яе страты, фактура паверхні і колер адноўленай часткі палатна выконваліся максімальна блізка да фактуры і колеру прылеглых частак жывапісу, таніроўка выдалялася (пры неабходнасці) без усялякай шкоды для захаванасці аўтарскага фарбавага слою. Падчас таніравання рэстаўратарам было зразумела, што аднаўленне стратаў жывапісу ў такім аб’ёме цалкам магчымае без адсябяціны, калі пазбавіць саміх сябе ад спробаў цэласнага ўспрымання, не іграць аптычнымі ілюзіямі, «выключыць» у сабе ўласцівасць нармальнага чалавека мысліць гештальтам. У працэсе напаўнення колерам «архіпелаг» стратаў паступова, нібы сам па сабе, ператвараўся ў камерную прастору чытэльных выяваў, у тым ліку выявы жупана атласнага, сцёганага, з літымі гузікамі, абшытага залатым шнурам па петлях і месцы злучэння верхняй тканіны з падкладкаю, і вось тады футравы каўнер аб’ёмнай дэліі з зашпількамі ювелірнай працы шырока лёг на плячах зусім не шыракаплечага, калі меркаваць па малюнку, які прыпісваецца Хондыусу, князя Януша.
Нівеліроўка і рэтуш стратаў арыгінальнага фарбавага слою праводзіліся на старых (ХІХ ст.) рэстаўрацыйных грунтах, выключна ў межах стратаў, алеем па акварэльнай пракладцы, пругкімі пэндзлямі мінімальных памераў. У працэсе таніравання праявіліся, выбудаваліся тонкія, нечытэльныя ў хаосе стратаў дэталі і нюансы жывапісу. Праявілася жывапісная манера аўтара, нягледзячы на тое, што грунт ХІХ стагоддзя не імітаваў фактуру аўтарскага жывапісу, і гэта стварала праблему адлюстравання паверхні пры нанясенні на жывапіс лаку. Істотнаю праблемаю была поўная страта першапачатковай выявы левай рукі, і таму было вырашана таніраваць ацалелыя фрагменты запісу ХІХ ст. У працэсе работы абмяркоўвалася магчымасць аднаўлення кончыкаў вусоў і пасмы валасоў на галаве князя, бо рэшткі аўтарскага слою сведчылі пра наяўнасць гэтых дэталяў. Рэканструкцыя была выкананая паводле самага блізкага аналага — малюнка, які прыпісваецца Вільгельму Хондыусу. Маштабная сетка на згаданым малюнку, яго павелічэнне ў маштабе, сумяшчэнне контураў з выяваю жывапісу і супадзенне дэталяў пацвердзілі меркаванне супрацоўніка аддзела старажытнабеларускага мастацтва Станіслава Чавуса пра тое, што малюнак з’яўляецца падрыхтоўчым натурным накідам да партрэта і, магчыма, зроблены рукою самога аўтара партрэта — Даніэля Шульца. У выніку чацвёртая рэстаўрацыя партрэта Януша Радзівіла дае мастацтвазнаўцам магчымасць для далейшага вывучэння партрэтнага жывапісу XVII ст. і ўдакладнення аўтарства мастака эпохі барока — прыдворнага майстра польскіх каралёў Даніэля Шульца. Пасля рэстаўрацыі партрэт Януша Радзівіла здабыў веліч, уласцівую гэтаму палкаводцу і палітыку, для якога Вялікае Княства Літоўскае ў супярэчлівай сітуацыі, што склалася ў Рэчы Паспалітай у сярэдзіне XVII ст., заблытанай і незразумелай да сённяшняга часу, была вышэй за ўсё. Сёння, нягледзячы на не цалкам завершаную рэстаўрацыю, можна ўпэўнена гаварыць пра адкрыццё ўнікальнага помніка гісторыі і культуры, пра вяртанне партрэта ў навуковую прастору і экспазіцыю Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. ...Эпіграфам да нашай працы можа быць цытата з ліста князя Януша Радзівіла дваюраднаму брату князю Багуславу ад 26 жнiўня 1655 года: «Аднак час усё адкрые»: «Здаецца мне, што Масква не хоча сварыцца са шведамі, якія за нас з маскалямі сварыцца гатовенькія і ўжо рыхтуюць ім у тыл гасцей. Богам і светам пакінутыя, калі прынялі тую пратэкцыю, калі нас, Літву, выдалі, і калі маскаль стаў у Вільні, чаго Вялікая Польшча не перажывала; а мы з бяды куды кінуцца мелі? Ва ўсялякім выпадку яшчэ не канец, ратаваць нас могуць, і нам адступіць можна. Кажуць, што даўно гэтае замышляў; няхай д’ябал пракляне маю душу, калі аб гэтым думаў раней. З таго часу, як мы з Вільні пісалі ліст, пачалася гэтая справа, калі інакш ратавацца спосабу не было. Аднак час усё адкрые...» * * * ...Метамарфозы партрэта Януша Радзівіла ад часоў яго напісання да нашых дзён маглі б стаць нагодаю для стварэння мультыплікацыйнага гістарычнага фільма. Змены партрэта ў часе маюць свае прычыны...
|
|
|