Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ

УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ

Васіль Паленаў. «Мары», 1894.

Ашаламляльна новым вымярэннем хрысціянскага Аб’яўлення з’яўляецца Трынітарнасць Бога. Гэта фундаментальнае, цэнтральнае вымярэнне, бо яно фармуе і вызначае хрысціянскі светапогляд і тым самым натхняе мужчынаў і жанчынаў дастасоўваць сваё жыццё да трынітарнага досведу. Хоць вернікі і не аспрэчваюць феномен Тройцы наўпрост, але часта ўсведамленне трынітарнасці Бога ніяк не ўплывае на іх жыццё і рэчаіснасць. Паняцце Тройцы нашмат большае за абстрактнае тэалагічнае паняцце, якое выкарыстоўваюць, каб адказваць на пытанні кшталту: «Колькі асобаў і колькі прыродаў у Адзіным Богу?».

Гэты артыкул нельга назваць выключна тэалагічнай рэфлексіяй над трынітарным вымярэння жыцця. Хутчэй, праз позірк на ўкрытае жыццё Езуса і шырэйшае разуменне Яго ўкрытага жыцця я спадзяюся паказаць шлях, які дазволіць больш цаніць уласнае жыццё ў Езусе Хрысце і такім чынам набліжаць нашае штодзённае жыццё веры да трынітарнага вымярэння Божага Аб’яўлення ў Езусе Хрысце. Будуць прыведзеныя тры розныя, хоць і злучаныя між сабою разуменні ўкрытага жыцця Езуса паводле Новага Запавету, а таксама прапануецца глыбей паразважаць пра апошняе, трэцяе разуменне. На заканчэнне прапануюцца некаторыя практычныя высновы.

Укрытае жыццё ў Назарэце

Звычайна мы разумеем укрытае жыццё Езуса як штодзённае жыццё на працягу прыкладна 30-ці гадоў у Назарэце, разглядаючы гэты час як падрыхтоўку да працы і публічнага служэння, якому Езус цалкам прысвяціў сябе ў апошнія гады жыцця. У такім разуменні ўкрытае жыццё азначае прабыванне па-за публічнасцю і без актыўнай дзейнасці. Вельмі відавочна і правільна так разумець гэты выраз, і гэта сведчыць пра вялікую таямніцу. Калі мы ацэньваем выпрабаванні, якія чакалі Езуса ў публічным жыцці, вялікі памер і абсяг апостальскай працы на працягу апошніх трох гадоў Яго жыцця, то міжволі здзіўляемся, чаму Ён так доўга чакаў, каб распачаць яе. Сэрцы вельмі многіх людзей змяніліся і напоўніліся жыццём праз сустрэчу з Езусам, праз Яго канкрэтны дотык, Яго уплыў на іх жыццё. Сваім жыццём і духам Ён прыцягваў і запальваў цэлыя натоўпы. І ўсё ж засталіся многія, у жыццё якіх Ён не ўвайшоў і чые сэрцы Ён не закрануў настолькі асабіста проста таму, што не хапіла часу і сілаў (натуральныя чалавечыя абмежаванні). Калі б Ён не заставаўся ў невядомасці столькі часу, ці не паўплываў бы Ён на больш людзей? Можа, Яго апостальства было б больш эфектыўным і ахапіла б больш людзей? Гэта неверагодная таямніца, якую мы не павінны проста абмінуць.

Таямніца не праясняецца адным толькі ўсведамленнем культурнай сітуацыі Палесціны І стагоддзя. Таямніца застаецца. Што Айцец хоча сказаць пра сваё бачанне жыцця праз схаванае жыццё Езуса? На Апошняй Вячэры Езус гаворыць Філіпу словы, якія праліваюць святло на глыбінную сутнасць гэтага чалавека з Назарэта: «Хто бачыў Мяне, бачыў Айца» (Ян 14, 9). Гэтае выказванне ў пэўным сэнсе нічога не тлумачыць. Але яно з’яўляецца прынцыпам інтэрпрэтацыі ўсяго іншага. Яно гаворыць нам, Хто адкрывае, а таксама Хто і што адкрываецца ў кожным імгненні і ў кожнай падзеі жыцця гэтага Чалавека.

Атрымліваецца, што ў гадах, праведзеных у Назарэце, хаваецца поўнае бачанне жыцця, поспеху і праўдзівых каштоўнасцяў у прасторы веры, і яно адкрывае шлях нашага Айца, які моцна адрозніваецца ад нашых шляхоў (гл. Іс 55, 8–9), і гатовае адкрыцца ўважліваму і засяроджанаму сэрцу. У сучаснай агрэсіўнай, арыентаванай на поспех культуры сэрцу верніка неабходна глыбока і рэгулярна адчуваць містычную моц і цярплівасць Езуса з Айцом, якімі былі напоўненыя ўкрытыя гады ў Назарэце.

І нарэшце, успрымаць укрытае жыццё Езуса найперш як падрыхтоўку, адасобленую ад публічнай дзейнасці, — гэта занадта неглыбока і абмежавана. Укрытае жыццё Езуса — гэта яшчэ і апісанне веры, якою жыў Езус у зямным жыцці, і веры, якой жыве кожны з нас, калі імкнецца наследаваць Яго. Гэтак ціха, але рашуча ўкрытае жыццё Езуса выходзіць за вузкія межы Назарэта. Яно і надалей будзе развівацца, дзякуючы многім сустрэчам, і прывядзе да найглыбейшага і найбольш асабістага пазнання Айца ў неверагодных падзеях Укрыжавання.

Укрыты перад Айцом

Словы апостала Паўла з паслання да Каласянаў аб тым, што нашае сапраўднае жыццё «схавана з Хрыстом у Богу» (Клс 3, 3) сведчаць пра наступнае значэнне ўкрытага жыцця: уласцівасці сэрца і ўключэнне ў актыўную дзейнасць. У сваім жыцці мы таксама сутыкаемся з супярэчнасцямі ў інтэрпрэтацыі падзеяў і ў досведзе, якія ўзнікаюць і ў нас саміх, і ў нашай камунікацыі з іншымі людзьмі, у залежнасці ад таго, перажываюцца і ўспрымаюцца гэтыя падзеі з вераю ці па-за ёю. Але існуе яшчэ незразумелая, але прыгожая супярэчнасць, якая ўзнікае ў межах веры: узрушальная розніца паміж тым, што бачыць і адчувае нашая вера, і што Айцец ведае і чыніць цяпер у нашым жыцці і праз нас. Нашае пачуццёвае ўспрыманне справаў веры заўсёды цьмянае, мы не здольныя ўбачыць падзеі ў іх цэласнасці, тое, як іх натхняе вера і любоў нашага Бога. Паўната справаў веры мусіць быць схаванаю для вачэй веры; у гэтым сутнасць жыцця веры. Але наш Айцец ужо цяпер ведае гэта, справы веры раскрываюцца перад Ім ва ўсім сваім бляску і простасці. Аднойчы Божае Аб’яўленне так паўплывае на нашыя сэрцы, што перад абліччам Айца мы ясна і пакорна спазнаем, якім было нашае жыццё веры.

Але цяпер мы жывём і працуем ва ўкрытасці веры, якая не здольная ясна ўбачыць сэнс нашага жыцця. Не трэба хвалявацца. Калі марна перажываць аб мэтазгоднасці або каштоўнасці нашага жыцця веры, гэта толькі можа знішчыць у нас апостальскую палымянасць. Апостал, які любіць і служыць у веры, павінен вучыцца заўсёды дзейнічаць спакойна, спадзеючыся, што робіць дзеля Айца ўсё магчымае. Не заўжды бывае лёгка не турбавацца аб выніках працы і дазволіць Езусу напоўніць нас спакоем у веры і спадзяваннях перад Ягоным і нашым Айцом. Езусу самому давялося жыць ва ўкрытай веры і надзеі ва ўсіх справах, што здзяйсняліся перад Айцом. Гэтая ўкрытасць веры захавала Яго сэрца і захоўвае нашыя даверліва адкрытымі для поўнай любові моцы Айца, які працуе ў нас і падтрымлівае наш запал.

Даверлівая адкрытасць Айцу ва ўсіх сферах нашага жыцця, абумоўленая схаванай прыродаю нашага ўспрымання веры, вядзе нас да разумення трэцяга значэння ўкрытага жыцця Езуса.

Укрытая блізкасць з Айцом

Мы звяртаемся да найглыбейшага значэння ўкрытага жыцця Езуса, якое ляжыць у аснове тых, што мы ўжо разгледзелі. Уласцівасці сэрца і ўключэнне ў актыўную дзейнасць, пра якія мы гаварылі вышэй, грунтуюцца і сілкуюцца толькі ўзрастаннем блізкасці з Айцом у духоўным жыцці. Менавіта ў гэтым заключаецца трэцяе значэнне ўкрытага жыцця Езуса, якое вядзе нас у самую глыбіню нашага ўласнага духоўнага жыцця.

Звернемся да Евангелля, каб прасачыць, як развіваецца духоўнае жыццё Езуса і Яго блізкасць з Айцом. Думаю, гэта найважнейшая тэма жыцця Езуса, гэтак мы ўваходзім у самую сутнасць Божага Аб’яўлення, якім Ён ёсць. Тут мы не спрабуем разгледзець яе цалкам, а толькі прапануем кірунак, па якім чытач можа рухацца далей у малітве і разважанні. <…>

Адшуканне ў святыні

Карл Ранер SJ у кнізе «Духоўныя практыкаванні» піша: «Калі б укрытае жыццё Хрыста не было ў першую чаргу духоўным жыццём, тады пры ўсім жаданні немагчыма было б знайсці ў ім нешта сапраўды значнае». У звычайнасці свайго дзяцінства ў Назарэце Езус развіваў духоўнае жыццё. Як і любога габрэйскага хлопчыка, Маці, відаць, вучыла Яго маліцца і разважаць над Аб’яўленнямі Старога Запавету. Можна ўявіць, як малы Езус вымаўляе вобразныя словы 139-га псальма. Але настаў асаблівы дзень, калі сэрца Езуса было ўзрушана сутнасцю гэтых словаў так, што Ён натхніўся і пачаў маліцца псальмам як сваімі ўласнымі словамі, звяртаючыся да Бога. Цяпер гэтыя словы сталі адлюстраваннем пачуццяў у сэрцы малога хлопчыка: такі прыгожы пачатак сапраўднага духоўнага жыцця. Свядомыя асабістыя адносіны з Богам сталі развівацца і ўзрастаць. Гады ў Назарэце, схаваныя ад людскіх вачэй, асаблівым чынам характарызуюцца рэлігійным узрастаннем, якое адбывалася ў сэрцы падлетка Езуса.

Таямніца адшукання Езуса ў святыні выразна падкрэслівае гэтае развіццё. Езус адказвае на зразумелую заклапочанасць Марыі і Юзафа таямнічымі словамі: <…> «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?» (Лк 2, 49). Гэтыя словы сведчаць пра духоўнае жыццё і сутнасць асобы Езуса, што адкрыліся ў той момант Марыі з Юзафам і самому Езусу, <…> нібыта двусечны меч, вызначыўшы таксама становішча Марыі і Юзафа ў адносінах да Хрыста. Магчыма, Марыі ўпершыню давялося сутыкнуцца з фактам, што хоць Яна і Маці, Яе Сын насамрэч Ёй не належыць. Яна мусіла па-новаму ўбачыць, якім чынам Ён належыць Ёй (бо, чым больш Ён яднаецца з Айцом, тым больш поўна належыць Ёй і нам таксама). Цікава, ці сам Езус мусіў глыбока задумацца над словамі, якія былі дадзены Яму ў доме Айца.

Езус прабываў у малітве больш за пятнаццаць гадоў, няспынна ўзрастаючы духоўна, і ўрэшце Марыя мусіла сутыкнуцца з тым, што Сын пакіне Назарэт. У гэты ж час паглыблялася Яго духоўная блізкасць з Айцом у сапраўднай любові і даверы, і праз пэўны час яна стала ясным і рашучым пакліканнем пакінуць Марыю і Назарэт (як Абрагам пакінуў Ур, а Майсей — Егіпет). <…> Магчыма, жанчына, якая цалкам раздзяліла жыццё з Сынам, не да канца разумела, чаму Ён выбірае адзінокае жыццё прарока, далёка ад сям’і і роду, аднак Марыя верная свайму абяцанню, якое дала пры Звеставанні, і Яна ахвяруе свайго Сына свету і Айцу. Езус, ведаючы, што павінен ісці за святлом духоўнай блізкасці з Айцом, рашуча накіроўваецца наўпрост да ракі Ярдан, але перад гэтым пяшчотна развітваецца з Маці. Словы «Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму», вядуць Езуса туды, дзе Айцец прабывае для Яго, вядуць на крыж. Такім чынам, менавіта ўкрытае малітоўнае жыццё ў блізкасці з Айцом прымушае Езуса пакінуць Назарэт і жыццё ў невядомасці. <…>

Натхнёны Духам Святым у хросце, Езус пакідае Ярдан з яшчэ большай упэўненасцю ў сваёй еднасці з Айцом і пакліканні быць слугою ў справе перамогі над грахом.

Спакушэнне

Цалкам давяраючы Айцу, Езус па натхненні Святога Духа накіроўваецца ў пустынныя мясціны. Суровасць пустыні не дапускае павярхоўных перажыванняў. Асоба чалавека часта выпрабоўваецца менавіта ў пустыні, <…>, спакуса выяўляе, кім мы ёсць, кім мы можам памылкова стаць і, нарэшце, кім мы павінны стаць. Змрочнасць, аскетычнасць, адзінота пустыні можа падмануць нас, не дазволіўшы адкрыць прыгажосць глыбокай блізкасці з Богам, прабывання з Ім сам-насам. Але Езус не ашуканы пустыняй, бо гэта Дух вядзе Яго ў яе неабдымную цішыню дзеля большага ўзрастання і самавызначэння перад абліччам Айца.

Спакушэнне Хрыста можна лепш зразумець у параўнанні з досведам, атрыманым на рацэ Ярдан. У той час, як Ён яшчэ непасрэдна перажывае нядаўні духоўны досвед, калі пачуў: «Мой Сын, Мой Умілаваны, Мой Слуга», тры спакусы, апісаныя ў Евангеллі, выпрабоўваюць, наколькі гэты досвед праўдзівы, зводзячыся да адной фразы: «Калі Ты Сын Божы…» <…> Ці Езус насамрэч Сын, Слуга, Умілаваны, або падзеі на рацэ Ярдан былі ілюзіяй? Гэтае выпрабаванне самаўсведамлення Хрыста мусіла каштаваць Яму вялізнай унутранай барацьбы і рэфлексіі, перш чым Ён зноў змог выбраць Айца і прыняць досвед Ярдана і сябе як Сына, Слугу і Умілаванага. Евангельскае апісанне абмінае гэтую ўнутраную барацьбу, і спакусы могуць здавацца нам нязначнымі. Але ў рэальнасці яны літаральна рвалі чалавечае сэрца Езуса на часткі. Ён павінен рызыкнуць і, даверыўшыся Айцу, прыняць сваю сувязь з Ім, прыняўшы гэтым і сваё пакліканне.

Праходзячы праз спакусы, Езус сутыкаецца з прывабнай прапановай д’ябла быць Сынам, Слугой і Умілаваным так, як ён гэтага хоча, насуперак таму, як жадае гэтага Айцец. Чаму б не паказаць, што ты сапраўды Сын, Слуга і Умілаваны, ператварыўшы камяні ў хлеб і гэтак бліскуча і эфектна распачаўшы сваё публічнае служэнне? Кожны раз Езус вымушаны ўнутрана адкідаць прапановы сатаны, гэтым самым выбіраючы Айца і адкрываючы шлях, які Ён прапануе. Урэшце Езус усведамляе сваё існаванне і пакліканне ў свеце на новым вызначальным узроўні і ўвесь заглыбляецца ў цудоўную рэальнасць Адзінага Умілаванага Сына ў еднасці з Айцом, гатовага служыць Яму ва ўсім. Сын і Айцец — няма нічога найважнейшага ў гэты момант, калі ўсё жыццё любові і служэння цалкам адкрылася Яму, хоць яшчэ цьмяна. Яго рукі, сэрца і вочы будуць працягваць шукаць, гэта ўласціва чалавеку, але подых Айца ўжо на Ягоным твары. І Хрысту будзе неабходна вяртацца да гэтага перажывання, як і да іншых (як, напрыклад, на рацэ Ярдан і гары Табор), каб умацавацца ў змаганні з цьмянасцю чалавечага пошуку Айца ў гэтым свеце. <…> Еднасць з Айцом стварае настрой сэрца, які будзе надалей узрастаць, даючы цёплую яснасць і выразны кірунак чалавечаму жыццю Хрыста. У гэтым настроі сэрца Ён будзе прымаць усе пазнейшыя рашэнні.

Публічнае служэнне

Езус выходзіць з пустыні «ў моцы Духа» і, як гаворыць Евангелле паводле Лукі, накіроўваецца ў сінагогу ў Назарэце, дзе Ён вырас. Езус старанна абірае для чытання ўрывак з кнігі прарока Ісаі: «Дух Пана Бога на мне, бо Пан намасціў мяне абвяшчаць добрую навіну ўбогім. Паслаў мяне перавязваць раны змучаных сэрцаў, прапаведаваць вызваленне палонным і вязням — свабоду; абвяшчаць год ласкі Пана» (пар. Іс 61, 1–2).

Хрыстус коратка каментуе гэты ўрывак, адкрываючы, Кім Ён ёсць. Айцец Пол Хіннебуш OP у кнізе «Малітва, у пошуку сапраўднасці» пісаў: «Святы Дух выклікае прагу па Айцу». Вось што ён меў на ўвазе: пасля перажытага досведу адзіноты ў пустыні Езус вяртаецца, поўны ўсёпаглынальнай прагі па Айцу, і ў Ім нарастае жаданне аб’явіць Айца ў служэнні ўбогім, палонным, сляпым, спакутаваным і ўсім, хто жыве ў патрэбе. Не дзіва, што натоўп агаломшаны цудоўнаю ласкаю, якой напоўненыя Яго словы! Асабісты глыбокі досвед прабывання сам-насам з Айцом у пустыні напаўняе словы Хрыста такой палкасцю і моцаю пераканання, якія не маглі ўзнікнуць іншым чынам. Відавочна, на Ім быў Дух Айца! <…>

Узрастанне ва ўкрытым духоўным жыцці з Айцом выяўляецца таксама ў частым адасабленні Езуса для малітвы. Немагчыма свярджаць, штo дакладна перажываў Езус, прабываючы ў малітве сам-насам з Айцом, у Яго любові і магутнасці, але нельга адмаўляць, што Хрысту быў неабходны гэты досвед асабістай сустрэчы з Айцом, і ад гэтых малітоўных адасабленняў вельмі моцна залежала і Яго духоўнае ўзрастанне, і ўсведамленне Яго місіі, кірунку, у якім трэба рухацца. <…> Выпадкі, калі Езус адасабляўся для малітвы, часта апісваюцца ў Евангеллі ў кантэксце Яго актыўнай дзейнасці і прысутнасці ў свеце. Напрыклад, у Евангеллі паводле Лукі (гл. Лк 6, 12) распавядаецца, як Езус правёў усю ноч у малітве перад важным выбарам тых Дванаццаці, каго Ён хацеў бачыць Апосталамі. Падчас гэтай доўгай ночы ў малітве паступова прыходзіла яснае рашэнне гэтага пытання, і такім чынам выбраныя мужчыны былі сапраўды дадзеныя Езусу Айцом. Унутраная сіла, яснасць і руплівасць напаўнялі Езуса падчас даверлівай і засяроджанай малітвы, што відавочна адбівалася ў Яго жыцці і праявах Яго дзейнасці, хаця мы можам толькі здагадвацца пра поўнае значэнне гэтай малітвы для Хрыста.

Развагі над жыццём Езуса, спакусамі, якія Ён перажываў, пошукамі і досведам асабістай малітвы і прабывання з Айцом прыводзяць нас да кульмінацыі Яго ўкрытага жыцці і любові ў крыжовых пакутах. <…>

Умілаваны і поўны даверу на крыжы

Менавіта на крыжы ўкрытае духоўнае жыццё Езуса дасягае кульмінацыі ў фінальным даверлівым адданні сябе — гэта вяршыня ўкрытасці і вяршыня жыцця, якое пражываецца ў Богу.

Кпіны і здзекі над Езусам на крыжы — гэта спакуслівая паўната бязвер’я свету. Ён ізноў чуе: «Калі Ты — Сын Божы, сыдзі з крыжа» (Мц 27, 40). Езус павінен яшчэ раз зрабіць выбар і быць Сынам, Слугою і Умілаваным, ідучы шляхам любові Айца. Сітуацыя выглядае цалкам абсурднаю: Айцец просіць маладога таленавітага габрэя пакінуць зямное жыццё на ўздыме Яго сілаў і прыцягальнасці для людзей — у гэтым неразважнасць, вар’яцтва крыжа. Сэнс усяго, што адбываецца, і само адкупленне перадусім знаходзяцца менавіта ва ўкрытым унутраным жыцці Езуса і прабыванні разам з Айцом на крыжы. Крыжовая смерць — гэта поўная і канчатковая праява блізкага і поўнага любові даверу Езуса да Айца. Ён адмаўляецца ад жыцця, бо давярае Айцу, і гэта дае Яму самому і ўсім нам паўнату жыцця. Словы, прамоўленыя некалі ў святыні: «Цi вы не ведaлі, штo Мне трэбa быць у тым, што належыць Aйцу Мaйму?», вялі Яго менавіта да гэтага, і яны зусім інакш прагучалі для Марыі тут, на Кальварыі. Яна вельмі доўга захоўвала іх у сваім сэрцы.

<…> На нейкі момант на крыжы Езус адчувае сябе цалкам аддзеленым ад Айца. Гэта Яго апошні дар. <…> У Езусе бесперапынна ўзрастала ўсведамленне сябе Сынам, Слугою і Умілаваным свайго Айца, а тут, на крыжы, на імгненне ў апошнім шаленстве любові Ён пазбаўлены і гэтага ўсведамлення і таму ўсклікае: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне паікнуў?» (Мц 27, 46). Але нават тады Езус не дарэшты губляе надзею і давер. Цяпер улада граху знішчаная любоўю і даверам Паслухмянага. Магчыма, тады, у цемры і пустыні таго страшнага моманту, у сэрцы Езуса загучаў поўны любові голас Айца ў словах Песні Песняў: «Устань, любы Мой, прыгожы Мой, і выйдзі!» (пар. Пп 2, 13). <…> Айцец кліча Езуса дамоў у такой укрытай блізкасці, якая не паддаецца апісанню, і там Ён «вытра кожную слязу… і ўжо не будзе ні смерці, ні смутку, ні плачу, ні болю» (Ап 21, 4) не толькі для Яго, але і для ўсяго свету, усіх Яго братоў і сясцёр, якіх Ён дарэшты палюбіў тут, на крыжы. У гэтым сэнсе святло і радасць Уваскрасення пачынаюцца ў момант памірання. <…> Таму апошнія словы Езуса на крыжы — гэта Яго адказ Айцу з глыбіні сэрца, натхнёны магутнаю ўнутраную еднасцю з Ім: «Ойча, у рукі Твае аддаю дух Мой» (Лк 23, 46). Гэта гаворыць Сын, да канца паслухмяны і ўмілаваны слуга свайго Айца!

Нашае жыццё веры

Па прыкладзе Езуса і мы пакліканыя будаваць сваё духоўнае жыццё. Езус, наш Уваскрослы Пан, робіць для нас магчымаю тую блізкасць, якою Айцец жадае падзяліцца з кожным: «Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае, кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць» (Лк 10, 22). Менавіта ў гэтым заключаецца сутнасць жыцця веры. Вера — не проста нейкія дзеянні, словы або думкі. Без унутраных блізкіх адносінаў з Айцом, поўных любові і даверу, гэта ўсё толькі абалонка. Веры патрэбна няспыннае навяртанне нашых чалавечых, заплямленых грахом пачуццяў, каб яны перамяніліся ў жывыя і шчырыя пачуцці, як ва Уваскрослага Хрыста, які цяпер, прабываючы ў еднасці з Айцом, жадае суцешыць усіх нас, раздзяліўшы з намі Іх унутранае жыццё. Менавіта гэтае ўкрытае жыццё веры заўсёды адрознівае сапраўднага верніка ад гуманіста, які не мае веры.

Укрытае жыццё веры стварае ў нашым сэрцы настрой, які становіцца крыніцаю ўсіх нашых рашэнняў і дзеянняў. Такім чынам нават найдрабнейшыя ўнутраныя памкненні разглядаюцца намі ў святле блізкасці з Айцом, а ўнутраны досвед спакою ў Богу нараджае ў нас руплівасць і нязломнае жаданне дзейнічаць, <…> чыніць вялікія рэчы для Бога. Такім чынам <…> гэтае ўкрытае духоўнае жыццё непазбежна выяўляецца ў нашай актыўнай, дзейснай прысутнасці ў свеце, у сітуацыях, якія патрабуюць рашучых дзеянняў. Гэтая прысутнасць, вырастаючы з веры, пазначаная спакоем, лагоднасцю, радасцю, пакорнай удзячнасцю і рашучаю руплівасцю. Такая прысутнасць у свеце патрабуе ад чалавека ўважлівага сузірання таямніцаў жыцця Езуса Хрыста, якое стварае ўнутраную гармонію нашага жыцця з Яго ўласным укрытым жыццём глыбокага даверу і любові да Айца. <…>

Нарэшце, унутранае ўкрытае жыццё веры ўзбагачае нашае разуменне Божай Трынітарнасці і адкрывае яго ў самых штодзённых справах, у найбольш звычайных здарэннях. Духа Святога можна разумець як багацце блізкасці і любові паміж Сынам і Айцом. Езус вярнуўся да Айца, каб мы маглі жыць у Ягоным Духу і ўзрастаць ва ўкрытым унутраным жыцці ў блізкасці з Айцом. Ён жадае, каб свет паверыў у Айца і ў Яго Адзінароднага Сына, якія спасылаюць нам свайго Духа: «Каб Ён [Айцец] вам даў, паводле багацця славы сваёй, умацаваць сілы Ягоным Духам дзеля духоўнага чалавека, каб праз веру Хрыстус пасяліўся ў вашых сэрцах» (Эф 3, 16–17).

Пераклад з англійскай мовы Юліі Шэдзько.
Паводле: «Review for Religious 34», 1975.

P.S. Рэдакцыя дзякуе спадарыні Тэрэсе Клімовіч
за прапанову гэтага тэксту.


Джордж А. Ашэнбрэнэр SJ — езуіт, кіраўнік навіцыяту ў супольнасці св. Ісаака Жога ў Вернэрсвілі ў Пенсільваніі (ЗША). Аўтар некалькіх кнігаў па тэалогіі. Супрацоўнічае з універсітэтам у Скрэнтане ў Пенсільваніі, больш за 20 гадоў праводзіць ігнацыянскія духоўныя практыкаванні.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY