Home Help
Пра нас Аўтары Архіў Пошук Галерэя Рэдакцыя
2(88)/2019
Вялікія містыкі

УЗЫХОД НА ГАРУ КАРМЭЛЬ
Тэалагічныя рэфлексіі
Джордж А. АШЭНБРЭНЭР SJ
УКРЫТЫЯ Ў ЕЗУСЕ ПЕРАД АЙЦОМ
Інтэрв’ю

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»
Пераклады

СУЧАСНЫ АПОКРЫФ
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва

«ЧАС УСЁ АДКРЫЕ...»
Проза
In memoriam

ВАЛУН КАЛЯ ЛІНЦА

«НЯСТОМНЫ ШЫПШЫННІК!..»

ВЕРШЫ
Паэзія

ВЕРШЫ
На кніжнай паліцы

«ГЭТЫЯ ТРЫ...»
Проза

РАКАЎСКІ ФЭСТ
Архітэктура

Юлія ШЭДЗЬКО

«АДКРЫВАЦЬ БОЖУЮ МУДРАСЦЬ І ДЗЯЛІЦЦА ЁЮ…»

Размова з айцом Раманам Шульцам ОР, пробашчам парафіі св. Казіміра і св. Ядвігі ў Магілёве

Каля цудоўнага абраза Маці Божай Балеснай. Францішканскі касцёл у Асечна.

— Ойча Рамане, дзякуй Вам за шматгадовае супрацоўніцтва з нашымі выданнямі і за Вашую згоду на інтэрв’ю. Адчуваецца, што Вы — чалавек на сваім месцы і знайшлі сваё жыццёвае пакліканне. Падзяліцеся, калі ласка, досведам, як шукаць, як прыслухоўвацца да Божага голасу ў гэтай справе?

— Для пачатку распавяду пра адно здарэнне з майго юнацтва. Калі мне было прыблізна 13 гадоў, я часта хадзіў лавіць рыбу. Аднойчы я пайшоў на раку і доўга не мог нічога злавіць, здавалася, я так і вярнуся дамоў без рыбы. Тады ў маім сэрцы раптам з’явілася думка, з якою я звярнуўся да Пана Бога: «Калі я цяпер закіну вуду і злаўлю рыбу, пайду ў ордэн да францішканаў». І злавіў! Думаю, гэта было па-дзіцячы, несур’ёзна, але сведчыць пра тое, як уплывае на думкі і рашэнні чалавека асяродак, у якім ён расце. Я нарадзіўся ў мястэчку Асечна, дзе было каля 2 000 жыхароў. З пачатковай школы я служыў міністрантам пры кляштары францішканаў. Я не стаў францішканінам, але духоўнасць святога Францішка паўплывала на мяне, я дагэтуль памятаю спевы і антыфону да святога Антонія, якія гучалі падчас аўторкавых набажэнстваў, і мяне дагэтуль узрушаюць іх тэксты і мелодыі. Гэта немагчыма забыць: «Калі шукаеш цуду, ідзі да Антонія, ад яго ўсе ласкі атрымаеш…» Прыгожыя мелодыі і глыбокія тэксты, якія выконвалі таленавітыя маладыя арганісты з навіцыяў ордэну, надзвычай уражвалі нас, удзельнікаў літургіі. У францішканскім касцёле ў Асечна, прыгожа і аскетычна пабудаваным, з разнымі дубовымі алтарамі, спявалася шмат прыгожых эмацыйных твораў. Узгадваю рэфрэн гімна: «Вось Бог наш, нашая песня, яна гучыць у сэрцы, як рог залаты. Браты! Узнясем жа штандары! Хто супраць нас, калі Бог з намі!». Увесь касцёл ахвотна спяваў, і я разам з усімі, гэта быў адзін з нашых улюбёных спеваў. Я лічу, што сустрэчы з братам Базылём, апекуном міністрантаў, айцом Блажэем, цудоўным прапаведнікам з добрым пачуццём гумару (людзі смяяліся і плакалі падчас яго казанняў), атмасфера сардэчнай малітвы і францішканскі дух «Pax et bonum», «Супакой і дабро» ў вялікай ступені паспрыялі фармацыі майго хлапечага сэрца і дапамаглі адкрыць сваё пакліканне.

— Чым жа Вас прывабіў дамініканскі ордэн?

— У жыцці Пан Бог дае чалавеку знакі. Адным з такіх знакаў быў для мяне музычны інструмент, які тата даў мне ў рукі на пачатку навучання ў школе, сказаўшы: «Будзеш граць на кларнеце». Я з ахвотаю ўзяўся за справу. Пасля заканчэння школы ў Лешне, дзе я таксама атрымаў прафесію токара і ўзельнічаў у аркестры, я паехаў у Познань. Там я стаў вучыцца ў тэхнікуме на механіка і адначасова ў музычнай школе па класе кларнета. Апроч гэтага, мы вучыліся граць на фартэпіяна. Маёй настаўніцай была актыўная каталічка, звязаная з познаньскімі дамініканамі. Яна скіравала мяне ў душпастырства школьнікаў, якім займаўся тады яшчэ зусім малады дамініканін айцец Ян Гура ОР. Там я граў на гітары падчас Імшаў і на кларнеце, калі бывалі чуванні. Я памятаю, што, калі спавядаўся ў айца Яна, яго ўразіла мая рэлігійная неадукаванасць, і ён параіў мне чытаць рэлігійную літаратуру і клапаціцца пра сваё сумленне. Айцец Ян граў на кларнеце, як і я, гэта нас яднала, але размовы на іншыя тэмы не атрымліваліся. Але ён быў мудры душпастыр і ўважлівы чалавек. Разумеючы, што мне патрэбнае духоўнае кіраўніцтва, ён употай папрасіў аб гэтым іншага дамініканіна, айца Яна Спежа ОР, які падышоў да мяне ў душпастырстве, каб пазнаёміцца. Гэтая сустрэча прынесла бясцэнны плён: шмат гадоў споведзяў і размоваў. Я навучыўся ў айца Спежа, што пабожнасць і розум павінны заўжды ісці ў пары.

У Познані я пазнаёміўся і з іншымі дамініканамі: айцом Тамашам Алексіевічам і айцом Тамашам Паўлоўскім. Як шмат мог бы я распавесці пра гэта! Я моцна захацеў стаць дамініканінам, бо гэтыя айцы і на амбоне, і ў жыцці былі вельмі нармальнымі — не магу знайсці іншага слова. Яны так непасрэдна і адкрыта дзяліліся Божым словам, што іх хацелася слухаць. Такім чынам, дзякуючы музыцы і сустрэчы з настаўніцай фартэпіяна я пазнаёміўся з цудоўнымі дамініканамі, і гэтае знаёмства захапіла мяне і пэўным чынам натхніла стаць дамініканінам.

Здымак з Першай святой Камуніі 21 мая, 50 гадоў таму. У гэты самы дзень 25 гадоў таму айцец Раман Шульц атрымаў святарскае пасвячэнне.

— Што Вы лічыце галоўным у святарскім служэнні, абапіраючыся на 25-гадовы досвед?

— Я шчыра ўпэўнены, што менавіта абвяшчэнне Божага слова (без гэтага харызмату ніхто не становіцца дамініканінам) натхніла мяне ў святарстве і захапляе дагэтуль. Але з самага пачатку і да сённяшняга дня гэта не толькі самарэалізацыя і радасць, а яшчэ цяжкая праца і неспакой. Гэта творчы неспакой, які накіроўвае маё сэрца да Духа Святога, каб Ён адарыў мяне ласкаю прапаведавання. Нягледзячы на тое, што я рыхтуюся да казанняў і канферэнцый, ува мне застаецца няўпэўненасць, і я прашу Пана аб дапамозе: «Без Цябе я нічога не магу зрабіць». Чым даўжэй я абвяшчаю Божае слова, тым больш упэўніваюся, што без засяроджанай малітвы і без духоўнага чытання я не змагу даць вернікам тое, што праз мяне жадае ім даць Пан Езус.

— Што самае прыемнае для Вас у Вашым служэнні, што прыносіць найбольш радасці?

— Прыемнае заўсёды звязана з пэўнымі высілкамі. Напрыклад, калі я раз на месяц пішу разважанне над Евангеллем для інтэрнэт-старонкі часопіса «Ave Maria» або артыкул для магілёўскага штотыднёвіка «Чацвер», то адчуваю цяжар і напружанне, якія мінаюць толькі тады, калі тэкст скончаны. Калісьці, праз некалькі месяцаў пасля святарскага пасвячэння, мой прыёр ва Уроцлаве, айцец Андрэй Канопка ОР, паслаў мяне на рэкалекцыі для моладзі ў катэдральным касцёле ў Камені Паморскім, і я быў перакананы, што ён памыліўся, паслаўшы маладога недасведчанага дамініканіна (я стаў святаром у 35 гадоў) праводзіць рэкалекцыі для моладзі на працягу некалькіх дзён. Мяне ахапіў вялікі страх. Але, падзяліўшыся з прыёрам сваімі сумненнямі, я згадзіўся на заданне, якое нашмат перавышала мае магчымасці, і ў напружанні, увесь дрыжучы, стаў прасіць усіх знаёмых маліцца за мяне ў інтэнцыях правядзення тых рэкалекцый. Я прасіў знаёмых законніц, у тым ліку дамініканак, сваю сям’ю, айцоў дамініканаў, парафіянаў. Іх падтрымка мяне суцяшала. Нарэшце, падрыхтаваўшы канферэнцыі, я прыехаў на месца і падчас першай святой Імшы, дзе моладзь так неспадзявана і міла выконвала дамініканскія спевы, мяне падчас чытання Евангелля настолькі ўзрушыла нейкае слова, што я натхніўся ім і замест падрыхтаванага сказаў зусім іншае казанне. Гэта была мая першая незвычайная прапаведніцкая прыгода. Я лічу, што гэта стала плёнам малітвы многіх людзей і адкрыла для мяне праўду, што, калі давяраць свае справы Богу, Ён падтрымлівае нас сваёю ласкаю. Яшчэ з тых далёкіх рэкалекцый я памятаю, якім вялікім рэхам канферэнцый гучалі ў канфесіянале споведзі — Бог дзейнічаў! Я адкрыў для сябе яшчэ адну праўду: «Хто ў слязах сеяў, жаць будзе з радасцю». Гэтак жа цяжка было, калі я ехаў праводзіць свае першыя рэкалекцыі для законніц з навіцыяту сясцёр назарэтанак у Чэнстахове. Якія былі пачуцці! Наколькі гэта было больш за мае магчымасці! Я зноў прасіў аб малітве ўсіх, каго сустракаў. Мне не забыць, што сказала тады сястра Фебронія, вельмі малітоўная старая дамініканка, жадаючы мяне суцешыць: «Ойча, не перажывайце, не важна, што гаворыць прапаведнік, рэкалекцыі і так будуць удалыя». Гэта вельмі ўмацавала мяне. Сястра Фебронія заўжды мела словы надзеі для мяне, маладога святара.

Мушу сказаць і аб радасці, якою напаўняе мяне служэнне спаведніка. І гэтая радасць таксама звязаная з цяжкаю працаю і адказнасцю. З аднаго боку, цудоўна, што ў мяне ёсць магчымасць выконваць гэтае служэнне — некалі я мог з вялікаю ахвотаю і радасцю на працягу дзесяці гадзінаў без перапынку спавядаць законніц, але адначасова я ўсведамляю, што майго асабістага духоўнага досведу бывае недастаткова. Споведзь часта спалучаецца з духоўным кіраўніцтвам, і таму неабходна духоўна развівацца: чытаць і маліцца. Я памятаю, што святы Ян Павел ІІ сказаў спаведнікам рымскіх базылік: «Каб добра спавядаць, трэба ведаць, чаму вучылі настаўнікі Касцёла». Гэтыя словы далі мне смеласць і паказалі, у якім кірунку трэба развівацца. У мяне атрымалася «пасябраваць» са святой Тэрэзай ад Езуса. Я прачытаў усе яе творы, не толькі для таго, каб напісаць сваю працу «Аб патрабаваннях, якія ставіць святая Тэрэза перад духоўным кіраўніком», а найперш, каб вучыцца ў яе, чэрпаць з яе мудрасці і духоўнага досведу. Я дагэтуль у сваіх казаннях і канферэнцыях дзялюся з людзьмі яе думкамі. Адзін з першых генералаў нашага ордэну напісаў, што калі дамініканін пачуе або прачытае нейкі прыклад, які ўзрушыць яго, то мусіць запомніць яго і расказаць іншым. Адкрываць Божую мудрасць у іншых і дзяліцца гэтаю мудрасцю — вось сапраўдная радасць для мяне!

— У казаннях Вы часта гаворыце пра Ружанцовую малітву, практыку Марыйных набажэнстваў. Якое месца для Вас займае Маці Божая, як Вы адчуваеце Яе падтрымку?

— Яшчэ не стаўшы дамініканінам, я два гады вучыўся ў Слупску, у педагагічным універсітэце на музычным факультэце. Гэта быў час духоўнага пошуку. Тады я чытаў цудоўную кнігу Томаса Мэртана «Ніхто не ёсць адзінокаю выспаю» і яшчэ — кранальны твор Зоф’і Віноўскай «Права на міласэрнасць». Таксама я часта чытаў маленькую кішэнную Біблію, якую заўжды насіў з сабою. Вельмі важным месцам для мяне быў касцёл пастаяннай Адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, дзе працавалі сёстры кларыскі, дзе я меў важныя размовы з адною сястрою, а яна малілася за мяне. Думаю, што яна выпрасіла для мяне шмат ласкаў і паўдзельнічала ў маім жыццёвым выбары. Тады я таксама разважаў над жыццём святога Максімільяна Кольбэ: падчас вучобы ў Рыме ён стаў сведкам працэсій масонаў па вуліцах горада і бачыў на іх штандарах выяву д’ябла, які топча святога арханёла Міхала. Яго гэта так уразіла, што ён вырашыў прысвяціць сваё жыццё Богу. Разважаючы над гэтым, я падумаў, што таксама магу аддаць сваю душу Богу і служыць Яму. Ідучы да касцёла кларысак, я сустрэў старога парафіяніна, які разам з групаю людзей у першыя суботы месяца маліўся тры часткі ружанца ў тым касцёле. Я падышоў да яго і падзяліўся сваім запалам і жаданнем аддаць душу Пану Богу па прыкладзе святога Максімільяна. Стары ўзяў мяне з сабою дамоў і там падараваў мне маленькую блакітную кніжачку. Гэта быў «Трактат аб дасканалым ушанаванні Найсвяцейшай Панны Марыі» святога Людовіка Грыньёна дэ Манфора. Я быў надзвычай уражаны гэтым падарункам. Я пачаў чытаць кнігу і падкрэсліваць тое, што мяне ўзрушала, а праз нейкі час стаў адкрываць важнасць ролі Панны Марыі на шляху нашага паяднання з Езусам. Апроч іншых, мяне ўразілі наступныя словы святога Людовіка, якія я вывучыў на памяць: «Калі гэта магчыма і залежыць ад цябе, імкніся штодня маліцца цэлы Ружанец, і ў хвіліну смерці ты падзякуеш Богу за хвіліну, калі паверыў мне». Я паверыў святому Людовіку, і там, у Слупску, пачалася мая прыгода з Ружанцам, якая доўжыцца і дагэтуль. На пачатку гэтага года я вырашыў маліцца за ўсіх унукаў маёй мамы Пампейскую навэнну — а ўсяго іх дваццаць. Гэта патрэбная, але нялёгкая справа. Я веру, што з Божаю дапамогаю спраўлюся. Увесь Ружанец штодня? Усё магчыма для таго, хто верыць. Я вельмі рэкамендую!

— Што натхніла Вас на ідэю правядзення Ружанцовых кангрэсаў? У чым Вы бачыце мэту і перспектывы гэтай працы?

— Два гады таму, у жніўні 2017 года, я на працягу некалькіх дзён праводзіў рэкалекцыі для сясцёр назарэтанак. Адну канферэнцыю я прысвяціў Ружанцовай малітве. Апроч іншага, я тады гаварыў, што Ружанец — біблійная малітва, і што можна чытаць яе, дапаўняючы біблійнымі тэкстамі, якія паказваюць сутнасць, душу Ружанца. Некаторыя законніцы пачулі пра гэта ўпершыню і вельмі захапіліся, для іх гэта стала важным адкрыццём. Менавіта падчас гэтых рэкалекцый у мяне з’явілася думка распавесці нашым вернікам пра гэты малітоўны метад і арганізаваць у Магілёве Ружанцовы кангрэс. На наступны дзень я расказаў пра ідэю назарэтанкам і папрасіў маліцца ў гэтай інтэнцыі! Адважным належыць свет! Далей справа пайшла з бліскавічнай хуткасцю. Біскупы і мае браты дамінікане прынялі ідэю правядзення кангрэса ў магілёўскай катэдры, вялікую дапамогу нам аказалі выдавецтва «Про Хрысто» і часопіс «Ave Maria». Мы знайшлі грошы на выданне кнігі з ружанцовымі разважаннямі ў дапаўненне да малітвы аўтарства ксяндза Марка Дзявецкага, які даў згоду на пераклад і выданне. З магілёўскімі парафіянамі мы запісалі на CD чатыры часткі Ружанца паводле гэтага метаду. Быў падрыхтаваны фільм пра Ружанцовую малітву. На дзіва, прыняць удзел у кангрэсе прыехала больш за 200 чалавек, і нам удалося ўсіх размясціць і накарміць, што здавалася немагчымым. Толькі пасля кангрэса мы зразумелі, што гэта справа Божай Маці і таму яе неабходна працягваць.

Калі гаварыць пра мэту кангрэсаў, скажу адно: толькі завяршыўшы другі кангрэс, мы ўжо пачалі рыхтаваць трэці, і я глыбока перакананы, што людзі, якія любяць Ружанец, — гэта духоўная эліта Беларусі. Святы папа Ян Павел ІІ у лісце «Rosarium Virginis Mariae», прысвечаным Ружанцу, менавіта дамініканам даручыў распаўсюджваць гэтую малітву. Таму відавочна, што мы слухаем парады святога Папы і кангрэсы ў Магілёве — гэта магчымасць для людзей, якія моляцца на ружанцы, атрымліваць добрую духоўную і інтэлектуальную фармацыю.

Ігра на кларнеце.

— Вы — прафесійны музыкант, нават пішаце песні. Якое месца ў Вашым жыцці цяпер займае музыка, якая пераплялася з Вашым пакліканнем?

— Музыка навучыла мяне сістэматычнасці і руплівасці ў працы. Каб развівацца ў музыцы і лепш граць на кларнеце, мне трэба было шмат практыкавацца, і я штодня граў каля гадзіны з паловаю. Бог даў мне такую ахвоту ў навучанні. У родным доме я часта закрываўся ў ванным пакоі і практыкаваўся. Суседзі гаварылі, што чуюць, як я граю гамы, эцюды і канцэрты, і ім падабалася. Музыка навучыла мяне працаваць у калектыве. Граючы ў аркестры або спяваючы ў хоры, неабходна слухаць іншых і падпарадкоўвацца дырыжору. Уменне слухаць іншага чалавека вельмі важнае ў жыцці. Я шмат гадоў вучыўся супрацоўніцтву, граючы з татам і двума братамі на вяселлях і вечарынах. Гэта была вельмі цяжкая праца: часам мы гралі па 14 гадзінаў на дзень, і нас шмат куды запрашалі, бо, апроч іншага, нашая музычная група не піла алкаголю. Часам пасля цэлай ночы працы я прачынаўся ад таго, што ўсё цела баліць. Папрацаваўшы на вяселлі, у нядзелі мы спалі да паўдня, а ўвечары ішлі на святую Імшу. Гэта быў вельмі добры досвед і вялікая фінансавая падтрымка для шматдзетнай сям’і: нас шасцёра дзяцей, а працаваў толькі тата. Я ніколі не забуду калядныя канцэрты ва ўніверсітэце Адама Міцкевіча ў Познані, дзе я скончыў музычную школу і Акадэмію музыкі да таго, як стаў дамініканінам. Тады я вельмі любіў наведваць сімфанічныя канцэрты, а ў перыяд Божага Нараджэння «калядаваў» рэктар Акадэміі, прафесар Стэфан Стулігрош разам са сваім сусветна вядомым хорам хлопчыкаў «Познаньскія салавейкі». Гэта было ў 80-я гады, зала філармоніі была перапоўненая, а прафесар Стулігрош паміж выкананнямі калядак гаварыў пра дар зачатага жыцця, якое адважна бараніў публічна. Сведчанне веры гэтага вядомага хармейстра вельмі ўразіла мяне і выклікала вялікую пашану. Праз некалькі гадоў я быў пробашчам у парафіі Карбелюва, але сам не вёў заняткі па рэлігіі з дзецьмі, гэтым займалася свецкая катэхетка, а я вучыў дзяцей пачатковых класаў музыцы. Пра гэта папрасіла мяне дырэктар школы, бо ў ваколіцах не было нікога з музычнай адукацыяй. Правінцыял ордэну даў згоду, і я навучыў дзяцей граць на флейтах. Мы стварылі вялікі флейтавы аркестр, які граў на святых Імшах для дзяцей. Гэта быў вельмі натхняльны досвед, я лепш пазнаў настаўнікаў і вучняў. Сёння, шчыра кажучы, я ўжо музыкант без практыкі. Але я вельмі ўдзячны Пану Богу за шматгадовую музычную прыгоду, знаёмства з цудоўнымі музычнымі творамі, знакамітымі кампазітарамі і выканаўцамі і за сваіх педагогаў. Гэта была бясцэнная школа выхавання, культуры і жыцця, якую нічым немагчыма замяніць.

У пілігрымцы да Сант’яга дэ Кампастэла.

— Што яшчэ захапляе Вас, якія хобі Вы маеце?

— Чым старэйшым я станаўлюся (у гэтым годзе мне спаўняецца 60), тым больш я люблю чытаць. Мяне захапіў сваім прыкладам мой брат у ордэне, з якім мы разам працуем у Магілёве, айцец Павел Мажэйка ОР, які ўмее выкарыстоўваць свой час творча. Цяпер я чытаю адразу некалькі кнігаў, але больш за ўсё мне падабаецца «Артадоксія» Гілберта Кіта Чэстэртана. Я ў захапленні ад генія і пачуцця гумару гэта вядомага англійскага пісьменніка, які ў свой час навярнуўся ў каталіцтва, і, чытаючы, я часта смяюся з уласнага няведання многіх рэчаў і з таго, што ёсць урыўкі, якіх я зусім не разумею, — Чэстэртан быў сапраўды геніем. Не дарастаць некаму нават да пятаў таксама можа быць прычынаю радасці! Яшчэ мне вельмі падабаецца шпацыраваць з ружанцам, і я радуюся, што мой галандскі ровар, якому ўжо больш за 20 гадоў, усё яшчэ мне служыць. Я вельмі люблю катацца на ровары, а яшчэ люблю кіраваць машынаю, асабліва тады, калі мы з парафіянамі ездзім у пілігрымкі. Дзякуй Вам за гэтую размову. Успаміны, якімі я падзяліўся з чытачамі, зноў абудзілі ў маім сэрцы ўдзячнасць Божаму Провіду за сцежкі, якімі вёў мяне Бог, за маю сям’ю і за цудоўных людзей, якіх ён ставіў і цяпер ставіць на шляху майго жыцця. Я давяраюся малітве чытачоў і прашу, калі гэта магчыма, у маі адзін раз прыняць у маёй інтэнцыі святую Камунію ва ўдзячнасць за мой удзел у святарстве Хрыста на працягу 25-ці гадоў, і каб я меў Божую ласку быць верным у сваім пакліканні да самага канца. Няхай Бог вам аддзячыць!

— Ойча, дзякуй вялікі за шчырую размову. Мы, супрацоўнікі часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» і выдавецтва «Про Хрысто» сардэчна віншуем Вас з юбілеем і абяцаем Вам сваю малітву.

Размаўляла Юлія Шэдзько.


 

 

Design and programming
PRO CHRISTO Studio
Polinevsky V.


Rating All.BY