|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Як цяпер, чую я звонкі, бадзёры голас Мар’яна Мікалаевіча: «Дзень добры! Як справы?» Бачу яго добрую ўсмешку, уважлівыя вочы. Гэты чалавек іскрыўся светлай, шчырай энергіяй, адорваў акружаючых яго людзей цяплом сваёй душы, заражаў сваім аптымізмам, які ён пранёс праз усё жыццё, не страціў падчас выпрабаванняў і нягодаў. Безумоўна, дапамагала яму ў гэтым яго творчасць. У ягоных вершах адлюстроўваюцца боль і радасць, перажыванні і трывогі, шчаслівыя імгненні і светлыя надзеі. Тонка адчуваў ён прыгажосць роднага краю, быў песняром прыроды і чалавечай душы, моцна перажываў за наш час, за залішнюю прагматызацыю жыцця, страту духоўнасці: «Эпоха прыйшла не мая. // Рулюе паўсюдна прагматык. // Учэпісты практык. А я // на ўзбочку — музейны рамантык». Але любоў да Айчыны была мацнейшаю за горыч расчараванняў: «Ты — толькі ад Бога, //святло з-пад аблокаў. // Ты — дрэва, з якога // кроў сыціцца сокам». Вельмі любіў паэт сваю вёску Солы з прыгожым касцёлам у цэнтры, у якім маліўся і спяваў у парафіяльным хоры... Ягоная шчырасць і душэўнасць заўсёды адчуваліся і ў размовах па тэлефоне, за многія кіламетры. Пасля такіх размоваў з Мар’янам Мікалаевічам надоўга заставалася пачуццё бадзёрасці, нібы сонейка зазірнула ў душу і сагрэла яе сваім святлом. Я вельмі ўдзячная лёсу і ганаруся тым, што мне давялося быць знаёмаю з гэтым высакародным чалавекам. Тое, што яго цяпер няма сярод нас, — вялікая страта для ўсіх: для яго сям’і, яго родных і блізкіх, для яго сяброў і калегаў, для ўсіх чытачоў. Нам у суцяшэнне засталіся ўспаміны і вершы, праз якія паэт працягвае размову з намі, у якіх ён таксама жыве. Мне здаецца, што душа яго і з нябёсаў назірае за намі, лунае над Соламі, над Беларуссю і па-ранейшаму хоча зрабіць нешта добрае, даць параду, дапамагчы. Ён сам — нібы нястомны шыпшыннік з яго верша: «Хоць снежныя хмары // збіраюцца дзесьці — // у неба // з калючага лезеш адзення. // Далей — у зіму — // парываешся несці // трываласць пладоў // і нястомнасць цвіцення». Алена Сямёнава-Герцаг
Гл. таксама:
|
|
|