|
|
№
2(88)/2019
Вялікія містыкі
Тэалагічныя рэфлексіі
Інтэрв’ю
Пераклады
Культура
Постаці
Асобы
Мастацтва
Проза
In memoriam
Паэзія
На кніжнай паліцы
Проза
Архітэктура
|
Лінец — гэта маляўнічае невялічкае азерца на Вушаччыне, якое саграе маё сэрца з гадоў маленства. У нашым краі «вачэй зямлі» (так у першых сваіх вершах я назваў водную сінечу, раскіданую паміж лясоў, узгоркаў, ніў і лугоў) маецца шмат. Пасля палявой, адкрытай усім вятрам вёскі Галі, у якой жыў да сямі гадоў, дзе ў летнюю спякоту высыхалі нават калодзежы, Глыбачка, затуленая цішынёю ў азёрна-лясной старонцы, куды перавялі на працу бацькоў-настаўнікаў, здалася сапраўдным раем. За час маёй вучобы ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (1964–1969) нямала студэнтаў перабыло ў бацькоўскай хаце. Вёска, яе прыгожыя ваколіцы з першага прыезду спадабаліся Мар’яну Дуксу — аднакурсніку і аднагрупніку. Манюсь, так звычайна па-сяброўску я звяртаўся да яго, стаў у нас сапраўды сваім чалавекам.
Мы і ў Мінску часта былі разам не толькі на лекцыях, практычных занятках і агульных мерапрыемствах. Сутыкаліся ў залах «Ленінкі» — галоўнай бібліятэкі рэспублікі, наведвалі пасяджэнні літаратурных аб’яднанняў — універсітэцкага, якое вёў наш выкладчык, сам паэт і літаратуразнаўца, чалавек вялікай душы, з заўсёднай прыветлівай усмешкаю, незабыўны Алег Антонавіч Лойка, і пры газеце «Чырвоная змена», дзе куратарам пачынаючых літаратараў быў Уладзімір Андрэевіч Паўлаў. У інтэрнаце на Паркавай магістралі, якая цяпер мае гучную назву праспект Пераможцаў, мы жылі на пятым паверсе, блізка адзін ад аднаго. Прыбягалі раз-пораз пазычыць хлеба або солі, перакінуцца слоўкам. Яднаў нас і агульны занятак: у вольны ад вучобы час выпускалі насценныя газеты, але не афіцыёзныя, з адной сумнай перадавіцай на гіганцкі аркуш, а вясёлыя, гумарыстычныя, стракатыя зместам і ярка аформленыя. Яны звычайна вывешваліся на калідоры, чытаць іх на пяты паверх збягаўся ўвесь інтэрнат, а «кватаравалі» ў ім не толькі філолагі, але і журналісты, юрысты, біёлагі, географы... Відаць, найбліжэй нашы душы сышліся ў вандроўках па розных кутках Беларусі, па Літве, дзе мы доўга шукалі цётку Мар’яна, і па маёй маляўнічай малой радзіме. Мне хацелася падзяліцца з сябрам чароўным багаццем тутэйшай прыроды, улюбёнымі куточкамі, дзе меў рыбацкія, грыбныя, ягадныя і іншыя сакрэты, а таму паступова адкрываў яму цікавыя мясціны. Напрыклад, паказаў такавішчы ўнікальных, старажытных, асцярожных прыгажуноў глушцоў і не менш цікавых цецерукоў, баравіковыя россыпы ў Старым і ў Новым барку, ураджайныя паляны лісічак, журавінавыя паплавы, плантыцыі дурніц (буякоў, або галубоняў), якія растуць у балотах паміж багульніку. Наша хата стаіць на беразе возера, якое мае такую ж назву, як і вёска, — Глыбачка. Перайшоў вуліцу-дарогу, і ты ўжо ў царстве вербаў, аеру і чаратоў, на зручнай шырокай кладцы, да якой туліцца човен. «Хатняе» азерца прыкладна аднолькавае памерамі і не менш рыбнае, чым Лінец, што сінее далей — за хмызнякамі і могілкамі. Але я хадзіў вудзіць рыбу менавіта з «дрыгвы», якая мелася на суседнім вадаёме. Зялёная пляцоўка, зладжаная прыродай з торфу, каранёў аеру і асакі, ягадніку журавін, моху, дзеразы і невядома чаго яшчэ, вісла над вадой і таму надта хісталася пад нагамі. Па змайстраваных з жэрдак вузкіх кладках трэба было асцярожна прасоўвацца да вялікіх лазовых кустоў, што раслі на самым краёчку. Калі саступіш з кладкі, то адразу правалішся. У Лінцы і дагэтуль ёсць ліні — рыба прыгожай зеленавата-серабрыстай або цёмна-бурай з бронзавым адлівам афарбоўкі, а таксама немалой сілы. На вуду я зрэдку лавіў толькі невялікіх лінькоў. Дарослая рыбіна, а ліні растуць да 70-ці сантыметраў і бываюць вагою да сямі кілаграмаў, з лескай расправіцца імгненна. З гэтым кутком звязана маленства і юнацтва, ён дарагі мне, а таму я адразу ў першы прыезд абуў сябра ў гумовікі і павёў на Лінец. Мар’ян агледзеў мае запаветныя мясціны, пахмыкаў і сказаў, што аддае перавагу бліжэйшаму возеру: там з чаўна можна паставіць невялікую сетачку, папалохаць боўткай рыбу ад берага і мець хуткі вынік. Трэба сказаць, што Манюсь не быў заядлым рыбаком, не меў вытрымкі цярпліва сядзець з вудай, але такі спосаб лоўлі яму падабаўся. Па прыездзе ў Глыбачку, не здымаючы фарсістых «сталічных» чаравікаў і штаноў, ён лез у човен, гукаў бацьку: «Ну што, Іван Васільевіч, пашастаем па чаратах, паганяем карасёў?» Мар’ян рана адчуў страту блізкага чалавека. У 30-я гады яго бацька ездзіў на заробкі ў Амерыку. Цяжкая праца за акіянам дазволіла сабраць грошай, на якія па вяртанні дадому селянін займеў кавалак зямлі з бярозавым гаем, уласны хутарок. Пасля вайны ў час «раскулачвання» мясцовыя «пралетарыі» ехалі на нагружаных вазах ля хутара, свісталі ў пальцы, гігікалі і крычалі: «Гэй, Мікола, выходзь! Паглядзі, як мы твой бярэзнік пад корань выразалі!» А затым бацька захварэў і памёр. Не толькі прыгожы бярэзнік, але і ўсё лепшае беларускае сялянства выразала пад корань крывавая сталіншчына, ад якой немагчыма пазбавіцца да цяперашняга часу, бо яе рэцыдывы перашкаджаюць нашай нацыі акрыяць і ўзмацнець. Мар’ян не меў нават фатаграфіі бацькі, але ў думках і вершах звяртаўся да яго пастаянна:
Сваімі душэўнымі перажываннямі ён дзяліўся часта, а таму мне было зразумела, чаму Мар’ян так хінецца да майго бацькі, а той ставіцца да яго з асаблівай увагай, цеплынёй і ласкай. Пасля ён пісаў бацьку ў лісце: «Глыбачка, мусіць, зусім заснягала. І лодка, мусіць, умерзла, няма цяпер як закінуць невадок, няма, як той казаў, той вераснёўскай ідыліі, калі можна было шастаць паміж чаратоў».
Наш край багаты на камяні. На думку вучоных, ледавік прывалок іх сюды каля 18–20 тысяч гадоў назад са Скандынавіі або з Выбарга. Я паказаў сябру ў Новым барку каменны масіў ля дарогі, шмат разрозненых валуноў. Асабліва ўпадабаў Мар’ян вялікі камень на беразе Лінца, каля якога расла старая вольха. На яго плоскай паверхні можна было свабодна размясціцца некалькім чалавекам і нават паставіць палатку ад дажджу. Тут Манюсь звычайна пісаў вершы. Ён браў з сабою перакус, посцілку, пару цікавых кніг, блакнот, агульны сшытак, аловак, ручку-самапіску і зашываўся сюды на паўдня. Аднойчы на валуне ён забыў сігнальны экзэмпляр свайго першага зборніка вершаў «Спатканне» (1967), за які яго пазней прынялі ў Саюз пісьменнікаў СССР. Дарэчы, Мар’ян пацяшаўся над тымі, хто лічыў, што ён «уехаў у літаратуру на трактары». Па інерцыі, як павялося ў СССР з 20–30 гадоў, лічылася пахвальным, калі пачынаючы літаратар мае працоўную біяграфію. Прытым, чым цяжэйшая праца (каваль у горадзе, даярка, механізатар у вёсцы), тым лепш. Мар’ян з гумарам піша маім маці і бацьку: «Дзякую за тое, што вы мяне ўгледзелі па тэлевізару. Гэты Валянцін Лукша, які рызыкнуў мяне прадставіць шырокай арміі тэлегледачоў, вельмі ўжо стараўся падкрэсліць, што я хлопец вясковы, па сваёй сутнасці «прасцяк» — маўляў, толькі ўчора хадзіў па калгасных палетках басанож… Яшчэ ён хацеў сказаць, што я ўехаў у беларускую літаратуру на дызельным трактары ДТ-54, але гэта я яму катэгарычна забараніў, своечасова скеміўшы, што ў такім выпадку мяне, мусіць, не пакахае ні адна беларуская дзяўчына...» Магчыма, мне, як сябру, найбольш выразна бачылася і адчувалася, якой тонкай душэўнай арганізацыі быў гэты неардынарны, ад прыроды далікатны, сціплы чалавек, які любіў волю, адзіноту, думанне, засяроджанасць... Калі пайшла мода прывабліваць нечым у вёску турыстаў, то ў 1988 годзе тром валунам каля Глыбачкі надалі ахоўны статус. Не ведаю, ці ёсць сярод іх магутны падмурак Мар’янавых маладых вершаў, але «Глыбачанскія валуны» сталі геалагічным помнікам рэспубліканскага значэння. Пасля сканчэння ўніверсітэта і размеркавання Мар’ян пачаў настаўнічаць у вёсцы Солы Смаргонскага раёна, ды так у ёй і застаўся. Малады педагог працаваў шчыра і самааддана, але быў невысокай думкі пра адукацыю ў таталітарнай дзяржаве. Як ён успрымаў сваё настаўніцтва, сведчыць ліст да майго бацькі: «Добры дзень, Іван Васільевіч! Ваша прозвішча, прызнацца, гучыць ужо для мяне як пошчак з мінулага — усё-такі як даўно я бываў у Вас, гутарыў аб усім на свеце, а болей аб літаратуры, у прыватнасці беларускай, і аб яе «шляхах да рэалізму». У мяне такое адчуванне, што быццам я ўвесь гэты час размотваў драціну часу… Качулка з намотаным дротам стаіць на вашым двары, яна круціцца, круціцца, а я адыходжу ад Глыбачкі ўсё далей і далей з драціной у руках… За гэты час я паспеў выпусціць у нябёсы чатыры пакаленні ластавак са школьных сцен, зараз калышу пятае пакаленне. І самому хацелася нырнуць у нябёсы, але, мусіць, нейкая варажбітка зачаравала мяне, і я так і не змог скрануцца з Солаў, якія мне, услых кажучы, станоўча абрыдлі. Так, за гэтыя гады я ўволю накаштаваўся «вучэбна-выхаваўчага працэсу», які мне апошнім часам уяўляецца судовым працэсам, бясконцай цяганінай «чыноўнікаў ад асветы» і іншай верхаводкі з настаўнікамі, якія заўсёды ў пройгрышы. Лявон Зяблік мог больш разлічваць на справядлівасць і праўду, чым сёння настаўнік. Таму-сяму здаецца, што паправіць, палепшыць «карэнным чынам» мараль нашага грамадства можна, калі штодзённа сцёбаць па лытках настаўніка («так ведущее нас провиденье указало: да он же привык!»). Увогуле, правінцыя ёсць правінцыя. Напачатку, калі я прыехаў, абывацелі раёна выказалі некаторую зацікаўленасць маёй асобай, але гэта хутка прайшло, і многіх пачало тузаць, што я пішу «сцішкі» і трымаюся вертыкальна. Зараз, скажам, на апошнім савеце раяна, мне далі недвухсэнсоўна зразумець, што мая прысутнасць у школе непажадана. Заг. раяна, відаць, хоча паўзці ўверх, наша асвета раёна займае другое месца ў вобласці, таму ён баіцца, бо маё выхаванне, хоць і стараннае, можа, але не заўсёды ўвекавечана ў пратаколах, папках, стэндах і вітрынах, можа, яму (а раптам!) перашкодзіць у дасягненні плеценага крэсла. Такая мэта, і раптам нейкі Дукса (настаўнік, арганізатар з Солаў) з яго дзівацтвамі. Трэба ж — такая неадпаведнасць, такія антонімы!» Нашае з ім ліставанне было вясёлым, забаўным, але поруч з гумарам былі і сур’ёзныя праблемы. Часцей за ўсё ён звяртаўся да мяне словамі: «Мой князь». Я адчуваў, што Мар’яну цяжка хадзіць «у хамуце», што яму патрэбна творчая праца, звязаная з літаратурай. Вось яго крык душы: «Увогуле зараз волі мнагавата, хоць выпрабаванне воляй не менш цяжкае, чым любой службай, тым больш калі гэта воля яшчэ не падмацавана матэрыяльным базісам. Працаваць я гатоў з рання да вечара, толькі не служыць, „блюсці“ ўсякія субардынацыі і штодзённа адчуваць, як такая ж, як ты сам, вош кусае цябе без асаблівага сораму. Нешта, князь ты мой, тут не так, не існуе на свеце аргументаў, каб сёння пераканаць мяне, што гэта — норма. Я па сваёй натуры абсалютна пасіўны (Вольга Іпатава ў сваёй рэцэнзіі гаварыла пра гэта), але апошнім часам падшыбае да актыўнага вышуку прычын. Ведаеш, многіх не пашкодзіла б патузаць такой, як зараз у мяне, няпэўнасцю становішча — цікавая складваецца псіхалогія, а таксама погляды. Праўда, усё гэта вядзе да страшэннага нігілізму, твой цынізм пачынае прымаць аблічча Мефістофеля, і ты фактычна становішся антычалавекам. Тут адно выратаванне — вера ў Бога. Свядомае адлучэнне сябе ад жыцця зямнога павінна суправаджацца верай у іншае быццё, інакш… Ну, хопіць!». Некалькі разоў я прапаноўваў яму перабрацца ў Мінск, але ён усё ніяк не адважваўся на такі паварот у лёсе. Відаць, адчуваў, што страціць сваю волю, якая ёсць, няхай сабе і «галодная», няўтульная, бо і ў горадзе трэба будзе служыць. А ў вёсцы ўсё ж пад бокам маецца прырода, прастора для думання, філасофіі, фантазіі, творчага ўскалыху душы. Да літаратуры, асэнсавання яе ролі мы вярталіся рэгулярна: «Зараз я паціху карпею над рукапісам, які трэба аддаць у выдавецтва на пачатку лета. Адна ў мяне ніва, іншай няма і, відаць, не будзе, трэба займацца паэтычнай сяўбой. Ці трэба гэта каму — а халера яго ведае. Можа, усё, што мы робім, нікому не патрэбна. Жыццё — гэта свет ілюзій і Сізіфавых камянёў. Але ж некаму гэты свет патрэбен. Нічога, хутка спусцяцца гуманоіды і ўсё нам растлумачаць». Мар’ян меў добры літаратурны густ і адметны крытычны патэнцыял, яго меркаванні пра паэзію вызначаліся высокай дакладнасцю і эстэтычнай бездакорнасцю. Адносна творчасці многіх сучасных паэтаў ён заўважае: «Зашмат аморфнасці, надумана „беларускай улагоджанасці“, што таксама не зусім адпавядае сапраўднасці. Я тут маю на ўвазе, што паэт павінен выразна, не скажона данесці сваю нацыянальную ментальнасць. І ўсё-ткі пастаянна ставіць нейкую „звышзадачу“ — маральную, нацыянальную, філасофскую, тым самым і ствараць атмасферу высокай энергіі, як гэта мы бачым у Панчанкі, Вярцінскага ці ў тваёй чарнобыльскай паэме (адзін раз пабудзем нясціплымі)». Пазней ліставанне сышло ў Лету, але мы ніколі не шкадавалі грошай на доўгія тэлефонныя размовы, хоць часам падсмейваліся над сабою: ці хопіць пенсіі расплаціцца за мудрагелістыя разважанні, няпросты зместам дыялог? Мар’ян часта казаў, што нашыя гаворкі пра літаратуру, культуру, увогуле пра жыццё маглі б праз трансляцыю па тэлебачанні ці радыё прынесці значную асветніцкую карысць. Сябра здзіўляўся таму, як я на працягу чатырнаццаці гадоў знаходжу новыя і новыя тэмы для штотыднёвага «Пункту гледжання» ў незалежнай газеце «Свободные новости плюс». Я адказваў: «Манюсь, ці табе такое казаць? Ты ж можаш з нічога зрабіць верш, прытым не прахадны, а моцны дэталямі, метафарамі і філасофіяй. Рэгулярна пісаць публіцыстыку на самыя розныя агульначалавечыя тэмы дапамагаюць якраз вершы. Думанне над імі — выдатная трэніроўка!» Мне няма патрэбы шчодра цытаваць паэтычныя радкі Мар’яна. Цяпер азнаёміцца з творчасцю любога паэта — не праблема: ёсць кнігі, публікацыі ў інтэрнэце. Скажу толькі, што яго вершы і паэмы як былі з рамантычнай маладосці, так і засталіся чалавечнымі, гуманістычнымі, гранічна шчырымі, даверлівымі. А для мяне — гэта самыя галоўныя і важныя якасці сапраўднай паэзіі. Мар’ян быў шчырым вернікам, спяваў у касцёльным хоры. Ад маці яму перадалася вялікая духоўная чысціня. Ён дзяліўся са мною глыбіннымі душэўнымі памкненнямі і перажываннямі, захапляўся незвычайнай прыгажосцю і неўміручай, неадольнай сілай веры. Мы гутарылі пра долю нашага народа, пра яго духоўныя ўзлёты і падзенні ў выніку здрады сабе, пра менталітэт тутэйшага люду, у якім намешана столькі добрага, але разам з тым і кепскага, нават агіднага... Духоўныя пошукі Мар’яна былі плённымі. У сваёй апошняй прыжыццёвай кнізе «Птушка вечнасці — душа» ён піша:
Калі я згадваю Мар’яна, то ў памяці першым выплывае фотаздымак рамантычнага хлопца са зборніка «Спатканне», а затым і сам ён, лежачы на посцілцы, рассцеленай на вялізным камені, з агульным сшыткам і алоўкам у руцэ. Малюнак маладосці даў штуршок развітальнаму вершу.
Гл. таксама:
|
|
|