|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Выстава «Сакральная культура Касцёла Беларусі» не абмяжоўваецца паказам твораў выяўленчага мастацтва — яна дае магчымасць убачыць культуру касцёльнага жыцця і ў іншых праявах. У гэтым артыкуле мы наводзім «фокус» на кніжную і музычную культуру Касцёла. Кніжны шэраг у акрэсленай тэме яскрава прадстаўлены адборнымі, шырокага спектру і, падкрэслім асобна, візуальна вельмі прывабнымі выданнямі. Асноўны іх масіў склалі кнігі са збору Нацыянальнага гістарычнага музея. Група кніг з прыватных збораў і рэгіянальных касцёлаў (касцёл св. Юзафа ў в. Рубяжэвічы Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобласці; касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў в. Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці) прыўнесла дадатковы акцэнт у гэты шэраг. Кнігі камфортна размеркаваліся ў дзвюх гарызантальных вітрынах, кожная з якіх набыла індывідуальнае аблічча і свой эмацыянальны настрой. У першай вабяць сваёй урачыстасцю прадстаўнічыя кнігі, набраныя кірылічнымі шрыфтамі, зручнымі для чытання, падобнымі да праваслаўных выданняў. Аднак гэта два ўзоры друкаў для католікаў візантыйскага абраду, альбо грэка-католікаў. Першая з кніг — канвалют (зборнік) літургічных выданняў 1-й трэці XVIII ст., надрукаваных у слыннай Супрасльскай друкарні. Прывядзём апрацаваныя даследчыкам назвы выданняў, што ўвайшлі ў канвалют: «1) Октоих си ест Осмогласник: Творение пр[е]п[о]добнаго отца н[а]шего Яна Дамаскина. Всесилнаго в Тро[и]ци Б[о]га Бл[а]г[о]д[а]тию, Бл[а]г[о]слав[е]ниемъ Вселенскаго Архиерея Венедикта Папы Римскаго.Типомже Иноковъ Супрасльскго Чину С[вя]таго Василия Великаго изданный. Року 1728; 2) Апограф, или Слог чинный Вечерних и Оутрених пений. Б. в. д. [Супрасль, 1-я трэць XVIIIст.]; 3) Доксастикон се есть Песнославник нарочитый. Б. в. д. [Супрасль, 1-я трэць XVIIIст.]; 4) Месяца септемврия в 16 день Служба святому священномученику Иосафату». Даследчык Юры Лаўрык каментуе: «Паколькі згаданыя выданні найчасцей выступаюць пад адной аправай і менавіта ў такім складзе, хутчэй за ўсё, канвалют мае выдавецкі характар — то бок, усе гэтыя кнігі былі злучаныя ў зборнік самімі выдаўцамі». З гэтых чатырох, змешчаных пад адной аправай выданняў, асаблівую цікавасць мае Актоіх (зборнік літургічных песнапенняў), датаваны 1728 годам, які сведчыць пра тое, што ў яго афармленні браў удзел Лявон Тарасевіч, выдатны гравёр, творчасць якога прызнана неардынарнай з’явай у мастацтве беларускай кірылічнай кнігі. На жаль, прадстаўлены асобнік пазбаўлены ўсіх гравюраў. Другі выдатны асобнік з Супрасльскай друкарні айцоў базыліянаў — Літургіён, альбо Службоўнік, дапаможнік для святароў па выкананні царкоўных службаў у грэка-каталіцкіх цэрквах, што пабачыў свет у 1763 г.: «Леитоургиарион си есть Служебник. Вторицею Типом же издаден в Общежительном М[о]н[а]ст[ы]ре Супрасльском Чина С[вя]таго Василия Великаго в Лето Господне 1763 г.» Рэмарка даследчыка (Ю. Лаўрыка): «…найбольш шырока распаўсюджанае ў XVIII ст. на Беларусі літургічнае выданне. Дадзены асобнік рэпрэзентуе перапрацаваную рэдакцыю, падрыхтаваную на загад мітрапаліта Феліцыяна Валадковіча». Гэтая заўвага аб перапрацаванай рэдакцыі адсылае да праблемаў ўніяцкай Царквы, якія ўзніклі пасля прыняцця ў 1596 г. царкоўнай Уніі1. Побач з кірылічнымі годна ляжаць два імпазантныя лацінскія фаліянты, дэманструючы выдатнай якасці медзярыты. У канвалюце з двух твораў аўтарства арцыбіскупа італьянскага горада Равэнны Джыраламо Крыспі змешчаны зборнік яго казанняў-разважанняў паводле чытанняў са Святога Пісання (гамілій) за 1721–1725 гг. і яго ж ліст да Рымскага Папы Бэнэдыкта ХІІІ. 1) Crispi, Girolamo. Omilie di Monsignor Girolamo Crispi gia’ Arcivescovo di Ravenna, Dette al suo Clero, e Popolo nelle principali Festivita dall’anno 1721, fin al 1725 = Hieronimi Crispiolim Archiepiscopi Ravennatis, Homiliae Ad suum Clerum, Popolumque habitae inter Missarum solemnia, ab anno MDCCXXI usque ad annum MDCCXXV. Edition secunda. Romae: Typis Antonii de Rubeis, MDCCXXXIII; 2) Ad Sanctissimum Dominum Nostrum Benedictum Tertiodecimum Ordinis Praedicatorum P.O.M. Hieronimi Crispi Ferrariensis de Comitibus Montis Alti Archiepiscopi Ravennatis Epistola. S. l. &a. Канвалют: 1) Крыспі, Джыраламо. Гаміліі мансіньёра Джыраламо Крыспі, былога арцыбіскупа равенскага, да свайго клеру і народу падчас урачыстага адпраўлення святой Імшы з 1721 па 1725 гг. Рым, 1733 г. ; 2) Ліст да Найсвяцейшага нашага спадара Бэнэдыкта XIII з ордэну дамініканаў ад Джыраламо Крыспі Ферарскага, з графаў Монтальтумскіх, арцыбіскупа равэнскага. Б. в. д. Выдадзеныя гаміліі служылі ўзорам красамоўства. Змест ліста да Рымскага Папы нам не вядомы, аднак менавіта гэты ліст праз постаць папы Бэнэдыкта ХІІІ ускосным чынам звязвае гэты зборнік з супрасльскімі выданнямі2. Суседні канвалют лацінскага друку аб’яднаў пад сваёй аправай тры выданні: Рымскі Імшал, Службы святым трох ордэнаў (абодва надрукаваны ў Венецыі каля 1781 г.) і Розныя службы каталіцкім святым, шанаваным у колішніх Каралеўстве Польскім і Вялікім Княстве Літоўскім (друк канца XVIII ст.) Канвалют: 1) Missale Romanum. [Venetiis: apud Nicolaum Pezzana, са 1781]; 2) Missae propriae Sanctorum Trium Ordinum Fratrum minorum. Venetiis: apud Nicolaum Pezzana, s. a. [са 1781]; 3) Miscelanea… Канвалют: 1) Рымскі Імшал. Венецыя: др-ня Міколы Пеццана, к. 1781 г. [Тытульны ліст з выходнымі звесткамі страчаны]; 2) Службы святым трох ордэнаў братоў меншых. Венецыя: др-ня Міколы Пеццана, б. г. [к. 1781]; 3) Розныя службы каталіцкім святым, што ўшаноўваліся на тэрыторыі колішніх Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага. «Прапанаваны для агляду асобнік, — каментуе даследчык Ю. Лаўрык, — належаў бэрнардынскаму канвенту ў Будславе, дзе не раз дапаўняўся рознымі службамі айчынным святым, выдадзенымі напрыканцы XVIII ці ў першай палове ХІХ ст. на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай». Манументальнасць і статычнасць, якія сыходзяць ад фаліянтаў-канвалютаў, змяняюцца дынамізмам кішэннага фармату кніжак і кніжачак ХІХ — пачатку ХХ ст. У асноўным гэта польскамоўныя зборнічкі літургічных і малітоўных тэкстаў, прыгожа аздобленыя і зручныя для карыстання: Szczegółowe przygotowanie do Spowiedzi świętej dla dzieci.Warszawa, 1918.; Złoty ołtarzyk… Wilno, 1902.; Głos duszy. Zbiór nabożeństwa katolickiego… w Wilnie, 1868.; Służba Boża czyli Nabożeństwo domowe i kościelne… Częstochowa, 1874. Аднак сярод іх вылучаецца дзіўная лацінка: Holas Dušy; Padručnik żyćciapraktyki relihijnej dla bielarusaŭ; Boh z namі; Bielaruski madlitoŭnik. Гэта беларуская лацінка пачатку ХХ ст., перыяду першай хвалі беларускага нацыянальнага Адраджэння. Зборнічак «Голас душы» («Holas Dušy»), створаны Канстанцінам Стэповічам (1890–1924), ксяндзом і паэтам, вядомым пад псеўданімам Казімір Сваяк. Дэманструецца яго чацвёртае выданне, ажыццёўленае ў Рыме ў 1949 годзе. Кішэнны малітоўнік «Бог з намі» («Boh z namі») падрыхтаваў і выдаў у 1915 г. у віленскім выдавецтве Znič (Зніч) — Баляслаў Пачобка (1884–1940), каталіцкі святар візантыйскага абраду, настаўнік і рэлігійны публіцыст, актыўны дзеяч беларускага Адраджэння. Гэты асобнік з’яўляецца рэпрынтам 1993 г., выдадзеным у Мінску. У гэту кніжную прастору гарманічна ўпісаліся брашура «Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыі» (Мінск, 1992 г.) і рускамоўны Каталіцкі катэхізіс С. Тышкевіча. Арыгінальны асобнік гэтай кніжкі быў выдадзены ў 1935 г. у Харбіне (Кітай). На выставе — рэпрынт 1992 г. (Жоўква, Украіна)3. Гэта быў экскурс па адной з кніжных вітрынаў. Другая вяртае ў XVIII ст. У ёй каралюе рукапісны нотны зборнік «Гадзіны» да Найсвяцейшай Панны Марыі на ўвесь тыдзень для ўжывання ў ордэне св. Брыгіты (Godziny na cały tydzień zakonowi S. Brygidy reguły S. Salwatora…). Манускрыпт, створаны ў 2-й палове XVIII ст., належаў жаночаму кляштару ордэну брыгітак у Гродне. Згодна з ордэнскім статутам, хваласпевы ў гонар Панны Марыі выконваліся строга ў адпаведныя гадзіны сутак. Уражваюць памеры манускрыпта, нязвыклы характар напісання нотаў і адчуванне нейкае таямніцы. Лацінамоўны, 2-й паловы XVII — пачатку XVIIІ ст. «Рымскі рытуал» (Rituale Romanum), што ляжыць побач, — таксама зборнік прынагодных набажэнстваў з нотамі і каментарыямі. Кніга бытавала на беларускіх землях. Яе тытульны ліст з выходнымі звесткамі страчаны. Магчымае месца выдання — Кракаў. Назавём іншыя выданні, што прадстаўлены ў вітрыне: — Святая Біблія. Частка другая, якая змяшчае прарокаў з дадаткам Кніг Макавеяў і Новы Запавет (sacrorum Bibliorum Pars Altera completens Prophetas…). На лацінскай мове. 1740 г., Антвэрпэн; — Амброс Нешпаровіч. Майстэрня аздобаў, што найважнейшыя тытулы ды панегірыкі Панны і Богамаці Марыі тлумачаць (Ambrosium Nieszporkowitz. Officina emblematum, quae praecipuos Virginis, &Matris Dei Mariae Тitulos). На лацінскай мове. 1691 г., Кракаў; — Самуэль Высоцкі. Слава дастахвальнага ў святых сваіх Бога і святых, Богу мілых… Том 1 (Samuel Wysocki. Chwała Chwalebnego w Swiętych swoich Boga, y Swiętych w Bogu uwielbionych…). На польскай мове. 1747 г., Варшава. Усе названыя кнігі дэманструюць сваю годнасць, ствараюць адчуванне іх поўнай самадастатковасці. Аднак яшчэ адна, пакуль не названая, выбіваецца з эмацыянальнай раўнавагі пералічаных вышэй фаліянтаў. Увагу прыцягвае тоўсты, раскрыты быццам кніга, рукапіс у зручным кніжным фармаце ў чвэрць аркуша і, як кніга, узяты ў аправу. Почырк бездакорны, выразны і надзвычай дробны — бісерны. Тэкст — лацінскі. Гэта канспект лекцый па курсе, прысвечаным кнігам тэолага Яна Дунса Шкота (каля 1266–1308). Курс праводзіў лектар Вінцэнт Сапліца ў кляштары бэрнардынаў у Вільні ў 1753 годзе. Апроч таго, у рукапісе занатаваны і непасрэдны тэкст кніг (альбо вытрымкі з іх). Прывядзём фрагмент першай старонкі рукапісу з тлумачальнымі звесткамі — у арыгінале і ў перакладзе. Sacra Theologia Speculativa: 1) 1) Liber primus Sententiarum de Deo uno et Trino Іuxta mentem Doctoris Subtiliset Mariani in C[onven]tu Custodiali Vilnensi explanatus ac in[c]hoatus s[ub] Superioratu ARPris Francisci Sawicz Anno D[omi]ni 1753 D[ie] 4 Mensis novembris; 2) Theologia Scholastica In secundum librum sententiarum iuxta mentem Doctoris Subtilis et Mariani in[c]hoata explanari Vilnae sub Superioratu ARP Francisci Sawicz Lectoris Jubilati, ex Ministri Provin[cia]lis, p[er] AVPr[um] Vincentium Saplica S[acrae] T[heologiae] Lector[em] G[e]n[era]lem Anno D[omi]ni 1753 D[ie] 4 Mensis 9bris. Vilnae, са 1753. Святая тэалогія: 1) Першая кніга курсу пра Бога ў Тройцы Адзінага паводле Яна Дунса Шкота, у кустадыяльным канвенце віленскім выкладанага, а распачатага пры суперыёрстве Найвялебнейшага Францішка Савіча Году Панскага 1753 у 4 дзень месяца лістапада; 2) Схаластычная тэалогія ў 2-й кнізе курсу паводле Яна Дунса Шкота, што быў пачаты выкладацца пры суперыёрстве Найвялебнейшага Францішка Савіча, лектара-юбілята, экс-правінцыяла, Прывялебным Вінцэнтам Сапліцам, Святое тэалогіі лектарам генеральным, Году Панскага 1753 у 4 дзень месяца лістапада. Вільня, к. 1753 г.Вільня, к. 1753 г. (апрацоўка арыгінальнага тэкставага фрагмента і яго пераклад Юрася Лаўрыка). Рукапіс гэты ўражвае і кранае. Стварэнне яго патрабавала ад выканаўцы надзвычайнага напружання і цярплівасці. На думку аўтара перакладу, «у XVIII ст. кніга належала брату Рэгулятусу Дабравольскаму, які, верагодна, яе спісаў і ўзяў у аправу». Для падобнага дзеяння мусіла быць моцная матывацыя4. Багаслоўскія штудыі былі звычайнай практыкаю на землях былога ВКЛ і Рэчы Паспалітай. У канцы XVIII — першай палове ХІХ ст., пасля масавага скасавання кляштараў, дзе развівалася духоўнае інтэлектуальнае жыццё, філасофская тэалагічная думка на землях Беларусі заняпала, на шчасце, не назаўжды5. Імшал 1927 г. разам з манстранцыяй 1783 г. і арнатам з устаўкамі са слуцкіх паясоў 30-х гг. ХХ ст. стварылі кампазіцыю асобнай вітрыны. Усе названыя прадметы прыбылі на выставу з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, што ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёна Мінскай вобласці. Сегмент музычнай касцёльнай культуры на выставе, па тэхнічных прычынах, прадстаўлены досыць сціпла — у адной вітрыне6. Тым не менш, тое, што выстаўлена для агляду, дэманструецца ўпершыню, і гэта надзвычай цікавыя артэфакты, якія некалькімі штрыхамі, эскізна абмалёўваюць стан айчыннай касцёльнай музыкі ў сярэдзіне ХІХ – 1-й пал. ХХ ст. Прадстаўленыя матэрыялы — ноты і нотныя зборнікі — належаць Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі і прыватнаму збору Святланы Шэйпы, даследчыцы музыкі, кандыдата мастацтвазнаўства. У прадстаўленых нотных зборніках занатаваныя духоўныя творы як сусветных класікаў — Палестрыны, Моцарта, Гайдна, Бетховена, Манюшкі і іншых аўтараў, так і сачыненні таленавітых рэгіянальных кампазітараў, сярод якіх арганісты: Станіслаў Вайткевіч, А. Вялічка, Эдвард Гірдо, Яўхім Глінскі, Юзаф Грым. Памерам і каларытнасцю сваёй вокладкі прыцягвае ўвагу партытура для чатырохгалосага змешанага хору ў суправаджэнні аргана — «Ecce lignum crucis» («Вось дрэва крыжа»). Аўтар музыкі — Станіслаў Манюшка (1819–1872). Твор не літургічны, для канцэртнага выканання, выклікае моцнае эмацыянальнае ўзрушэнне, адпаведнае настрою Вялікай пятніцы — смутку, калі перажываюцца мука і смерць Хрыста. Аднак рукапіс, які займае 8 старонак і напісаны чорным і чырвоным чарніламі, выкананы рукою Эдварда Гірдо, кампазітара і арганіста касцёла Божага Цела ў Нясвіжы7. Гэтай выдатнай асобе меркавалася прысвяціць асобную вітрыну, але, на жаль, не атрымалася. Аднак можна ўбачыць яго аблічча на арыгінальнай фотакартцы, што ляжыць на яго рукапісным нотным зборніку твораў касцёльнага рэпертуару, складзеным у 1920–1930-я гг. у Эйшышках, вёсцы на Віленшчыне (цяпер — тэрыторыя Літоўскай Рэспублікі). Творы Манюшкі часта сустракаюцца ў нотных альбомах Гірдо і іншых яго калегаў-арганістаў. Гэтыя прафесійныя музыканты ў сваёй творчасці кіраваліся прынцыпамі, закладзенымі стваральнікамі руху св. Цэцыліі, натхняльнікамі якога на землях Беларусі і Літвы былі кампазітары Станіслаў Манюшка і Фларыян Міладоўскі8. Творчасць Э. Гірдо прадстаўлена яшчэ двума нотнымі сшыткамі. У адным з іх, «Zeszyt do Nut» (1920–1930-х гг.), знаходзяцца творы кампазітара, падрыхтаваныя для ўдзелу ў конкурсе патрыятычнай песні, пра што сведчыць надпіс на фіялетавай вокладцы. У другім, «Śpiew kościelny Soprano» (1-я пал. ХХ ст.), з белаю фігурнаю налепкаю на вокладцы, змешчаны сачыненні кампазітараў Палестрыны, Манюшкі, Любомічкі і самога аўтара запісаў. Разлінаваныя нотныя альбомы і сшыткі розных фарматаў купляліся ў крамах. Памеры некаторых з іх вельмі блізкія да памераў сучасных электронных планшэтаў, зручных для пераносу; імі лёгка было карыстацца ў дарозе. У адным з такіх запісана просьба невядомага арганіста да харыстаў дбайна абыходзіцца з нотамі: «Proszę bardzo szanować nóty / Dobry chórzysta poznaje się po jego poszanowaniu nót własnych / nie gnieć i w rolki nie zwijaj / Po odśpiewaniu oddaj p.Organiście». Адзін з экспанатаў гэтай вітрыны выклікаў у стваральнікаў выставы незвычайнае здзіўленне: гэта нотны альбом пачатку ХХ ст., прывезены Святланай Шэйпаю з вандровак па былой Дзісненшчыне — рэгіёне, дзе сутыкаюцца межы Беларусі, Літвы і Латвіі. Цвёрдая кардонная вокладка моцна пацёртая, на налепцы добра расчытваецца адзін з трох радкоў надпісу: «Harmonium Altum» («Фісгармонія Альтум»). Унутры, на старонках з нотнымі запісамі, — тэксты розных песняў, запісаных лацінкаю на розных мовах — літоўскай, рускай, латышскай і беларускай. Альбом разгорнуты на старонках з адным з такіх запісаў. Прывядзём некалькі радкоў у арфаграфіі арыгіналу:
Гэта — хрэстаматыйны верш Якуба Коласа «Не бядуй!»9. Мяркуем, што першы ўладальнік альбома прыслухоўваўся да нацыянальных адраджэнскіх праяваў народаў гэтага краю. Завяршае кампазіцыю вітрыны вертыкальна прымацаваны аркуш з лічбаваю выяваю старонкі са Статута Вялікага Княства Літоўскага 1529 года: кірылічнымі літарамі тэкст урачыстага спеву «Багародзіца».
Гл. таксама:
БІБЛІЯГРАФІЧНЫЯ СПАСЫЛКІ
|
|
|