|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Культавы раман амерыканскага празаіка Джэрома Дэвіда Сэлінджэра (Jerome David Salinger) «Лавец у жыце» («The Catcher in the Rye») нярэдка імянуюць у нас перакладам з рускага перакладу — «Над прорваю ў жыце» («Над пропастью во ржи»). Ягоны галоўны герой, шаснаццацігадовы юнак Холдэн Колфілд, разважае і пра тое, што многія эпізоды жыцця мы пражываем мінімум двойчы: тады, калі яны адбываюцца насамрэч, і пасля, пазней, калі думаем пра іх. Я дадаў бы — а таксама, калі ўспамінаем іх або разглядаем хай сабе і ўчорашнія фотаздымкі, бо адлюстраванае на іх ужо сталася гісторыяй, яе радаснымі альбо сумнымі, пазітыўнымі ці негатыўнымі фрагментамі…
* * * Пра фестываль нацыянальных культур «Ракаўскі фэст» дазнаўся я з тэлефоннай размовы з Вячаславам Пятровічам Рагойшам, сваім колішнім універсітэцкім выкладчыкам, кіраўніком семінара па мастацкім перакладзе і літаратурных узаемасувязях, які апекваўся і маімі курсавымі працамі па літаратуры. Ракаў, знаны ад ХІV стагоддзя, — горад мне зусім не чужы, бо бываў там не раз, калі ў васьмідзясятыя дый дзевяностыя гады гасцяваў-працаваў у недалёкім ад яго Доме творчасці і адпачынку пісьменнікаў «Іслач», калі наязджаў туды пазней да сяброў і знаёмцаў, на літвыступленні ў бібліятэку. Аніяк не прымае розум цяперашняга, постсавецкага статуса Ракава як аграгарадка. Як гэта, колішні магдэбургскі горад гістарычнай Меншчыны, што быў вялікакняжацкім уладаннем, потым мястэчкам, славутым ганчарным цэнтрам, значным гандлёвым горадам, цэнтрам графства, цэнтрам воласці, цэнтрам гміны Віленскага ваяводства, а пры бальшавіках паніжаны да статуса вёскі! Не хочацца дароўваць і сённяшнім чыноўнікам, якія замест прыгожай і адметнай назвы станцыі метро «Ракаўская» праціснулі назву «Спартыўная», бо наверсе знаходзіцца Лядовы палац. Ракаў для мяне сама меней мястэчка, намоленае, гістарычнае, слаўнае. А лепшая, найпрыгажэйшая палова чалавецтва, павінна была б ведаць і шанаваць Ракаў хаця б таму, што нарадзілася там Іда Разенталь, якая стала амерыканскаю мадэльеркаю і ў 1922 г. удасканаліла форму станіка. Паехаць у слаўнае мястэчка захацелася зноў, бо вабілі абвесткамі, інтрыгавалі праграмаю свята і інтэрнэтаўскія сайты: варта толькі было набраць у пашукавіку словы «Ракаўскі фэст». Абяцаліся тэатральны квэст паводле знакамітага рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», экскурсіі па мястэчку і ягоных наваколлях, кірмаш майстроў, прэзентацыі нацыянальных кухняў на, зразумела, нацыянальных падворках, «Спеўны сход» і флэшмоб «Затанчым разам», мастацкі і фота-пленэры, а на змярканні і святочны феерверк. Анансаваліся выступленні на галоўнай сцэне на плошчы Свабоды «Старога Ольсы», «Вязанкі», «Вянка», «Гіль захав», «Мішпаха», «The Way», «Va Bank», «Kapela Wsi Warszawa», «Majowy Kwiat», «Polka», «Nevrida», «Ars Longa», а таксама Піта Паўлава з праграмаю «Па слядах кантрабандыстаў» і іншае.
* * * Пры шашы Ракаў–Кучкуны, што збочвае ад аўтамагастралі Мінск–Гродна і вядзе ў Ракаў, у мясціне, якую ракаўцы завуць «У Крыжы», бруіцца знакамітая крынічка. З дзясятак гадоў таму дзівосны смак яе вады адкрыў мне колішні аднакурснік і нават аднагрупнік па Менскай мастацкай вучэльні Алесь Лось, найбольш знаны цяпер як музыка, майстра традыцыйных музычных інструментаў і гаспадар хутара Барок (альбо «Сядзіба дудара»), што на рэчцы Яршоўка. На прыкрынічнай каплічцы, збудаванай у XVI стагоддзі і адноўленай чвэрць стагоддзя таму, ля парэшткаў базыліянскага кляштара, на шыльдзе змешчана новазапаветная цытата: «Бог не дазволіць насміхацца з сябе» (Гал 6, 7), якая прымушае суцішыцца ды задумацца пра вечнае.
* * * Мастак і паэт Міхал Анемпадыстаў, з якім пашчасціла мне папрацаваць разам і ў часопісе «Бярозка», ствараючы свой «Народны альбом», напэўна, здзівіўся б, каб даведаўся, што ў 1930-я гады ў Ракаве насамрэч працаваў настаўнік Кастусь Рагойша, які да таго ж пісаў і вершы. Але зусім не здзівіўся я, калі ў вірлівым натоўпе «Ракаўскага фэсту» найперш перастрэўся з Вячаславам Рагойшам і ягонаю жонкаю Таццянаю Кабржыцкаю, якая таксама працавала на філфаку Белдзяржуніверсітэта. Яны гасцінна запрасілі ў сваю сядзібу за плошчаю Свабоды, што звалася некалі Рынкавым пляцам. На ўваходнай браме красаваўся герб мястэчка, укаранаваная лацінская вялікая літара R, а таму нельга было не зрабіць унікальны здымак «Ракаў, Рагойша, Раіса» — з гаспадаром і з маёю жонкаю. Заінтрыгавала і мемарыяльная дошка з профілем пісьменніка, і тэкст «Гэты дом часта па-сяброўску наведваў класік беларускай літаратуры Уладзімір Караткевіч», над якою шчыраваў народны мастак Беларусі, знакаміты скульптар Іван Міско. У сваім прыватным літаратурным музеі, можа, першым не толькі ў Ракаве, Вячаслаў Пятровіч правёў найцікавейшую экскурсію — расказаў пра сваіх і жончыных продкаў, пра ганаровых гасцей і наведнікаў музея, але ці не найдаўжэй затрымаўся пры стэндзе Уладзіміра Караткевіча са шматлікімі арыгіналамі рукапісаў, дарчых подпісаў, рэдкіх здымкаў і малюнкаў аўтара «Каласаў пад сярпом тваім». Пабачылі і два раманы ў перакладзе на грузінскую мову — «Чорны замак Альшанскі» і «Дзікае паляванне караля Стаха», пашкадавалі, што не прыехаў на менскую «Тбілісобу» іх перакладчык Вахтанг Салія, які стажыраваўся на нашым філфаку разам з Нанай Гапрындашвілі, якая абараніла і доктарскую дысертацыю па беларуска-грузінскіх літаратурных узаемасувязях. Беларусы не ходзяць у госці з пустымі рукамі, а таму я спрэзентаваў, падпісаў гаспадару «свежаспечаны» томік «Паэзіі» Нікалоза Бараташвілі, прымеркаваны да 200-годдзя грузінскага класіка, а таксама слоічак ткемалі, грузінскага соўсу са сліваў з часнаком, зелянінай каляндры ды кропу, які днямі прыгатаваў разам з жонкаю.
* * * На галоўнай плошчы і на прылеглых вуліцах між тым віравала свята. Агучылі свае прывітальныя словы сельвыканкамаўцы-тубыльцы, хораша прамовілі ізраільскі ды польскі амбасадары, заўзята пацяшалі публіку музыкі. Ракаўскія прыгажунькі ў нацыянальных строях хуценька схавалі свае смартфоны і прынялі паставы дарослых мадэлек, калі заўважылі скіраваны на іх аб’ектыў майго айфона. Самавіта, у добрым гуморы праходзіў са сваімі сямейнікамі ўздоўж столікаў керамістаў, разьбяроў, кавалёў ды пчаляроў мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі. Нямала кніг, часопісаў, а таксама значкоў, магніцікаў ды іншае драбязы прапаноўвалі гасцям нястомныя, руплівыя кніганошы Уладзя Азёма, Алесь Дудар і Алесь Яўдаха. Уладзь Рымша прапаноўваў гербы «Пагоня» ды «Калюмны» пад слоганам «Сапраўдны герб для офіса і ў кожную хатку». Выдатны графік, ракаўчанка Галіна Хінка-Янушкевіч, якая пяць гадоў выкладала ў «Парнаце» — Рэспубліканскім каледжы мастацтваў — малюнак, жывапіс і кампазіцыю маёй малодшай дачцэ Хрысціне, была заклапочаная: агледзела яна ў гандляроў немалыя набыткі, мабыць, для сваіх нацюрмортаў, нагрузіла імі і мужа, літаратуразнаўцу Язэпа Янушкевіча. Не мог не завітаць я ў першы ў краіне прыватны музей-галерэю ягоных братоў — жывапісца Фелікса дый скульптара Валяр’яна. Сустрэў мяне ўсмешлівы, добразычлівы хлопец па імені… Валяр’ян. Феліксаў сын умудрыўся нарадзіцца пад Каляды, у той самы дзень года, што і ягоны знакаміты дзядзька. А неўзабаве на ганку, на ўваходзе, аблямаваным лацінскім выслоўем «Vita brevis, ars longa» («Жыццё — кароткае, мастацтва — вечнае»), з’явіўся і бацька, якога здавён па-сяброўску заву Фэлям. Правёў ён экскурсію па сваім унікальным музеі, і ўжо чакала яго наступная група. А пабачыць у «брацкай» галерэі можна шмат чаго. Зразумела, найперш гэта жывапісныя, графічныя ды скульптурныя творы саміх Янушкевічаў ды іх сяброў-мастакоў. Адлюстроўвае музей плошчаю ў 500 квадратных метраў і побыт старасвецкай шляхты ды дробнай местачковай буржуазіі — абразы, фотаздымкі, посуд, шкляныя вырабы, мэблю, музычныя інструменты. Адных толькі адзінак керамікі захоўваецца пад дзве тысячы! Нямала ў экспазіцыі кніг, нямецкамоўных ды польскамоўных дакументаў і шыльдаў. Сярод узораў ракаўскай моды міжваеннага перыяду можна агледзець жаночы палітон з каўняром з хахулі і мужчынскі бурнос, гальштукі, панчохі, лакіраваныя туфлі ды іншыя ўборы мясцовых хлопцаў і дзяўчат. А аматараў літаратуры, напэўна, зацікавіць падарожны працоўны столік Адама Міцкевіча — адзін з далёкіх продкаў Янушкевічаў быў у вялікага паэта за сакратара. Адметны музей яшчэ і тым, што ён жывы ці, як модна цяпер казаць, інтэрактыўны. Многія экспанаты можна не толькі агледзець, але і памацаць. Можна дакрануцца рукамі да борці, якую ледзь падняць чатыром мацакам. Можна пакруціць двухсотгадовыя жорны і пасядзець на важкім, ёмкім куфры. Можна зайграць на акарыне або пасвісцець у дзіцячую свісцелку, знойдзеную на старажытным замчышчы. Можна пакаштаваць ракаўскай вяндліны, прыгатаванай па старадаўніх рэцэптах, і нават пакурыць, скарыстаўшы маянжовую папяльнічку з пазамінулага стагоддзя. А наапошку варта яшчэ і выйсці на адзіную ў краіне плошчу Вітаўта Вялікага — так завецца адзін з пляцаў на сядзібе, бо ўсталяваная на ім скульптурная выява вялікага князя.
* * * Калі натаміўся кірмашовым тлумам, дык завітаў у неагатычны, з уплывам мадэрну касцёл Маці Божай Ружанцовай і святога Дамініка, размешчаны ў цэнтры Ракава, на правым беразе Іслачы. (Здагадаўся там, чаму мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч назвала аднога з сыноў Дамінікам!) Трохнававая двухвежавая базыліка з трансептам і паўкруглаю апсідаю з бакавымі сакрыстыямі ўзнесена на высокі бутавы цокаль. На лаве ў цэнтральнай наве, пад стрэльчатымі скляпеннямі пачуваўся сцішана і спакойліва. Згадваў, што ў 1910-я гады ў храме служыў вікарыем паэт Андрэй Зязюля (Аляксандр Астрамовіч), дзівіўся на хоры з балюстраднай агароджай і арганам, на арнаментальна-арабескавы роспіс і вытанчаныя масянжовыя скульптурныя рэльефы Валяр’яна Янушкевіча на біблійныя сюжэты.
* * * Думаў: «Паболей бы нам такіх, сапраўды народных, незафармаленых фэстаў-святаў! Нездарма ж festivus азначае па латыні «святочны». Разглядаў праз павелічальнае шкло ружанец з дзесяці штучных пярлінаў і з мініяцюрным укрыжаваннем ды абразом Маці Божай, знойдзены на былой Дамініканскай вуліцы. Меркаваў, ці не вывесіць у стужцы Фэйсбука пост з тузінам сваіх фотаздымкаў дый разгорнутымі подпісамі пра ўчарашнюю вандроўку, калі загучала мелодыя айфона. Сябра ад часоў літаратурна-грамадскага аб’яднання «Тутэйшыя» Алесь Бяляцкі, які мае ў Ракаве сядзібу-лецішча, выбачаўся, што не адгукнуўся на маё ўчорашняе тэлефанаванне. Шкадаваў, што не перастрэліся мы на фэсце, бо пакінуў свой мабільнік у хаце, а таму агледзеў мой званок толькі позна ўвечары. Паабяцаў я, што другім разам ахвотна наведаюся да яго, знанага цяпер і як захопленага аматара кветак, а перадусім астраў. І былі гэта не проста ветлівыя словы. Ракаў падарыў шмат пазітыўных уражанняў і эмацыйных сустрэч. Згадваць іх, перажываць нанова было вельмі прыемна, а праз тое настрой быў, ёсць і доўга будзе ўрачысты і святочны. Адчуваў, што мушу пакінуць у касцёле пры спавядальні знойдзены ружанец, ведаў, што чакаюць новыя знаёмствы і адкрыцці на ракаўскіх вуліцах, на знакамітым сальным базары, на могілках і ў кветніках, пад стрэхамі музеяў і гасцінных дамоў.
КАРОВА І ВАЎЧЫЦАНа дзяржаўны пагорак Капітолій (Capitoline) у Рыме (такі ўжо незвычайны, але афіцыйны статус ён мае!) можна патрапіць дзвюма лесвіцамі. Левая, даволі стромкая, мае 122 прыступкі. Складзена яна рымлянамі ў падзяку за тое, што чума, якая лютавала ў Італіі ў сярэдзіне ХІV стагоддзя, абмінула, пашкадавала Вечны горад. Падняцца па ёй без прыпынкаў даволі цяжка, а вядзе яна наўпрост да храма Санта Марыя ін Арачэлі (Santa Maria in Aracoeli), што знакаміты найперш цудадзейнай скульптурнай выявай Немаўляці Хрыста (Santo Bambino). Наўрад ці хто сумняваецца, што Капітолій — гэта месца сакральнае. З самага пачатку заснавання Рыма яго шчыльна «засялялі» храмы, прысвечаныя Юпітэру, ягонай жонцы Юноне Манеце (moneta — дарадчыца, настаўніца), а таксама багіні мудрасці Мінерве. Менавіта ў храме Юноны жылі гусі, якія, згодна з паданнем, папярэдзілі сонных рымлянаў, што на горад напалі галы. Пры гэтым самым храме быў абсталяваны і першы манетны двор, а таму металічныя грошы сталі менавацца па імені багіні. На тым пагорку Актавіян Аўгуст нібыта пабачыў Божую Маці з Немаўляткам на руках, а Тыбурцінская сівіла патлумачыла яму, што нарэшце на свет прыйшоў Той, хто веліччу сваёй пераўзыдзе ўсіх, народжаных на зямлі. З тае нагоды імператар язычнік збудаваў велічны храм, на святым месцы якога пазней была ўзведзена святыня Санта Марыя ін Арачэлі. Знізу, з-пад пагорка, яна не выдае вялікаю дый фасад яе — пуставатая жаўтавата-шэрая сцяна класічных абрысаў — не дужа ўражвае, але калі трапляеш усярэдзіну, дык у вочы адразу б’е магутнае баракальнае цунамі. Храм збудаваны ў выглядзе крыжа і насамрэч большы за любы з палацаў на Капіталійскай плошчы. Кожная капэла дэманструе тут творы знакамітых мастакоў. Ледзь не пад самай столлю можна пабачыць надмагільны помнік Джавані Крывелі, выкананы Данатэла. Першая капэла аздобленая фрэскамі Пінтурыкіё, а каля бакавога ўваходу размешчаны надмагільны помнік Чакіна Брачы, выкананы паводле эскіза Мікеланджала. У трэцяй ад уваходу капэле можна агледзець фрэскі Беноца Гацолі, а ў апошняй злева — копію статуі Немаўляці Хрыста. Арыгінал, выкананы з дрэва з Гефсіманскага саду, быў скрадзены дваццаць гадоў таму, але і копія гэтаксама здольная тварыць цуды. На Капіталійскую плошчу (piazza del Campidoglio) лёгка трапіць проста з храма праз бакавы выхад па амаль незаўважнай лесвіцы, але лепш падняцца на яе па правай, менш пакручастай лесвіцы ад падножжа пагорка, ад Мікеланджалавай Карданаты (Cordonata). Як і мноства іншых пабудоваў у Рыме, амаль што ўсё на гэтай плошчы спраектаваў геніяльны разьбяр і дойлід. Некаторыя турысты нават жартуюць: «Калі не ведаеш напэўна, хто збудаваў тую ці іншую спаруду, смела кажы, што Мікеланджала — не памылішся!» Але велічэзныя скульптуры Кастора і Палукса, што пры ўваходзе на плошчу трымаюць за ўяўныя аброці сваіх коней, не належаць разцу тытана Адраджэння — іх раскапалі і прывезлі з тэатра ў Пампеі. Пасярэдзіне плошчы, мудрагелісты малюнак якой з вышыні нагадвае фантастычную чарапаху з пустэльні Наска, усталявана копія адзінай коннай статуі са старажытных часоў. Арыгінал помніка імператару Марку Аўрэлію захоўваецца непадалёк, у музеі, а ацалеў, мабыць, таму, што яго прынялі за выяву імператара Канстанціна, які ўзаконіў у імперыі хрысціянства. На плошчы стаяць тры палацы — Сенатараў (Palazzo Senatorio), Кансерватараў (Palazzo dei Conservatori), каля якога любяць фатаграфавацца турысты, бо пры ім змешчаны мармуровыя ступак і кісць гіганцкай статуі імператара Канстанціна, а насупраць апошняга — палац Нуова (Palazzo Nuovo), у якім месціцца першы, найстарэйшы не толькі ў Вечным горадзе, але і ў свеце музей, адчынены для публікі ў 1734 годзе. Кошт уваходнага білета складае 15 еўра, але пасведчанне Беларускай асацыяцыі журналістаў міжнароднага ўзору дазваляе мне заплаціць у пяць разоў меней. Несумненныя жывапісныя пярліны ў Капіталійскіх музеях — гэта «Махляры», «Варажбітка», «Ян Хрысціцель» Караваджа, «Выкраданне Еўропы» Веранэзе і «Хрышчэнне Хрыста» Тыцыяна, а скульптурныя — «Хлопчык, які выцягвае стрэмку», «Імператар Камод у вобразе Геркулеса» і, мабыць, самая знакамітая ў свеце ваўчыца, якая выкарміла сваім малаком Ромула і Рэма. Копію ваўчыцы-карміліцы можна пабачыць і пры спуску з Капіталійскага пагорка на форумы. Адна з рускіх (ці рускамоўных?) турыстак усклікнула пры ёй: «Ой, смотрите, собака свободна, можно с ней сфотографироваться!». А мне прыгадалася там сучка па мянушцы Партызанка, бо прыблудзілася да дзятвы на вуліцы з тыпова беларускай назваю Партызанская пры вакзале чыгуначнай станцыі Жодзіна. Начальнік тае станцыі Антон Козік трымаў карову, і вечарамі я хадзіў праз тую вуліцу па малако з алюмініевым бідончыкам-літровікам. У дзеда Антона быў унук Саша, які, мабыць, праз тое, што малако яму было дармовае, піў яго неахвотна. А мая мама за малако тое плаціла, і піў я яго да апошняе кроплі, і можа таму, вырас куды мажнейшым за Сашу. Сталася так, што незалежна адзін ад аднаго пасталелыя хлопцы зрабіліся творцамі-літаратарамі, якіх, нібыта рымская ваўчыца Ромула і Рэма, сыціла сваім малаком жодзінская карова з дзівоснай мянушкай Барабуля. Не якая-небудзь банальная Рагуля альбо Лысуха! Пры жаданні каровін «псеўданім» можна было б вывесці ажно ад лацінскага слова barbone — вялікая барада (наўрад ці знаўся на латыні дзед Антось дый барадатую карову ўявіць даволі цяжка, а вось мы, калегі-літаратары, носім бароды ўсё сваё дарослае жыццё). Саша адвучыўся ў Жодзіне ў палітэхнікуме, пасля — у сталічным Інстытуце народнай гаспадаркі, але з’ехаў працаваць у старажытны Полацк, дзе ўзяў сабе літаратурны псеўданім Алесь Аркуш. У горадзе па-над Дзвіною паплечнікі-літаратары прынялі яго прыязна, але часам дабрадушна цьвялілі — звалі Сашам Лістом. А вось я аднаго разу на Алеся пакрыўдзіўся, калі той не запярэчыў вядоўцу радыёперадачы «Вольная студыя», які назваў Полацк Аркушавым родным горадам.
Такой эпіграмаю адгукнуўся на мае прэтэнзіі да абодвух суразмоўцаў у студыі паэт, журналіст і літаратуразнаўца Міхась Скобла.
|
|
|