Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Лідзія КАМІНСКАЯ

МАСТАК СВЯТЛА І БОЖЫХ ТАЯМНІЦАЎ

Пра адметнасць творчасці Сяргея Шэмета


Галерэя - дадатак да артыкула

Гартаючы кнігу водгукаў на адной з мастацкіх выставаў, прачытала цікавы, не банальны запіс: «У Вашы пейзажы хочацца ўвайсці і застацца ў іх». Так, ёсць такія пейзажы — і даўнія агульнапрызнаныя, і не надта вядомыя, якія вельмі нас кранаюць, і таму ў іх «хочацца ўвайсці». А яшчэ ёсць пейзажы, каля якіх стойваецца дыханне. Каля іх няма жадання «ўвайсці», каб не парушыць нават гэтым жаданнем іх дасканалую гармонію, іх таямніцу, у якой нібы сабраныя праменні Божай хвалы — «над Беларусяй ціхой і ветлай», як геніяльна-проста напісала Наталля Арсеннева. Менавіта так успрымаецца пейзаж Сяргея Шэмета «Гальшаны. Аранжавы вечар» (2003), дзе Божыя праменні сабраныя, а не рассыпаныя, і цёплага бурштынавага святла і бязмежнага спакою на карціне столькі, што здаецца, быццам святло ідзе не зверху, з глыбіні палатна. І неба на палатне не блакітнае, а таксама залаціста-цёплае, і толькі лёгкія блакітна-бэзавыя фарбы воблака-зігзага нагадваюць пра тое, што гэта ўсё ж такі неба. Напэўна, так можна маляваць шчасце… Напэўна, так можна маляваць радасць ад усведамлення таго, што гэты свет падараваны табе «проста так» і назаўсёды. Так можна маляваць любоў і ўдзячнасць. Проста рэчка, проста яе берагі, парослыя травою, кустоўем і дрэвамі, проста — хаткі ўдалечыні і проста касцёл, які не дамінуе і не ўзвышаецца, — проста ёсць. Так Сяргей Шэмет далучае нас да свайго роздуму пра Божы свет — просты і таемны… Так ён запрашае нас у родныя мясціны, у свой маленькі рай на зямлі — у «Гальшаны ўвечары» (2005), у «Яблыневы сад» (2006), на «Далёкае возера» (2003) і ў свае «Ашмяны над ракою» (2010), ставячы на гэтым шляху мноства букетаў з ружамі — «Чырвоныя ружы» (2008), «Белыя ружы» (2011), «Ружы на стале» (2007)…

Пра творчасць Сяргея Шэмета мы ў сваім часопісе і згадвалі і асобна пісалі ўжо двойчы. Першаю была публікацыя Галіны Багданавай «Пленэр пад знакам духоўнасці» (№ 3, 2004 г.), у якой апавядалася пра мастацкі вернісаж, прысвечаны 500-годдзю Будслава, а папярэднічаў гэтаму вернісажу пленэр «Будслаў-2004», у якім прынялі ўдзел дзесяць беларускіх мастакоў — Мікалай Кірэеў, Юрый Алісевіч, Пётра Багданаў, Ігар Гардзіёнак, Вольга Гардзіёнак-Кірэева, Ліліяна Гудава, Ірына Каваленка, Таццяна Сіплевіч, Лада Шчасная і Сяргей Шэмет. Гэта была ўнікальная акцыя, але найперш яна была па-святому прыгожая, гарманічна-ўзнёслая, з трапяткімі свечкамі ў руках і каля карцінаў і, вядома ж, з незабыўнымі ўражаннямі і пачуццямі, якія засталіся ў сэрцах і на палотнах. Адна з працаў — краявід Сяргея Шэмета, была тады падараваная кардыналу Казіміру Свёнтку, якому прысвячалася фотавыстава побач з мастацкай экспазіцыяй…

Другой асобнай публікацыяй менавіта пра карціны Сяргея Шэмета было эсэ Дануты Бічэль, якая напісала пра выставу мастака «У пошуках сіняй птушкі» ў гродзенскай галерэі імя Антонія Тызенгаўза. Сваё эсэ Данута Бічэль назвала «Сіняя птушка шчасця — гэта Будслаў» (№ 1, 2006 г.), і ўжо самою гэтаю назваю было вельмі многае сказана і пра асобу мастака, і пра змест яго творчасці. Захопленая святлом і цеплынёю фарбаў на палотнах Сяргея Шэмета, Данута Бічэль і на вокладцы сваёй кніжкі «Дайсці да Каложы» (2017) папрасіла нашага мастацкага і тэхнічнага рэдактара Алега Глекава змясціць выяву яго «Каложскай царквы» (2005), і цяпер Каложа атуляе сваёю бурштынаваю цеплынёю старонкі адметнай духоўнай паэзіі. Менавіта ў жаданні святла, вечнага, высокага, таемнага, мы вырашылі яшчэ раз звярнуцца да творчасці Сяргея Шэмета напярэдадні Будслаўскага фэсту.

Мастакі вельмі па-рознаму малююць Будслаў, дакладней — яго слынны касцёл. Сёння ўсе католікі ўпэўнена могуць сказаць: «Наш Будслаў», а некаторыя з мастакоў гэтак жа ўпэўнена могуць сказаць: «Мой Будслаў», і гэта будзе іх шчасліваю творчаю праўдаю. Здавалася б, як можна па-рознаму маляваць адну і тую ж архітэктуру, той самы помнік? Можна, калі для цябе гэта не проста архітэктура, не проста культавы помнік, а... І тут можна гаварыць розныя словы: святыня, надзея, апірышча, паратунак, збаўленне, цуд, Сіняя птушка... А можна не гаварыць нічога, бо няма нічога больш уласнага, інтымнага, чым нашы адносіны з Богам, асабліва — з Божаю Маці. Вось так і нараджаецца па-дзіцячаму наіўнае, уласніцкае слова «мой» — «мой Будслаў», і хоць гэтага слова няма ў назвах карцінаў, яно ціха жыве ўнутры, у сэрцы.

У большасці палотнаў нашых мастакоў будслаўскі касцёл дамінуе як дасканалы, надзейны, светла-ўзнёслы карабель. Моцна ўкаранёны на зямлі, ён нібы гатовы стартануць уверх, у неба, і запрашае нас да гэтага палёту, і аднойчы гэты палёт адбудзецца (для кожнага з нас), а касцёл застанецца на зямлі, рыхтуючы да нябеснага падарожжа іншых пілігрымаў. Менавіта як нябесна-зямны карабель паказаны будслаўскі касцёл на палотнах Мікалая Кірэева («Будслаўскі матыў») і Таццяны Сіплевіч («Будслаў»), а Вольга Гардзіёнак-Кірэева на карціне «Будслаў» увогуле намалявала дзівосна-казачны рай, у сінім небе якога, акружаная зоркамі, лунае Маці Божая з Дзіцем на руках. Крыху казачным, але і рэальна зямным (бо да яго прытуленыя местачковыя пабудовы) паказаны Будслаў на палатне Сяргея Шэмета, таксама з простаю і вельмі напоўненаю назваю — «Будслаў» (2004). Рэальна зямным яго робіць і звілістая пясчаная дарожка да касцёла, а казачнасці дадаюць нерэальна яркія, незямныя фарбы: на ўсхваляванай лілова-сіняй зямлі нібыта пакінула сваё дыханне Сіняя птушка, а дзіцячае жаданне мастака сказаць «мой Будслаў» выявілася ў тым, што ён па-дзіцячы, агульным чырванавата-бурштынавым абрысам моцна, шчыльна прытуліў да касцёла і дрэвы, і як бы ўсё мястэчка. Гэты «Будслаў» Сяргея Шэмета, дакладней — яго касцёл, больш нагадвае замак ці палац, бо ў ім жыве Маці Божая, і, напэўна, для таго, каб паказаць, што гэта Яе жытло, Яе замак, мастак змясціў Яе абраз проста ў небе над касцёлам.

Ёсць у Сяргея Шэмета і пазнейшая выява Будслава, дзе касцёл намаляваны дакладна-рэальна і таксама падобны да нябесна-зямнога карабля, і над ім таксама змешчаны абраз Маці Божай. Гэтае палатно адметнае рысамі класічнасці, характэрнай для напісання гістарычных помнікаў, але дрэвы абапал дарожкі да касцёла відавочна нагадваюць пілігрымаў, якія нібы застылі ў малітоўнай пашане. На гэтым палатне больш прасторы неба, і гэтая прастора, і дарожка з дрэвамі-пілігрымамі нібы заклікаюць: прыходзьце, у Маці Божай Будслаўскай для ўсіх хопіць месца!.. Згадаю, што адна з выяваў Будслава Сяргея Шэмета была змешчана на вокладцы нашага часопіса (№ 2, 2013 год), а на вокладцы гэтага нумара мы вырашылі змясціць «Сквер у Будславе» (2009) — вельмі цікавая праца, у якой Сяргей Шэмет, цалкам адступіўшы ад рэалізму, праз густыя фарбы і шчыльную кампазіцыю наблізіўся да мастацкага ўвасаблення Хрыстовай просьбы-малітвы: «Каб усе былі адно»... (Ян 17, 21). У гэтае мастакоўскае «адно» Сяргей Шэмет аб’яднаў і касцёл, больш падобны да казачнага воблака-замка, і дрэвы-пілігрымы, якія ўжо не «ідуць» паасобку, а згуртаваліся ў адно, быццам прыціхлі на малітве, а можа, перадаюць праз свае кроны традыцыйны каталіцкі знак супакою, а ў сярэдзіне дрэваў, у кронах, як дзіцячы «сакрэт», які не адразу ўбачыш, мастак змясціў лёгкую выяву Маці Божай з Дзіцем — гэта Яна робіць нас адным, усіх прытуляючы да сябе, — лістотаю, кронамі, карэннямі. Мы — дрэвы, і Яна (з Ім на руках!) — сярод нас. У агульную прыглушанасць шчыльных фарбаў палатна прабіваецца ўпэўненае святло — так бывае раніцаю, калі аднаўляецца Божая міласэрнасць, бо мы проста прачнуліся, і проста зноў жывыя, а прыглушанасць фарбаў быцця зноў нясе ў сабе таямніцу спакою і суцяшэння...

Для Сяргея Шэмета зварот да святла і болесцяў Божых таямніцаў, да духоўных вобразаў і сюжэтаў не быў ні пакутлівым шляхам у пошуках свайго «я» ў жыцці і ў мастацкай творчасці, ні прарывам да адвечных хрысціянскіх праўдаў. Евангельскія вобразы і сюжэты натуральна, як паветра, з маленства ўваходзілі ў яго жыццё праз касцёл — ён католік, нарадзіўся ў Ашмянах, а хрысцілі яго ў Барунах, бо і ў Ашмянах, і ў Гальшанах касцёлы ў 1970-я гады былі зачыненыя. У размове ён па-дзіцячы шчыра прызнаўся, што ў маленстве не вельмі разумеў сэнс некаторых малітваў (асабліва «Веру ў Бога...»), але мама хацела, каб сынок іх ведаў, а ён быў (і ёсць) паслухмяным, ну і яшчэ, відаць, жыве ў ім тое, што генетычна ўласціва кожнаму, хто нарадзіўся ў хрысціянскай заходнебеларускай сям’і, — боязь Божая. Сузіранне суровых стацый Крыжовага шляху, якія ёсць у кожным касцёле, таксама фармавалі і гэтую добрую Божую боязь, і пашану да пакуль яшчэ не ўсвядомленых таямніцаў. Як і ўсе ў маленстве, любіў казкі і асабліва ілюстрацыі да іх, таму такімі прыцягальнымі на доўгія гады сталі вобразы Сіняй птушкі шчасця і чароўна-таемнай царэўны-лебедзі на карціне знакамітага рускага мастака Міхаіла Врубеля. З юнацтва быў захоплены паэзіяй Лермантава, Каўказам, а пазней — творчасцю Андрэя Таркоўскага (нават зняў свой кароткаметражны фільм).

У Сяргея Шэмета вельмі добрая адукацыя: у 2010 годзе ён абараніў, што рэдка здараецца з мастакамі, доктарскую дысертацыю па тэме «Пошук святла — мастацкая інтэрпрэтацыя ў біблейскім сюжэце» ў Акадэміі мастацтваў імя Яна Матэйкі ў Кракаве.

...Вядома ж, можна навучыцца выдатна маляваць (пісаць, як настойліва гавораць некаторыя мастакі), але нельга навучыцца быць мастаком — бачыць, раптоўна адчуваць, ведаць, што гэта табе падуладнае, што ты зможаш і нават павінен, бо не дарэмна ж табе дадзены гэты адметны дар. Як можна (як трэба?) маляваць евангельскія сюжэты, калі ўжо створаныя сусветна вядомыя шэдэўры? Можна. Сяргей Шэмет па сутнасці стварыў сваю адметную мастацкую Евангеліяну, і нават не шкада, што яна раскіданая па-за межамі Беларусі, бо і Звеставанне, і Спасланне Святога Духа, і Вербніца, і Пасха належаць не дзвюм культурам (беларускай і польскай), а ўсяму свету. Пералік евангельскіх сюжэтаў, створаных Сяргеем Шэметам, будзе доўгім і важкім, і наўрад ці трэба яго рабіць, бо найперш карціны трэба глядзець і... таксама бачыць.

Думаючы пра евангельскія вобразы і сюжэты ў творах Сяргея Шэмета, запінаюся на слове «сюжэт», бо мастак па сутнасці адлюстроўвае даўно вядомыя кожнаму хрысціяніну рэальныя дзеі і падзеі, якія ажываюць для нас кожны год у нашай хрысціянскай практыцы. І якая ж з іх найважнейшая ў нашым жыцці? Мудрацы гавораць, што гэта — смерць, і гэта востра разумееш перад палатном Сяргея Шэмета з назваю «Таямніца Пераходу» (2017). Калі наш мастацка-тэхнічны рэдактар Алег Глекаў надрукаваў для мяне гэтую работу на камп’ютары, я паклала яе ў сумачку і, едучы ў метро, адчувала, што ў мяне там нібыта ляжыць... частка Плашчаніцы, настолькі моцная энергетыка ў гэтай працы.

...Мы ўсе, як Езус на гэтым палатне, аднойчы будзем накрытыя белым покрывам нябыту. Як пазнаць (апазнаць) нежывога, які амаль цалкам закрыты покрывам? І покрыва такое дарагое, бела-серабрыстае, урачыста-чыстае, з мноствам доўгіх хвалістых складак. Так дорага, беражліва, прыгожа атуляюць вельмі дарагога, роднага чалавека, каб хоць гэтак нарэшце злагодзіць змучанае, скалечанае, скрываўленае. Так мастак атуліў цела Езуса. На бела-ўрачыстым покрыве няма ні крыві, ні плямаў (гэта не Плашчаніца). Пад ім нібыта яшчэ ёсць дыханне. Там адбываецца Пераход — таямніца Пераходу. І покрыва нібы набывае лёгкую рухомасць і значнасць іпастасі вады, якая выцекла з Яго боку і стала ўрачыстым покрывам Пераходу. Складкі — як хвалі вады. Лёгкасць. Ужо лёгкасць... Не з праху — у прах, а з Духа — у Дух. Покрыва з крыві — уверсе. І ўвесь Езус, нябачны пад покрывам, як доўгенькая серабрыстая рыбка, працятая ўвесну нечым невыносна балючым і выкінутая на бераг Збаўлення. Як пазнаць Яго пад покрывам? Вось Яго рука, правая, прабітая, звернутая да нас («Я з вамі!»), амаль дакранаецца да краю палатна, у якога, здаецца, не можа быць рамкі... Нага, таксама правая, аголеная амаль да калена, з прабітаю ступнёю... Ужо не баліць... І раптам ясна разумееш сэнс урачыстага свята Божага Цела, калі адзінае шчыльнае мноства людзей, працэсія, як вялікая жывая рыбіна, містычнае жывое Цела Хрыста, ідзе за Ім, прысутным у Гостыі. Перад такімі творамі стаяць на каленях... І нават іх хвіліннае сузіранне працінае важным усведамленнем таго, што перад гэтаю Ахвяраю ўсё мізэрнае, але роспачы няма, бо Хрыстус апазнаны і пазнаны, і ўрачыста-чыстае покрыва на Ім абяцае Уваскрасенне, і ў гэтым сэнс смерці як найважнейшай падзеі ў жыцці кожнага чалавека — хрысціяніна. Важна, што чакае нас пасля... А яшчэ важнае разуменне, што Езус не толькі найвышэйшая сутнасць, але і чалавек, і праз Яго кожны чалавек — не толькі чалавек, бо вяршыня яго сутнасці ўзыходзіць у сферу Божага невядомага, і яго канчатковае прызначэнне раскрываецца менавіта праз смерць, Пераход і ўваскрашэнне. І тут хочацца працытаваць радкі Караля Вайтылы з яго «Развагаў пра смерць» (у перакладзе Крыстыны Лялько):

<. . .>
таемнасць Пераходу,
у якой
парадак прамінання адваротны,
бо прамінаем ад жыцця да смерці —
такі ўжо досвед і рэальнасць.
Праз смерць і да жыцця —
вось таямніца.

Езус — гэта Пазнанне, якое пераўзыходзіць усе нашы пазнанні...

Пра што можна гаварыць пасля «Таямніцы Пераходу»? Напэўна, пра спакойны, усёдаравальны твар Маці Божай на Шэметавых палотнах і пра Езуса шчаслівага — Езуса ў вінаградніку, таксама поўнага любові і спакою — і такі Езус ёсць на палатне Сяргея Шэмета, і Яго выява таксама была змешчаная на адной з вокладак нашага часопіса (№ 1, 2016)...

А яшчэ хочацца сказаць пра анёлаў на палотнах Сяргея Шэмета. Яны ў яго сапраўды адметныя і розныя, хоць і ўзятыя з адной сферы — Валадарства Нябеснага. Шэметавы анёлы, узятыя ў трохкутнік, як гэта рабілі майстры італьянскага рэнесансу, нагадваюць рыбак — водна-касмічных, і гэтае падабенства дасягнутае не толькі вертыкальнасцю формы, выцягнута-завостранага трохкутніка, але і выбарам фарбаў — спалучэннем сонечна-залацістых (бо Езус прыйшоў на зямлю як Святло і Сонца) і блакітна-сіне-фіялетавых (фарбаў таямніцы і пакуты). У Шэметавых анёлаў сумныя чалавечыя твары, менавіта чалавечыя — яны не маюць прыкметаў полу, і ўсё ж бесцялесныя істоты, створаныя фантазіяй мастака, трошкі падобныя да людзей (як пісаў Булат Акуджава, «и грустные, как жители земли»). Асобныя выявы анёлаў я назвала б партрэтамі — яны нават так і падпісаныя мастаком, канкрэтна, як пра асобу: «Анёл» (2008). Іншыя анёлы (не партрэты), з традыцыйнымі крыламі (і без іх), з традыцыйным супакаяльна-мірным жэстам рук і німбамі, насяляюць многія творы Сяргея Шэмета: «Звеставанне» (2004), «Спасланне Святога Духа» (2005), «Пастухі» (2007)...

Шэметава Евангеліяна падобная да поўнаметражнай стужкі, створанай адзінствам біблійных падзеяў, таемнасцю фарбаў і нябачнай прысутнасцю Святога Духа, знакавым увасабленнем якога з’яўляюцца анёлы і рэдкія выявы птушкі, як на палатне «Святая Сям’я па дарозе ў Егіпет» (2004). Дзіўным чынам таемнасць Шэметавых фарбаў (светла-сініх, сініх, бэзавых, фіялетавых, смарагдавых) стварае ўражанне, што неба і вада (асабліва вада) разлітыя амаль ва ўсёй яго Евангеліяне — не асобна, а менавіта разам, узаемапранікальна, быццам стварэнне свету ўсё яшчэ працягваецца і з вады хросту нараджаюцца новыя дзеці Божыя, і Святы Дух усё яшчэ носіцца над водамі, як сказана ў Кнізе кніг. У асобных працах Сяргея Шэмета выразна дамінуе неба з яго пераможным залатым святлом, як на карціне «Звеставанне» (2009), але ў палотнах «Цудоўны ўлоў» (2002), «Акварыум» (2009) дамінуе-пануе таемная вада — гэтыя палотны насычаныя адным з найважнейшых сімвалаў-знакаў хрысціянства — рыбаю, і хочацца, каб гэты Божы ўлоў быў бясконцым, як бясконцыя Яго неба і вада...

Мастацкая Евангеліяна, створаная Сяргеем Шэметам, здаецца, невычэрпная для сузірання і размовы пра яе, і мы абавязкова яшчэ вернемся да творчасці гэтага сапраўды адметнага хрысціянскага мастака. Дарэчы, ён выдатны партрэтыст, які стварыў серыю рэальных святарскіх партрэтаў — ксяндза Міхала Сапоцькі, Яна Паўла ІІ (Караля Вайтылы), польскага ксяндза Марыуша Трабы, біскупа Гжэгаша Кашака і іншых цікавых асобаў.

...На шчасце, нашы беларускія мастакі, у адрозненне ад пісьменнікаў, стварыўшы сваё творчае братэрства, застаюцца адным непарушным, моцным цэлым — яны, кожны па-свойму, малююць-пішуць-ствараюць у прасторы палотнаў сваю беларускую Беларусь, у тым ліку веруючую, хрысціянскую, і мы чакаем ад іх новых выставаў і новых твораў, бо яны прыгожа, годна «ідуць праз вернасць» самім сабе і свайму Краю. Разам з усімі ідзе праз веру і вернасць мастак Сяргей Шэмет, які ўсведамляе, што святло яго творчасці немагчымае без святла Найвышэйшага Творцы, без ласкі Маці Божай, адна з выяваў якой чакае сваіх пілігрымаў у Будславе, дзе амаль кожны год падчас славутага фэсту праліваецца ачышчальны дождж — святая вада са святога неба.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY