|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Выпрабаванне Летам Езус узяў з сабою намёт, карэмат і спальнік і адправіўся ў самотную вандроўку на Палессе. Калі пасля сарака дзён, апынуўшыся на Прыбужскай раўніне, сеў на траву ля сцежкі, падышоў да Яго д’ябал і пачаў размову: — Ты марнуеш тут час. Хадзі, я пакажу Табе штосьці.
І перанёс Яго ў Галівуд ды паставіў на Алеі славы. — Павер у сябе! — сказаў. — Ты абсалютна выключны. Маеш большы талент за ўсіх гэтых актораў, рэжысёраў, сцэнарыстаў разам узятых. Можаш зацьміць іх! І дадаў: — Станеш не толькі славутым, але будзеш фарміраваць сумленне чалавека. Зробіш такі фільм, што багатыя пачнуць дзяліцца з беднымі, знікне голад і несправядлівасць. Гэта ж Цябе хвалюе, ці не так? Д’ябал даў Езусу хвіліну на роздум, пасля чаго сказаў: — Дастаткова толькі дамовіцца з адпаведнымі вытворцамі. Я дапамагу Табе ў гэтым! — Адчапіся! — кінуў у адказ Езус. — Не буду супрацоўнічаць з табою, нават калі гаворка ідзе пра слушную справу! Тады д’ябал перанёс Езуса на Уол-стрыт2 і паказаў Яму індэксы сусветных фондавых біржаў. — Я ўсім гэтым запраўляю, — сказаў. — Калі адкрыеш мне свой розум, я адкрыю Табе самыя патаемныя дэталі біржавых гульняў. Ты заробіш такія грошы, што зможаш фінансаваць дабрачынныя справы і праекты аховы здароўя ў краінах Трэцяга свету. — Адчапіся! — крыкнуў Езус. — Не адкрыю свой розум перад табою! Толькі перад Маім Айцом!
Калі д’ябал пачуў гэта, паставіў Езуса на базыліцы св. Пятра ў Рыме. — Бачыш, — сказаў. — Ужо дзве тысячы гадоў гэтыя людзі абвяшчаюць Евангелле. І што? Не змаглі вярнуць да Бога паловы чалавецтва. А я ведаю, які зрабіць цуд, каб увесь свет паверыў у Цябе імгненна. Хадзі, скажу Табе. — Не хачу цябе слухаць, і Мне не патрэбны твае цуды! — адказаў Езус. — Ідзі прэч! Тады д’ябал уцёк, і анёлы акружылі Езуса бляскам хвалы. Лясныя звяры выйшлі са сваіх норак і пакланіліся Яму. Барсукі, вожыкі, божыя кароўкі і матылі сталі вакол Езуса і радаваліся Яго прысутнасці.
Пра падатак Набліжаўся сакавік, і ўсе размаўлялі пра надыходзячы тэрмін аплаты падаткаў. Тады падышоў да Езуса кіраўнік малога сямейнага бізнеса і сказаў: — Настаўнік, Ты для мяне з’яўляешся маральным аўтарытэтам. Скажы, што мне рабіць? Мой бізнес ледзь выжывае. Даходаў ледзь хапае, каб выплаціць крэдыты. Я павінен утрымліваць вялікую сям’ю і забяспечыць усім годныя ўмовы жыцця. Ці мог бы не падаваць некаторыя даходы ў падатковай дэкларацыі? Хачу дабра для маёй жонкі і дзяцей… Езус затрымаўся і апусціў галаву. — Ці бачыш гэты ходнік? — спытаўся. — Гэтую плітку, па якой ходзіш? — Бачу, Пане. — Хіба яе паклала твая сям’я і ці будзе яна рамантаваць гэты ходнік, калі ўзнікне такая неабходнасць? — Ну, не… — А ці бачыш вунь той мост? Хто фінансаваў яго будоўлю? — Здаецца, гэта грошы з дзяржаўнага бюджэта… — Менавіта, — сказаў Езус. — Таму паступай сумленна і плаці належныя падаткі. Бізнесовец, аднак, не здаваўся і кінуў у адказ: — Але ж і так палова гэтых грошай ідзе ў кішэню чыноўнікаў і на хабар. Столькі інвестыцый даўно павінны быць закончаныя. Ці гэта справядліва? Так адказаў, бо нядаўна выкрылася чарговая гучная справа карупцыянераў, у якой былі замешаны высокія чыноўнікі. — Твая праўда, — адказаў Езус. — Але не толькі ты церпіш з-за карупцыі. Ты кемлівы і прыдумаеш, як кампенсаваць свае выдаткі. Аднак падумай пра тысячы беспрацоўных, хворых, прыгнечаных працадаўцамі работнікаў. Гэта яны найбольш церпяць з прычыны карупцыі. І дадаў: — Менавіта яны будуць патрабаваць кампенсацыі ў доме Майго Айца. Запэўніваю, што кожны, хто несправядліва прыўлашчыў чужыя грошы, плён цяжкой працы, верне ўсё да капейкі. І пры гэтым з улікам адсоткаў.
Малітва Пры ўваходзе ў метро былі развешаны плакаты з інфармацыяй пра нейкага гуру, які прыязджае ў Мінск весці курс ёгі. Гэта зацікавіла вучняў Езуса, і яны сказалі Яму: — Езу, навучы нас якім-небудзь малітоўным тэхнікам. А можа лепш маліцца традыцыйна, як вучаць святары? Ці лепш спантанна, як у пяцідзясятнікаў ці ў харызматычным руху адновы ў Духу Святым? А можа з большым забыццём і павагаю, як у Праваслаўнай Царкве? — Няма дасканалага ўзору і рэцэпта для сапраўднай малітвы, — адказаў Езус. — Кожны з нас непаўторны, таму няма аднаго спосабу малітвы. Аднак, калі так моцна настойваеце, то Я дам вам прыклад. Можаце маліцца так:
Прыпавесць пра адносіны людзей Адзін з настаўнікаў падышоў да Езуса і распачаў з Ім размову: — Ужо шмат гадоў я вучу ў школе і хацеў бы як найлепш выхоўваць маладое пакаленне. Перадаю ім веды, маральныя прынцыпы, пашану да Бога і Айчыны. Імкнуся даваць прыклад прыстойнага і сумленнага грамадзяніна. Ці гэтага дастаткова? Езус адказаў Яму пытаннем: — А ці вучыш іх бачыць у кожным чалавека? Той адказаў: — Што гэта значыць: бачыць у кожным чалавека? Тады Езус расказаў такую прыпавесць: — Адзін студэнт позна ноччу вяртаўся дадому. Раптам яму насустрач выскачылі з брамы дома двое мажных мужчын. Збілі яго, забралі сумку і фірмовую куртку ды пакінулі ляжаць на ходніку. Праходзіў там пачцівы айцец сямейства, які вяртаўся з працы. Паглядзеў і падумаў: «Напэўна, нейкі п’яніца», і пайшоў далей. Таксама святар, вяртаючыся з вячэры ў знаёмых, бачыў яго, але прайшоў міма.
Праз некаторы час праходзіў міма эмігрант з Усходу, які працаваў чорнарабочым у адным з рэстаранаў. Спяшаўся на працу, бо да раніцы павінен быў усё прыбраць, памыць падлогу і вокны. Аднак, калі ўбачыў пабітага студэнта, пашкадаваў яго. Схіліўся, каб пераканацца, ці ён жывы, а пасля выклікаў таксі і завёз яго ў найбліжэйшы шпіталь. Заплаціў за неабходныя лекі і папрасіў аказаць яму медыцынскую дапамогу. Хто з іх усіх убачыў чалавека ў пабітым студэнце? — Зразумела, эмігрант з Усходу! — тут жа адказаў настаўнік. — Правільна, — адказаў Езус, — так мала трэба, каб быць проста чалавекам для іншых.
Пераклад з польскай мовы
Малюнкі
Гл. таксама:
|
|
|