![]() ![]() |
![]()
|
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
||
№
2(88)/2019
![]() Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Людміла СІЛЬНОВА
«ПРОПАВЕДЗЬ, ДАДЗЕНАЯ БОГАМ...»Пайшоў з жыцця добры чалавек — католік, педагог, паэт, сябар…
Здаецца, яшчэ ўчора мы разам ездзілі шчаслівай вандроўнай сябрынай — з пісьменнікаў-землякоў, сівых краязнаўцаў і па-хрысціянску клапатлівых бібліятэкарак — па цудоўных, сагрэтых далікатным паўночным сонцам літаратурных мясцінах Маладзечаншчыны, Смаргоншчыны. Ездзілі ў старэнькім, прыцемненым, як келля, мікрааўтобусе — у пошуках новых чалавечых душаў, узараных жыццёвымі нягодамі, але яшчэ не засеяных добрым зернем цэльнага светабачання нашага роднага, прыгожага Свету. Душаў простых тутэйшых людзей самага рознага ўзросту — адкрытых на слова, на ідэі ўдасканалення асобы і збаўлення ад пакутаў малазразумелай штодзённасці… «Твая пара сяўбы», — гэтак афарыстычна вызначыў наш асветніцкі місійны слоган гадоў 30 таму лепшы рамантык ад паэзіі і сапраўдны вернік Мар’ян Дукса. Ён назваў так некалі свой (не першы ўжо) зборнік вершаў (1985). Назваў, прадчуваючы і будучыя «Заснежаныя ягады» (1989), і «Горн прымірэння» (1993), і «Валуны на пагорках» (1994) у спадзяванні адысці ад вострай сацыяльнай і маральнай крытыкі чалавечых і цывілізацыйных заганаў і ў рэшце рэшт «Прыйсці да алтара» (2003)… А нядаўна, страшна нечакана, па нябачным тэлефонным провадзе, як па калючым дроце ці па біблійнай ссохлай галіне голага цёрну, прыйшла сумная вестка, што нашага мілага Мар’яна не стала. Ён адышоў у Вечнасць, у іншую, таямнічую вертыкальную вандроўку, ужо з іншымі персонамі, хутчэй — іх душамі, аснову якіх складаюць людская Памяць, Вера і Надзея. Душы, захутаныя ў вэлюм Любові… Сёння, азіраючыся назад, пасля сумнага развітання назаўсёды, здаецца: так, як мы ў тыя плённыя на сустрэчы 2010-я гады, некалі, амаль 2000 гадоў таму, вандравалі па свеце Апосталы — настаўнікі новага хрысціянскага вучэння, а з імі вучні, аўтары першых кананічных біблійных тэкстаў, зваротаў, лістоў да мясцовых жыхароў… Не ведаўшы яго асабіста амаль 50 гадоў свайго жыцця (да сораму!), а толькі завочна, па кнігах і публікацыях у прэсе, па рэдкіх партрэтах каля вершаў і ў літаратурна-мастацкіх зборніках на чорна-белых уклейках, я тады ўжо прыкмеціла яго ўлюбёны фасон пуловера, надзетага паверх кашулі ці глухой «вадалазкі»: пуловер з выразам у выглядзе лацінскай літары «V» («Viktoria»? «Перамога Дабра»?), у апошнія гады падкрэсленай нават у новых мадэлях аздобаю-пункцірам. Пры ўсёй сваёй чалавечай сціпласці і адпрыроднай, нават прыроджанай засяроджанасці (бо першыя яго гады жыцця сельскім хлопчыкам прайшлі сярод траваў, кветак, кустоў, дрэваў, жывёлаў і птушак, драўляных і цудоўных механічных металічных рэчаў у доме і на падворку), Мар’ян Дукса выглядаў разам са сваім адметным мастацкім стылем «выштукоўванння зразумелых вершаваных радкоў» пэўным паэтычным Князем, Кіраўніком несфармаваных душаў, Правадыром у адкрыты ім звышцэнны свет Паэзіі. Паэзію ён у сваіх пазнейшых вершах параўноўваў з законам веры і разважаў разам з нябачным суразмоўцам, ці яна, як рэлігія, проста «прыстанішча кволых» ці, што парадаксальна, відавочнае «прыстанішча мудрых тытанаў»… У апошнія гады, калі ён спяваў ужо ў касцёльным хоры, друкаваўся ў каталіцкіх часопісах «Ave Maria» і «Наша вера», мы пазнаёміліся наяве ў Маладзечне. Аказалася, што мы з ім абое нарадзіліся ў Маладзечанскай вобласці (былой Вілейскай). Іх абедзвюх ужо не існуе, а мы, абое былыя настаўнікі і сучасныя паэты — ёсць! Гэтае адчуванне жыццёвай радасці, як і нявінныя тэлефонныя святочныя віншаванні па некалькі разоў на год у 2010-я гады, давалі вялікае пачуццё сяброўства, сваяцтва, бязмежжа, бясчасся… Мы некалькі гадоў нават абменьваліся па пошце ўласнымі кнігамі — забытымі «найлепшымі падарункамі» калегаў па слове. Асабліва ўразіла мяне зялёная кніга вершаў «Птушка вечнасці — душа» (2015). Я напісала на яе далікатны водгук пад назваю «А людскія высілкі зноў квітнеюць ружамі» (цудоўны радок з верша Мар’яна Дуксы!), пазней надрукаваны ў «Нашай веры». Яго паэзія для мяне як філолага заўсёды поўная мудрых і прыгожых афарызмаў, як Біблія, а таксама аўтарскіх неалагізмаў, аказіяналізмаў і іншых наватвораў, на што здатны толькі ўпэўнены ў сваёй творчай сіле Майстар: напрыклад, «залатыя прызмеркі», «лаціняцца назовы», «арэоліць мундзір», «марудна-абамлелыя аблокі». Уладар свайго паэтычнага свету, Мар’ян ствараў новыя словы і новыя творы, пачуцці ў іх. У тыя гады я звярталася да яго з падкрэсленай пашанаю — спадар Мар’ян. Яго даволі рэдкае імя і прозвішча перакладаецца з даўно памерлай у народным ужытку, але жывой у высокіх сферах лацінскай мовы як «Марскі Арыстакрат (Герцаг, Князь, Дож, Военачальнік, Правадыр)». Ён такім па сваёй сутнасці і быў. Яшчэ раз успамінаю, што, калі мы, пісьменнікі, вандравалі на мікрааўтобусе па маршруце «Там, дзе Уша серабрыцца», я бачыла, што зрэдзьчасу з намі ездзіў і шляхетна ўбелены натуральнай сівізною чалавек — Мар’ян Дукса. Без гальштукаў-«бабачак», карункавых жабо ці парэзаных, як багет, джынсаў… Я тады тайна любавалася асветленай залатым сонцам яго прыемнай знешнасцю прыгожага творчага чалавека, у якім, як казаў Антон Чэхаў, усё было прыгожа: і цела, і душа, і думкі, і абраная ім вера. Мы вандравалі, заязджаючы ў местачковыя школы, бібліятэкі, музей Францішка Багушэвіча ў пошуках «забытых слоў», «прыгаршчаў суніц» на ўзбоччы, праз нейкую «зону супраціўлення», на абяцаныя спатканні з чытачамі і, здаецца, насамрэч пачутых павольных крокаў самога Багушэвіча па драўляных дошках падлогі яго дому… Светлая памяць табе, дарагі Мар’яне! Твае словы, афарызмы, назвы кніг гучаць, уплятаюцца ў нашу далейшую гарызантальную вандроўку па грэшнай зямлі. Будзем помніць, што ты казаў; «Паэзія — гэта пропаведзь, заўсёды гуманістычная па сваёй сутнасці. Пропаведзь, дадзеная Богам». Людміла Сільнова
Гл. таксама:
|
![]() |
![]()
|
![]()
|
![]() |